Свет

«Тут сёння беларусаў успрымаюць як паслугачоў тэрарыстаў»

«Наша Ніва» пагутарыла з кіеўскім журналістам Аляксандрам Прашутам, які з першых хвілін вайны знаходзіцца ў сталіцы, пра жыццё Кіева пад бамбёжкамі і дыяпазон успрымання беларусаў украінцамі.

Раён у Кіеве, пацярпелы ад вайны. Фота: АР

«Наша Ніва»: Як змянілася жыццё гараджан у параўнанні з першымі днямі вайны?

Аляксандр Прашута: Напачатку ўварвання самым велізарным цяжарам была неакрэсленасць. Усе, зразумела, чыталі навіны напярэдадні ўварвання, разумелі, што пагроза ёсць. Аднак адзінкі насамрэч верылі ў рэальны пачатак баявых дзеянняў. Таму калі наступ расейцаў пачаўся, ніхто не разумеў, куды бегчы, як дзейнічаць ды на што спадзявацца.

Неакрэсленасць тычылася літаральна ўсяго: з'язджаць з горада альбо заставацца, дзе жыць і як сябе паводзіць, калі ўсё ж адмаўляешся ад уцёкаў. Псіхалагічна гэта ціснула мацней за ўсё. Да таго ж, непасрэдна на жыхароў Кіева ў першыя дні паўплываў падыход расейскіх вайскоўцаў ушчыльную да горада — танкі ішлі па Абалоні, вяліся баі на адной з цэнтральных магістраляў, праспекце Перамогі. Панікай я б гэта не назваў, але трывожнасць, так, зашкальвала…

Зараз самае складанае — вытрымаць баланс паміж жаданнем вярнуцца да нармалёвага быцця і тым, каб не забывацца, што ідуць баявыя дзеянні. Таму што ў параўнанні з Харкавам, Марыупалем, Сумамі ў сталіцы, па сутнасці, вайны няма. Ёсць асобныя разбурэнні, аднак горад жыве: з цяплом, святлом, гарачай вадой у 95 адсотках будынкаў. Людзі разумеюць, што неяк трэба наладжваць побыт, зарабляць грошы — і разважаюць ужо гэтымі катэгорыямі. І важна ў гэтым не згубіць пільнасць, бо некалькі разоў на дзень усё роўна гучаць сігналы паветранай трывогі.

«НН»: Ці абмінуў горад прадуктовы крызіс?

АП: Праблемы з харчаваннем кіеўляне востра пачалі адчуваць дзесьці праз тыдзень пасля пачатку вайны. На той момант буйныя крамы ды супермаркеты ўжо распрадалі тыя запасы, што меліся на складах, а новую прадукцыю завезці было немагчыма. Аднак пакрысе лагістыку аднаўлялі ці перабудоўвалі — і на сёння больш-менш сітуацыя стабілізавалася. Пачалі на рэгулярнай аснове працаваць крамы з вадой, хай сабе кошты на яе падскочылі. Аднавілі продаж мясныя лаўкі — тых, хто адчыніўся, лёгка заўважыць па велізарных чэргах перад уваходамі. Ну і хлеб як з'яўляўся на паліцах шторанак, так ёсць і зараз — зразумела, што на яго попыт самы актыўны.

Таму бытавыя змены ў плане харчавання лепей за ўсё апісаць жартам — Кіеў вярнуўся ў савецкі час.

Аляксандр Прашута. Фота: Іnstagram/alex_proshuta

Ты не можаш зараз зайсці ў АТБ альбо «Сільпо» ды набыць тое, што пажадаеш. Трэба добра так пабегаць з мясной крамы ў малочную, з малочнай у булачную, адтуль на рынак гародніны, каб нешта прыдбаць…

І вось што яшчэ цікава — з прыватных назіранняў, напрыклад, па Траешчыне, дзе жыву. За ўвесь гэты час не бачыў ніводнай працуючай цырульні. І толькі дзень-два таму наноў запрацаваў пункт, дзе б жанчыны маглі зрабіць манікюр. Па горадзе, хутчэй за ўсе, штосьці яшчэ функцыянуе. Але трэба шукаць — як і крамы з побытавай хіміяй ці таварамі для жывёл.

«НН»: Якія складанасці існуюць з камунікацыямі?

АП: Дзесьці дня з пятага вайны і пасля тыдні два рухацца па Кіеве было складана з-за велізарнай колькасці блокпастоў і праверкі дакументаў на кожным з іх. Да таго ж пэўны час існавала забарона на перасоўванне па мастах — працавалі толькі Паўночны ды Дарніцкі. Таму пераправа з аднаго берага на іншы выглядала квэстам. Гэта, дарэчы, рабіла амаль немагчымым эвакуацыю жанчын ды дзяцей з левага берага цягніком — шлях на вакзал адразаўся. Так, транспарт ездзіў, але толькі да мастоў, нашпігаваных рознымі ўмацаваннямі. Зараз, падаецца, абмежаванняў стала меней.

«НН»: Што цябе ўразіла за час вайны менавіта ў Кіеве?

