Бясконцае цярпенне беларусаў — праўда ці міф? Сацыёлаг Генадзь Коршунаў разважае пра страх і тлумачыць логіку цяперашніх рэпрэсій
«Рэжым сваю хваробу пераносіць на народ і хоча гвалтам вярнуць людзей назад у часе. Масавыя рэпрэсіі — стратэгія, каб трымаць усіх пад дамоклавым мячом затрымання ў любы час за любое дзеянне цяпер ці ў мінулым». Старшы аналітык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў аналізуе, як працуе рэпрэсіўны каток і як пад ім змяняюцца беларусы.
Тры ўзроўні рэпрэсій
Сацыёлаг выдзяляе тры ўзроўні рэпрэсій.
Першы — чысткі на прадпрыемствах. Калі з палітычных матываў людзей звальняюць з працы, не працягваюць ім працоўныя кантракты. Статыстыкі такіх звальненняў няма, але па звестках, якія трапляюць да журналістаў і праваабаронцаў, бачна, што гэта ідзе па ўсёй краіне.
Другі ўзровень — сістэматычныя арышты за падзеі 2020—2022 гадоў. Калі ідзе адпрацоўка розных спісаў — хто данаціў на дапамогу пацярпелым, хто затрымліваўся па адміністрацыйных артыкулах і г. д.
Трэці ўзровень — узровень рэакцыі, калі па такіх спісах (тэрытарыяльна ці па прафесійнай прыналежнасці, у залежнасці ад кожнага канкрэтнага выпадку) адпрацоўваюць людзей па факце нейкай падзеі. Як, напрыклад, пасля дыверсіі ў Мачулішчах.
«Яшчэ адна добрая ілюстрацыя: здараецца нешта, што не мае нават палітычнай падкладкі, а сілавікі ўключаюць рэжым «хапуну». Менавіта гэта мы назіралі пры затрыманнях падлеткаў з субкультуры «ПВК Родан».
Гэта адна і тая ж стратэгія — масавыя рэпрэсіі, каб трымаць людзей усіх узростаў усіх прафесій на ўсёй тэрыторыі Беларусі пад дамоклавым мячом затрымання ў любы час за любое дзеянне зараз ці ў мінулым».
Чаму вал рэпрэсій не спадае
Таму, што рэпрэсіі не змяншаюцца, Коршунаў бачыць некалькі прычын.
«Па-першае, пасля 2020-га вялікі кавалак улады адгрызлі сабе сілавікі: яны паказалі, што яны апора ўлады, яны змаглі давесці, што без іх Лукашэнка страціў бы ўладу — і праз гэта яны робяць тое, што ўмеюць. А ўмеюць яны ціснуць, арыштоўваць, гвалтаваць і гэтак далей.
Другі, таксама немалаважны момант палягае ў тым, што нічога іншага ўлада не здольная зрабіць. Калі паглядзець на мінулыя тры гады, выявілася, што ўладам проста няма чаго прапанаваць народу. Прынцып «пугі і перніка» вядомы ўсім.
Дык вось, пугай улада працуе вельмі ўдала — напрактыкаваліся. А дзе пернік?
Планаў на будучыню, бачання развіцця краіны няма, эканамічных паляпшэнняў не назіраецца. Адзінае, што здолелі з сябе выціснуць за тры гады, — выдаць указ пра замарозку цэн. Усё! А цяпер уключылі здзеклівае паніжэнне цэн на аўтамабільнае паліва: раней штомесяц падымалі на 2 капейкі, а цяпер з такой жа рэгулярнасцю зніжаюць ужо на капейку.
У палітычным плане мы назіраем выключна прапаганду і папулізм: вакол ворагі, здраднікі, адзінае апірышча ў Беларусі — Лукашэнка. Адзінае, што цяпер працуе ў прапагандысцкай рыторыцы, — гэта тое, што беларускіх войскаў няма ва Украіне. Але і тут пытанне: як беларусы адрэагуюць на перспектыву размяшчэння ядзернай зброі на сваёй тэрыторыі?
