Эканоміка

У Мінску працуе выстава TIBO. Вы не адгадаеце, каго адправілі на ёй удзельнічаць

У Мінску стартавала штогадовая выстава інфармацыйных тэхналогій TIBO-2022. Індыкатар стану галіны: на выставе амаль няма профільных прыватных кампаній, а бачнасць масавасці ствараюць школы, гімназіі і структуры тыпу «Белбланкавыда». 

Фота: tibo.by.

У пачатку 2000-х TIBO была цікавая ўсім, хто хоць трохі цікавіўся тэхналагічнымі навінкамі. І тады на выставе можна было сапраўды паглядзець і памацаць рукамі інавацыі таго часу (якія сёння нам здаюцца банальнымі рэчамі). Напрыклад, выйсці з мабільнага тэлефона ў інтэрнэт, адправіць мультымедыйныя ММС-кі, паслухаць музыку з першых партатыўных MP-3 плэераў. 

Усе апошнія гады выстава мала чым здзіўляла сваіх гасцей і не паказвала чагосьці прарыўнога, а сёлета TIBO ператварылася ў зусім дзіўнае відовішча, асноўнымі ўдзельнікамі якога сталі не гіганты тэлекамунікацыйнай галіны, а дзяржаўныя структуры, часам далёкія ад сферы.

Але цяпер выстава можа паказаць мала цікавых навінак, прынамсі, для звычайнага карыстальніка. Значную частку плошчаў у выставачным комплексе на праспекце Пераможцаў, 111а аддалі розным дзяржаўным ведамствам, а таксама адукацыйным установам, прычым не толькі вышэйшым, але і звычайным гімназіям і школам. 

Буйных міжнародных вендараў (Samsung, Huawei, ZTE, HP, Panasonic і іншыя), якія звычайна ўдзельнічалі ў мерапрыемстве, няма. Затое на выставе было шмат чыноўнікаў у шэрых касцюмах з розных ведамстваў і арганізацый, а таксама сагнаных студэнтаў і школьнікаў. Форум стаў яшчэ больш панылым, асабліва на фоне замежных аналагаў.

Высокія тэхналогіі, звязаныя з вялікімі і рызыкоўнымі інвестыцыямі, абыходзяць Беларусь, а экспанаты дзяржаўных кампаній загнаныя ў выставачныя павільёны з-пад палкі профільнага ведамства. Незлічоныя дзяржаўныя і напаўдзяржаўныя кампаніі, камітэты, інстытуты — нічога, што магло б цікавіць у 2022 годзе нармальнага чалавека са сферы. 

З вялікіх кампаніі на выставе прысутнічалі толькі тэлекамунікацыйныя гіганты кшталту А1, МТС і Белтэлекам.

І, ужо па традыцыі, паўсюль стэнды з лозунгамі кшталту «Беларусь — лічбавая краіна». Лічбавая краіна, якая ў пытаннях лічбавізацыі бюракратыі і дзяржаўных паслуг катастрафічна адстае ад усіх суседзяў (у тым ліку Расіі і Украіны).

Год за годам форум станавіўся толькі бяднейшым. Здавалася б — куды больш? 

У 2019 годзе, калі выстава была ўжо малацікавай, у ёй удзельнічалі хаця б кампаніі кшталту Bel Huawei Technologies LLC ці EPSON, то ў 2022 няма і іх. Затое зараз стала нашмат больш устаноў адукацыі. Калі раней удзельнічалі пераважна тэхнічныя ВНУ, то цяпер ёсць нават сярэднія школы і гімназіі з Мінска і Віцебска. Ну і традыцыйна, шматлікія дзяржаўныя прадпрыемствы, накшталт «Белбланкавыд». 

Сфера высокіх тэхналогій і тэлекамунікацый перажывае складаныя часы, асабліва пасля падзей 2020 года, калі многія айцішнікі падтрымалі рух супраць дыктатуры. IT-супольнасць актыўна ахвяравала грошы пацярпелым ад рэпрэсій, беларускія праграмісты выходзілі мітынгаваць у раёне Парку высокіх тэхналогій, а самі беларускія ўлады пачалі пераглядаць сваё стаўленне да індустрыі, бо бачаць у ёй класава варожы элемент. Масавыя рэпрэсіі і эканамічныя санкцыі супраць лукашэнкаўскага рэжыму не спрыяюць інвестыцыям, міжнароднаму супрацоўніцтву і развіццю высокіх тэхналогій. У выніку многія кампаніі, якія працавалі ў Беларусі, пачалі масавы рэлакейт спецыялістаў. Калі такое адбываецца нават з аўторсінгавымі кампаніямі, то што можна казаць пра высокатэхналагічныя інавацыйныя прадуктовыя кампаніі?

Выстава TIBO карысная тым, што яна — цудоўны індыкатар стану галіны і ўсёй беларускай эканомікі.

Каментары

Цяпер чытаюць

Беларуска распачала чэлендж «40 спатканняў», але ўжо на сярэдзіне не хавае расчаравання ў мужчынах48

Беларуска распачала чэлендж «40 спатканняў», але ўжо на сярэдзіне не хавае расчаравання ў мужчынах

Усе навіны →
Усе навіны

Дзяўчына з Казахстана здзівілася, чаму яе трэдсы залятаюць у Беларусі. Разгадка на паверхні3

Пінчук купіў ноўтбук, але карыстацца ім не змог. Узнікла нечаканая праблема2

Вось як штучны інтэлект можа знішчыць чалавецтва16

У Смалявічах будуюць незвычайны шматфункцыянальны комплекс Smala. Мае выглядаць як у Нідэрландах5

Самы атрутны хамяк на Зямлі можа забіць нават слана. У чым таямніца?2

Іспанія будзе раздаваць грамадзянства жыхарам сваёй былой афрыканскай калоніі30

Расіі не ўдалася спроба ўпершыню за 8 гадоў запусціць гіпергукавую ракету «Авангард»2

У гонар Тэйлар Свіфт назвалі новы від аўстралійскіх клапоў6

«Мы ведалі, што ён спартсмен». Суседка забітай цяжарнай жанчыны расказала падрабязнасці пра яе28

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуска распачала чэлендж «40 спатканняў», але ўжо на сярэдзіне не хавае расчаравання ў мужчынах48

Беларуска распачала чэлендж «40 спатканняў», але ўжо на сярэдзіне не хавае расчаравання ў мужчынах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць