«Галоўны сілавік» дэмакратычнай апазіцыі Валерый Сахашчык на канферэнцыі «Новая Беларусь» яшчэ да прызначэння яго ў склад «кабінета»

«Галоўны сілавік» дэмакратычнай апазіцыі Валерый Сахашчык на канферэнцыі «Новая Беларусь» яшчэ да прызначэння яго ў склад «кабінета»

Па-першае, піша сп. Валер, гэта ўтапічнасць самой ідэі сілавога зрынання ўлады Лукашэнкі ў сучасных беларускіх умовах. У палітыцы няма нічога небяспечнейшага, чым ілюзіі. Размовы аб стварэнні нейкага беларускага войска за межамі краіны — гэта несур’ёзна.

Контраргумент: Ніхто з сур’ёзных палітыкаў (і, здаецца, палітыкаў увогуле) не ініцыюе стварэнне такога войска за мяжой і нават не абмяркоўвае саму ідэю. Гаворка ідзе, як кажа Аляксандр Азараў, пра падрыхтоўку людзей, каб яны ўмелі супраціўляцца, абараняцца і карыстацца зброяй. У сённяшні час гэта цалкам нармальныя ўменні. Азараў кажа, што неабавязкова трымаць людзей у кучы, як баявую адзінку. Падчас надзвычайнай сітуацыі кожны, паводле Азарава, атрымае сваю задачу. У аснове сілавой стратэгіі Аб’яднанага кабінета будзе план «Перамога». Ён не прадугледжвае войска. Утапічнасць ідэі сілавога зрынання хунты сёння не значыць, што заўтра, пры іншых абставінах, яна не стане рэальнай. У маі 2020-га траціна мільёна людзей на вуліцах Мінска таксама была ўтопіяй. У канцы жніўня гэта было ўжо звыкла. За час ад жніўня грамадства асвоілся з такой думкай і рэйкавыя партызаны доказ гэтаму.

Па-другое, піша Карбалевіч, мілітарысцкая рыторыка адпудзіць ад апазіцыі значную частку публікі, якая раней ёй спачувала. Народ баіцца грамадзянскай вайны, гэта натуральны інстынкт самазахавання. І, выбіраючы паміж грамадзянскай вайной і рэжымам Лукашэнкі, большасць беларусаў, пэўна, выбера лукашэнкаўскую дыктатуру.

Контраргумент: Сілавы варыянт не роўны грамадзянскай вайне. Як кажа Сахашчык, такі варыянт увогуле не азначае актыўных баявых дзеянняў. Рыторыка сапраўды можа кагосьці адпудзіць, але якая ёсць альтэрнатыва, калі і сам сп. Валер лічыць, што ніякіх «легальных» метадаў больш не існуе? Ператварэнне Беларусі ў Курганскую вобласць, што адбываецца ўжо ў экспрэс-тэмпе? Большасць не выбера дыктатуру, яна можа абраць пасіўнае назіранне. Але вырашае ў гісторыі такіх падзей заўсёды пасіянарная меншасць (калі мы кажам пра сілавы варыянт, бо прыхільнікаў хунты ўжо не будзе большасць).

Па-трэцяе, аргументуе сп. Валер, такія размовы дапамагаюць уладзе развянчаць ідэю мірнага пратэсту. Галоўны канструкт дзяржаўнай прапаганды цягам двух гадоў палягае ў тым, што ў 2020 годзе была спроба гвалтоўнага мяцяжу. Па БТ увесь час паказваюць карцінкі нейкіх эпізодаў сілавога сутыкнення дэманстрантаў з АМАПам, падрабязна асвятляюць судовыя працэсы, у якіх людзей абвінавачваюць у гвалце.

Контраргумент: Акурат таму прапаганда нічога новага і не скажа і нікога не напалохае, бо ўжо два гады расказвае ябацькам пра бясконцыя планы замахаў і тэрактаў. А калі нехта хоча ствараць геніяльны план, абапіраючыся на тое, што скажа БТ, ён не павінен нічога ствараць увогуле. Сп. Валер кажа, што размовы пра сілавы метад узмоцняць рэпрэсіі. Акурат без такога абмеркавання яны будуць працягвацца. Апошнія 1,5 года такога абмеркавання не было, але рэпрэсіі ашалелі, а Вітольд Ашурак загінуў без вынясення смяротнага прысуду.

Па-чацвёртае, піша Карбалевіч, стаўка на сілу ставіць у няёмкае становішча заходніх партнёраў. Адна справа — дапамагаць імкненню беларускага народа да свабоды ў рамках дэмакратычных механізмаў, і зусім іншая — падтрымліваць сілавы варыянт прыходу апазіцыі да ўлады. Гэта дрэнна спалучаецца з еўрапейскімі каштоўнасцямі і ўяўленнямі аб дэмакратыі.

Контраргумент: Роўна наадварот. Ад 24 лютага шмат хто ў Еўропе зразумеў, што адбываецца. Палітыкі пераабуваюцца на хаду, мяняюць думкі, планы, стратэгіі. Той, хто раіў Украіне аддаць РФ акупаваныя землі яшчэ два месяцы таму, сёння кажа, што яе трэба прыняць у НАТА. І там ўжо за паўкроку нейтральныя і пацыфісцкія яшчэ зімой фіны і шведы. Краіны ЕС павялічваюць абаронныя бюджэты, аднаўляюць тэрабарону, а раней парасійскія палітыкі кажуць, што Расія павінна прайграць мілітарна. Але нават калі б на Захадзе ўсяго гэтага не рабілі і не казалі, гэта не азначае, што пра гэта не павінны размаўляць беларусы.

Клас
116
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
5
Сумна
1
Абуральна
6