Эканоміка22

Французы бастуюць рэгулярна. Як, вы думаеце, гэта ўплывае на эканоміку? 

Лукашэнкаўцы часта апраўдваюць рэпрэсіі тым, што свабода і правы чалавека непазбежна вядуць да развалу эканомікі і страты рынкаў збыту. Ці так гэта, можна паглядзець на прыкладзе Францыі, дзе прафсаюзы гістарычна, з ХІХ стагоддзя пачынаючы, маюць сур’ёзны ўплыў на ўзаемаадносіны працоўных з працадаўцамі і дзяржавай.

Фота: pixabay

У Францыі больш за 1,2 мільёна чалавек па афіцыйных звестках (2,8 мільёна паводле звестак прафсаюзаў) выйшлі на вуліцы 31 студзеня супраць прапанаванай пенсійнай рэформы. Як падобныя забастоўкі могуць паўплываць на эканоміку і прадпрыемствы, якія і так ахопленыя высокай інфляцыяй і нізкімі тэмпамі росту? Аказваецца, не так моцна, як можна падумаць.

Агульны ўплыў на ВУП

Даследаванні паказваюць, што ў той час як забастовачная актыўнасць працоўных можа нанесці кароткатэрміновыя страты эканоміцы, забастоўкі практычна не ўплываюць на доўгатэрміновы рост, паведамляе выданне The Conversation. 

Увогуле, масавыя акцыі наносяць шкоду эканоміцы толькі ў перыяд іх правядзення, а страты хутка аднаўляюцца ўжо ў наступныя месяцы. З макраэканамічнага пункту гледжання эфект будзе залежаць ад маштабу і працягласці дзеянняў.

Напрыклад, забастоўкі ў лістападзе 1995 г. супраць пакета мер жорсткай эканоміі і пенсійнай рэформы скарацілі 0,2 пункта росту ВУП у чацвёртым квартале года — і гэта ўлічваючы, што грамадскі рух доўжыўся аж тры тыдні.

Дэманстрацыі ў лістападзе 2007 г. супраць рэформы спецыялізаванага пенсійнага рэжыму (згодна з ёй некаторыя работнікі павінны былі атрымліваць большыя пенсіі і выходзіць на пенсію раней за іншых), вывелі на вуліцы больш людзей, чым у 1995 г., але доўжыліся толькі 10 дзён. Падобным чынам яны скарацілі ВУП краіны на 0,2 пункта. І ў гэтым выпадку страты былі цалкам пакрытыя ў наступныя перыяды.

Такім чынам, хоць спажыванне і прадукцыйнасць хатніх гаспадарак могуць знізіцца падчас забастоўкі, гэтыя наступствы не працягваюцца ў часе.

Замежныя інвестары не сыходзяць

Насуперак таму, што можна было б падумаць у падобных сітуацыях, шматлюдныя страйкі мала ўплывалі на прывабнасць Францыі для замежных інвестараў.

Напрыклад, аналіз Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР) паказвае, што забастоўкі 2010 года супраць пенсійнай рэформы, у якіх узялі ўдзел больш за 1 мільён чалавек, не прывялі да зніжэння прамых замежных інвестыцый (ПЗІ) у Францыю. Наадварот, ПЗІ ў Францыі ў 2010 годзе былі эквівалентныя 14 мільярдам долараў, і ўсяго праз год пасля страйкаў прыток павялічыўся больш чым удвая да амаль 32 мільярдаў долараў, а затым зноў вырас да 34 мільярдаў долараў у 2012 годзе.

Аслабленыя прадпрыемствы

Каму забастоўкі прыносяць найвялікшую шкоду — дык гэта, натуральна, прадпрыемствам, якія з большай імавернасцю панясуць страты, асабліва калі яны закранутыя непасрэдна (напрыклад, у транспартным або прамысловым сектары).

Сувязь відавочная: адмова ад працы ўплывае на вытворчасць фірмаў і, такім чынам, на эканамічныя паказчыкі. Транспартныя кампаніі рэгулярна перажываюць забастоўкі, якія непасрэдна ўплываюць на іх эканамічныя вынікі. Прыкладам, 15-дзённая забастоўка Air France у 2018 годзе каштавала авіякампаніі амаль 335 мільёнаў еўра. Акрамя таго, забастоўкі могуць таксама парушыць працу такіх аб'ектаў, як паліўныя склады, чыгуначныя вузлы і нават парты, блакуючы шляхі паставак і ўскосна закранаючы іншыя прадпрыемствы. Так, забастоўкі на транспарце часта аслабляюць усю дзейнасць, звязаную з турызмам, напрыклад, гасцінічную і рэстаранную індустрыю, рамёствы і гандаль.

Нарэшце, на прадукцыйнасць кампаніі могуць паўплываць змены ў працоўных практыках або заробках, калі кіраўніцтва пагаджаецца на патрабаванні страйкоўцаў. Гэта той выпадак, калі працоўная дзейнасць прыводзіць да пагадненняў аб фінансаванні выдаткаў на персанал, якія не заўсёды кампенсуюцца павышэннем прадукцыйнасці.

Аднак у апошнія гады французскія працоўныя радзей звярталіся да забастовак, і іх наступствы менш прыкметныя, чым раней. Было вылучана некалькі тлумачэнняў, сярод якіх — змяншэнне колькасці членаў прафсаюзаў; трансфармацыя свету працы ў выніку дэіндустрыялізацыі і росту «гіг-эканомікі» (з’ява, калі ўсё больш працадаўцаў аддаюць перавагу найму супрацоўнікаў па кароткатэрміновых кантрактах або для пазаштатнай працы — у адрозненне ад пастаяннай працы ў штаце); рост беспрацоўя, а таксама нежаданне супрацоўнікаў несці фінансавыя выдаткі ад правядзення страйкаў. 

Іншыя магчымыя фактары ўключаюць дыстанцыйную працу, якая пазбаўляе ад нязручнасцяў, звязаных з транспартам, і дэ-факта зніжае ўплыў страйку на грамадскую думку. Тым не менш, палітолаг Трыстан Хот даказвае, што супрацоўнікі, якія працуюць аддалена, удзельнічаюць у калектыўных дзеяннях столькі ж, колькі і іншыя, нягледзячы на большую сацыяльную ізаляцыю.

Ці робіць страйк працу прадпрыемства больш прадуктыўнай?

Забастоўкі, як правіла, адлюстроўваюць нізкую задаволенасць работнікаў у кампаніі, што можа выяўляцца праз нізкі маральны дух, вялікую колькасць прагулаў або адмову добраахвотна супрацоўнічаць з працадаўцам. Таму забастоўка можа прывесці да павышэння прадукцыйнасці працы шляхам вырашэння пэўных канфліктаў і тым самым паляпшэння маральнага духу супрацоўнікаў.

Даследаванні паказваюць, што супрацоўнікі, якія маюць права голасу на сваім працоўным месцы, маюць і больш высокі ўзровень задаволенасці ад працы. Эканаміст Жэрэмі Тангі пры гэтым адзначае, што ў Францыі забастоўкі аказваюць нелінейны ўплыў на прадукцыйнасць працы: сацыяльныя рухі спачатку маюць пазітыўны эфект, які потым змяншаецца ці нават становіцца адмоўным пасля пэўнай колькасці забастовак у кампаніі (якую ён ацэньвае ў пяць у год).

Гэтыя першапачатковыя вынікі ў французскім кантэксце, якія рэдка сустракаюцца ў навуковай літаратуры, цяпер патрабуюць больш глыбокага вывучэння і аналізу на працягу больш доўгага перыяду часу. У рэшце рэшт, забастоўкі абмежавана ўплываюць на эканамічны рост, таму што страчаная актыўнасць хутка кампенсуецца на працягу некалькіх месяцаў пасля спынення працы. 

Іншая сітуацыя на мікраўзроўні, дзе некаторыя кампаніі могуць панесці сур'ёзныя эканамічныя страты. Аднак, насуперак распаўсюджанаму меркаванню, наступствы забастовак для прадукцыйнасці кампаніі не з'яўляюцца сістэматычна негатыўнымі.

Каментары2

  • Вака
    27.02.2023
    Не ведаю, на што забастоўкі ўплываюць, але заўсёды пазбягаю ляцець праз Францыю, нават калі там таннейшы варыянт.
  • Agasfer
    27.02.2023
    Статья профсоюзного функционера профессора университета , живущего на гранты от государства и оплаты студентов за обучение естественно экономика не страдает И его тенденциозная статья ( тем более во многих случаях весьма не точно переведенная) направлена на призывы к забастовкам. А вот альтернативное мнение по итогам забастовки на ж. д. в сша По данным SNBC ущерб за месяц составил 160.8 биллионов, причём по химической промышленности каждую неделю ущерб составил 3 миллиарда, в результате чего привёл к массовым увольнениям и даже закрытию предприятий в штатах Нью-Йорк,Пенсельвения и Айова
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Ізраільскі авіяўдар перарваў эфір дзяржтэлерадыё Ірана. Штаб-кватэра ТВ знішчаная ВІДЭА19

Ізраільскі авіяўдар перарваў эфір дзяржтэлерадыё Ірана. Штаб-кватэра ТВ знішчаная ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

На канферэнцыі Reshape 2025 абурыліся «тысячамі канферэнцый», абвінавацілі Ціханоўскую ў дыктатуры і ацанілі вынікі 5 гадоў у эміграцыі28

«Тое, што Ізраіль зрабіў з Іранам, — гэта тое, што Расія хацела зрабіць з Украінай»17

Жанчына злавіла на Прыпяці гіганцкага таўсталобіка. Яго вага — каля 60 кг1

Дзяўчынцы з Польшчы, ахвяраваць грошы якой заклікаў беларус, сабралі патрэбную суму1

Пяць фактаў пра новага прэс-сакратара МЗС, які хамаватасцю косіць пад Марыю Захараву10

Міністр абароны Ізраіля прыгразіў, што жыхары Тэгерана хутка заплацяць за іранскія атакі на жылыя кварталы2

Як даведацца, ці апырсквалі клубніцы: адзін просты спосаб раскрые праўду4

Беларусы могуць адмовіцца ад некаторых камунальных паслуг3

«Жалезная заслона вакол нашай краіны». Беларусам усё цяжэй атрымаць польскія візы25

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ізраільскі авіяўдар перарваў эфір дзяржтэлерадыё Ірана. Штаб-кватэра ТВ знішчаная ВІДЭА19

Ізраільскі авіяўдар перарваў эфір дзяржтэлерадыё Ірана. Штаб-кватэра ТВ знішчаная ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць