Грамадства1212

Расійскія прапагандысты абвінавацілі скарыназнаўцу ў «акце прапагандысцкага экстрэмізму» і «раз’яднанні славянскіх народаў»

Навуковец Ілля Лямешкін атрымаў адказ з МГІМО на свой артыкул, у якім ён закадаваў антываеннае пасланне. 

Ілля Лямешкін. Фота: асабісты альбом Іллі Лямешкіна

«Фактычна пад прыкрыццём нармальнага працэсу навуковай камунікацыі грамадзянін Расіі, вучоны (…) учыніў акт прапагандысцкага экстрэмізму, несумяшчальнага з універсальна прынятымі ў прафесійнай супольнасці нормамі акадэмічнай сумленнасці і прыстойнасці», — так гучыць паведамленне Лямешкіну аб адкліканні яго публікацыі з расійскага часопіса.

Часопіс «Канцэпт: філасофія, рэлігія, культура» ў чэрвені апублікаваў артыкул Лямешкіна з закадаваным антываенным і антыпуцінскім пасланнем. Яно было схавана ў акравершы, які ў сваіх тэкстах ужываў 500 гадоў таму Францыск Скарына.«СДОХНИ, ПУТЛЕР. НЕТ ВОЙНЕ. И.Л», — гучала пасланне славіста, доктара філасофіі Іллі Лямешкіна.

Бяскрыўдны на першы погляд артыкул Лямешкіна называўся «Колькі кніг Ф. Скарына выдаў у Празе?». Дазвол на яго апублікаванне быў дадзены кіраўніцтвам Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін (МГІМО).

Выпускнікі гэтай навучальнай установы становяцца праваднікамі расійскага імперыялізму.

Крамольны артыкул пасля трох месяцаў адкрытага доступу быў прыбраны з сайта 19 верасня, а тлумачэнне гэтаму з'явілася 4 кастрычніка.

Рэдакцыя напісала, што даведалася аб акравершы з медыя, якім Лямешкін расказаў, як ён «умысля выкарыстаў навуковы часопіс дзеля вядзення інфармацыйнай вайны».

Рэдакцыя сцвярджае, што ён нібыта парушыў «асноўныя этычныя нормы і прынцыпы навуковай працы».

«Яны мой акраверш не цытуюць. А ён супраць вайны. Пры гэтым мяне вінавацяць у тым, што я вяду інфармацыйную вайну.

Калі я б напісаў, што люблю Пуціна — гэта было б этычна, а вось супраць вайны — гэта ўжо парушэнне», — каментуе рэакцыю рэдкалегіі Ілля Лямешкін.

Паведамленне рэдкалегіі расійскага часопіса з абвінавачваннем навукоўца Іллі Лямешкіна. Фота: скрын з сайта concept.mgimo.ru

Рэдакцыя заявіла, што ўчынак Лямешкіна, як спецыяліста па славістыцы, скіраваны на разʼяднанне «гісторыка-культурнай супольнасці славянскіх народаў» і вядзе да «распальванне варожасці».

Ілля Лямешкін адзначае, што такі пасаж паказвае рэаліі часу, у якім жывуць расійскія прапагандысты.

Яны блытаюць цяперашняе паняцце «славіста» з «панславістам», якое адсылае да ідэалогіі «рускага свету», характэрнай для XIX стагоддзя.

«Для іх «рускі свет» — гэта там, дзе гавораць па-руску ці на славянскіх мовах, а гэта ідэалагічная хімера ХІХ стагоддзя», — тлумачыць навуковец.

15 верасня Лямешкін сам раскрыў сваю таямніцу ў навуковай сацыяльнай сетцы Academia.edu і расказаў пра ашуканства журналістам.

Пасля гэтага артыкул стаў папулярным. Пакуль пра яго не было вядома, то за 3 месяцы ён набраў толькі 150 праглядаў. Пасля таго, як зʼявіліся публікацыі ў медыя, за 18 і 19 верасня яго прачытала больш за 2200 чалавек.

Дынаміка праглядаў артыкула Іллі Лямешкіна пасля таго, як стала вядома пра закадаванае пасланне Пуціну. Фота: скрын з прэзентацыі Іллі Лямешкіна для пасяджэння пражскага лінгвістычнага гуртка, прысвечанага «Мове і вайне»

Публікацыя знікла ўвечары 19 верасня. Разам з артыкулам прыбралі ўвесь нумар у PDF-фармаце ды прадмову галоўнага рэдактара.

У раздзеле «культуралогія» сайта на дадзены момант застаўся толькі адзін артыкул, які прысвечаны «Відам паклонаў і іх ролі ў сучаснай в’етнамскай культуры». 

Паводле Лямешкіна, цяпер гістарычнай навукі ў Расіі і ў Беларусі няма. Падручнікі па гісторыі павінны адлюстроўваць погляды Пуціна і Лукашэнкі. Як яны скажуць пра гісторыю, так ідэолагі і напішуць, адзначае ён.

«Самае галоўнае, каб змест падручніка выразна адлюстроўваў стаўленне цяперашняй улады да розных гістарычных падзеяў», — цытуе Лямешкін галоўнага рэдактара часопісу «Канцепт» Юрыя Сіманава (Вяземскага).

