Гісторыя1414

Яны вернуцца! Як выгнаннікі ўзначалілі палітыку посткамуністычнай Еўропы

З вуснаў адыёзных беларускіх прапагандыстаў можна часта пачуць істэрычныя заявы пра тое, што тыя, хто з’ехаў з краіны, ужо больш сюды ніколі не вернуцца. Але досвед еўрапейскіх краін пасля падзення таталітарных ці дыктатарскіх рэжымаў гаворыць зусім пра адваротнае. 

Фота: Wikimedia Commons 

Такія заявы прапаганды, вядома, скіраваныя на тое, каб дэмаралізаваць палітычную эміграцыю, а таксама запужаць тых, хто толькі задумваецца пра тое, каб пакінуць Беларусь. Робіцца гэта з уласнага страху, бо ім відавочна, што беларускі рэжым і іхнія кар’еры праіснуюць не даўжэй за самога Лукашэнку. 

Але ці будуць чакаць у Беларусі без Лукашэнкі тых выгнаннікаў, тую палітычную эліту, якая гады (а ў горшым выпадку дзесяцігоддзі) правяла за мяжой і была адарваная ад беларускага грамадства?

У гісторыі Еўропы на гэтае пытанне ёсць адказ — так, будуць.

Беларусы не першыя праходзяць праз гэтыя працэсы. Вялікія эміграцыі зведала Еўропа ў час Другой сусветнай вайны і з наступным усталяваннем камуністычных рэжымаў у занятых савецкімі войскамі краінах. Камуністычнае кіраванне расцягнулася амаль на паўстагоддзя, і, здавалася, за гэты час эміграцыя, якая значна парадзела і моцна асімілявалася, мусіла ўжо страціць надзею і забыцца пра свае колішнія радзімы, свае памкненні. 

Але адначасны крах камуністычных і іншых аўтарытарных рэжымаў у Еўропе заахвоціў многіх вярнуцца. І не проста вярнуцца, а заняць пачэснае месца ў палітычным жыцці краіны, а часам і проста ўзначаліць іх. Учорашнія выгнаннікі прыклалі высілкі па адбудове сваіх дзяржаў у рэчышчы дэмакратыі і свабоды, пры якой яны жылі ў эміграцыі, і нацыянальнай самасвядомасці, якую яны пранеслі праз дзесяцігоддзі.

Так адбылося па ўсім былым Усходнім блоку, часткова ў рэспубліках былога СССР, а таксама іншых краінах, дзе да ўлады прыходзілі дыктатарскія рэжымы.

Літва — Валдас Адамкус

Валдас Адамкус. Фота: Wikimedia Commons 

Краіны Балтыі, якія зведалі міжваенны перыяд незалежнасці і апошнімі былі далучаныя да Савецкага Саюза, заўсёды знаходзіліся на асаблівым становішчы ў яго складзе, а ў часы перабудовы і галоснасці кантроль Масквы над імі вельмі хутка быў страчаны. Яны першымі абвясцілі пра свой суверэнітэт, запусціўшы працэс самараспаду савецкай імперыі.

Валдас Адамкус нарадзіўся ў 1926 годзе ў Коўне, тагачаснай літоўскай сталіцы пасля акупацыі палякамі Вільні. У час вайны ён належаў да антысавецкага Саюза змагароў за вызваленне Літвы і, відавочна, з наступленнем Чырвонай Арміі заставацца на радзіме азначана або гібель, або дзясяткі гадоў зняволення. Разам з адыходзячымі немцамі сям’я накіравалася ў Германію. У Германіі ён атрымаў вышэйшую адукацыю і ў 1949 годзе перабраўся ў ЗША, атрымаўшы праз шэсць гадоў грамадзянства. 

Адамкус удзельнічаў у грамадска-палітычнай дзейнасці літоўскай эміграцыі. У 1951-м заснаваў акадэмічны спартовы клуб «Lituanica», а таксама быў старшынёй грамадскай арганізацыі ліберальнага кірунку «Santara-Šviesa». 

Валдас Адамкус у 1993 годзе. Фота: Wikimedia Commons 

Наяўнасць амерыканскага грамадзянства і праца ў Агенцтве аховы навакольнага асяроддзя дазволіла яму ў 1972 годзе ўпершыню за трыццаць гадоў наведаць радзіму ў складзе афіцыйнай дэлегацыі з ЗША, якая прысутнічала на экалагічнай канферэнцыі ў Маскве. Калі ў Савецкім Саюзе пачалася «перабудова», візіты Адамкуса на радзіму сталі часцейшымі.

У 1997 годзе Адамкус выйшаў на пенсію і мог бы весці жыццё звычайнага старога амерыканца, але ён выбраў зусім іншы шлях — здзяйсняць сваю мару пра незалежную Літву.

Ён вяртаецца на Радзіму і выстаўляе сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах. Праз тое, што паўстагоддзя Адамкус пражыў не ў Літве, у яго ўзніклі юрыдычныя цяжкасці на выбарах, але суд заняў ягоны бок. Ён таксама афіцыйна адмовіўся ад амерыканскага грамадзянства.

Прэзідэнт Валдас Адамкус з першай лэдзі. Фота: Wikimedia Commons 

І хоць у першым туры выбраў ён заняў толькі другое месца, у другім здолеў перамагчы, атрымаўшы 50,37% галасоў выбаршчыкаў. На выбарах у 2003 годзе, на якіх ён збіраўся пераабрацца на пасаду, у другім туры нечакана саступіў ліберал-дэмакрату Раландасу Паксасу. Але ўжо ў 2004 годзе Паксасу быў абвешчаны імпічмент, і на пазачарговых выбарах Адамкус зноў перамог. Пасаду прэзідэнта Літвы Адамкус займаў да 2009 года. Пасля двух прэзідэнцкіх тэрмінаў, якія дазволены літоўскай Канстытуцыяй, ён больш не спрабаваў працягнуць сваю ўладу. Тым больш яму ўжо было больш за 80 гадоў.

Дзейнасць Адамкуса атрымала высокі ўзровень ухвалення ў Літве. Ён пашырыў удзел грамадскасці ў палітыцы, правёў рэформы ў дзяржаўным кіраванні, у навуцы і адукацыі, сацыяльнай сферы і медыцыне. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы атрымалася спыніць уцечку мазгоў з краіны. Адамкус прывёў Літву ў НАТА і Еўрапейскі саюз. Ён таксама падтрымліваў Грузію, Украіну і Малдову ў іхнім імкненні далучыцца да ЕС.

Латвія — Вайра Віке-Фрэйберга

Вайра Віке-Фрэйберга. Фота: Wikimedia Commons 

Яшчэ даўжэйшы тэрмін па-за радзімай прабыла Вайра Віке-Фрэйберга. Вайну Вайра, якая нарадзілася ў канцы 1937 года, заспела зусім малой дзяўчынкай. У канцы 1944 года, калі савецкія войскі вызвалялі (ці паўторна акупіравалі, як прынята лічыць у латвійскай гістарыяграфіі) Латвію ад нямецкай акупацыі, сям’я Віке збегла ў Германію. У лагеры для перамешчаных асоб у Любеку Вайра навучалася ў латышскай пачатковай школе. Яе малодшая сястра, на жаль, не перажыла цяжкасцей уцякацкага жыцця. 

У 1949 годзе сям’я перабралася ў адзін з найбуйнейшых партоў на ўсходзе Атлантычнага акіяна — горад Маракеш, які тады быў часткай французскага пратэктарата Марока. Выбар, відаць, быў абумоўлены тым, што яе айчым быў мараком. Тут Вайра вучылася ў французскіх школе і жаночай гімназіі. 

У 1954 годзе, калі Вайры было 16 гадоў, сям’я перабралася ў канадскі Таронта. Яна скончыла мясцовы ўніверсітэт, атрымаўшы ў 1960 годзе ступень магістра мастацтваў у псіхалогіі. На той момант, акрамя роднай латышскай мовы, яна валодала французскай, англійскай, іспанскай і нямецкай мовамі. Працавала клінічным псіхолагам у бальніцы і чытала лекцыі ў вышэйшых навучальных установах. У 1965 годзе атрымала доктарскую ступень ва ўніверсітэце Мак-Гіла. 

Пасля гэтага шмат гадоў была прафесаркай псіхалогіі Манрэальскага ўніверсітэта. За гэта перыяд напісала дзясятак кніг і звыш 160 навуковых артыкулаў ды эсэ, выступіла з больш як 250 лекцыямі, займала высокія пасады ў навуковых арганізацыях. У сваёй навуковай дзейнасці шмат увагі надавала латышскаму фальклору. Такая выдатная навуковая кар’ера не прадказвала таго, што аднойчы яна паспрабуе сябе ў палітыцы ў іншым канцы свету.

Вайра Віке-Фрэйберга. Фота: Wikimedia Commons 

І тут раптам у 1998 годзе яна вяртаецца на радзіму ў Латвію, вяртаецца пасля 54 гадоў адсутнасці. У тым жа годзе яе прызначылі дырэктаркай Інстытута Латвіі, які мусіў адказваць да вобраз краіны ў свеце. Але прабыла на гэтай пасадзе нядоўга.

У 1999 годзе на прэзідэнцкіх выбарах склалася патавая сітуацыя. Дэпутаты Сейма, якія і выбіраюць прэзідэнта рэспублікі, у пяці турах не змаглі вызначыцца паміж кампазітарам Раймандсам Паўлсам і Вайрай Паэгле, якая таксама вярнулася ў Латвію пасля паўстагоддзя вымушанай эміграцыі. У шостым туры нарэшце змяніліся асноўныя кандыдаты, ад незалежных дэпутатаў і сацыял-дэмакратаў была вылучаная постаць Вайры Віке-Фрэйбергі, якая пасля двух галасаванняў нарэшце атрымала неабходную колькасць галасоў латвійскіх дэпутатаў.

Вайра Віке-Фрэйберга. Фота: Wikimedia Commons 

Рэйтынг ухвалення дзейнасці прэзідэнткі дасягаў 85%. У 2003 годзе яна была як адзіная кандыдатка пераабраная на другі тэрмін, атрымаўшы 88 галасоў дэпутатаў з 96 магчымых. Як і Адамкус, Вайра Віке-Фрэйберга адыграла важную ролю ў тым, што Латвія стала членам НАТА і ЕС. Віке-Фрэйберга таксама належыць да тых еўрапейскіх палітыкаў, што падтрымліваюць федэралізацыю Еўропы па прыкладзе Амерыкі, што, відаць, абумоўлена яе працяглым жыццём у той частцы свету.

Цікавы факт, але валодаючы шматлікімі еўрапейскімі мовамі, рускую мову, якая сёння з’яўляецца шырока распаўсюджанай у Латвіі, Вайра так і не вывучыла, звяртаючы ўвагу на тое, што латвійскае двухмоўе вынік не натуральнага гістарычнага развіцця, а «нелегальнай, жорсткай, таталітарнай замежнай акупацыі».

У 2006 годзе тры балтыйскія краіны выставілі яе кандыдатуру на пасаду генеральнага сакратара ААН, але Вайра адклікала сваю кандыдатуру. Пасля прэзідэнцтва Віке-Фрэйберга працягнула сваю актыўную грамадска-палітычную і навуковую дзейнасць і нават была кандыдаткай у прэзідэнты Еўрапейскай рады, але саступіла на выбарах Герману Ван Рампёю. 

Латвія — Крыш’яніс Карыньш

Крыш’яніс Карыньш у Еўрапарламенце. Фота: Wikimedia Commons 

У часы прэзідэнцтва Віке-Фрэйбергі ў латвійскай палітыцы з’явілася яшчэ адна прыкметная постаць, што большую частку свайго жыцця таксама пражыла за мяжой. Крыш’яніс Карыньш нарадзіўся ўжо не ў міжваеннай Латвіі, а ў 1964 годзе ў амерыканскім Уілмінгтане, штат Дэлавэр. Яго бацькі, якія паходзілі з забяспечаных сем’яў, былі вымушаны яшчэ дзецьмі ў тым жа самым 1944 годзе пакінуць сваю радзіму і праз Швецыю эміграваць у Штаты. 

Крыш’яніс акрамя звычайна амерыканскай школы наведваў таксама нядзельную латышскую школу, а яшчэ з бацькамі бываў на латышскіх службах лютэранскай царквы, а на лета з’язджаў у латышскі летнік, год адвучыўся ў латышскай гімназіі ў Мюнстэры. Усё гэта дапамагло захаваць сваю нацыянальную адрознасць, не растварыцца ў амерыканскай плавільні.

У 1984 годзе 20-гадоваму Карыньшу як амерыканскаму грамадзяніну ўдалося ўпершыню наведаць краіну бацькоў, пра якую ён раней толькі чуў. 

Крыш’яніс скончыў у 1988 годзе Пенсільванскі ўніверсітэт, дзе вывучаў мовазнаўства. У гэты час у краінах Балтыі распачынаецца «Спеўная рэвалюцыя» за аднаўленне суверэнітэта. Карыньш штогод наведвае радзіму продкаў, каб прыняць удзел у маніфестацыях. У апошнія гады перабудовы такое было магчымым. З 1990 года ён працягвае сваю адукацыю, але цяпер канцэнтруецца на фанетыцы латышскай мовы, збіраючы матэрыялы ў Латвіі. За ягоную працу яму была прысвоена ступень доктара філасофіі.

Дзяржаўны сакратар Энтані Блінкен і Крыш’яніс Карыньш. Фота: Wikimedia Commons 

У Латвіі Карыньш знаходзіць не толькі новую радзіму, але і сваё каханне. Шлюб з Андай становіцца адной з прычын яго канчатковага пераезду ў Латвію ў 1996 годзе. Да гэтага ён ужо год працаваў запрошаным лектарам у Латвійскім універсітэце. У Латвіі, скарыстаўшыся льготамі ад урада, Карыньш стварыў уласны бізнэс на лёдзе і замарожаных прадуктах. 

У 2002 годзе Карыньш пайшоў у вялікую палітыку, стаўшы адным з заснавальнікаў правай партыі «Новы час». На выбарах у тым жа годзе яна атрымала 23,9% галасоў, больш за любую іншую партыю. Адно з 26 месцаў, здабытых на выбарах партыяй, заняў сам Карыньш, які ўзначаліў парламенцкую фракцыю. Ва ўрадзе Айгарса Калвітыса яму дастаўся партфель міністра эканомікі. 

У 2009 годзе ён стаў адзіным прадстаўніком партыі, хто здолеў прабіцца ў Еўрапарламент, а пасля быў перавыбраны ў 2014 годзе. 

Сустрэча беларускай лідаркі Святланы Ціханоўскай з міністрам замежных справаў Латвіі Крыш’янісам Карыньшам на палях ААН. Фота: сайт Святланы Ціханоўскай.

Пасля вострага палітычнага крызісу ягоная партыя стала часткай новай партыі «Адзінства». У 2018 годзе палітычнае аб’яднанне вылучыла яго асобу на пасаду прэм’ер-міністра. У 2019 годзе Карыньш сфарміраваў новы ўрад, які ўзначальваў да 2023 года. На яго тэрмін выпала вырашэнне праблем, звязаных з пандэміяй COVID-19, міграцыйным крызісам, справакаваным рэжымам Лукашэнкі, і шырокамаштабным уварваннем Расіі ва Украіну. Карыньш праводзіў палітыку па рэфармаванні фінансавага сектара, адукацыі, скарачэнні колькасці адміністрацыйных адзінак, барацьбе з карупцыяй.

Ва ўрадзе сваёй сапартыйкі Эвікі Сіліні сёння вызначае знешнепалітычны курс краіны на пасадзе кіраўніка латвійскага МЗС.

Эстонія — Тоамас Ільвес

Прэзідэнт Эстоніі Тоамас Ільвес. Фота: Wikimedia Commons 

Падобнае ж адбывалася і ў Эстоніі. Сям’я Ільвесаў бегла з краіны ў тым жа 1944 годзе. Пераплыўшы Балтыйскае мора, яны, як і Карыньшы, спачатку апынуліся ў Швецыі, дзе ў іх нарадзіўся ў 1953 годзе сын Тоамас, а пасля гэтак жа перабраліся ў ЗША.

У Амерыцы Тоамас Ільвес вырас і атрымаў адукацыю. У 1976 годзе ён скончыў Калумбійскі ўніверсітэт, а пасля ў 1978 годзе атрымаў ступень магістра псіхалогіі ў Пенсільванскім універсітэце. Перабраўся ў Канаду, дзе выкладаў эстонскую літаратуру ва ўніверсітэце.

У 1984 годзе з’ехаў у Германію, дзе да 1993 года ўзначальваў аддзел у эстонскай рэдакцыі радыё «Свабодная Еўропа». Ільвес валодаў англійскай, нямецкай, латышскай і іспанскай мовамі, але па-эстонску, паводле ўласнага прызнання, гаварыў нячыста, з моцным амерыканскім акцэнтам.

Адразу пасля аднаўлення Эстоніяй сваёй незалежнасці ў 1991 годзе Ільвес непасрэдна ўключыўся ў яе палітычнае жыццё. Быў амбасадарам спачатку ў добра знаёмых ЗША, ужо ў 1996 годзе падняўся да пасады міністра замежных спраў маладой дзяржавы. На сваёй пасадзе ён паспяхова распачаў перамовы аб далучэнні Эстоніі да Еўрапейскага саюза.

Станіслаў Шушкевіч і прэзідэнт Эстоніі Тоамас Ільвес у 2011 годзе. Фота: Wikimedia Commons 

У 2004 годзе стаў дэпутатам Еўрапарламента. Праз два гады эстонскі Рыйгікагу выбраў яго на пасаду прэзідэнта, якая ў парламенцкай рэспубліцы мае абмежаваныя паўнамоцтвы, але з’яўляецца важнай сімвалічнай фігурай. У 2011 годзе парламент паўторна абраў яго на пасаду кіраўніка краіны — гэта быў першы выпадак з моманту аднаўлення незалежнасці, калі дэпутаты выбралі прэзідэнта ў першым туры.

На сваёй пасадзе ён падкрэслена адмаўляўся вучыць рускую мову, родную для значнай колькасці жыхароў краіны, і гаварыць на ёй. Сваё нежаданне ён тлумачыў тым, што гэта было б прыняццем 50-гадовай савецкай акупацыі, і тым, што ў аднаго мільёна эстонцаў ёсць толькі адно месца, дзе яны могуць размаўляць па-эстонску.

Што тычыцца рускамоўных у сваёй краіне, то ён абураўся тым, што сам вывучыў эстонскую мову, хоць нарадзіўся і вырас па-за яе межамі, а людзі, якія ўсё жыццё пражылі ў Эстоніі, не пажадалі гэтага зрабіць.

Грузія — Саламэ Зурабішвілі

Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі. Фота: Wikimedia Commons

У вельмі падобнай сітуацыі была і Саламэ Зурабішвілі. Яе сям’я была вымушана пакінуць Грузію нашмат раней за іншых, не ў канцы Другой сусветнай вайны, а яшчэ ў 1921 годзе, калі на месцы Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі была створана савецкая. Яе дзед уваходзіў ва ўрад незалежнай Грузіі, а таму ейнаму бацьку было небяспечна заставацца ў таталітарнай дзяржаве. 

Сям’я асела ў Францыі. Тут у Парыжы ў 1952 годзе ў іх нарадзілася дачка Саламэ.

Сям’я падтрымлівала цесныя сувязі з урадам Грузіі ў выгнанні, але была пазбаўленая хоць якой-небудзь сувязі з савецкай Грузіяй.

Пасля Зурабішвілі прызнавалася, што Грузія для яе была міфічнай краінай, якая існавала толькі ў кнігах.

Саламэ вучылася ў французскамоўнай школе, але па выхадных з бацькамі наведвала грузінскую царкву. 

Скончыла Парыжскі інстытут палітычных навук, а пасля ўдасканальвалася ў амерыканскім Калумбійскім універсітэце, дзе вывучала савецкую палітыку і дыпламатыю часоў халоднай вайны. Выбар кар'еры дыпламаткі быў звязаны са спадзевам, што аднойчы яна зможа дапамагчы сваёй міфічнай радзіме Грузіі.

Саламэ Зурабішвілі. Фота: Wikimedia Commons 

Яна амаль тры дзесяцігоддзі прапацавала ў французскім МЗС, атрымаўшы нарэшце ў 2003 годзе прызначэнне ў Грузію. Выбраны ў 2004 годзе прэзідэнтам Міхаіл Саакашвілі заўважыў яе і пасля перамоваў з французскім калегам прызначыў яе міністаркай замежных спраў. Зурабішвілі адразу пагадзілася з прапановай заняць пасаду ў Грузіі.

Яна здолела вывесці з краіны расійскія ваенныя базы, якія, як паказвае далейшая гісторыя Грузіі, маглі адыграць трагічную ролю ў захаванні краінай незалежнасці.

Пасля сваёй адстаўкі яна ўзначаліла апазіцыйную партыю «Шлях Грузіі».

У 2018 годзе на прэзідэнцкіх выбарах выступіла як незалежная кандыдатка, атрымаўшы перамогу ў другім туры. Зурабішвілі, маючы велізарны дыпламатычны досвед, здабыты ў заходняй краіне, актыўна прадстаўляе сваю радзіму і адстойвае яе інтарэсы, распавядае пра акупацыю грузінскіх тэрыторый Расіяй.

Святлана Ціханоўская з прэзідэнткай Грузіі Саламэ Зурабішвілі. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Зурабішвілі выступае за ліберальныя каштоўнасці ў Грузіі і далучэнне краіны да НАТА і ЕС.

Нягледзячы на тое, што пасада прэзідэнта ў Грузіі таксама выконвае хутчэй прадстаўнічыя і цырыманіяльныя функцыі, асоба Саламэ Зурабішвілі стала важным сімвалам пратэстаў 2023 года, выступіўшы супраць «напісанага пад дыктоўку Масквы» кіруючай партыяй законапраекта аб замежных агентах.

Чэхія — Караль Шварцэнберг

Караль Шварцэнберг. Фота: Wikimedia Commons 

Зусім да іншай катэгорыі палітычных павяртанцаў, але таксама вельмі паказальнай, належаць члены арыстакратычных і манаршых сем’яў, якія пасля падзення камуністычных рэжымаў, вырашылі змагацца за аднаўленне сваёй былой велічы і ўплыву ў новых дэмакратыях. 

Найбольш пазнавальнай з такіх асоб, напэўна, будзе Караль Шварцэнберг, які нядаўна памёр. Ён нарадзіўся ў 1937 годзе ў сям’і князя з малодшай галіны Шварцэнбергаў і прынцэсы з роду Фюрстэнбергаў, вырас у радавых замках і атрымаў добрае арыстакратычнае выхаванне, якое прадугледжвала веданне мноства моў. Але ў 1948 годзе сям’я была вымушана ўцякаць з краіны, калі камуністы здзейснілі пераварот і нацыяналізавалі маёмасць арыстакратаў. 

Шварцэнбергі пасяліліся ў Аўстрыі. Тут малады Караль атрымаў адукацыю і змог увайсці ў палітычныя колы краіны. У кар’еры яму дапамог «шчаслівы» выпадак — яго ўсынавіў у 1960 годзе дзядзька, які праз 5 гадоў памёр, пакінуўшы пляменніку ў спадчыну 400 мільёнаў еўра і клопат пра радавыя маёнткі. Стаўшы членам Аўстрыйскай народнай партыі, Караль Шварцэнберг пазнаёміўся з прадстаўнікамі найвышэйшай палітычнай эліты.

Алесь Бяляцкі і Караль Шварцэнберг на круглым стале ў 2014 годзе. Фота: Радыё Свабода

Але такая ўцягнутасць у аўстрыйскую палітыку была скіраваная ў першую чаргу на тое, каб дамагацца вяртання дэмакратыі ў Чэхаславакію.

Пасля здушэння савецкімі войскамі Пражскай вясны Шварцэнберг падтрымліваў чэшскіх дысідэнтаў. У родавым замку ў Баварыі ён збіраў архіў забароненай тады камуністычнымі ўладамі літаратуры. У 1984 годзе Шварцэнберг узначаліў Хельсінкскі праваабарончы камітэт.

Пасля падзення камуністычнага рэжыму ў 1989 годзе ён вярнуўся ў Чэхаславакію, дзе прэзідэнтам стаў ягоны сябар Вацлаў Гавел. У 1990 годзе Караль Шварцэнберг стаў кіраўніком Канцылярыі прэзідэнта.

Аднаўленню палітычнай вагі на радзіме шмат у чым спрыяла і рэстытуцыя 1991 года, якая вяртала нерухомасць, што была страчана праз вымушаную эміграцыю і нацыяналізацыю. Ягоны замак Држэвіч стаў месцам нефармальных сустрэч розных палітыкаў.

Караль Шварцэнберг. Фота: Wikimedia Commons 

У наступныя гады ён выбіраўся ў чэшскі Сенат і шмат рабіў для краіны на знешнепалітычнай арэне. З 2007 па 2013 год з невялікім перапынкам займаў пасаду міністра замежных спраў. І нават у 2013 годзе быў галоўным канкурэнтам Мілаша Земана на прэзідэнцкіх выбарах, набраўшы больш за 45% галасоў у другім туры. Палітычную кар’еру працягнуў як апазіцыйны дэпутат у парламенце. 

У тым жа годзе наведаў Еўрамайдан у Кіеве, дзе падтрымаў пратэстоўцаў. За пазіцыю адносна расійскай агрэсіі яму забаранілі ўезд у РФ. Шварцэнберг актыўна падтрымліваў кантакты як з беларускай, так і з расійскай апазіцыяй. 

Яскравага палітыка не стала 12 лістапада 2023 года.

Балгарыя — Сімяон II

Сімяон Саксен-Кобург-Гоцкі нарадзіўся ў 1937 годзе ў сям’і балгарскага цара Барыса III і царыцы Яваны, дачкі італьянскага караля Віктара Эмануіла III.

У Другой сусветнай вайне Балгарскае царства заняла бок нацысцкай Германіі і ўдзельнічала ў аперацыях супраць Югаславіі і Грэцыі. Аднак, улічваючы прарускія настроі ў грамадстве, Савецкаму Саюзу вайну не абвясціла, нягледзячы на жаданне Гітлера. Пасля адной з сустрэч з нямецкім дыктатарам цар Барыс III нечакана ў 1943 годзе памёр ад інфаркту. Яго сталец заняў малалетні сын пад імем Сімяон II, за якога кіравала рэгенцкая рада.

Былы цар і прэм'ер-міністр Сімяон II. Фота: Wikimedia Commons 

Яшчэ да заканчэння Другой сусветнай вайны царскі рэжым быў падвергнуты публічнай ганьбе за супрацоўніцтва з урадамі краін «восі». 1 лютага 1945 года былі пакараныя смерцю сотні афіцыйных асоб, арыштаваных і асуджаных па абвінавачванні ва ўчыненні ваенных злачынствах і здрадзе радзіме, сярод якіх апынуліся тры былыя рэгенты Балгарскага царства.

Тым не менш манархія захавалася і пасля заканчэння вайны. У верасні 1946 года адбыўся рэферэндум, у якім большасць балгараў прагаласавалі за рэспубліку.

Дзевяцігадовы цар Сімяон II разам з маці і сястрой эміграваў у Егіпет, а ў 1951 годзе — у Іспанію, але афіцыйна так і не адрокся. У 1955 годзе, дасягнуўшы паўналецця, абвясціў сябе дзеючым балгарскім царом. Праўда, заняць сталец у камуністычнай Балгарыі ўжо не меў, здавалася б, ніякіх шанцаў. У Іспаніі ён атрымаў адукацыю і ажаніўся з іспанскай арыстакраткай. 

Усё жыццё прапрацаваў у буйных карпарацыях, праяўляючы навыкі таленавітага менеджара і фінансіста.

Пасля падзення камуністычнага рэжыму ў Балгарыі Сімяону доўгі час адмаўлялі ў візе, асцерагаючыся, што ён можа заявіць пра свае правы, паколькі ён ніколі не зракаўся прастола. Тым не менш былы цар усё ж змог вярнуцца ў 1996 годзе, актыўна заняўшыся палітыкай. 

Сімяон II і прынц Чарлз. Фота: Wikimedia Commons 

У 2001 годзе сфарміраваная ім кааліцыя «Нацыянальны рух Сімяона II» выйграла парламенцкія выбары, што дазволіла Сімяону ўзначаліць балгарскі ўрад. У час яго прэм'ерства адбылася рэстытуцыя зямельнай уласнасці царскай сям'і, канфіскаванай камуністамі, што зрабіла Сімяона адным з найбуйнейшых землеўладальнікаў у краіне і забяспечыла дабрабыт ягонай сям’і. Акрамя таго, менавіта Сімяон прывёў краіну ў НАТА.

Нягледзячы на апаскі балгарскіх элітаў і першапачатковую назву сваёй партыі, пасля вяртання ў Балгарыю Сімяон ніколі не выступаў за аднаўленне балгарскай манархіі.

Румынія — Міхай I

Народжаны ў 1921 годзе Міхай атрымаў у 1927 годзе сталец свайго дзеда. Але ў 1930 годзе ягоны бацька, Караль II, быў амаль аднагалосна абвешчаны каралём у парламенце. Міхай зноў вярнуўся на трон 6 верасня 1940 года ў выніку дзяржаўнага перавароту супраць Караля II. Усю вайну Міхай быў марыянеткай прэм'ер-міністра і дыктатара Іёна Антанеску, што ўвязаўся ў ваенныя авантуры Гітлера. З наступам саюзнікаў Антанеску пачаў губляць свае пазіцыі і ў жніўні 1944 годзе па загадзе караля ён быў арыштаваны, тым самым Румынія была выведзена з гітлераўскай кааліцыі.

Кароль Міхай I у 1947 годзе. Фота: Wikimedia Commons 

Пасля 1944 года Міхай быў вядомы ў СССР як «кароль-камсамолец», паколькі ў 1944—1947 гадах у Румыніі пры захаванні манархіі камуністычная партыя стала кіруючай. У канцы 1947 года пад пагрозамі Міхай адрокся ад прастола і пакінуў краіну, пасяліўшыся ў Швейцарыі.

Пасля падзення камуністычнага рэжыму ў Румыніі Міхай прыляцеў на радзіму ў 1992 годзе. Як і балгарскія ўлады, румынскія рэспубліканцы асцерагаліся прэтэнзій на прастол, таму зрабілі знаходжанне Міхая ў краіне вельмі нядоўгім, усяго на 24 гадзіны, і наклалі вялікую колькасць абмежаванняў на яго.

Міхай І з жонкай на румынскай паштовай марцы. Фота: Wikimedia Commons 

Толькі ў 1997 годзе, пасля сыходу ўрада Іёна Іліеску, Міхаю вярнулі румынскае грамадзянства, і ён змог зноў прыехаць у Румынію. Ён рэгулярна наведваў краіну, але жыў у Швейцарыі. Вернутыя ў выніку рэстытуцыі каралеўскія маёнткі і замкі ён саступіў ураду за 30 мільёнаў еўра. За аднаўленне манархіі не чапляўся, хоць апытанні паказвалі, што 45% румынаў мелі добрае стаўленне да Міхая, а 16% з’яўляюцца манархістамі.

Стары манарх не стаў прэтэндаваць на нейкую ўладу ў краіне, але ўзяў на сябе ролю прадстаўніка Румыніі за мяжой, лабіруючы сярод заходніх элітаў і кіраўнікоў дзяржаў станоўчае вырашэнне пытання ўступлення Румыніі ў НАТА і Еўрапейскі саюз.

На адкрыцці плошчы і помніка Міхаю І. Фота: Wikimedia Commons 

Грэцыя — Канстанцін Караманліс

Але не толькі падзенне савецкіх рэжымаў пакінула нам прыклады вяртання палітычных выгнаннікаў. 

У 1945 годзе Грэцыя стала адзінай краінай у рэгіёне, якая не ўвайшла ў савецкую зону ўплыву. Кароль Павел I, які сеў на трон у 1947-м, быў добрым перамоўшчыкам. Ён умела лавіраваў паміж рознымі палітычнымі сіламі, і пад канец 1950-х здавалася, што хутка Грэцыя стане тыповай еўрапейскай дэмакратыяй.

Але ў 1964 годзе гэты манарх памёр, і на трон узышоў яго 23-гадовы сын Канстанцін II, які быў ніякім палітыкам. Жадаючы атрымаць болей улады, кароль даручыў генералу Грыгорыасу Спандзідакісу арганізаваць пераварот. Але той нечакана падтрымаў не караля, а групу палкоўнікаў на чале з Георгіасам Пападопуласам.

Краінай стала кіраваць хунта «чорных палкоўнікаў» («чорных», бо такім быў колер іх параднай формы), кароль зрабіў другую няўдалую спробу перавароту і ўцёк за мяжу.

17 лістапада 1973 года. Танк тараніць агароджу Афінскага політэхнічнага ўніверсітэта. Фота: greekcitytimes.com

Пападопулас і іншыя «чорныя палкоўнікі» адразу распачалі рэпрэсіі супраць сваіх палітычных праціўнікаў. Выбары былі адмененыя, партыі забароненыя, нават тэатрамі кіравалі сілавікі — усё як у сённяшняй Беларусі.

Але ў хуткім часе да эканамічных праблем у Грэціі, дадаліся і палітычныя — дыктатура не была прызнаная заходнімі дэмакратыямі, рэжым «чорных палкоўнікаў» быў ізгоем. Палкоўнікі паабяцалі свабодныя выбары. Але студэнты не хацелі чакаць і ў краіне палыхнула. Пасля крывавага здушэння бунту ўсталявалася паліцэйская дыктатура. 

Адцягнуць увагу ад унутраных праблем рашылі з дапамогай «маленькай пераможнай вайны». Было вырашана далучыць Кіпр з яго пераважна грэчаскім насельніцтвам.

15 ліпеня 1974 года па сігнале з Афін на Кіпры адбыўся пераварот. Путчысты скінулі прэзідэнта краіны — ім быў архіепіскап Макарыяс, кіраўнік Праваслаўнай царквы вострава, тонкі палітык-рэаліст, які балансаваў між Афінамі і Лонданам, нацыяналістамі і нават камуністамі. Новыя ж улады вострава былі цесна звязаныя з грэчаскімі сілавікамі і павінны былі абвесціць пра ўз’яднанне з Грэцыяй адразу пасля чысткі прыхільнікаў Макарыяса і камуністаў.

Але палкоўнікі не былі гатовыя да таго, што праз пяць дзён на востраве высадзяцца туркі — пад прэтэкстам абароны турэцкай меншасці. Грэчаскія сілавікі, якія нядаўна так бязлітасна разагналі студэнтаў у Афінах, аказаліся няздольныя процістаяць турэцкай арміі. 20 ліпеня турэцкі дэсант высадзіўся на адным з пляжаў Кіпра, 22 ліпеня туркі здолелі захапіць порт Кірэнея і прабіцца да турэцкага анклава ў сталіцы Нікасіі. А грэчаскія самалёты з падмацаваннем не змаглі нават сесці на востраве, у бязладдзі іх падбілі свае ж.

Турэцкія войскі рушылі да межаў Грэцыі. Узнікла рэальная пагроза поўнамаштабнай вайны.

У той жа дзень, 22 ліпеня, генерал Федан Гізікіс па рашэнні калег-афіцэраў запрасіў на сустрэчу шэраг дзяржаўных дзеячаў і грамадскіх лідараў. На сустрэчы было вырашана адправіць у адстаўку кіраўніка хунты Іаанідзіса, якога яго зрабілі ахвярным казлом.

Канстанцін Караманліс у 1963 годзе. Фота: Wikimedia Commons 

А яшчэ вырашылі прапанаваць пост прэм’ер-міністра Канстанціну Караманлісу — палітыку, які ўжо 11 гадоў як знаходзіўся ў эміграцыі ў Францыі. Ён тройчы кіраваў краінай пры каралю Паўле I — правацэнтрыст, хрысціянскі дэмакрат, чалавек празаходні.

Згодна з планам Гізікіса, генералы захавалі б кантроль над сілавымі структурамі, але адмаўляліся ад палітычнай улады. Генерал Гізікіс набраў тэлефон Караманліса.

Караманліс выслухаў прапановы генерала. І сказаў «не»: «Хочаце, каб я ўзначаліў урад — сілавікі павінны падпарадкавацца мне».

Генерал узяў час на абдумванне. Пакуль генералы шукалі выйсце, на наступны дзень, 23 ліпеня, Караманліс вылецеў у Грэцыю на самалёце французскага прэзідэнта Валеры Жыскара д’Эстэна.

Гэта было пасланне Захаду генералам, кіпрская авантура якіх перапоўніла чашу цярпення не толькі ўнутры Грэцыі, але і ў сталіцах заходніх саюзнікаў.

Караманліс (злева) у час другога прэм'ерства. Фота: Wikimedia Commons 

Гізікіс пасланне зразумеў. Караманліс быў прызначаны прэм’ерам на ягоных умовах. А Гізікіс застаўся прэзідэнтам да моманту правядзення свабодных выбараў. У той жа дзень было заключана першае перамір’е на Кіпры.

У краіне знялі ўсе ранейшыя забароны — ад доўгіх валасоў да музыкаў з чорнага спісу.

У лістападзе ў Грэцыі прайшлі першыя за 11 гадоў свабодныя выбары, на якіх перамаглі правацэнтрысты Караманліса. Прыхільнікі хунты нават не прайшлі ў парламент, настолькі яны дыскрэдытавалі сябе. А ў 1975 годзе яе кіраўнікі паўсталі перад судом.

Караманліс за 6 гадоў прывёў краіну ў Еўрасаюз (тады гэта была яшчэ Еўрапейская эканамічная супольнасць), а праз 5 гадоў вярнуў і ў НАТА, адкуль краіна была выйшла на хвалі падзей 1974-га.

Караманліс яшчэ будзе выйграваць і прайграваць выбары. І толькі ў 1995 годзе 88-гадовы Караманліс нарэшце пакіне палітычную арэну з пасады прэзідэнта.

Усе гэтыя прыклады паказваюць: тое, што не было фізічна знішчана, заўсёды мае шанец на рэванш, на тое, каб яшчэ адыграць сваю ролю ў палітычным праекце роднай краіны.

Сёння на многіх беларускіх дзеячаў заведзены крымінальныя справы, праз што вяртанне ў сённяшнюю Беларусь пагражае драконаўскімі тэрмінамі. Вяртанне, нават калі даверыцца сумніўнай камісіі, якая складаецца з адыёзных прапагандыстаў і сілавікоў, выглядае пазбаўленым сэнсу ў бяспраўі лукашэнкаўскай Беларусі.

Часта найбольш важным дзеяннем на карысць Беларусі з’яўляецца захаванне самога сябе, фізічнага і ментальнага, да таго часу, калі свой грамадска-палітычна патэнцыял можна будзе зноў бяспечна рэалізаваць.

Ужо сёння відавочна, што глабальнай памылкай Лукашэнкі, якіх ён зрабіў у 2020 годзе надзіва шмат, было выгнанне Ціханоўскай з Беларусі. Яна стала лідаркай дэмакратычнай часткі беларускага грамадства, вакол яе ўзніклі квазідзяржаўныя інстытуцыі, з ёй на роўных вядуць перамовы лідары найбольш уплывовых краін і саюзаў. І гэта куды больш, чым яна б магла зрабіць, маўкліва застаючыся ў закатанай у асфальт краіне.

Вымушаная эміграцыя — складаны і балючы працэс, поўны няпэўнасці і расчаравання, але гэта адначасова і працэс самазахавання нацыі, яе палітычных структур і культурнага патэнцыялу.

І калі досвед іншых эміграцый мусіць яшчэ чаму навучыць беларусаў, дык гэта таму, што нацыянальная ідэнтычнасць патрабуе ўласных высілкаў па штодзённым яе падтрыманні — вывучэнні мовы, культуры, захавання сувязяў з радзімай і падтрымання адзінства дыяспарай. Таксама важна не забываць і пра ідэнтычнасць сваіх дзяцей, нават калі здаецца, што ніякай перспектывы вярнуцца не існуе.

І магчыма, праз час гэта стане той жменяй зерня, якой можна засеяць выпаленае поле.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары14

  • Anatol Starkou
    02.01.2024
    Ніводнай паралелі з Беларусьсю і беларусамі не заўважыў. 

    Першае і самае галоўнае - гэта ЧАС, сёння іншы час. То бок вось ужо трыццаць чацвёрты год існуе першая беларуская незалежная дзяржава Рэспубліка Беларусь і ў ёй гадуюцца першыя дзяржаўнынікі беларусы-перашай незалежнай дзяржавы РБ. Пры гэтым двадцаць дзевяць гадоў запар ёй кіруе чалавек майго пакалення, які, як і я, ведае чыннікі набыцця быццам бы незалежнасці пералічаных і не пералічаных у артыкуле незалежнасцей еўрапейскіх дзяржаў. Усе яны сатэліты палітыкі ЗША, усе прапітаны амерыканскай і праамерыканскай прапагандай.
    Празаходнюю частку беларусаў нядаўна з пестнямі назаўсёды праводзіў у замежжа згаданы кіраўнік РБ. Яны ніколі не вярнуцца. У РБ іх не ждут. Тое што варыцца па-за межамі РБ у бчб варыве - гэта секта, бчб антыбеларуская секта.

    Другое. Аўтар артыкулу выпадкова забыўся, што РБ і РФ заключылі ваенна-палітычна саюз, а гэта азначае, што Беларусь НІКОЛІ не будзе празаходняй. Хутчэй войдзе ў склад Расійскай Федерацыі.
  • идзиот самы настаяшчы
    02.01.2024
    Чтобы быть президентом нужно как минимум жить в РБ последние 5 или 10 лет, не помню уже.
  • Арч
    02.01.2024
    Ровар, давайце без дзеда

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве18

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве

Усе навіны →
Усе навіны

У эфіры прапагандыстаў паказалі яшчэ аднаго зняволенага каліноўца — Максіма Ралько5

У Мінску ўзяліся зносіць парк «Дрымлэнд» ВІДЭА2

Storm Shadow сёння маглі ўдарыць па гістарычнай сядзібе на Куршчыне, дзе размяшчаўся расійскі камандны пункт4

Куды зноў знік Пуцін? Выявілася, што яго апошнія сустрэчы — гэта насамрэч запісы месячнай даўніны3

«Гэта замах на забойства». Пад Гроднам нехта нацягнуў дрот над сцежкай, дзе катаюцца матацыклісты3

Папа Рымскі зацвердзіў абрад свайго пахавання2

Адміністратарам украінскага тэлеграм-канала, які дапамагаў пазбягаць позваў, аказалася беларуска8

Кіраўнік Пентагона патлумачыў, навошта ЗША перадаюць Украіне супрацьпяхотныя міны

Сілавікі на вучэннях адпрацоўвалі змаганне з чэргамі на выбарчых участках5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве18

«Сказаў: я тут нічога прасіць не буду». Жонка расказала, як Верамейчыка прызналі пагрозай у Літве

Галоўнае
Усе навіны →