Грамадства99

«З вокнаў вылівалі кіпень, кідаліся прадуктамі». У Маладзечне ідзе «вайна» паміж падлеткамі і пенсіянерамі

Сапраўдная вайна ідзе ў Маладзечне паміж падлеткамі і пажылымі жыхарамі дома №16 на вуліцы Прытыцкага. Мясцовым жыхарам не падабаюцца пастаянныя зборышчы хлопчыкаў і дзяўчынак у іх двары. Моладзь упэўненая, што іх сустрэчы на лавачках — не нагода кідацца ў іх памыямі з вокнаў. Гісторыю распавядае «Мінская праўда». 

Фота: «Мінская праўда» і гераіня публікацыі Вера

Дом №16 на Прытыцкага знаходзіцца на маладзечанскім пешаходным Брадвеі, насупраць кінатэатра «Радзіма». «Баявыя дзеянні» разгортваюцца ў двары дома, у якім чатыры пад'езды.

Заявы бакоў — супрацьлеглыя і супярэчаць адна адной. Пры гэтым падлеткі гатовыя агучваць сваю пазіцыю, не хаваючы твараў. Пажылыя жыхары дома вельмі просяць дапамагчы пазбавіцца нашэсця дзяцей, але катэгарычна хочуць заставацца ў цені, нават не называючы сваіх імёнаў.

Дзяўчынка Вера сцвярджае, што з вокнаў дома на яе ляцелі костачкі ад чарэшні і крупы. Вера шчыра хоча спыніць гэтую вайну.

— Я жыву недалёка ад Прытыцкага, на вуліцы Валынца. Часта хаджу міма гэтага дома. 

Калі падлетак прысеў на лавачку каля пад'езда, то ён рызыкуе атрымаць па галаве з акна зверху, — распавядае Вера. — Асабліва небяспечныя лавачкі побач з першым і другім пад'ездамі з боку аддзялення пошты. Гучна размаўляць, слухаць музыку ці як-небудзь шумець зусім неабавязкова. Можаш нават шэптам гаварыць — і табе прыляціць, прычым сярод белага дня. Бабуля ў двары гэтага дома мяне аднойчы «адшліфавала» адборным мацюком. У маі з сяброўкай прыселі на лавачку каля пад'езда. Ціхенька размаўлялі. Раптам зверху на галовы нешта пасыпалася. Аказалася, на нас з акна выкінулі жменю костачак ад чарэшні. За што? Мы проста сядзелі і абмяркоўвалі пазногці. Усяго гутарылі пра манікюр.

Паводле дзяўчынкі, 12 жніўня яна з кампаніяй стаяла каля пад'езда, і ёй на галаву зверху пасыпаліся крупы, падобныя да рысу.

— Хлопцы расказвалі, што з тых вокнаў на людзей вылівалі кіпень, кідаліся гнілымі агуркамі і іншымі прадуктамі. Навошта? Калі мы вам не падабаемся, то спакойна папрасіце нас пакінуць двор. Любы падлетак пры ветлівым да яго стаўленні не будзе ісці на канфлікт, а проста пойдзе. 

Журналісты ў нядзелю, 13 жніўня, выехалі на месца «баявых дзеянняў». Каля 17:00 у двары ціха. Маладыя людзі сядзяць на лавачках каля іншых пад'ездаў. 

Ускоснае пацвярджэнне таго, што з вокнаў уніз можа ляцець нешта не вельмі свежае, журналісты ўсё ж знаходзяць. Вось на галінках дрэў вісяць два пакеты з нечым усярэдзіне. У празрыстым — ці то вараны бурак, ці то яшчэ нейкая недаедзеная садавіна-гародніна.

«Піск, рогат, шалупінне ад семак, пустыя бутэлькі. Мы нават да дэпутата Канановіч хацелі ісці»

Пажылая жанчына выходзіць з пад'езда. Журналісты тлумачаць, што менавіта іх цікавіць. Жанчына з задавальненнем згаджаецца гаварыць, але наадрэз адмаўляецца назваць сваё імя, не гаворачы пра прозвішча і фатаграфаванне. Яна спрабуе выклікаць у двор праз дамафон сяброўку, але тая адмаўляецца нават выходзіць да журналіста. Разам з тым аб дапамозе жанчыны вельмі просяць.

— Я баюся. А раптам як-небудзь мяне знойдуць, даведаюцца, у якой кватэры я жыву. Дамафон яшчэ зламаюць. Скажу вам сваё імя, потым перажываць буду, — кажа жанчына. — А жыць тут невыносна круглы год. Зімой, праўда, цішэй. Улетку пасля шасці гадзін вечара збіраецца моладзь. Піск, рогат, раскідваюць шалупінне ад семак, п'юць нешта з бляшанак. Зробіш заўвагу — дык яны агрызаюцца, хамяць. Гадоў ім прыкладна па 14—16. І хлопцы, і дзяўчаткі. Вось-вось такія, як толькі што прайшлі.

— Мы нават да дэпутата Людмілы Канановіч хацелі на прыём ісці, — адзначае суразмоўніца. — Двор у нас прахадны. Праз яго можна патрапіць ад кавярні, што на Валынца, на Брадвей вуліцы Прытыцкага. Вось і ходзяць туды-сюды, а ў нас у двары спыняюцца. Пару гадоў таму нашы гаспадарчыя пабудовы нехта падпаліў, прыступкі да іх паламалі. Кампаніі чалавек па дзесяць пішчаць і рагочуць тут ад шасці да адзінаццаці. Што ім тут — мёдам намазана? Вунь ёсць Брадвей, на якім вакол лавачкі, алею кахання каля гатэля зрабілі. Навошта ісці ў чужы двор?

— А людзі ў нас у асноўным пажылыя, — кажа жанчына. — Даводзіцца трываць. Неяк я міліцыю выклікала. Дык думала, што міліцыянты прыедуць і парадак навядуць. А яны — адразу да мяне ў кватэру. Паперы нейкія складаць сталі, пытаць, як мяне клічуць. Кажуць, што калі ніякай шкоды мне не зрабілі, то і наказваць няма каго. Не буду іх больш выклікаць.

Суразмоўніца кажа, што ведае ў доме ўсіх. Яна катэгарычна адмаўляе, што нехта кідаўся ў падлеткаў прадуктамі, адкідамі з вокнаў і ўжо тым больш «шліфаваў» іх матам. Па словах жанчыны, ніякі мясцовы дзядуля не мог чапляцца да дзяўчынак. Калі такое і здарылася, то дзед быў чужы, не тутэйшы.

У пацвярджэнне не самых прыстойных паводзін падлеткаў жанчына паказвае перапоўненыя сметніцы ў двары.

Праўда, потым прызнаецца, што два дні ўжо не было дворнікаў. Субота і нядзеля ў іх выхадныя. Але мясцовыя жыхары не маглі так насмяціць, бо свае адкіды яны выносяць на звалку, сцвярджае суразмоўніца.

У сацыяльных сетках ёсць свае саюзнікі і ў падлеткаў, і ў бабуль

Як і ў любой вайне, саюзнікі ёсць у абодвух бакоў. У сацыяльных сетках маладзечанцы прымаюць бок і падлеткаў, і жыхароў дома №16.

Канстанцін піша: «Паглядзіце і паслухайце, што кажа і што вытварае нашае маладое пакаленне. Хацелася б убачыць бацькоў гэтых дзяцей і спытаць: яны займаюцца выхаваннем сваіх дзяцей? А людзі жывуць і слухаюць гэтае трызненне ўперамешку з мацюкамі. Плюс яшчэ і справіць малую патрэбу таксама можна ў двары. Навошта ісці шукаць прыбіральню, калі кусты і дрэвы побач? Ды яшчэ на Брадвеі камеры відэаназірання ёсць, а ў двары можна і выпіць, і памачыцца. А тое, што вокны адчыніць і нармальна адпачыць людзі не могуць, — гэта, па-вашаму, нічога страшнага? Схадзіце і паглядзіце, як адпачывае цяперашняя моладзь. На жаль, патрулёў міліцыі там таксама чамусьці не бачна».

А Аліса ўспамінае, што яе таксама калісьці ганялі з гэтых лавачак: «Быў раз, што і мяне праганялі, калі села на лавачку і нешта шукала ў сумцы. Але гэта было вельмi даўно. Скажу толькі, што калі любога чалавека папросяць па-добраму пайсці, то ён сыдзе. Але ж нехта спецыяльна кідае ў людзей смеццем. Я нават бачыла сама, што моладзь на лавачцы сядзела, а потым хлопцы пачалі разбягацца і глядзець уверх».

Аляксандр сцвярджае, што палёты з вокнаў у гэтым двары працягваюцца ўжо не першы год: «Даўно там гэтая жанчына кідаецца памыямі. Гадоў 15 таму таксама прылятала».

Katusha робіць уласную выснову: «Ну і бабулькі! Мафія!»

Каментары9

  • гоблен
    15.08.2023
    Быдло. У него плохое воспитание. Считают, что в праве крестить ребёнка, не интересуясь его мнением. Считают, что ровно так же в праве поливать помоями, если ребёнки говорят громко. Где-то шёл 21-ый век. Здесь время, мораль и развитие остановилось. (гнустно захихикал и потёр липкие ладошки)
  • Злобный вожык
    15.08.2023
    Пусть уберут эти лавки и урны, и засеют это место цветами.
  • Госць
    15.08.2023
    Все верно, уберите лавочки и проблемы решатся

Цяпер чытаюць

Вячорка: Сустрэча Сікорскага з Рыжанковым можа ўдарыць па стаўленні да беларусаў у Еўропе23

Вячорка: Сустрэча Сікорскага з Рыжанковым можа ўдарыць па стаўленні да беларусаў у Еўропе

Усе навіны →
Усе навіны

На выхадных у Беларусь прыйдзе халоднае паветра з Балтыйскага мора4

У Польшчы можа з'явіцца пастаянная амерыканская вайсковая база на 10 тысяч вайскоўцаў7

Футбольная зорка Раберта Карлас страціў амаль усё, што зарабіў за кар'еру6

Фільм беларуса Яўгена Лыткіна здабыў Спецыяльны прыз журы на кінафестывалі ў Іарданіі1

Беларусы Бельгіі прыйшлі з БЧБ на футбольны матч беларускай зборнай ФОТАФАКТ5

Спіс найлепшых серыялаў па версіі The New York Times22

Развіваць трамвайны рух у Мінску не плануюць13

«Пралесак не бачу». Былы часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі выказаўся пра перамовы з Мінскам1

Сеул пасварыўся з Кіевам праз паўночнакарэйскіх ваеннапалонных12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вячорка: Сустрэча Сікорскага з Рыжанковым можа ўдарыць па стаўленні да беларусаў у Еўропе23

Вячорка: Сустрэча Сікорскага з Рыжанковым можа ўдарыць па стаўленні да беларусаў у Еўропе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць