Пасля выбараў, якія былі 17 снежня, у Сербіі пачаліся пратэсты. У суботу 24 снежня прадстаўнікі апазіцыйнага руху «Сербія супраць гвалту» атачылі будынак гарадской адміністрацыі Бялграда, знеслі ў ім дзверы і паспрабавалі прарвацца ўнутр.

Частка дэманстрантаў разбіла вокны ў пад'ездзе. Паліцыя прымяніла супраць іх слёзатачывы газ.
У гарадской адміністрацыі знаходзіцца Рэспубліканская выбарчая камісія.

«Увесь свет убачыў крадзеж, які ніколі не быў зафіксаваны. Мы атрымалі перамогу ў Бялградзе, Бялград — вольны горад», — сказаў на пратэсце Срджан Мілівоевіч з Дэмакратычнай партыі.
Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч заявіў, што не лічыць пратэсты рэвалюцыяй.
«Я хачу сказаць вам, не хвалюйцеся, грамадзяне. Сцэны драматычныя, мы не прывыклі, што хтосьці разбурае наш дом і разбівае вокны. Не хвалюйцеся, таму што ніякай рэвалюцыі не адбываецца, і мы стараемся не нашкодзіць каму-небудзь з выпадковых дэманстрантаў мірнай рэакцыяй», — сказаў Вучыч.

«Дзяржава дастаткова моцная, каб абараніць, і яна будзе абараняць дэмакратыю і выбарчую волю грамадзян. І гэта ўсё, што трэба ведаць. Бунтаўшчыкі і хуліганы будуць затрыманыя, а потым будуць рэагаваць кампетэнтныя дзяржаўныя органы», — паабяцаў Вучыч.

17 снежня ў Сербіі былі датэрміновыя парламенцкія і мясцовыя выбары. Яны прайшлі на фоне абвастрэння ў Косаве і пратэстаў, выкліканых некалькімі выпадкамі масавых забойстваў са стралянінай.

На выбарах перамагла партыя дзейнага прэзідэнта Аляксандра Вучыча (але ў сталіцы Сербіі прэзідэнцкая кааліцыя і апазіцыя набралі блізкую колькасць галасоў — 37,48% і 34,38% адпаведна). Апазіцыя заявіла пра парушэнні і фальсіфікацыю галасавання. 18 снежня ў Бялградзе пачаліся пратэсты — сабраліся тысячы прыхільнікаў руху «Сербія супраць гвалту».

Вучыч 24 снежня заявіў:
«Што б вы ні спрабавалі зрабіць, не будзе гвалтоўнай змены ці чагосьці яшчэ. Улада мяняецца на выбарах, Сербія —дэмакратычная краіна».
Цяпер чытаюць
На Афоне адшукалі тры невядомыя раней асобнікі Астрожскай Бібліі. Для яе стварэння друкар Іван Фёдараў, выхадзец з Беларусі, выкарыстоўваў тэксты Скарыны
Каментары