Усяго патроху2626

Сэкс строга па раскладзе, ежа і адзенне аднолькавыя, усё распісана наперад. Мінчук расказаў пра свой незвычайны лад жыцця

Звычкі Яўгена здольныя ўзарваць мозг у тых, хто прывык жыць у рэжыме лёгкага хаосу. Хлопец заўсёды ўстае і кладзецца ў адну і тую жа пару, мыецца толькі халоднай вадой, дзень пры дні есць аднолькавую ежу, носіць толькі чорныя джынсы і футболкі, слухае разумныя аўдыякніжкі замест заліпання ў сацсетках. А яшчэ ён плануе абсалютна ўсё — нават званкі маме і спатканні з дзяўчынай. Навошта гэта ўсё? Гісторыю расказвае «Анлайнер».

Фота тут і далей: «Анлайнер»

Яўген Левы жыве ў невялікай студыі са сваёй дзяўчынай. Цяпер маладыя людзі ў працэсе пераезду ў больш прасторную кватэру. Там будзе некалькі пакояў, каб адзін мог спаць у строга адведзены для гэтага час, а другі — вучыцца або працаваць (графікі супадаюць не заўсёды).

У цяперашняй кватэры падкрэслены мінімалізм: аднатонныя сцены і строгі дызайн.

Раскіданых па кутах шкарпэтак вы дакладна не ўбачыце — хоць бы таму, што Яўген вядзе іх улік, як і ўсяго адзення.

Яўгену ўсяго 21, але да гэтага веку ён паспеў пачаць некалькі бізнэсаў і папрацаваць з дзясяткамі кампаній як кансультант. Гучыць не вельмі рэалістычна, але хлопец запэўнівае, што гэта так.

— Я пачаў працаваць гадоў у 15. Мае бацькі займаюцца бізнэсам, і спачатку я падпрацоўваў у мамы ў фармаце «прынясі-падай», а потым сеў на званкі, набіраўся досведу. Пасля заканчэння школы зацікавіўся інвестыцыямі і пайшоў спачатку ў фінансавы кансалтынг, зрабіў некалькі праектаў бясплатна і з цягам часу напрацаваў партфоліа. З тых часоў чым толькі не займаўся: маркетынгам, фінансамі, прыцягненнем капіталу, развіццём прадуктаў у IT. Цяпер я працую ў буйной кампаніі, займаюся маркетынгам і развіццём прадукту і паралельна праводжу кансультацыі для бізнэсу.

— А як жа вучоба? 

— Пасля школы я не пайшоў ва ўніверсітэт. Дакладней, паступіў, схадзіў на пары некалькі разоў, а потым проста пайшоў на перапынку і забраў дакументы. Мне здалося, што там выкладалі нейкую лухту. Ужо тады я не ўяўляў, як гэта спатрэбіцца мне ў жыцці.

З таго моманту Яўген цалкам прысвячае сябе працы. Ён не хавае, што марыць у будучыні стаць «вялікім чалавекам», і робіць для гэтага ўсё магчымае.

— Я хачу дамагчыся неверагодных вынікаў у бізнэсе і для гэтага выкрыстоўваю дзве рэчы. Па-першае, стараюся спрасціць усе жыццёвыя працэсы, каб вызваліць час і рэсурс на глабальныя мэты. Па-другое, стараюся перабудаваць мозг на тое, каб атрымліваць задавальненне ад рашэння складаных задач.

Цяпер кожнаму з нас даступна занадта шмат простых задавальненняў. Я працую над тым, каб матываваць сябе інакш.

Дзевяць гадзін сну — прыярытэт нумар адзін

У пагоні за поспехам важна дакладна расставіць для сябе прыярытэты.

Для Яўгена гэта ў першую чаргу рэжым дня і якасны сон. Кожную раніцу ён устае строга ў 06:45 і кладзецца спаць у 21:45 — гэта дзевяць гадзін паўнавартаснага адпачынку.

