Пасля заявы міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі на Пятым з’ездзе беларусаў свету аб тым, што ён зробіць усё магчымае, каб перавесці сваё міністэрства на беларускую мову...
Пасля заявы міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі на Пятым з’ездзе беларусаў свету аб тым, што ён зробіць усё магчымае, каб перавесці сваё міністэрства на беларускую мову, адзін з дэлегатаў гэтага з’езду, гомельскі актывіст Ігар Случак, вырашыў яму дапамагчы ў справе беларусізацыі.
У звароце, разасланым у некалькі дзесяткаў міністэрстваў і ведамстваў краіны, было прапанавана перавесці справаводства на беларускую мову, а таксама ўжываць яе ў паўсядзённым працоўным жыцці.
За гэты час было атрымана 25 адказаў, пераважная большасць з якіх, дарэчы, дадзеная на беларускай мове. Рускамоўнымі аказаліся толькі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства гандлю, Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчавання і Міністэрства прамысловасці.
У цэлым адказы даволі станоўчыя і вытрыманыя.Ёсць нават пазітыўна‑эмацыйныя, як, напрыклад, з Міністэрства адукацыі: «Выказваем Вам словы падзякі за клопат наконт карыстання роднай мовай у дзяржаўных установах рэспублікі». Ці з Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчавання: «Благодарим Вас за гражданскую позицию в отношении возрождения духовности и сохранения национальности в Беларуси». Добра пачынаецца адказ і з Вышэйшай атэстацыйнай камісіі: «Нам імпануе Ваша занепакоенасць развіццём і ўмацаваннем беларускай культуры і беларускай мовы, у прыватнасці ў нашай паўсядзённай рэчаіснасці».
Але ёсць і сухія адпіскі кшталту: «Разгледзелі.., паведамляем…, немэтазгодна…» альбо «Закон РБ «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» прадугледжвае права на выкарыстанне рускай мовы…» і г.д. Прыкладна такія адказы прыйшлі з Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства гандлю, Генеральнай пракуратуры, Міністэрства інфармацыі, а таксама з Гомельскага абласнога і гарадскога саветаў.
У некалькіх выпадках даецца дэталёвае абгрунтаванне, чаму менавіта сёння немажліва перавесці справаводства на беларускую мову: «Перавод справаводства ў органах унутраных спраў на беларускую мову патрабуе значных фінансавых сродкаў на замену штампаў, пячатак, бланкаў друкаванай прадукцыі, выдаткаў на пераклад і выданне на беларускай мове дзеючых пастаноў, загадаў, распараджэнняў, іншай службовай дакументацыі. З улікам таго, што органы ўнутраных спраў у сваёй дзейнасці цесна ўзаемадзейнічаюць з іншымі праваахоўнымі органамі, судамі, органамі ўлады і кіравання, перавод справаводства на беларускую мову толькі ў Міністэрстве ўнутраных спраў без правядзення аналагічнай працы ў сістэме справаводства іншых дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь немэтазгодны». Ці, напрыклад, такім чынам: «Министерство промышленности Республики Беларусь с пониманием относится к идее дальнейшего расширения использования белорусского языка в нашей стране как государственного языка. В то же время мы полагаем, что данный процесс должен иметь постепенный характер и последовательно осуществляться на государственном уровне, например, через соответствующую программу».
У большасці адказаў прасочваецца нават жаданне прадэманстраваць свае дасягненні ў выкарыстанні беларускай мовы:
«Дзеля забеспячэння ўжывання дзвюх моваў Міністэрства фінансаў рыхтуе праекты пастаноў Урада па шэрагу пытанняў выключна на беларускай мове. Таксама Міністэрства фінансаў выкарыстоўвае беларускую мову, калі адказвае на лісты грамадзян і арганізацый, якія звярнуліся на беларускай мове»; «…падрыхтоўка органамі дзяржаўнай статыстыкі зводнай статыстычнай інфармацыі ажыццяўляецца як на рускай, так і на беларускай мове. Прыклад таму — работа Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гродзенскай вобласці, якое ўжо на працягу многіх гадоў выпускае штомесячны даклад аб сацыяльна‑эканамічным становішчы Гродзенскай вобласці на беларускай мове…»; «…рашэнні Канстытуцыйнага Суда публікуюцца ў часопісе «Веснік Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь» на рускай і беларускай мовах».
Прысутнічаюць і аптымістычныя запэўненні кшталту: «…процесс перехода на белорусский язык в стране, где 81% населения — этнические белорусы, неизбежен»(Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання); «Улічваючы ўсё гэта, Белстат працягне паслядоўную работу па распаўсюджванні ў дзейнасці органаў дзяржаўнай статыстыкі беларускай мовы з улікам норм Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і захавання правоў і свабод грамадзянаў».
Аналізуючы ўсе гэтыя адказы, можна зрабіць выснову, што пакуль праблема «беларусізацыі» сур’ёзна на дзяржаўным узроўні не абмяркоўваецца.
Але пры гэтым чынавенства адчувае пэўныя змены ў стаўленні да нацыянальнага пытання, таму і такія асцярожныя адказы. Ініцыятывы Паўла Латушкі і магілёўскага губернатара Пятра Рудніка, які вырашыў прапагандаваць выкарыстанне беларускай мовы ў рэгіёне і нават стварыў адмысловую камісію, з’яўляюцца толькі першымі ластаўкамі і ў большай ступені асабістымі ідэямі. Тым не менш, яны знаходзяцца ў рэчышчы сённяшніх інтарэсаў і патрэбаў беларускага рэжыму, таму што, па‑першае, гэта будзе вітацца Захадам, па‑другое, адцягне ўвагу грамадства ад сацыяльна‑эканамічных праблемаў і, па‑трэцяе, выб’е адзін з казыроў апазіцыі.
Гэта, аднак, не азначае, што ўжо заўтра ўлада пачне павальную беларусізацыю. Такі працэс хутчэй за ўсё будзе ў большай ступені імітацыйным з невялічкімі крокамі па пашырэнні выкарыстання беларускай мовы. Але альтэрнатывы развіццю нацыянальнай культуры і мовы ў сучаснай нацыянальнай дзяржаве папросту не існуе, і гэта немажліва не ўлічваць.
-
«Мне казалі: ты гаворыш як канадскі эмігрант». Сяргей Шупа расказаў пра Вільню 90-х, параўнанне літоўскай літаратуры з беларускай і адрозненні паміж народамі
-
Лукашэнка паводзіць сябе ў «макдональдсе» як у савецкай сталоўцы. І думае, што гэта крута
-
Пуцін ужо павіншаваў Маджтабу Хаменеі, а Лукашэнка не. Чаго чакае?
Цяпер чытаюць
«Чаму я павінен даказваць, што не дармаед?» Прадпрымальніка з Гомеля памылкова запісалі ў незанятыя — ён даведаўся толькі пасля вялізных рахункаў за камуналку
Каментары