Свет1717

Яшчэ адзін беларус з выдуманай біяграфіяй трапіў пад лупу польскіх расследавальнікаў

Ён пазіцыянаваў сябе як рэпрэсаванага лідара беларускай апазіцыі, хоць ім не быў, пасля — як паспяховы эканаміст, паляк з крэсаў, і стаў дарадцам топавых польскіх палітыкаў. Расследаванне выдання Rzeczpospolita выявіла: значная частка біяграфіі — Івана, або Яна Чурыловіча выклікае сур’ёзныя сумневы.

Іван Чурыловіч. 2010 год. Фота: tvn24.pl

Увагу прэсы да Івана Чурыловіча прыцягнула яго з’яўленне ў атачэнні польскай навукоўцы Вольгі Малінкевіч — заснавальніцы Saule Technologies. Кампанія ўзнікла ў 2014 годзе на аснове яе ўласнага адкрыцця метаду друку ультратонкіх сонечных элементаў з выкарыстаннем пероўскітаў — матэрыялаў, якія дазваляюць ствараць лёгкія, гнуткія і значна таннейшыя сонечныя панэлі.

У адрозненне ад традыцыйных крэмніевых батарэй, такія элементы могуць працаваць нават пры слабым асвятленні — напрыклад, унутры памяшканняў. Гэта адкрывала перспектывы для выкарыстання ў будынках, бытавой тэхніцы і электроніцы.

Тэхналогія выклікала вялікія надзеі: яе называлі патэнцыйнай рэвалюцыяй у фотаэлектрыцы. Саму Малінкевіч у Польшчы называюць «другой Марыяй Складоўскай-Кюры».

У 2021 годзе кампанія Saule абвясціла аб пачатку вытворчасці і першых ліцэнзійных пагадненнях, што дало надзею на тое, што тэхналогія пероўскіту ўвойдзе ў рэальную камерцыйную вытворчасць. Аднак да паўнавартаснай прамысловай вытворчасці і выхаду на спажывецкі рынак так і не дайшло. Да 2024—2025 гадоў адносіны паміж кіраўніцтвам Saule і інвестарамі рэзка пагоршалі. Пачаліся ўзаемныя абвінавачанні: аднаго боку — у невыкананні фінансавых абяцанняў, другога — у неэфектыўным выкарыстанні сродкаў.

Вольга Малінкевіч. Фота: sauletech.com

Сітуацыя абвастрылася настолькі, што 7 мая 2025 года Малінкевіч падала заяву ў Нацыянальную пракуратуру ў Варшаве, абвінаваціўшы інвестараў у дзеяннях на шкоду кампаніям. У той жа дзень у кіраўніцтве Saule адбыліся змены: назіральныя рады прынялі рашэнне адклікаць Вольгу Малінкевіч з праўленняў Saule Technologies і Saule. Праз некалькі дзён у жывым эфіры на адным з польскіх каналаў генеральны дырэктар адной з ключавых кампаній-інвестараў Saule Давід Зялінскі абвінаваціў Малінкевіч у сувязі з «усходнімі службамі».

Менавіта ў гэты момант «ратаваць» сітуацыю ўзяўся Іван Чурыловіч, якога інвестары палічылі маніпулятарам і агентам уплыву.

Паводле самой Малінкевіч, з Іванам Чурыловічам яна пазнаёмілася яшчэ ў 2016 годзе — на ўрачыстай цырымоніі TVP Polonia, дзе абодва атрымалі ўзнагароды «За заслугі перад Польшчай і палякамі за мяжой». З таго часу ён перыядычна з’яўляўся ў яе прафесійным асяроддзі, але асаблівую актыўнасць праявіў менавіта цяпер, у разгар канфлікту вакол Saule.

Сам 52‑гадовы Чурыловіч, каб супакоіць грамадскасць, праз сацсеткі Малінкевіч апублікаваў свой жыццяпіс, дзе расказаў пра сябе наступнае:

«Я скончыў эканамічны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта (дзе пазней атрымаў ступень доктара па тым жа кірунку), вывучаў паліталогію ва Універсітэце штата Нью-Ёрк у ЗША, права ў King’s College London і міжнародныя адносіны/дыпламатыю ў Оксфардскім універсітэце ў Вялікабрытаніі. Быў стыпендыятам польскага ўрада, Інстытута «Адкрытае грамадства» і Оксфардскага ўніверсітэта.