«Я захапляюся ўкраінцамі»

Ілля Лямешкін настойвае: яго артыкул не «банальны тролінг Пуціна», на чым акцэнтавалі ўвагу ўкраінскія медыі. Гэта дробна і не варта дацэнта Карлавага ўніверсітэта, падкрэслівае ён.

«Мой артыкул — гэта інфармацыйная дыверсія і зброя, якою я імкнуўся нанесці рэжыму Пуціна максімальную шкоду», — кажа навуковец.

«Я захапляюся ўкраінцамі, якія адным ударам ракеты знішчылі падводную лодку і дэсантны карабель, але ў Празе няма ракет і нават калі б былі — мы іх не ўмеем запускаць. Але ў нас ёсць свая зброя — мова Францыска Скарыны, якую я спрабую вярнуць ва ўжытак і, якая можа нанесці адчувальны ўрон», — гаворыць навуковец.

Артыкул Іллі Лямешкіна не толькі быў апублікаваны на сайце, але выйшаў у адным з нумароў расійскага часопіса. Фота: Ілля Лямешкін

Паводле Лямешкіна, такія нязвыклыя формы перадачы інфармацыі могуць выкарыстоўвацца беларускімі палітвязнямі ў ліставаннях. Іх можна ўжываць і ў камунікаваннях людзей ва ўмовах дыктатуры.

Ён настойвае, што камбінаторная паэтыка мае тэрапеўтычна-аздараўляльнае значэнне. Мова Скарыны дапаможа тым, хто знаходзіцца ў нялюдскіх умовах захаваць у сабе чалавека. Псіхалагічна не стаць інвалідам і не разбурыцца.

Калі нельга гаварыць пра нешта ўголас, то можна выказвацца паэтыкай беларускага асветніка.

Навуковец кажа, што мае нямала водгукаў на свой артыкул. Ён атрымлівае лісты з Ізраіля, Арменіі, Беларусі, а таксама з Расіі, пераважна з Масквы і Санкт-Пецярбурга. Допісы прысылаюць не толькі прадстаўнікі навуковай супольнасці. 

«Людзям гэта спадабалася. Гэта напаўняе мяне надзеяй, што не ўсё так кепска. Узровень падтрымкі вайны людзьмі, якія ўмеюць чытаць і чытаюць, нулявы. Гэтаму трэба парадавацца. Зразумела людзьмі маўчаць, але, як казаў расійскі палітык Ілля Яшын, маўчаць прыжмурыўшыся. Адны прыжмурыліся ад страху, а другія ад сораму», — разважае Лямешкін.

Ілля Лямешкін — балтыст і беларусіст

Ілля Лямешкін мае расійскае і чэшскае грамадзянства. 

Нарадзіўся Лямешкін у Валгаградзе і ганарыцца, што ён «сволач» (ад слова «валачыць»). Гэты тэрмін зʼявіўся ў часы Кацярыны II. Тады паўднёвыя ўскрайкі імперыі аказаліся не заселеныя і было вырашана цэлыя паселішчы пераселяць у неабжытыя мясціны. Гэтак паўставалі «свалачныя» вёскі, расказвае навуковец.

«На поўначы Валгаградскай вобласці ёсць вёска Лямешкіна. Адтуль мае продкі. Яе аднекуль прывалаклі да вайны з Напалеонам. У ёй усе блакітнавокія і бялявыя, што не характэрна для Поўдня Расіі», — гаворыць Лямешкин.

У 1997 годзе ў Валгаградзе ён скончыў педагагічны ўніверсітэт, дзе атрымаў дыплом з адзнакаю настаўніка рускай мовы і літаратуры. Яго пакінулі ў аспірантуру, але ён «збег у Вільню», бо лічыў сябе не дужа адукаваным. У сталіцы Літвы вывучаў балтыйскую філалогію: літоўскую, латышскую і старапрускую мовы.

Па сканчэнні Віленскага ўніверсітэта падаўся ў Прагу. Там з 2000 году працаваў у Інстытуце ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Карлава ўніверсітэта. Яго спецыялізацыя: русіст, славіст, балтыст. 

Ва ўніверсітэце быў лектарам, асістэнтам, навуковым асістэнтам, дацэнтам, а цяпер праходзіць прафесарская працэдура і сёлета Лямешкін можа стаць прафесарам. З гэтага года ён, аднак, у Карлавым універсітэце не працуе. Ён робіць галоўным навуковым супрацоўнікам Цэнтра балтыйскіх моваў і анамастыкі Інстытута літоўскай мовы ў Вільні.

Ілля Лямешкін кажа, што, займаючыся Літвой, не магчыма абысціся без вывучэння беларускай літаратуры, у тым ліку старажытнай. Вялікае Княства Літоўскае, удакладняе ён, гэта сучасная Літва, Беларусь і Украіна.

Першая манаграфія Іллі Лямешкіна, выдадзеная ў 2008 годзе, была прысвечана «Хранографу 1262 года». Навуковец інтэрпрэтаваў старадаўні твор як помнік гістарыяграфічнага жанру Вялікага Княства Літоўскага, напісаны на царкоўнаславянскай мове ў Наваградку.

«Гэта спецыяльная навуковая аперацыя»

Ілля Лямешкін кажа, што ніколі не планаваў займацца Францыскам Скарынам. 

Падбіў навукоўца ўзяцца за Скарыну ў 2016 годзе яго сябра Сігітас Нарбутас. Цяпер ён дырэктар бібліятэкі літоўскай Акадэміі навук імя Урублеўскіх, вядомы лацініст і знаўца літаратуры Вялікага Княства Літоўскага.

Паводле Лямешкіна, «Нарбутас задумаў да 500-гадовага юбілею пражскай бібліі Францыска Скарыны [у 2017 годзе] выдаць зборнік матэрыялаў аб жыцці і творчасці беларускага асветніка.

«Нарбутас папрасіў, каб я ў пражскіх архівах адшукаў скарынаўскія дакументы ды зрабіў якасныя копіі і пракаментаваў іх. Высветлілася, што яны дрэнна прааналізаваныя, былі грубыя памылкі. Я напісаў артыкул і думаў, што ён першы і адзіны», — згадвае Ілля Лямешкін.

Так ён пачаў збіраць звесткі пра творчасць Францыска Скарыны.

У 2020 годзе пабачыла свет яго манаграфія «Партрэт Францішка Скарыны».

«Скарына ўвасабляе заходнееўрапейскі вектар культурнага развіцця Беларусі. Яго спадчына — гэта італьянская культура кнігадрукавання і самой кнігі. Скарына — касмапаліт і чалавек Еўропы, заходніх каштоўнасцяў», — тлумачыць навуковец важнасць асветніка для беларускай культуры.

Ілля Лямешкін перакананы, што еўрапейскасць Скарыны нязручная для ўлады Лукашэнкі. 

«Тое, што я зрабіў з акравершам — гэта спецыяльная навуковая аперацыя. І я карыстаюся моваю Скарыны, бо яна належыць да заходнееўрапейскай культуры. Гэта зброя заходняй Еўропы», — тлумачыць Лямешкін.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

Амбасадар Міхальскі расказаў пра Макея, сустрэчу ў Ватыкане, ролю эміграцыі і мову як паветра

«Нельга справіцца з нацызмам без барацьбы з лібералізмам». Сілы, якія выдаюць сябе за «антыфашыстаў», правялі кангрэс у Мінску

Святар даводзіць, што першадрукар ва Усходняй Еўропе не Скарына, а Фёдараў

Дзермант: метамарфозы. Як неанацыст і паганец палюбіў Лукашэнку, Расію і вайну

«Хачу быць карыснай і з павагай ставіцца да краіны, якая мяне прыняла». Настаўніца, якую звольнілі за жоўта-блакітную стужку, расказала пра новае жыццё ў Польшчы

Каментары12

  • "Сволочные"
    08.10.2023
    Менавіта так. Слова як слова, са зразумелым кантэкстам. Кшталту нашага "навалач". 

    Але ў расейцаў праз іхнюю гістарычную культурную ізаляцыю наогул дрэннае адчуванне мовы. Напр., толькі ў Расеі нейтральныя словы "тварь" ці "жыд" могуць выкарыстоўвацца ў якасці абразаў. Хворая культура - хворае грамадства. Тое ж тычыцца і нас, як зрусіфікаваных. 
  • Хамас русского мира
    08.10.2023
    Чего вы хотите от хамаса русского мира ???
    Современный русский человек выглядит, как мужлан мракобес, у которого в одной руке, - ни разу не читанный, том Достоевского, в другой руке, - ядерная бомба (калаш, танк, ракета), под мышкой - крест московской церкви, одновременно одета майка с изображением сталина и путина на животе, а сам мужлан, как медведев, не может выйти из запоя.
    Так же работает и их пропаганда.
  • Русский
    08.10.2023
    Хамас русского мира, вот не выходя из русского запоя понял что ты идиот конкретный.

Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі17

Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Кіпр забраў грамадзянства ў семярых расійскіх мільярдэраў і членаў іх сем'яў5

Прапагандысты прачыталі новую лекцыю за Лукашэнку пад назвай «Дыктат? Ура!»8

«Чыловы хлопец» дабраўся і да Беларусі. Што гэта за мем?4

Авіякампанія, з якой хацелі зрабіць лаўкост-канкурэнта «Белавія», прадае адразу 5 сваіх самалётаў

«У кожнай краіне ўсё залежыць толькі ад беларусаў». У АПК з’явіўся адказны за легалізацыю беларусаў за мяжой5

У Ізраілі памёр чалавек, які пакараў смерцю нацысцкага злачынцу Адольфа Эйхмана5

Уладальніка гродзенскага блога S13 адправілі яшчэ на 15 сутак арышту

Кітай не шкадуе ніякіх грошай, каб перакупіць тэхналагічныя таленты3

Хто той сабака, што бегаў па вяршыні піраміды Хеопса і праславіўся на ўвесь свет?4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі17

Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →