Фотафакт з жыцця аднаго мінскага пірожнага. Як за паўтара года змянілася яго цана
Пірожнае «Лёгкае» — мінскі аналаг французскага печыва «макарон» ці дэсерта «Паўлова». Жыхарка сталіцы паўтара года назірала, як змяняецца цана на яе любімы дэсерт.

«Ратуе ад стрэсаў мегаполіса»
Для мінчанкі Кацярыны пірожнае «Лёгкае сметанковае», якое вырабляе мінскі Хлебазавод №3, — гэта бюджэтны варыянт вядомага дэсерту «Паўлова».
«Зразумела, што смак не адзін і той жа, але ж падобна. Дужа люблю спалучэнне хрустка-лёгкай тэкстуры з далікатнасцю мяккага сметанковага крэму. Знешне нагадвае нешта снежнае, асацыюецца з навагоднімі святамі», — расказвае Кацярына пра сваю любоў да «Лёгкага сметанковага».
Гэтыя пірожныя мінчанка спажывае, калі доза салодкага мусіць выратаваць яе ад стрэсаў мегаполісу. Хаця б часова.
«У сітуацыі эканамічнага крызісу ўсё часцей згадваю параду нібыта Марыі-Антуанэты французскім беднякам. «Калі ў іх няма хлеба, то няхай ядуць пірожныя!» І гэтыя пірожныя — не самы дрэнны варыянт».
Як на дражджах
За паўтара года назіранняў за цэннікам пірожнага «Лёгкае сметанковае» цана вырасла на 78,6% (у пераліку за кілаграм).
Першае фота — за травень 2021 года. У кафэ пры знакамітай мінскай краме «Каравай», дзе прадаецца прадукцыя наўпрост ад вытворцы з мінімальнымі надбаўкамі, гэты дэсерт можна было набыць за 77 капеек за штуку, ці 15,4 рубля за кілаграм.

24 лістапада 2022 года пірожнае ў тым жа «Караваі» каштавала 1 р. 65 к. за штуку (а вага вырасла на 10 грамаў), ці 27,5 рубля за кілаграм.

Такім чынам, за паўтара года назіранняў цана пірожнага «Лёгкае сметанковае» паспела вырасці амаль удвая: з 15,4 да 27,4 рубля за кіло. З канца кастрычніка рост спыніўся — ілюстрацыя таго, што адбываецца з цэнаўтварэннем агулам па краіне.

Эканамічны рэкорд
У кастрычніку ў Беларусі было зафіксаванае гістарычнае зніжэнне індэкса спажывецкіх цэн. Упершыню з 1991 года паказчык страціў больш за 1% у адносінах да папярэдняга месяца.
Асноўнай прычынай стала дзяржрэгуляванне цэн на працягу ўсяго ланцуга вытворчасці.
6 кастрычніка Лукашэнка забараніў павышаць цэны. 19 кастрычніка ўлады Беларусі ўвялі новыя правілы і абмежаванні. Цяпер павышаць цэны можна толькі з дазволу ўладаў.
У той жа час у кастрычніку захаваўся рост цэн на малако і вырабы з яго, сыры і курыныя яйкі (на 0,8% па кожнай з груп). Значыць, і згаданае вышэй пірожнае мусіла падаражэць, бо мае ў саставе цукар, згушчанае малако, яечны бялок і сметанковае масла.
Аднак ніводнай капейкі да ранейшай цаны не дадалося.
Каментары
https://nashaniva.com/304151
ды гэта ж нейкія ϖські