«Расіяне павінны баяцца»: Лайма Вайкуле «прадказвае» вайну на тэрыторыі РФ
Латвійская спявачка Лайма Вайкуле выказалася аб поўнамаштабнай вайне, якую РФ вядзе супраць Украіны. Па словах артысткі, да гэтага яна верыла ў людзей і тое, што яны добрыя. Аднак зорку чакала расчараванне.

«Калі пачалася вайна, я думала, што людзі значна лепшыя і літасцівейшыя. І для мяне было вялікім расчараваннем… Чаму Расія напала на Украіну? Знішчаюцца людзі, жывёлы, прырода», —адзначыла Вайкуле ў інтэрв'ю 24 каналу, піша УНІАН.
Спявачка падкрэсліла, што ў РФ няма ніякіх шанцаў сябе апраўдаць. Вайкуле выразна сказала, што фэйкі прапагандыстаў Крамля аб прычынах пачатку поўнамаштабнай вайны не маюць ніякага дачынення да рэальнасці.
«Тут не трэба шукаць ніякіх апраўданняў: Расія вінаватая, яна агрэсарка, яна напала абсалютна без усялякай прычыны. Няма прычыны! «NATO пагражае РФ», «украінцы б напалі на расіянаў» — гэта ўсё хлусня і выдумкі, гэта трэба разумець!» — заявіла зорка.
Вайкуле таксама дадала, што вайна можа перайсці і на тэрыторыі РФ. Па словах спявачкі, расіянам дакладна варта да гэтага рыхтавацца.
«Вайна — гэта так страшна!.. Чаму вайна павінна адбывацца на адной тэрыторыі? Калі людзі б'юцца, то сінякі атрымліваюць адны і другія. Я не разумею, чаму людзі гэтага не баяцца. Мне здаецца, рускія таксама павінны баяцца, каб вайна не пачалася на іх тэрыторыі. Я амаль упэўненая, што гэта адбудзецца», — рэзюмавала артыстка.
Спявачка адкрыта асуджае вайну і называе РФ краінай-агрэсаркай. Вайкуле выступае супраць пуцінскага рэжыму і крытыкуе Крэмль за тое, што ён зладзіў ва Украіне.
Нядаўна зорка назаўжды адраклася ад Расіі. Вайкуле заявіла, што больш ніколі не паедзе на тэрыторыю краіны-агрэсаркі. Акрамя гэтага, артыстка «прайшлася» па пуціністу Іллю Рэзніку, які раней быў яе сябрам. Па словах Вайкуле, ён стаў «адкрытым падлізнікам».
Каментары