Свет

Зорка спорту Пісторыус, які застрэліў сваю дзяўчыну, выйшаў на волю

За судом над легендарным паралімпійцам дзесяць гадоў таму сачыў увесь свет.

Оскар Пісторыус у 2016 годзе. Shiraaz Mohamed / AP

Былы паралімпійскі чэмпіён з ПАР Оскар Пісторыус выйшаў з турмы ўмоўна-датэрмінова праз амаль 11 гадоў пасля таго, як забіў сваю сяброўку, фотамадэль Рыву Стынкамп, піша Бі-бі-сі.

Улады пацвердзілі, што ў пятніцу раніцай Пісторыус ужо быў дома. Ён адбыў палову свайго больш чым 13-гадовага тэрміну.

Маці Рывы Стынкамп, Джун, заявіла, што згаджаецца з рашэннем вызваліць былога спартсмена, але дадала, што яе сям'я «адбывае пажыццёвае зняволенне».

Сяброўка Пісторыуса, 29-гадовая Рыва Стынкамп, была дыпламаваным юрыстам і вядомай фотамадэллю.

Пісторыус, якому цяпер 37 гадоў, чатыры разы стрэліў у яе праз дзверы ваннай раніцай 14 лютага 2013 года ў іх доме ў Прэторыі. Як ён пазней сцвярджаў, ён прыняў яе за рабаўніка, які пракраўся ў дом, што нярэдка здараецца ў ПАР.

Першапачаткова Пісторыус быў асуджаны па больш мяккім артыкуле за ненаўмыснае забойства, але пасля патрабаванняў сяброў і сям'і Рывы ў 2015 годзе Вярхоўны апеляцыйны суд перагледзеў гэтае рашэнне.

Суд пастанавіў, што Пісторыус шматкроць мяняў свае паказанні пра падзеі той раніцы і адкрыў стральбу без слушных падстаў баяцца за сваё жыццё. Урэшце Пісторыус быў асуджаны за забойства.

Згодна з заканадаўствам Паўднёвай Афрыкі, усе правапарушальнікі маюць права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне пасля таго, як адбудуць палову агульнага тэрміну зняволення, якое для Пісторыуса канчаткова ўстанавілі ў 2017 годзе — 13 гадоў і пяць месяцаў.

Ён будзе жыць у суровых умовах, у прыватнасці, не зможа камунікаваць са СМІ, пакуль тэрмін яго пакарання не скончыцца ў 2029 годзе.

Мяркуюць, што ён пасяліўся ў доме свайго дзядзькі Арнольда Пісторыуса ў элітным прыгарадзе сталіцы ПАР — Прэторыі.

Маці Рывы, Джун Стынкамп, заявіла, што яе сям'я ведала, што ўмоўна-датэрміновае вызваленне з'яўляецца часткай прававой сістэмы Паўднёвай Афрыкі, і «закон павінен быць выкананы».

Яна таксама вітае ўмовы, якія камісія па ўмоўна-датэрміновым вызваленні ўстанавіла для Пісторыуса. Яны ўключаюць курсы па кіраванні гневам і праграмы па прадухіленні і супрацьдзеянні гендэрнаму гвалту.

«Але справядлівасць наступіла для Рывы? — пытаецца маці. — Ці дастаткова адседзеў Оскар? Ніводны адбыты тэрмін не верне Рыву, і справядлівасці тут быць не можа. Мы, яе сям'я, адбываем пажыццёвае зняволенне».

Яна дадала: «Маё адзінае жаданне — пражыць свае апошнія гады ў свеце, засяродзіўшы ўвагу на фондзе Рывы, каб працягнуць яе спадчыну».

Оскар Пісторыус нарадзіўся 22 лістапада 1986 года ў Ёханэсбургу. З-за прыроджанай хваробы дактары былі вымушаныя ампутаваць хлопчыку абедзве нагі ніжэй за калена ва ўзросце 11 месяцаў.

Аднак поспехі медыцыны і найноўшыя тэхналогіі ў галіне пратэзавання дазволілі яму не толькі хадзіць, але і стаць шматразовым паралімпійскім чэмпіёнам па бегу.

Ён атрымаў мянушку «Той, хто бяжыць па лёзе», бо яго пратэзы часткова нагадваюць два выгнутыя лёзы.

Атлет шэсць разоў выйграваў золата Паралімпійскіх гульняў. Ён праславіўся тым, што стаў першым спартсменам з ампутаванымі канечнасцямі, які выступіў ў спрынце на Алімпійскіх гульнях.

Оскар Пісторыус перамагае на дыстанцыі 400 метраў на Паралімпіядзе ў Лондане ў 2012 годзе. Фота: Kirsty Wiggleswort / AP

Пісторыус нават спаборнічаў са спартоўцамі без інваліднасці на лонданскай Алімпіядзе 2012 года.

Каментары

Цяпер чытаюць

Зорная беларуская інтэлектуалка пайшла на рэаліці ад ТНТ — будзе плясці інтрыгі, каб атрымаць 100 тысяч еўра8

Зорная беларуская інтэлектуалка пайшла на рэаліці ад ТНТ — будзе плясці інтрыгі, каб атрымаць 100 тысяч еўра

Усе навіны →
Усе навіны

Дзяніс з Нясвіжа дзесяць гадоў адпрацаваў на лікёра-гарэлачным заводзе. А знайшоў сябе і найлепш стаў зарабляць як блогер Алкабард12

ФК «Стэнлес» з Пінска перажывае цяжкія часы: следам за кіраўніком клуба памёр менеджар каманды

Трамп зарабіў больш за мільярд даляраў на крыпце за год пасля вяртання на пасаду прэзідэнта11

Хлопчык памёр ад шаленства пасля кантакту з кажаном — той сеў малому на твар, пакуль ён спаў10

Зборная Мексікі выйшла ў 1/8 фіналу. Гульня адкладалася на гадзіну з-за ўмоваў надвор'я1

Лукашэнка прыляцеў у Інданезію4

Французы ў 1/16 фіналу не пакінулі ніякіх шанцаў шведам4

Зборная Нарвегіі прайшла Кот д'Івуар дзякуючы пятаму голу Холанда

Сырскі лічыць, што расіяне будуць наступаць на Чарнігаўшчыну з Бранскай вобласці. А вось з Беларусі — наўрад ці3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зорная беларуская інтэлектуалка пайшла на рэаліці ад ТНТ — будзе плясці інтрыгі, каб атрымаць 100 тысяч еўра8

Зорная беларуская інтэлектуалка пайшла на рэаліці ад ТНТ — будзе плясці інтрыгі, каб атрымаць 100 тысяч еўра

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць