З'едуць ад бацькоў пазней, шматзадачныя і творчыя. Што сацыёлагі кажуць пра цяперашніх дзяцей
Іх называюць «пакаленнем альфа», і вось чым яно вылучаецца.
Пакаленне альфа — людзі, якія нарадзіліся (ці народзяцца) паміж 2010 і 2025 гадамі, гэты тэрмін прыдумаў у 2008 годзе аўстралійскі сацыёлаг Марк Маккрындл. Некаторыя даследчыкі называюць трохі іншыя часовыя прамежкі, але ясна адно: гаворка пра першае пакаленне, якое цалкам нарадзілася ў 21 стагоддзі і мае шансы пабачыць стагоддзе наступнае.
Цяперашнія дзеці бачылі пандэмію кавіду, а калі казаць пра беларускае пакаленне альфа, яно яшчэ і было сведкам народнага ўздыму-2020. Шмат якія дзеці бачылі ці чулі пра рэпрэсіі, якія доўжацца ў краіне дагэтуль, а таксама рызыкуюць трапіць пад уплыў беларускай прапаганды. Такія падзеі фармуюць беларускіх «альфаў» гэтак жа, як і іншыя характарыстыкі, агульныя паміж сённяшнімі дзецьмі з любых краін.
Альфа — самае матэрыяльна забяспечанае і тэхналагічна падкаванае пакаленне ў гісторыі, і яго прадстаўнікі будуць жыць даўжэй, чым любыя іх папярэднікі. Яны будуць даўжэй вучыцца, пазней пачнуць зарабляць, і пакінуць бацькоўскі дом нават пазней за сваіх папярэднікаў — пакаленні Y i Z. Тэхналогіі для іх — працяг іх саміх.
Гэта ўжо другое пакаленне, якое расце ў атачэнні гаджэтаў, і яны будуць звыкацца з тэхналогіямі накшталт смартфонаў і сацсетак яшчэ хутчэй за сваіх папярэднікаў.
Свет без сацыяльных медыя будзе ім незнаёмы.
Эксперты заўважаюць, што старт пакалення альфа супадае са з'яўленнем на рынку айпадаў і іншых гаджэтаў-планшэтаў.
На тое, што альфа шмат часу трацяць на гаджэты, можна паглядзець па-рознаму. З аднаго боку, гэта можа шкодзіць і фізічнаму здароўю, і псіхалагічнаму — магчымыя праблемы з утрыманнем увагі ці недахоп сацыялізацыі ў свеце афлайн. З другога боку, сённяшнія інтэрнэт-актыўнасці даюць магчымасць па-новаму глядзець на працэс адукацыі і камунікацыі. Дапамагаюць нават відэагульні: дзеці, якія выкарыстоўваюць іх з ранняга ўзросту, прывучаюцца праактыўна ставіцца да вырашэння праблем.
Альфа з ранняга ўзросту даведваюцца, што вакол віруюць палітычныя крызісы, розныя медыя хочуць перацягнуць іх увагу, а ў сеціве багата фэйкавай інфармацыі. Эксперты прадказваюць, што ў выніку такія дзеці могуць вырасці з недаверам да урадаў сваіх краін і да навакольных медыя, таму сённяшнім бацькам варта вучыць малых крытычнаму мысленню і ўменню браць інфармацыю з правераных крыніц, а таксама пераправяраць факты. Гэтыя навыкі дапамогуць дзіцяці разабрацца, дзе ў інтэрнэце праўда, а дзе — хлусня.
Цяперашнія дзеці растуць у свеце, які вучыцца шанаваць разнастайнасць — розныя расы, узросты, людзей рознага полу, выгляду, поглядаў і сэксуальнай арыентацыі. Таму ад іх можна чакаць большай здольнасці прымаць тых, хто да іх непадобны, большай адкрытасці.
Таксама прадстаўнікі пакалення альфа дапытлівыя, лёгка адаптуюцца і любяць усё правяраць на практыцы. Хуткі доступ да інфармацыі дае ім магчымасць даведацца пра што заўгодна ў любы час. Ім хочацца належаць да пэўнай супольнасці, але ў той жа час гэтыя дзеці хочуць адрознівацца ад іншых і эксперыментаваць, і ім не будзе страшна кіравацца ў жыцці сваімі жаданнямі. Гэтае пакаленне адмовіцца ад страхаў выражаць сябе і сваю ідэнтычнасць.
З іншага боку, ёсць даныя, што частае выкарыстанне смартфонаў і сацсетак звязанае з ростам выпадкаў дэпрэсіі і трывожнасці сярод моладзі, а таксама з усё часцейшым адчуваннем адзіноты. Гэтыя актыўнасці прымушаюць «альфаў» жадаць усё паўсюль і адразу, а ў выніку яны робяцца нецярплівымі і рызыкуюць заўсёды адчуваць незадаволенасць жыццём.
Што да працы, альфа хутчэй аддадуць перавагу асабістаму жыццю, чым працы. Ім спадабаецца магчымасць адмовіцца ад традыцыйнага працоўнага дня ў офісе і замест гэтага выбраць гнуткі графік з аддаленай працай. Для альфа будзе важна адчуваць сэнс сваёй працы, атрымліваць зваротную сувязь і прызнанне сваіх намаганняў. Яны не застануцца ў даўгу: чакайце ад «альфаў» свежы погляд на жыццё, багата энтузіязму і жадання вучыцца.
Нямала сказана пра тое, што шматзадачнасць шкодзіць прадуктыўнасці, але новае пакаленне будзе ёй добра валодаць. Альфа здольныя хутка пераключацца паміж рознымі экранамі, задачамі і размовамі, яны могуць вучыцца хутчэй і нашмат лепш за сваіх папярэднікаў захоўваюць інфармацыю.
А яшчэ альфа маюць доступ да большай колькасці даных, чым любое мінулае пакаленне, і калі ім трэба знайсці рашэнне, яны заўсёды могуць загугліць патрэбную інфармацыю, каб зрабіць патрэбныя высновы.
У выніку мы маем пакаленне, якое рана вучыцца інавацыйнаму і творчаму падыходу ў прыняцці рашэнняў, што спрыяе прадпрымальніцкаму духу «альфаў».
Напэўна, пакаленню альфа давядзецца жыць ва ўмовах дарагоўлі энергіі, даваць рады кліматычнаму крызісу. А таксама змагацца з наступствамі таго, як сацсеткі і іншыя анлайн-рэсурсы ўплываюць на псіхічнае здароўе — нездарма пра яго цяпер так шмат кажуць.
Пакаленне альфа будзе будаваць новую Беларусь, таму варта падумаць загадзя пра тое, якія прынцыпы мы ў яго ўкладаем.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬВось як памянялася французскае грамадства. Тое самае чакае грамадства беларускае?
Каментары