Як грамадзянін Рэспублікі Польшча, працаваў у Бруселі на міністра Януша Анышкевіча, міністра Браніслава Герэмека і міністра Яна Кулакоўскага. Ад імя Сусветнага банка я працаваў галоўным дарадцам міністра фінансаў Украіны, грамадзяніна ЗША. Удзельнічаў, сярод іншага, у перамовах з Міжнародным валютным фондам і сумесна з польскім Міністэрствам унутраных спраў курыраваў дапамогу польскага ўрада для Украіны».

Аднак журналісты польскага выдання Rzeczpospolita, якія некалькі месяцаў правяралі гэтыя звесткі, прыйшлі да высновы, што значная частка гэтага аповеду не пацвярджаецца.

Фальшывая адукацыя і расійскі пашпарт

Перш за ўсё журналісты звярнуліся да Варшаўскага ўніверсітэта (UW). Універсітэт афіцыйна адказаў: чалавек з такімі данымі не атрымліваў там ступені доктара.

У той жа час удалося знайсці Івана Чурыловіча ў іншай установе — Інстытуце філасофіі і сацыялогіі Польскай акадэміі навук (ПАН). Але і там гаворка ідзе толькі пра кароткі эпізод: ён быў дактарантам у 2003/2004 навучальным годзе і ўжо праз год папрасіў адтэрміноўку, фактычна спыніўшы навучанне.

Асабліва дзіўнай выглядае сітуацыя з яго запісам у базе Варшаўскага ўніверсітэта. Неафіцыйна журналісты высветлілі, што ён сапраўды фігуруе ў электронным рэестры, але гэты запіс амаль пусты. У ім няма звестак пра гады навучання, этапы адукацыі, здадзеныя экзамены або прысуджэнне дыплома. Нават кірунак навучання не пазначаны выразна — толькі код, які адпавядае эканамічнаму факультэту.

Як адзначыў адзін з былых супрацоўнікаў універсітэта, у нармальнай сітуацыі такая база павінна змяшчаць поўнае «дасье» студэнта. Тут жа ўсё выглядае так, «нібыта чалавека проста ўнеслі ў сістэму без пацверджанай гісторыі навучання».

Яшчэ больш пытанняў узнікла пасля праверкі асабістых даных. Ва ўніверсітэцкіх запісах Іван Чурыловіч пазначаны як грамадзянін Расіі — гэтая інфармацыя паўтараецца адразу ў некалькіх графах: краіна выдачы пашпарта, паходжанне і грамадзянства. Пры гэтым сам ён настойліва прадстаўляе сябе як беларускага апазіцыянера. Месцам нараджэння пазначаны Столін.

Лідар БНФ?

Апазіцыйная дзейнасць Івана Чурыловіча таксама аказалася значна менш выразнай, чым яго ўласныя сведчанні. У канцы 1990‑х ён сапраўды быў звязаны з «Маладым фронтам», але аддалена.

«Пра Івана Чурыловіча я ўжо даўно нічога не чуў, — цытуе выданне адказ Паўла Севярынца. — Памятаю, што нейкі час ён займаў пасаду ў міжнародным аддзеле «Маладога Фронту», працаваў у Варшаве. Ці беларус ён? Думаю, так. Можа, нарадзіўся ў Польшчы, а можа і не. Адкуль ён з’явіўся — сказаць цяжка. На пэўным этапе (пачатак 2000-х) Іван Чурыловіч быў заўважны, арганізоўваў прэс-канферэнцыі за мяжой, з’яўляўся ў СМІ. Магчыма, пазней ён быў памочнікам Януша Анышкевіча».

Журналісты знайшлі згадку пра яго ў публікацыі выдання Kurier Wileński за 1997 год. У кароткай нататцы аб пікеце паведамляецца: «Ян Чурыловіч, лідар БНФ, год таму працаваў у адной з беларускіх апазіцыйных газет. Напісаў артыкул пра фальсіфікацыю вынікаў рэферэндуму, пасля чаго ў выніку рэпрэсій збег у Польшчу. Зараз звяртаецца па статус бежанца».

«Нельга сказаць, што Іван Чурыловіч быў лідарам», — заўважае, аднак, Севярынец. На пытанне пра адсутнасць рэпрэсій Севярынец дадаў: «Мне здаецца, ён жыў у Польшчы, таму і не трапіў ні ў турму, ні ў лагер».

Кансультант польскіх палітыкаў

Як піша Rzeczpospolita, дзейнасць у беларускай апазіцыі адкрыла Івану Чурыловічу першыя дзверы ў вялікі свет. У сярэдзіне 2000‑х ён стаў асістэнтам еўрадэпутата (2004—2007) і былога міністра абароны Польшчы Януша Анышкевіча. Паводле самога палітыка, Іван Чурыловіч займаўся ў асноўным тэмамі Беларусі і Украіны.

Аднак іншыя асістэнты таго перыяду зазначаюць: «Яго не любілі, у яго быў такі грубы падыход да людзей, ён дзейнічаў толькі ва ўласных інтарэсах».

Паводле суразмоўцаў, Іван Чурыловіч часта знікаў па ўласных справах у Лондан. Пазней ён пачаў супрацоўнічаць з рознымі групамі ў Еўрапарламенце, што выклікала пытанні аб лаяльнасці. Кажуць, ён адначасова працаваў на літоўца Вітаўтаса Ландсбергіса з канкуруючай партыі, што было ўспрынята негатыўна.

Ніхто не памятае, хто менавіта парэкамендаваў Івана Чурыловіча Анышкевічу. Асоба з асяроддзя Анышкевіча на ўмовах ананімнасці адзначыла:

«Гэта быў адзін з тых нешматлікіх беларусаў, якія добра размаўлялі па-англійску. 20 гадоў таму ўсё выглядала менавіта так: нехта ведаў мову, нехта кагосьці параіў — так і станавіліся асістэнтамі».

Шлях у свет і ўзнагароды

Праца ў Еўрапейскім парламенце стала для Івана Чурыловіча трамплінам у бізнэс, перадусім у сферу энергетыкі і сыравіны. Яго імя з’яўляецца ў кампаніях, звязаных з польскім і ўкраінскім рынкам (напрыклад, Sadovaya Group).

Журналісты знайшлі яго імя ў спісе дыпламатычнага корпуса ў ЗША за 2016 год — у пасольстве Украіны ў Вашынгтоне. Ён значыўся побач з палітычнай дарадцай Аксанай Шуляр (з 2024 года яна адказвае за ўступленне Украіны ў НАТА). Прычым запісаны ён так, як звычайна запісваюць мужа або жонку дыпламата.

Асобна журналісты звярнулі ўвагу на ўзнагароду TVP Polonia 2016 года. На гала-канцэрце яго прадставілі як «польскага эканаміста», які адыграў «выключную ролю падчас падзей на Майдане» і быў найбліжэйшым паплечнікам міністра фінансаў Украіны Наталлі Ярэська. Пры гэтым — ужо ні слова пра тое, што Іван Чурыловіч беларускі апазіцыянер.

У TVP не знайшлося ніякіх дакументаў аб тым, хто вылучыў яго на прэмію. Польскае МУС (MSWiA) таксама заявіла, што не валодае інфармацыяй пра ўдзел Івана Чурыловіча ў перамовах аб дапамозе Украіне.

Калі журналісты паспрабавалі атрымаць тлумачэнні ад яго самога, ён адмовіўся адказваць на пытанні пра адукацыю і грамадзянства, заявіўшы, што журналісты павінны спачатку атрымаць дазвол ад устаноў, пра якія яны пытаюцца.

Умяшанне спецслужбаў

Іван Чурыловіч з’явіўся побач з Малінкевіч год таму, калі Saule Technologies пачала ісці на дно. Інвестары ўпэўненыя, што яго ўплыў прывёў да краху планаў па выратаванні кампаніі.

Давід Зелінскі, прэзідэнт Columbus Energy — аднаго з галоўных інвестараў у Saule, заявіў:

«Мы даведаліся пра Чурыловіча толькі ў 2025 годзе. Пры гэтым яшчэ ў 2017 годзе Вольга мела справаздачу дэтэктыва, якая кідала цень на Івана, і тады яна разарвала з ім кантакт. Гэтую справаздачу яна ад нас схавала. У снежні ў Катавіцах двое мужчын, якія прадставіліся афіцэрамі спецслужбаў, перадалі майму супрацоўніку пагрозы ў адрас мяне і маёй сям’і. Тады я зразумеў, з якім небяспечным чалавекам за спінай Вольгі мы маем справу».

Як высветліла Rzeczpospolita, польская спецслужба Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) таксама зацікавілася Іванам Чурыловічам. 

Каментары17

  • Юрась Зянковіч
    30.03.2026
    Тое, што ён беларус - я ўпэўнены на 99%. У сярэдзіне 90-х мы былі знаёмыя, і я бачыў ягоны “жэнеўскі пашпарт”. Ён прасіў і атрымаў прытулак у Польшчы. Яму вельмі моцна дапамагаў тады нябожчык сэнатар Рамашэўскі - бацька Агнешкі Рамашэўскай. Ён яму “залатвіў” тады хуткі прытулак і рэкамендаваў на працу ў права-цэнтрысцкую газэту “Życie”, дзе Ян (такую форму імя ён у той час ужываў) пісаў пра Беларусь, Украіну і Расею. Потым звольніўся. Далей яго сьлед згубіўся.

    Яшчэ нешта пра ягоныя раньнія гады можа ведаць Павал Казанэцкі.

    Пакапайцеся ў гэтым кірунку.
  • Цікава
    30.03.2026
    Які ж Чурыловіч беларус, калі ён расеец з паходжання? Цікавыя рэчы ў Польшчы адбываюцца, пад носам у ABW хто што хоча, тое и робіць
  • Цені з мінулага
    30.03.2026
    У 1990-х Янка Чурыловіч засвяціўся ў "трэцім сэктары", таксама спрабаваў там лавіць рыбку ў мутнай вадзе.

Цяпер чытаюць

Яшчэ адзін беларус з выдуманай біяграфіяй трапіў пад лупу польскіх расследавальнікаў17

Яшчэ адзін беларус з выдуманай біяграфіяй трапіў пад лупу польскіх расследавальнікаў

Усе навіны →
Усе навіны

Спецназавец скончыў жыццё самагубствам у Печах19

На трэніроўцы ў Расіі разбіўся перспектыўны 17‑гадовы мотагоншчык з Гродна12

У Валожынскім раёне загінуў 20‑гадовы кіроўца — ён урэзаўся ў апору моста2

Малады магілёвец касіў ад войска на радзіме, а ў выніку пайшоў ваяваць за Расію і знік. Маці спадзяецца, што хаця б у палоне8

Ціханоўская: Мы заклікаем ЗША не ціснуць на Літву наконт санкцый26

Маскве ўдалося прарваць марскую блакаду Кубы. Чаму Вашынгтон не перахапіў расійскі танкер?10

У Вільні каля Сейма Літвы ўзнялі бел-чырвона-белы сцяг як знак салідарнасці з Беларуссю5

Губарэвіч спрабуе ўзяць Бабарыку на слабо: «Ёсць апасенні, што не атрымаецца пераадолець прахадны бар’ер на выбарах у КР?»21

«Калі ты знаходзішся сам-насам з сабой, хочацца расплакацца, успамінаючы ўсё». Ірына Шчасная пра жыццё на волі і валанцёрства ва Украіне1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Яшчэ адзін беларус з выдуманай біяграфіяй трапіў пад лупу польскіх расследавальнікаў17

Яшчэ адзін беларус з выдуманай біяграфіяй трапіў пад лупу польскіх расследавальнікаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць