Даследаванне: кавідны стрэс прыводзіць да заўчаснага старэння мозгу
У нядаўнім даследаванні навукоўцы вывучылі, як пандэмія Covid-19 — і звязаныя з ёю самаізаляцыя, фінансавыя цяжкасці і наступствы хваробы — уплываюць на мозг маладых людзей. У нашым рэгіёне да негатыўных фактараў, якія спрыяюць стрэсу, дадаюцца таксама вайна і масавыя рэпрэсіі, што робіць вынікі даследавання асабліва актуальнымі для беларусаў.
Навукоўцы даўно адзначалі, што стрэс, звязаны з пандэміяй COVID-19, прывёў да пагаршэння агульнага псіхічнага здароўя. Новыя даследаванні паказваюць, што стрэс істотна змяніў мазгі некаторых людзей і фізічна.
Гэтае адкрыццё дапаўняе шэраг даследаванняў прычын паскоранага старэння мозгу, на якое ўплываюць як біялагічныя фактары, так і асаблівасці навакольнага асяроддзя.
Стан мозгу змяняецца з гадамі, пры гэтым не ва ўсіх мозг старэе з аднолькавай хуткасцю. Стрэсавыя падзеі могуць выклікаць неадпаведнасць паміж біялагічным узростам мозгу чалавека (паказчык, заснаваны на біялагічных маркерах, які адносіцца да таго, на колькі гадоў выглядаюць клеткі вашага цела) і яго храналагічным узростам (рэальнай колькасцю пражытых гадоў).
Даследчыкі вывучалі маладзёнаў, якія жывуць у раёне заліва Сан-Францыска і ўплыў на іх лакдаўну 2020 года, распавядае Inverse. У цэлым у падлеткаў выявіліся асаблівасці мозгу, больш характэрныя для пажылых людзей і тых, хто перажыў сур'ёзныя нягоды ў дзяцінстве. У параўнанні з маладымі людзьмі, ацэненымі да пандэміі, удзельнікі даследавання мелі меншую таўшчыню кары галаўнога мозгу, большы аб'ём гіпакампа і міндаліны. Іх псіхічнае здароўе таксама было горшым, але незразумела, ці звязаны іх настрой са зменамі ў структуры мозгу.
Хаця некалькі даследаванняў, у тым ліку і гэтае, прасачылі ўзаемасувязь паміж стрэсам у раннім жыцці і паскораным старэннем мозгу — дагэтуль незразумела, што абумоўлівае гэтую сувязь. Ян Готліб, прафесар Стэнфардскага ўніверсітэта і першы аўтар новага даследавання, сцвярджае, што картызол, які вылучаецца ў адказ на стрэс, можа адыгрываць сваю ролю ў гэтым працэсе. Таксама застаецца адкрытым пытанне, ці з'яўляюцца гэтыя змены пастаяннымі.
Але можна прыняць меры, каб захаваць здароўе мозгу, нягледзячы на стрэс. «Мы не ведаем, ці можна адмяніць наступствы, — кажа Готліб. — Але я чакаю, што метады зніжэння стрэсу — медытацыя, рэлаксацыя і г.д., могуць запаволіць хуткасць старэння мозгу».
Як стрэс фізічна змяняе мозг
Да пачатку пандэміі Готліб і яго калегі далёка прасунуліся ў даследаванні ўплыву стрэсу ў раннім жыцці на развіццё мозгу і дэпрэсіі ў падлеткаў. Першапачаткова пандэмія перапыніла іх працу, але ў канчатковым выніку адкрылася магчымасць: навукоўцы змаглі параўнаць сканаванне мозгу да пандэміі са сканаваннем, зробленым у канцы 2020 года.
Каманда звяртала ўвагу на такія фактары, як узрост, пол, уздзеянне стрэсу і сацыяльна-эканамічны статус, і параўноўвала групы паддоследных да і пасля пачатку пандэміі. Урэшце навукоўцы выявілі, што мозг маладых людзей пры канцы першага года пандэміі выглядаў у сярэднім старэйшым, чым мозг маладых людзей, сканаваны да яе пачатку.
Такім чынам, пандэмія негатыўна паўплывала на псіхічнае здароўе паддоследнай групы і паскорыла старэнне мозгу. Навукоўцы не могуць сказаць, ці дагоніць храналагічны ўзрост удзельнікаў узрост іх мозгу. Іншыя даследаванні паказваюць, што людзі з «больш старым на выгляд» мозгам горш спраўляюцца з тэстамі па вымярэнні ўвагі, памяці і іншых функцый.
Даследчыкі кажуць, што існуюць карысныя практыкаванні для ўмацавання кагнітыўнага здароўя.
- Падтрымлівайце ціск у норме;
- Ежце здаровую ежу і не пераядайце;
- Давайце сабе фізічную нагрузку;
- Не замыкайцеся ў сабе, камунікуйце з людзьмі;
- Здымайце стрэс здаровымі спосабамі (добрыя справы, медытацыя, спорт, прыемныя звычкі, прырода, падарожжы і ўсё такое).
Готліб і яго калегі плануюць і далей сачыць за ўдзельнікамі, калі ім споўніцца 20 гадоў, каб убачыць, ці захаваюцца псіхалагічныя праблемы і як будзе змяняцца мозг пасля пандэміі.
Каментары