Да ўсяго трэба дадаць псіхалагічную траўму, якую атрымаў і Лукашэнка, і ягоныя зацятыя прыхільнікі ў 2020-м. Навукоўцы называюць гэта «зломам анталагічнай бяспекі», калі казаць па-простаму — зламалася іх карціна свету, у якой яны былі цэнтрам, у якой прыхільнікаў Лукашэнкі была большасць, у якой, як сказаў нехта з сілавікоў, беларусы былі «ціхай спакойнай нівай», з якой можна было рабіць што заўгодна.
Калі ў галаве ламаецца сістэма ўспрыняцця свету, то гэта вельмі балюча. І цяпер дубінкамі яны намагаюцца закалаціць назад у людскія галовы зламаную карціну свету. Сваю хваробу яны пераносяць на іншых і хочуць гвалтам вярнуць людзей назад, у стан да 2020 года, такім чынам «перагарнуўшы старонку». Але гэта так не працуе.
Таму рэпрэсіі застаюцца адзіным і палітычным, і эканамічным, і сацыяльна-псіхалагічным чыннікам іхняга існавання».
Які ўзровень страху ў беларускім грамадстве?
Ацэньваць узровень страху па адчуваннях Коршунаў не бярэцца.
«Акрамя знешніх фактараў: ціску, рэпрэсій, якія дакаціліся ці не да кожнага, — пачынаюць дзейнічаць іншыя законы. Пастаянна жыць у стане стрэсу проста немагчыма — псіхіка не вытрымлівае. Таму працуюць механізмы ментальнай самаабароны, калі людзі самаізалююцца ад праблем, занурваюцца ў паўсядзённасць, менш чытаюць навіны. Выбудоўваюць дыстанцыю паміж стрэсавай сітуацыяй і сваёй псіхікай, іначай псіхіка не вытрымае.
Што і на якім узроўні працуе — гэта глыбокая праблема, якую трэба было б вывучаць комплексна: і сацыялагічнымі, і сацыяльна-псіхалагічнымі, і чыста псіхалагічнымі даследаваннямі.
Да ўсяго трэба дадаць і фактар расійска-ўкраінскай вайны, які ўплывае значна на агульную сітуацыю. Па некаторых звестках бачна, што перспектыва ўступлення Беларусі ў вайну (не проста даць тэрыторыю, а непасрэдна войскам) для часткі грамадства больш стрэсагенны фактар, чым рэпрэсіі ў краіне».
Як доўга беларусы гатовыя цярпець?
Сацыёлаг разважае наконт таго, да якіх межаў можна трымаць грамадства ў страху, і ці праўдзівы міф пра бясконцае цярпенне беларусаў.
«На гэтае пытанне можа адказаць толькі гісторыя. У такіх выпадках я раблю спасылку на 2022 год: хто мог прагназаваць рэйкавую вайну падчас наступу расіян з тэрыторыі Беларусі? Ніхто, відаць. Дагэтуль працуе «Беларускі Гаюн»: дзякуючы беларусам у краіне любыя перасоўванні і вайсковай тэхнікі, і вайсковых часцей становяцца вядомымі. Пры ўсім ціску і рэпрэсіях.
Таму тут пытанне хутчэй не пра тое, колькі часу людзі могуць трываць. З аднаго боку, рэпрэсіі ідуць штодзённа, з іншага — людзі ўсё роўна выбудоўваюць механізмы самаабароны.
Але галоўнае пытанне: як будуць развівацца падзеі і з якой дынамікай? Як зрэагуе грамадства, калі адкрыецца акно магчымасцяў для яго?
Толькі на рэпрэсіях і атмасферы страху я б не зацыкліваўся — на праблему трэба глядзець шырэй».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Масавыя чысткі рыхтаваліся загадзя, да самалёта. Але беларускія спецслужбы не Секурытатэ». Калі скончыцца гэта хваля рэпрэсій?
«Частка нейтралаў паддаецца прапагандзе. Пачынаюць думаць, што, можа, так і трэба». Як будзе развівацца беларускае грамадства ва ўмовах татальных рэпрэсій
Святар Георгій Рой — пра даносы на яго, малітвы за Расію, якія дасылалі зверху, надзеі на Сусветны патрыярхат і страх прывыкнуць да несвабоды
Каментары