— Да таго, як мы з дзяўчынай сталі жыць разам, я ўставаў у 04:30 і клаўся спаць у 19:30, нават у выхадныя. Цяпер графік прыйшлося зрушыць, гэта такі кампраміс для нас. Але спадзяюся, што калі ў нас будзе два пакоі, то я вярнуся да больш ранняга пад'ёму. Усё-ткі ранішнія гадзіны — самыя прадуктыўныя: ты максімальна адпачыў, выспаўся. А яшчэ ў цябе ёсць мінімум тры гадзіны, калі ніхто не адцягвае цябе ад працы, і ты можаш узяцца за самую сур'ёзную задачу.

Каб не дапусціць збояў, Яўген наладзіў сабе два будзільнікі. Адзін з іх — светлавы, ён пачынае сімуляваць світанак за 15 хвілін да абуджэння.

Таксама ў хлопца ёсць дадатак у тэлефоне, калі званок можна адключыць толькі сканам QR-кода, які знаходзіцца ў ванным пакоі.

— А як класціся спаць заўсёды своечасова, распаведзяце?

— Трэба проста прыняць, што сон — гэта прыярытэт нумар адзін. У цябе не бывае падставы яго адкласці — ні праца, ні сустрэча не могуць гэтаму перашкодзіць. Для мяне гэта лёгка, таму што на вечарыны я не хаджу, ні разу ў жыцці там не быў. З адыходам да сну таксама праблем не бывае, калі заўсёды жывеш па адным графіку. Вось учора я прыйшоў позна — у 21:41. Праз чатыры хвіліны ўжо спаў.

Той самы QR-код, які адключае будзільнік раніцай

Ежа заўсёды аднолькавая. Усё пралічана да грама

На працягу дня ў хлопца ўсяго два прыёмы ежы.

Сняданак вельмі сытны: пяць яек і палова пачка курыцы, пасмажанай на патэльні. Запівае гэта Яўген энергетычным смузі. У кактэйль уваходзяць малако, аўсянка, арэхі, клубніцы і бананы.

— На абед я звычайна ем 300 грамаў тварагу з варэннем. Не ідэальны варыянт, вядома, але мне падыходзіць. Яшчэ падчас трэніроўкі звычайна выпіваю салодкі напой: хуткія вугляводы патрэбныя, каб не падаў цукар. Раней яшчэ піў пратэін з малаком, цяпер проста змешваю какаву з малаком.

Змесціва халадзільніка ўражвае і палохае адначасова. Аднолькавыя пакеты з малаком і сокам, запас «шайбаў» з тварагу, шмат упаковак яек і курыцы.

Яўген кажа, што яму так зручна: яго штодзённы рацыён пралічаны да грама. Ёсць табліца, дзе выразна прапісана, колькі калорый і вугляводаў/бялкоў/тлушчаў хлопец з'ядае за дзень. І ўся гэтая ежа павінна трапіць у арганізм у інтэрвале 8 гадзін — астатнія 16 беларус галадае.

— Раней я еў чатыры разы на дзень, але ў выніку прыйшоў да інтэрвальнага галадання. Мне здаецца, што калі ты сыты, то ты дрэнны паляўнічы, у цябе матывацыя натуральным чынам падае. Акрамя таго, ежа адбіваецца і на якасці сну. Калі ты перад сном паясі, горш спіш, таму я стараюся есці ў першай палове дня.

— Але няўжо не хочацца спрабаваць нешта новае?

— Я магу перакусіць дзесьці ў новым месцы, напрыклад, падладзіць спатканне з дзяўчынай пад бялковы абед і замяніць тварог на стэйк. Але гэта бывае рэдка, прыкладна раз на месяц.

Мне не трэба разнастайнасць. Калі б можна было наогул не есці, я б лёгка абыходзіўся без ежы.

Трэніроўкі — на вынік. І ніякай гарачай вады

Складана ўявіць сабе эфектыўнага чалавека, які не надае ўвагі фізнагрузцы. Яўген паспрабаваў розныя віды спорту, але ў выніку прыйшоў да паўэрліфтынгу. Трэніроўкі ў хлопца заўсёды працяглыя — па дзве з паловай гадзіны. Гэта няпростае задавальненне, але рэсурснае (стоадсоткавае траплянне ў шкалу каштоўнасцяў).

— Гэта, можа, не самы дынамічны від спорту, але мне падыходзіць. Па-першае, для мяне важна пастаянна дасягаць нейкага выніку. У паўэрліфтынгу я хачу стаць кандыдатам у майстры спорту, а потым і майстрам спорту. А яшчэ такія трэніроўкі робяць мяне больш прывабным. У бегу, напрыклад, каб чагосьці дамагчыся, мне прыйшлося б важыць усяго 65 кілаграмаў. Хочацца ўсё-ткі быць моцным, мець магчымасць і дзяўчыну на рукі падняць.

Акрамя спорту, Яўген вельмі паважае гартаванне. У яго гадамі была адключаная гарачая вада ў кватэры (прыйшлося вярнуць толькі па просьбе дзяўчыны). Хлопец лічыць, што холад дае карысную дыхту для арганізма.

— Халодная вада дапамагае прачнуцца. І для імунітэту добра: я заўважыў, што менш хварэю. Плюс гэта яшчэ адзін спосаб медытацыі, праверкі сябе і сваіх магчымасцяў, як на цвіках пастаяць. Раней я нават зімой спрабаваў па вуліцы хадзіць у футболцы, але стаў занадта хутка худнець, таму што арганізм расходаваў шмат энергіі на саграванне. У выніку я адмовіўся ад гэтага эксперымента.

Фіксуе ўсе задачы: калі пастрыгчы пазногці ці схадзіць у краму

Планаваць жыццё Яўгену дапамагае дадатак Trello. Туды хлопец закідвае тры тыпы задач: стратэгічныя, раптоўныя і тыя, што паўтараюцца.

Да прыкладу, ёсць мэта на год — павялічыць продаж. Каб гэтага дасягнуць, трэба раздрабніць вялікую задачу на больш дробныя — на кожны месяц. Рэгулярна 1-га чысла беларус праглядае спіс сваіх задач на месяц і складае тыднёвы графік. А па нядзелях праглядае спіс задач на тыдзень і раскідвае справы па днях. І вось ужо атрымліваецца канкрэтны план для кожнага дня.

Да стратэгічных задач дадаюцца раптоўныя: сустрэцца з журналістамі, напрыклад. 

— Усе задачы атрымліваюць дзве характарыстыкі: тэрміновасць і важнасць. І выконваюцца ў парадку прыярытэту. Кожную гадзіну я праглядаю спіс задач на дзень і выдаляю тое, што зроблена або страціла актуальнасць, а штосьці пераношу.

Яўген запісвае нават такія справы, якія большасць з нас і не думае планаваць! Напрыклад, пастрыгчы пазногці — у хлопца гэта штотыднёвая задача па чацвяргах. Або патэлефанаваць маме — гэта таксама прапісана, рэгулярнасць — тры разы на тыдзень.

— А не бывае такога, што проста хочацца патэлефанаваць маме? Па-за планам?

— Я не ведаю, мне хапае трох разоў на тыдзень, — усміхаецца хлопец.

У перапынках — кнігі і медытацыі. Музыка пад забаронай

Складаная сістэма з пастаноўкай задач дазваляе Яўгену максімальна канцэнтравацца на працы — гэта тое, дзеля чаго ў прынцыпе задумваўся ўвесь план.

— Для мяне жыццё і праца — гэта непарыўныя паняцці. Ёсць, па сутнасці, тры рэчы ў маім жыцці: трэніроўкі, час з сям'ёй (у тым ліку я адношу сюды дзяўчыну) і праца, якой я надаю ўвесь астатні час. У мяне няма іншых асаблівых захапленняў. Магу з дзяўчынай фільм які-небудзь паглядзець, але гэта адносіцца да часу з сям'ёй — сам бы я марнаваць на гэта рэсурс не стаў.

З дробязяў, якія дапаўняюць яго жыццё, Яўген вылучае толькі медытацыю і чытанне. Чытае мантры Яўген два разы на дзень па 20 хвілін — гэта час, калі ён імкнецца адхіліцца ад думак і задач. Свайго роду адпачынак, які дазваляе яшчэ больш эфектыўна займацца сваёй працай.

Для чытання хлопец часцей за ўсё выбірае аўдыяфармат. Слухае аўдыякніжкі пры любой магчымасці: у дарозе, у чарзе, у пачатку трэніроўкі. А вось на музыку ўсталяваў сабе забарону: лічыць гэта занадта «простым задавальненнем».

Спатканні па плане, устрыманне — магутны рэсурс

Як вы ўжо зразумелі, дзяўчына таксама ўпісана ў графік, прычым час зносін з ёй строга рэгламентаваны.

— У нас спатканні звычайна тры разы на тыдзень. У чацвер — адна гадзіна, у суботу — тры гадзіны, а ў нядзелю ў нас паўдня, звычайна з чатырох дня і да адыходу да сну.

— Як дзяўчына да гэтага ставіцца?

— Мы з ёй знаёмыя ўжо восем гадоў, а сустракаемся амаль два гады. Мне здаецца, я б з іншай дзяўчынай і не мог сысціся. У яе таксама графік шчыльны. Гэта значыць, яна не сумуе без мяне, таксама заўсёды занятая.

— Але вы тэлефануеце адно аднаму на працягу дня?

— Тэлефануем адно аднаму рэдка, часцей перапісваемся, — кажа хлопец. — У цэлым мы амаль не ўзаемадзейнічаем у будныя дні: не вячэраем разам, не бавім часу разам. Але на выхадных праводзім паўнавартасныя спатканні, якія плануем і да якіх рыхтуемся.

Атрымліваецца, што мы жывём разам, але ўзаемадзейнічаем у рэжыме букетна-цукерачнага перыяду. Геніяльна, на мой погляд.

У Яўгена ў цэлым даволі спецыфічнае стаўленне да патрэб чалавека ў сэксе.

— Сэкс — адна з галоўных крыніц матывацыі, асабліва для мужчын. У мяне заўсёды была моцная палавая канстытуцыя, і я карыстаўся гэтым як рэсурсам. Я прытрымліваўся поўнага ўстрымання — часам да года. Мне былі забароненыя любая актыўнасць і любое спажыванне кантэнту інтымнага характару. І колькасць дадатковай энергіі, якую я атрымліваў, была неверагоднай. З усіх звычак ад гэтага, напэўна, быў самы моцны вынік.

— А як з абмежаваннямі цяпер?

— Як я і сказаў, у асноўным наша камунікацыя з дзяўчынай прыпадае на выхадныя, то-бок прысутнічаюць пэўныя абмежаванні. І мне па-ранейшаму строга забаронена глядзець порна і самазадавальняцца.

Графік мыцця і спіс рэчаў «для чамадана»

І яшчэ трохі небанальнай руціны.

Каб выглядаць заўсёды прывабна і не марнаваць на гэта ні хвіліны лішняга часу, хлопец сабраў гардэроб з аднолькавых рэчаў. У яго ёсць сем футболак, трое джынсаў, дзве пары красовак, адны чаравікі, дзве курткі на рознае надвор'е, касцюм, паліто і некалькі кашуль для дзелавых сустрэч. Усё адзенне, за выняткам кашуль, чорнага колеру.

Футболкі і джынсы па чарзе праходзяць двухтыднёвы цыкл нашэння, перш чым ісці ў мыццё. Тут працуе свая сістэма.

— Перад сном я здымаю футболку і перавешваю яе ў канец шафы. На наступны дзень апранаю новую і зноў змяшчаю ў канец. Аналагічна з джынсамі. Калі такая «каруселька» праходзіць два колы, я аддаю адзенне на мыццё.

Калі Яўген едзе ў паездку па працы, у чамадан ён кідае рэчы па спісе, які таксама складзены загадзя. Там прапісана ўсё да драбнюткіх дэталяў. А яшчэ ў беларуса ёсць табліца, дзе сабрана ўся маёмасць, якой ён валодае. Там пазначана, які тэрмін службы ў рэчаў — гэта трэба, каб не забываць пра амартызацыю. Напрыклад, футболкі адным махам спісваюцца раз на год — так хлопцу зручней.

— Адкуль такая цяга ўсё сістэматызаваць? Можа здацца, што гэта нейкі дакучлівы стан.

— Калі ўсе плануеш, атрымліваецца вельмі моцна разгрузіць галаву. І ў гэтым наогул асноўны сэнс усяго, што я прыдумляю. Я хачу, каб няважныя задачы вырашаліся з мінімальнымі намаганнямі.

Ці складана дзяліць побыт з такім хлопцам?

Аліна распавяла, як ёй жывецца з такім дысцыплінаваным і мэтанакіраваным хлопцам:

«Мы знаёмыя з Жэнем з шостага класа. Некаторыя з яго звычак сталі зараджацца ўжо тады, вядома, не на этапе выканання, а на этапе жаданняў. Напрыклад, ён хацеў сабе аднолькавы гардэроб, але тады ўяўляў сябе ў касцюмах: кашулях, пінжаках і штанах.

У цэлым лад жыцця Жэні мне зразумелы. Я разумею, якія правілы і для чаго ён уводзіць, таму яго звычкі не здаюцца мне дзіўнымі. Думаю, што такім чынам ён спрабуе спрасціць сваё жыццё. І гэта сапраўды для яго карысна. Без сістэмы ён больш забываецца або бярэ пад увагу.

Не скажу, што на мяне моцна распаўсюджваюцца яго сістэма ў побыце. То-бок у мяне няма «графіка мыцця рэчаў». Але ёсць звычкі, якія я пераняла і за якія ўдзячная. Напрыклад, стала спаць больш, а раней заўсёды пакутавала ад недасыпання. А яшчэ стала ўводзіць у сваё жыццё метады рэлаксацыі.

Мабыць, мне камфортна дзяліць з Жэнем побыт, таму што я ўзяла ад яго сістэмы толькі тое, што мне падыходзіць. Я думаю, яму са мной жыць больш складана, чым мне з ім».

А што ўсё-ткі прыносіць радасць? Не кожны зразумее

Алкаголь, курэнне — усё гэта, натуральна, праходзіць міма Яўгена, таму што такія звычкі забіраюць рэсурсы ў арганізма. Аналагічна з чытаннем стужкі навін, бо наш герой лічыць гэта марнаваннем часу.

— Гэта вельмі лёгкі дафамін, вы як быццам серыял глядзіце. І самае галоўнае, калі адбудзецца штосьці рэальна значнае, я пра гэта ўсё роўна даведаюся ад знаёмых. Тое ж тычыцца сацыяльных сетак, пакуль у мяне няма патрэбы там прысутнічаць. Калі ў будучыні я буду суперзначным, тады, можа, і пачну дзяліцца досведам.

— Напэўна, у вас ёсць куміры, з якіх вы бераце прыклад?

— Так, у асноўным гэта бізнэсмены. Можа быць, вы чулі пра Мікалая Старонскага — гэта буйны прадпрымальнік, фінансіст, адзін з найбагацейшых людзей у свеце. Мяне вельмі матывуе яго гісторыя. У спорце гэта Крышціяну Раналду. Мне здаецца, ён таксама ў большай ступені перфекцыяніст, выбудоўвае ўсё жыццё вакол сваёй мэты.

— Мэта — гэта выдатна, але раскажыце пра свае маленькія радасці. Я, напрыклад, раніцай мару пра каву…

— У мяне кава пад забаронай, — тут жа парыруе хлопец і дапаўняе: — Напэўна, такіх радасцяў няшмат. Хутчэй, я скіраваны на вынік. Калі больш грошай зарабіў або добра патрэніраваўся, падняў у зале 200 кілаграмаў — гэта новая лічба. Вынікі могуць быць і прамежкавымі, неабавязкова кожны дзень ставіць рэкорды. Мне проста падабаецца развівацца, чагосьці дасягаць. Гэта як у гульні: людзі прапампоўваюць свайго персанажа, а я раблю гэта ў рэальным жыцці.

— Але чаму вы адмаўляеце сабе ў задавальненнях?

— У мяне ёсць свая тэорыя на гэты конт. Эвалюцыйна ў чалавека склаўся гарманальны рэсурс, які павінен матываваць яго. Напрыклад, забіў маманта і паласаваўся тлустым кавалачкам — атрымай выкід дафаміну, спакусіў дзяўчыну з племені — зноў выкід дафаміну. Так як людзі — разумныя істоты, яны прыдумалі мноства спосабаў хакнуць гэтую сістэму і атрымліваць узнагароджанне без працы.

Зараз мы заходзім на фуд-корт, а там багацце страў. У інтэрнэце за 10 хвілін можна ўбачыць больш аголеных дзяўчат, чым у мінулым людзі маглі не ўбачыць і за 10 жыццяў.

Я спрабую супраціўляцца гэтаму і не даю мозгу адчуць, што ўзнагарода даецца ў адрыве ад намаганняў. Хачу атрымліваць задавальненне ад рашэння складаных задач, як і было задумана эвалюцыяй.

Каментары26

  • mikola
    09.06.2023
    Baczna- PERAVUCZYUSJA !  Da psyhiatara treba !
  • циник
    09.06.2023
    Как скучно, одни и те же носки, майки, молоко, яйца, всё по расписанию
    Товарищ видимо собрался жить вечно, но она так вся и пронесется и никаких воспоминаний:)
  • Брэст сіла
    09.06.2023
    Удачы табе, хлопец. Можа ты звычайным людзям і падаешся дзіваком, але хіба не дзівакі робяць самыя вялікія справы? Толькі рабі для іншых, не толькі для сябе, і не шкадуй любові для іншых людзей.

Былая жонка Камісаранкі расказала, чаму схавала ад яго сваё мінулае вэбкам-мадэлі15

Былая жонка Камісаранкі расказала, чаму схавала ад яго сваё мінулае вэбкам-мадэлі

Усе навіны →
Усе навіны

Прызначаны новы рэктар ЕГУ — ізноў не беларус24

Чатырох замежнікаў забілі ў Батумі, у забойстве падазраюцца таксама замежнікі

Амерыканскі калекцыянер адшукаў пашпарт, выдадзены дыпламатычнай місіяй БНР10

Ізраіль скарыстаўся безуладдзем у Сірыі і разбамбіў усё, што мог13

Мінчанка за 17 хвілін у таксі аддала 90 рублёў. Як так атрымалася?1

«У мяне прыём каштуе 120 рублёў, чаму я павінна працаваць за 44, бл**ь, рублі?!» Дактары абмяркоўваюць рэгуляванне цэн37

Кароль Карл III: Купаючы мяне, мама трэніравалася насіць карону

Затрымалі хлопца, які забіў у цэнтры Нью-Ёрка кіраўніка найбуйнейшай страхавой кампаніі ЗША2

У Магілёве з'явіліся прыпынкі з радкамі з Пушкіна. У тым ліку пра Лукамор'е ФОТЫ14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былая жонка Камісаранкі расказала, чаму схавала ад яго сваё мінулае вэбкам-мадэлі15

Былая жонка Камісаранкі расказала, чаму схавала ад яго сваё мінулае вэбкам-мадэлі

Галоўнае
Усе навіны →