АП: Здзівіла тое, як яднаюцца людзі, раней цалкам чужыя адно аднаму. Суседзі перазнаёміліся не тое, што кватэрамі, а ўжо дамамі ды кварталамі, дапамагаюць адно аднаму: даглядаюць хатніх гадаванцаў, прывозяць медыкаменты, клапоцяцца пра састарэлых.

Уражвае і адаптыўнасць: звыклы патэрн жыцця разваліўся, аднак народ прыняў новыя ўмовы і шукае выйсце з крызісаў побытавых ці псіхалагічных.

Аднак у гэтага медаля ёсць і адваротны бок. Ведаеш, страшна бачыць, як стаіць даўжэзная чарга па малако альбо масла, гучыць у гэты час паветраная трывога, але ніхто не разыходзіцца — «ну паляціць ракета, тады і падумаем». Адчуванне небяспекі нібы атрафіравалася, і гэта ўжо нездаровы сімптом.

«НН»: Давай зафіналім размову пытаннем, якое турбуе кожнага майго суайчынніка: ці змянілася ў кіеўлян стаўленне да беларусаў?

АП: Трэба адрозніваць прыватны ўзровень адносін і дзяржаўны. Асабістае стаўленне да сяброў з Беларусі ў мяне ці то калег, з якімі працую, даволі пазітыўнае. Бо мы ведаем гэтых людзей, іх гісторыю, іх палітычную пазіцыю. Тое ж можна казаць і пра больш шырокае кола ўкраінцаў, дасведчаных у падзяленні вашага грамадства на «ябацек» і свядомых беларусаў.

Аднак у цэлым, у больш нацыянальным украінскім досведзе, змены, канешне, адбыліся вельмі сур'ёзныя. І, на жаль, у негатыўны бок. Бо з тэрыторыі Беларусі ў наш бок ляцяць ракеты, прэзідэнт краіны-суседкі праводзіць асабістыя сустрэчы з галоўным ворагам Украіны, падыгрывае яму ў рыторыцы ў той час, калі па ўсёй нашай краіне гінуць дзеці.

Таму як бы ні хацелася сепарыраваць Лукашэнку ад астатняй нацыі, зрабіць гэта немагчыма. Можаце самі вывучыць рыторыку твітараў, каментароў на парталах — тут сёння ўспрымаюць беларусаў як паслугачоў тэрарыстаў.

Украінцы не адчуваюць і не бачаць рэальнага супраціву з вашага боку, і таму мяняюць стаўленне да беларусаў. Гэта ўжо не мірныя браты, што раней нікуды не лезлі, а злачынцы.

Так, ніхто не забыў пра 2020-ы, пра спробы рэвалюцыі, пра масавы ад'езд людзей. Але тое ў мінулым. Зараз Беларусь — гэта хай сабе ўскосны, але ўдзельнік канфлікту, прычым удзельнік не на баку Украіны. І я, шчыра кажучы, не ведаю, што найбліжэйшым часам павінна адбыцца ці быць зроблена з вашага боку, каб расклад змяніўся.

«Цвёрда вырашыў, што застаюся ў Кіеве, бо закаханы ў гэты горад і ў атмасферу свабоды». Як мінскі менеджар пайшоў у тэрытарыяльную абарону

Жыццё ў акупаваных украінскіх гарадах: расійскія салдаты забіваюць мірных грамадзян, марадзёры шукаюць прадукты

Каментары

Цяпер чытаюць

Міліцыя затрымала таго самага расійскага турыста, які кінуў недакурак на вуліцы. Заўтра суд33

Міліцыя затрымала таго самага расійскага турыста, які кінуў недакурак на вуліцы. Заўтра суд

Усе навіны →
Усе навіны

На «Беларусьфільме» сярод бясконцых фільмаў пра вайну нарэшце здымуць навагоднюю камедыю4

Замяніў 95% трупы, але не заваяваў публіку. Што робіць з беларускім балетам экс-прэм'ер расійскай Марыінкі4

Пуцін не прыедзе на сустрэчу з Зяленскім у Канстанцінаўку9

Вучыч прывёў у прыклад беларускую роўнасць рэгіёнаў і паставіў Барысаў у адзін шэраг з Мінскам5

Украіна створыць Нацыянальны пантэон у Кіева-Пячэрскай лаўры. Чым ён будзе адрознівацца ад афіцыёзнага пантэона ў Беларусі?2

35‑гадовы дальнабойшчык з Беларусі раптоўна памёр у Кітаі. Гэта муж самай тытулаванай беларускай дзюдаісткі13

З пачатку вайны ў Чорным моры магло загінуць да 100 тысяч дэльфінаў6

Побач з Талстым і Дастаеўскім: у расійскую школьную праграму па літаратуры ўключаць кнігі пра «СВА»13

У Тэгеране праходзіць развітанне з Алі Хаменеі: Мядзведзеў пагражае блакадай праліваў, а новы лідар Ірана хаваецца ў бункеры6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міліцыя затрымала таго самага расійскага турыста, які кінуў недакурак на вуліцы. Заўтра суд33

Міліцыя затрымала таго самага расійскага турыста, які кінуў недакурак на вуліцы. Заўтра суд

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць