Чаго не ўлічвае Наталля Качанава? Эканаміст Львоўскі расказаў, калі апусцеюць паліцы крамаў
Колькі часу пратрывае бізнэс з новай пастановай урада аб рэгуляванні цэнаў, калі апусцеюць паліцы ў крамах, чаму пенсіянеры могуць пашкадаваць аб такім клопаце пра іх, у інтэрвʼю «Нашай Ніве» распавёў эканаміст BEROC Леў Львоўскі.
Леў Львоўскі кажа, што ёсць некалькі сцэнарыяў развіцця падзей. Тое, што цяпер рыхтуе ўрад, гэта стварэнне сеткі камісій, якая будзе сачыць за «справядлівасцю» павышэння цэнаў. Прадпрымальнікі, вытворцы, рытэйлеры будуць прыходзіць да іх на паклон, распавядаць пра сітуацыю, пераконваць у неабходнасці павысіць цэны, інакш яны збанкрутуюць. Камісіі будуць разглядаць кожны такі зварот, абдумваць і затым дазваляць або не дазваляць павысіць цану на пэўную колькасць працэнтаў. Эканаміст мяркуе, што будуць створаны нейкія мясцовыя камісіі і цэнтральная.
«Пры гэтым трэба разумець, што гэтыя камісіі наўрад ці будуць спраўляцца са сваёй працай. І «наўрад ці» — яшчэ мякка сказана.
Каб кантраляваць цэны, неабходныя дзясяткі тысяч людзей. У Савецкім саюзе выпускалася менш найменняў тавараў і паслуг, чым у сучаснай Беларусі, і пры гэтым існавалі велізарныя інстытуты Дзяржплана, дзе людзі спрабавалі зразумець, якія абʼёмы чаго трэба вырабляць, якія цэны выстаўляць і, як мы ведаем па вопыце Савецкага саюза, гэтыя людзі, у вышэйшай меры адукаваныя, якія імкнуліся працаваць, усе яны не маглі дасягнуць поспеху, пастаянна былі перакосы то ў цэнах, то недахоп тавараў і гэтак далей. Адпаведна з бягучай харчовай разнастайнасцю ў Беларусі ніякая колькасць людзей справіцца не зможа, нават калі яны будуць працаваць сумленна», — лічыць Львоўскі.
Ён мяркуе, што мясцовыя камісіі будуць баяцца павышаць цэны, каб «не адправіцца ў турму ўслед за прадпрымальнікамі, якія выпрошвалі «несправядлівае» павышэнне цэнаў».
Таму рэальным цэнтрам прыняцця рашэнняў будзе «галоўная» камісія. «Я не ўпэўнены, што ў яе ўвойдзе хтосьці ад эканомікі», — дадае эксперт.
Базавы эканамічны закон, гаворыць Львоўскі, складаецца ў тым, што калі цэны абʼектыўна павышаюцца, то прадпрыемствы павінны або павышаць іх, альбо зніжаць выпуск, або прыбіраць з паліц гэтыя тавары. Калі бізнэсу не будуць дазваляць рабіць гэта на працягу некалькіх месяцаў, ім прыйдзецца займацца самапаяданнем, працаваць са стратамі, праядаць абаротны капітал, дзяржаўныя вытворцы, верагодна, будуць браць крэдыты — на зарплату, той жа абаротны капітал.
«У выніку ўжо праз некалькі месяцаў фінансавае здароўе ўсіх нашых прадпрыемстваў, асабліва якія займаюцца прадуктамі харчавання, асабліва рытэйлу, моцна пагоршыцца, і вось далей ключавое пытанне: гэтыя ўказы, якія падпісаў Лукашэнка, яны назаўжды ці ж яны скончацца праз 2-4 месяцы?» — задаецца пытаннем Львоўскі.
На яго думку, калі новыя правілы скончацца праз 2-4 месяцы, то тады пад ціскам нейкага вывучанага страху, страху крымінальных пакаранняў, прадпрымальнікі яшчэ доўга будуць старацца трымацца ў цяні, спрабаваць не павышаць рэзка цэны і змогуць выжыць.
Калі ж гаворка ідзе пра тое, што новыя правілы надоўга, то эканоміку чакае чарада банкруцтваў і сурʼёзнае пагаршэнне ў сферы гандлю. І мы атрымаем вялікую колькасць «хворых» прадпрыемстваў.
«Калі дзеянне ўказа не скончыцца на працягу некалькіх месяцаў, то беларусам прыйдзецца ўспомніць апошнія гады Савецкага саюза. І пры ўсім жаданні і пры ўсіх страхах нашых прадпрымальнікаў паліцы пачнуць пусцець. Прадпрыемствы пачнуць банкрутаваць. Калі ж гэтая мера будзе скасаваная цягам 3-4 месяцаў, то гэта будзе як новая шокавая тэрапія для нашых прадпрымальнікаў. Гэта азначае, што некаторы час сапраўды цэны будуць трымацца ніжэй за ўзровень сусветнай інфляцыі, але пры гэтым пасля мы зможам убачыць новае звышпаскоранае павышэнне цэнаў, бо прадпрыемствы будуць закладваць у свае рызыкі магчымасці новых такіх пастаноў, яны будуць ведаць, што трэба заўсёды закладваць павышэнне цэнаў загадзя, скажам, на 20%, а то раптам зноў загадаюць усім спыніць цэны», — кажа эксперт.
На пытанне «НН», чаго не ўлічвае Наталля Качанава, прапаноўваючы Лукашэнку такія варыянты рашэння праблемы, Львоўскі адказвае, што, на яго думку, яна ўсё разумее.
«А вось хацелася б, каб яна неяк адчула або паверыла, каб чыноўнікі верылі ў тое, што краіна Беларусь будзе існаваць не месяц, не два месяцы, а гады, дзесяцігоддзі, а магчыма, і стагоддзі. Калі мы думаем перспектывамі аднаго месяца, то сапраўды ваенны камунізм не такі і дрэнны. Можна наогул усё забраць, падзяліць, загадаць цэнам не расці.
Калі ж мы думаем пра далёкую перспектыву, пра тое, як людзі будуць жыць і працаваць у Беларусі праз год, праз два, праз 10 гадоў, то такія дзеянні, як цяпер, здзяйсняць нельга ні ў якім разе. Гэта сапраўды дасць нашым бабулям і дзядулям паесці нешта танней на працягу гэтых пару месяцаў, але затое гэта пагоршыць доўгатэрміновыя перспектывы нашага бізнэсу, а, можа, наогул паставіць на мяжу выжывання нашых вытворцаў».
Гэта значыць, што ў больш доўгай перспектыве рашэнне замарозіць цэны пагражае стратай працы для тысяч людзей. Тады тым жа бабулям не будзе з чаго плаціць пенсіі, таму што бізнэсы перастануць працаваць, плаціць падаткі, а значыць і сродкі ў ФСАН.
«Я так разумею, што 30 гадоў незалежнасці не прайшлі бясследна, і нават у нашым урадзе людзі разумеюць, чым гэта небяспечна. Таму, хутчэй за ўсё, мэта цяпер — гэта напалохаць усіх, і я не думаю, што калі ўрад будзе бачыць, што бізнэс бурыцца, усе падаюць, што яны працягнуць выконваць такую ж праграму».
Аднак на гэтым беды айчыннай эканомікі не сканчваюцца.
На думку эксперта, прыватны бізнэс у Беларусі цяпер апынуўся ў складанай сітуацыі. Усё, што адбываецца апошнія два гады ў Беларусі, гэта і палітычны крызіс, і вайна ва Украіне, усё гэта, у першую чаргу, бʼе па правах чалавека, а ў другую — якраз па бізнэсе.
«Наш прыватны бізнэс не зможа выжыць, калі гэты рэжым будзе далей ісці туды, куды ён ідзе. Так што тут пытанне, хутчэй, не ў тым, калі наступіць адліга пры гэтым рэжыме, а пытанне пра тое, куды краіну завядзе гэты рэжым», — кажа Львоўскі.
Самыя вялікія рызыкі зыходзяць ад вайны і ад саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў расійскай атацы на Украіну — «тут можа быць неверагодная колькасць самых негатыўных сцэнарыяў».
Калі Беларусь будзе ўцягнутая ў вайну не толькі тэрыторыяй, але яшчэ і людзьмі, безумоўна, санкцыі ўзмоцняцца, становішча беларускага бізнэсу нават за мяжой моцна пагоршыцца.
«Я не ведаю, як будуць спраўляцца беларускія дэмакратычныя сілы, беларуская апазіцыя пры такім ціску», — кажа Львоўскі.
На яго думку, санкцыі на Беларусь «ёсць куды павялічваць». І ў адрозненне ад Расіі, у дачыненні да якой свет марудзіць з увядзеннем санкцый праз залежнасць ад яе энергарэсурсаў, у плане Беларусі ніякіх такіх стрымліваючых чыннікаў няма.
«Не трэба будзе ўгаворваць ніякую Венгрыю, або Ірландыю, або Грэцыю, каб цалкам адключыць Беларусь ад усіх міжнародных сістэм. Свет не залежыць ад Беларусі ў той жа ступені, у якой ён залежыць ад некаторых расійскіх экспартных тавараў. Таму і біць нас будуць больш балюча, і ўплыў на нас гэта будзе аказваць таксама значна больш балючы».
Нягледзячы на санкцыі, падзенне ВУП, зніжэнне рэальных даходаў насельніцтва, Львоўскі ўпэўнены, што голаду ў Беларусі не прадбачыцца.
«Каб давесці сучасную краіну да голаду, вам трэба прымаць не адно дурное рашэнне ў год, а трэба прымаць па два вельмі дрэнныя рашэнні кожны дзень. Мы ведаем вельмі мала прыкладаў, калі краіны даходзілі да голаду, напэўна, гэта Венесуэла, Паўночная Карэя», — кажа ён.
Аднак і гэта не прычына для аптымізму: тое адставанне, якое назапашвае эканоміка краіны ў параўнанні з іншымі краінамі, яно, «можа, мала значыць «у моманце», але яно шмат значыць у перспектыве».
«Людзі смяротныя, а дзяржавы амаль несмяротныя.
Калісьці Польшча была настолькі ж багатая ці бедная, як Беларусь. Ніхто не думаў, што беларусы будуць зʼязджаць у Польшчу, таму што там лепшае жыццё, лепшыя заробкі, лепшая адукацыя, лепшыя ўмовы вядзення бізнэсу. Цяпер мы жывем у рэальнасці, дзе Польшча ўвесь гэты час расла хутчэй, чым Беларусь, і цяпер палякі значна багацейшыя, чым беларусы. Там іншыя інстытуцыянальныя асновы, іншыя ўмовы, і цяпер ніхто ў Беларусі не здзіўляецца, калі чуе, што дачка суседкі паехала жыць у Польшчу.
Калі так пойдзе і далей, то яшчэ праз 20 гадоў Польшча будзе ўжо ў чатыры, пяць, шэсць разоў багацейшай, чым Беларусь. Тады і праблемы ператоку капіталу і праблемы ператоку працоўнай сілы, чалавечага капіталу, будуць стаяць у Беларусі ўсё вастрэй і вастрэй. Таму так, адставанне цяпер — гэта не крызіс. Адставанне, калі мы думаем аб доўгай перспектыве, гэта вельмі вялікая праблема», — кажа Львоўскі.
Каментары
тое, што ў нас *опа - тое не абмяркоўваецца. але чаму ён разглядае так, быццам *опа толькі ў нас? у адрыве ад сусветнай эканомікі? у прыватнасці еўрапейскай. усё паказвае на тое, што сусветная эканоміка бліжэйшыя гады будзе падаць. і пытанне будзе - не хто больш вырасце, а хто менш упадзе