У Мінску 14 лістапада прайшоў Беларускі Еўрапейскі форум.
18:34
Форум скончыў працу. Праведзены ён быў на высокім арганізацыйным узроўні. Па яго выніках былі прынята рэзалюцыя і Праграма дзеянняў.
Аляксандр Мілінкевіч у заключным выступе зазначыў:
«Калі з’явіцца чалавек, якога падтрымае большасць апазіцыі, у якога будзе выдатная праграма і каманда, я стану побач і буду выконваць любую працу, якую мне дадуць.
Разам з тым кажу, што я гатовы ісці на выбары, бо маю на гэта сілы і досвед».
Аляксандр Мілінкевіч упэўнены, што выбары 2011 года будуць прасцейшымі, чым выбары 2006 года, што будзе болей шанцаў на перамогу.
«Не будзе той атмасферы запалохвання», якая была ў 2006 г., перакананы палітык.
Разам з тым, ён катэгарычны праціўнік байкоту выбараў.
«Не ўдзельнічаючы ў выбарах, мы пазбаўляем людзей дадатковай інфармацыі».
Калі мы не пойдзем на выбары, то ўладзе не трэба нават фальсіфікаваць выбары, тым самым мы легімітызуем уладу».
Мілінкевіч выказаў спадзяванне, што на наступныя выбары беларуская апазіцыя пойдзе адзінай калонай пад лозунгамі «Незалежнасць, дэмакратыя, еўрапейскасць».
* * *
У Мінску пачаўся Беларускі Еўрапейскі Форум – вялікі збор прыхільнікаў Аляксандра Мілінкевіча.
Форум, у якім бярэ ўдзел больш за 1 000 ўдзельнікаў, пачаўся а 11-й гадзіне ў вялікай зале ДК Мінскага аўтамабільнага завода, на паўднёвым усходзе сталіцы.
Зала і балконы занятыя поўнасцю. Мерапрыемства пачалося з выканання гімна «Магутны Божа». Вядзе форум тэлезорка тэлеканала «Белсат» Павел Мажэйка.
Зала аздоблена бел-чырвона-белымі сцягамі, сцягамі БХД, Маладога фронту, незарэгістраванай Партыі свабоды і прагрэсу, «Правага альянсу», «Руху за Свабоду».
Над сцэнай лунаюць вялікія бел-чырвона-белы сцяг і сцяг Еўрасаюза.
Сцэна таксама аздобленая вялікім пано: на якім сінім колерам адлюстраваны абрыс Еўропы з зорачкамі па контуры. Усё прыгожа і жыццесцвярджальна.
У адрозненне ад паўторнага з’езда БХД тут – збольшага знаёмыя ўсё твары.
Адкрыў мерапрыемства намеснік старшыні Руху За Свабоду Віктар Карняенка, які ў сваім выступе досыць самакрытычна зазначыў, што цяпер такімі форумамі нікога не здзівіш.
Віктар Карняенка задаваў пытанне: «Якая мэта форуму?» І сам адказаў:
«Стымуляванне дыскусіі, ці патрэбен нам Еўрасаюз і дыялог уладаў з ЕС».
Далей выступаў пасол Швецыі ў Беларусі (Швецыя зараз старшынствуе ў ЕС) Стэфан Эрыксан. Выступаў як заўсёды на чыстай беларускай мове, якая дасць фору некаторым беларускім дзеячам.
Далей пайшлі відэазвароты. Першы – Вацлава Гаўла, у якім экс-прэзідэнт Чэхіі, зазначыў, што Беларусь належыць да краін еўрапейскай дэмакратыі, «і мы, у Еўропе, будзем вітаць Беларусь у ЕС», прадэманстравалі таксама звароты Вітаўтаса Ландсбергіса і старшыні Еўрапарламента Ежы Бузка, які ў сваім звароце зазначыў, што
«Еўропа працягвае руку найперш беларускім грамадзянам, а не ўладам».
Бузак адзначыў, між іншым, што лідэр Руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч – сапраўды годны і дастойны лідэр.
На гэтым відэазвароты скончыліся.
Перад удзельнікамі форуму выступіла еўрадэпутат, віцэ-старшыня Еўрапейскай народнай партыі Карын Вортман-Кооль, якая зазначыла, што Еўрасаюз не бачыць змянення сітуацыі ў Беларусі.
Да ўдзельнікаў форуму звярнуліся таксама віцэ-старшыня польскага Сената Збігнеў Рамашэўскі (дарэчы, бацька дырэктаркі Белсата Агнешкі Рамашэўскай), найбольшым па часе быў выступ члена Еўрапарламента Яцка Пратасевіча – старшыні дэлегацыі па сувязях з Беларуссю.
Пратасевіч выступаў па-ангельску. Ён зазначыў: «Мы ніколі не дыктавалі беларускім уладам, што ім рабіць, але чакаем, што для Беларусі будзе больш свабоды». Чаму Еўропа гэта робіць? «Мы не проста суседзі, мы - браты і сёстры»,
Пратасевіч падкрэсліў, што Еўрапарламент будзе працягваць супрацоўнічаць з беларускай апазіцыяй і грамадскімі дзеячамі,
пакуль у краіне не будуць праведзеныя свабодныя выбары.
«Тое, што некалі падавалася кашмарам, пройдзе, а тое, што падавалася салодкай марай, хутка ператворыцца ў рэчаіснасць»,-- сказаў еўрадэпутат, бацька якога, дарэчы, паходзіць з Новай Мышы пад Баранавічамі.
«Вам патрэбна толькі трохі мужнасці і лідэр, здольны ўзяць на сябе адказнасць», - рэзюмаваў Пратасевіч.
Выступіў прадстаўнік расійскага руху ««Правое дело» Дзмітры Быкаў. Ён згадаў гэтатыднёвы зварот прэзідэнта Расіі Дзмітры Мядзведзева да Федэральнага сходу, у якім кіраўнік суседняй дзяржавы заявіў, што ніколі не вернуцца старыя часы і Расіі наканавана жыць у Еўропе.
Цытаванне Мядзведзева, які часу ад часу наяжджае на Пуціна, было прыхільна сустрэта залай.
Далей пайшлі выступы беларускіх удзельнікаў форуму.
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч зрэагаваў на словы Вітаўтаса Ландсбергіса, што маўляў, Беларусь – гэта мост між Еўропай і Расіяй.
«Ніякі мы не мост, – запярэчыў лідэр Партыі БНФ, мост – гэта кепскі варыянт, па ім усе топчуцца. А Беларусь – паўнавартасны чалец Еўропы».
Янукевіч адзначыў, што цяпер беларускія ўлады павінны мець права ўдзельнічаць у дыялогу з Еўропай толькі ў адным выпадку,
калі атрымаюць спрвядлівую перамогу на свабодных і дэмакратычных выбарах у Беларусі».
Лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч згадаў Кангрэс дэмакратычных сіл, што прайшоў у гэтай залі чатыры з паловай гады таму. «Тады, сказаў Дашкевіч, у зале было багата ўдзельнікаў з сярпом і молатам на грудзях», Сённяшні склад удзельнікаў унушае аптымізм, бо тут сабраліся аднадумцы, а мэтай форуму павінна стаць выпрацоўка стратэгіі перамогі на выбарах.
Дашкевіч нагадаў пратэстанцкае выслоўе пра тое, што змены ў грамадстве адбудуцца ў адзін дзень, прычым калі іх не чакаеш.
Перад удзельнікамі форуму выступілі таксама старшыня «Правага альянсу» Юры Карэтнікаў, МХСС «Малады дэмакраты» Аляксандр Шумкевіч і лідэр руху «Маладая Беларусь» Артур Фінькевіч,
які адзначыў, што моладзь не запалохаць ні турмамі, ні штрафамі, ні палітычнымі прызывамі ў войска.
Выступіў лідэр незарэгістраванай Партыі свабоды і прагрэсу Уладзімір Навасяд, што вельмі элегантна глядзеўся ў шаліку на шыі.
Ад БХД выступаў Павел Севярынец. Ён зазначыў, што Беларусь разам з іншымі краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы – Літвой, Славакіяй, Малдовай – паклікана адрадзіць Еўропу.
а «сённяшні рэжым будзе асуджаны Богам і гісторыяй».
Таксама Севярынец зазначыў, што будучым прэзідэнтам Беларусі будзе еўрапеец, які любіць Беларусь – удзельнікі форуму заўсміхаліся.
«Мы гатовы ўзяць адказнасць за краіну», -- нагадаў традыцыйны дэвіз грамадскіх дзеячоў Севярынец ды зазначыў, што «сэрца Беларусі б’ецца ў гэтай зале».
Перад удзельнікамі форуму выступіла Зінаіда Бандарэнка, а старшыня мандатнай камісіі Юрась Губарэвіч азнаёміў удзельнікаў вялікага збору з галоўнай інтрыгай форуму: колькасцю ўдзельнікаў.
У выніку: зарэгістраваліся 809 дэлегатаў, 98 ганаровых гасцей, 7 кіраўнікоў дыпламатычных місій і 52 журналісты.
Цяпер на форуме пачалася праца па секцыяй: секцыя палітыкі, эканомікі і грамадства.
* * *
Напярэдадні форуму намеснік старшыні Руху За Свабоды Юрась Губарэвіч адзначыў, што ніякіх пастановаў адносна бліжэйшых выбараў прымацца не будзе.
«Мы хочам правесці трошку шырэйшае, чым чыста палітычнае мерапрыемства. Будуць працаваць тры секцыі на тэму палітыкі, эканомікі і грамадства».
Сам Мілінкевіч яшчэ не пэўны, ці будзе ўдзельнічаць у наступных выбарах.
Форум пройдзе напярэдадні рашэння Еўрасаюза аб падаўжэнні ці прыпыненні санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў. Яно будзе прымацца 17 лістапада ў Бруселі. Таму зрываць працу мерапрыемства, як лічыцца, нявыгадна для ўладаў.
Каментары