Грамадства

Былы вязень распавёў пра медычную дапамогу ў калоніі, дзе за восем месяцаў памерлі два палітвязні

У віцебскай калоніі № 3 у ноч з 8 на 9 студзеня памёр 50-гадовы палітвязень Вадзім Храсько. Гэта ўжо другая смерць палітвязня ў гэтай калоніі за восем месяцаў. У пачатку траўня 2023 года ў «Віцьбе» памёр 61-гадовы блогер і грамадскі актывіст з Пінска Мікалай Клімовіч. Яго, як і ў выпадку Вадзіма Храсько, адправілі ў калонію з цяжкімі захворваннямі. Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынамі смерці ў двух выпадках стала нясвоечасовае аказанне ім належнай медычнай дапамогі, аднак крымінальныя справы па гэтых фактах не заведзеныя, піша «Вясна». 

Папраўчая калонія № 3

Калоніяй цяпер кіруе 47-гадовы Філіп Стурчанка — прыкладна з траўня 2023 года ён замяніў Аляксея Старавойтава. Былы палітвязень Ігар (імя змененае ў мэтах бяспекі), які ў віцебскай калоніі прабыў больш за два гады і нядаўна вызваліўся, распавёў «Вясне» пра медычную дапамогу і падрабязнасці смерці Мікалая Клімовіча.

Чэргі на 20-30 зняволеных

Ігар распавядае, што часта па медычную дапамогу ў калоніі звяртацца яму не даводзілася.

«Нават калі ў мяне была тэмпература, я разумеў, што паход у медчастку можа нічым не скончыцца. Пакуль пастаіш у чарзе ў маленькім прылазніку, дзе могуць знаходзіцца адначасова 20-30 зняволеных, то можаш, акрамя прастуды, нахапаць яшчэ ўсялякіх іншых хвароб».

Былы палітвязень адзначае, што «можаш стаяць і не дачакацца, могуць закрыць прыёмнае і сысці». Успамінае Ігар і такі выпадак. Пры гэтым, ён звяртае ўвагу, што самі зняволеныя стваралі такую рэпутацыю:

«Палова з іх прыходзіла туды, каб атрымаць даведку і не ісці на прамзону».

Пломба на тыдзень

Аднак пра ўзровень такога абслугоўвання ў калоніі можна судзіць у тым ліку па гісторыі былога зняволенага калоніі № 3 пра стаматалогію:

«Як толькі я прыехаў з СІЗА, у мяне была вялікая дзірка ў зубе — яе трэба было тэрмінова загаіць, таму што туды трапляла ежа і пачынала балець. Аднак я не мог патрапіць да стаматолага на працягу паўгода, таму што яго проста не было. Ніхто не хацеў ісці на працу ў калонію. Калі ён нарэшце з'явіўся, я адразу ж запісаўся да яго, але прынялі мяне толькі праз тыдзень. Пломбы, якую мне паставілі, хапіла прыкладна на месяц. Праз месяц я вырашыў усё ж зноў пайсці, каб загаіць тую дзірку. Стаматолаг мне яшчэ больш прасвідраваў яе, і новая пломба вывалілася ўжо праз тыдзень».

Да вызвалення Ігар хадзіў з вялікай дзіркай у зубе, таму што баяўся, што стаматолаг яшчэ больш рассвідруе зуб, і тады не будзе шанцаў на яго аднаўленне на волі.

Атрыманне медбандэролі ў калоніі — квэст

Былы палітвязень таксама распавядае, што ў калоніі атрымаць патрэбныя лекі і вітаміны вельмі складана:

«Калі нейкіх медыкаментаў няма ў медчастцы, то, вядома, можна папрасіць сваякоў перадаць. Аднак для гэтага трэба прайсці доўгі квэст. Таму што адразу пішаш заяву на начальніка калоніі з просьбай даць дазвол сваякам перадаць мне медычную бандэроль у пэўным складзе, пералічваючы канкрэтныя медыкаменты. Потым гэтую заяву падаюць начальніку медчасткі, які павінен падпісаць яе і тым самым даць дазвол. Пасля гэтага з медчасткі табе прыносяць бланк. Ты яго павінен запоўніць і аддаць назад. У большасці выпадкаў нейкае звяно (штосьці з заяў) губляецца. Таму часта гэтая працэдура зацягваецца на месяц, а то і на два».

На час зняволення Ігара ў калоніі прыпала пандэмія каронавірусу. Ён узгадвае, як гэта было:

«У калоніі арганізавалі ізаляваныя пакоі для хворых на COVID-19. Пры гэтым усё роўна былі такія афіцэры, якія хадзілі без масак, гэта значыць маглі, груба кажучы, прынесці з волі новыя інфекцыі».

Смерці ў калоніі

Па словах Ігара, за больш чым за два гады яго зняволення ў калоніі памерла каля васьмі-дзевяці зняволеных. Хтосьці паміраў ад старасці, а хтосьці нават ад спынення сэрца:

«Параўнальна нядаўна ў калоніі памёр зняволены гадоў 55. Ён хадзіў пастаянна на стадыён і займаўся спортам. Пад раніцу ён пачаў хрыпець і памёр. У яго спынілася сэрца. І каб нехта прыходзіў з медчасткі — я не чуў. Супрацоўнікі прыйшлі непасрэдна пасля пад'ёму. Яны ачапілі цела, кантралёры стаялі і ахоўвалі, каб ніхто не падыходзіў. Пасля смерці зняволеных у калонію па целы прыязджае «таблетка» зялёнага колеру. Што гэта за брыгада — я без панятку».

Былы палітвязень успамінае, што хуткія прыязджалі ў калонію досыць часта — калі была неабходная зняволеным тэрміновая медычная дапамога або на выходных, калі няма дзяжурнага лекара.

Падрабязнасці смерці Мікалая Клімовіча

5 траўня 2023 года ва ўзросце 61 года ў віцебскай калоніі памёр блогер і грамадскі актывіст з Пінска Мікалай Клімовіч. Інфармацыі пра абставіны яго смерці практычна няма да гэтага часу. Былы палітвязень распавёў усё, што вядома:

«Але трэба разумець, што інфармацыя да нас даходзіла ў вельмі абрэзанай колькасці. Усе навіны мы атрымлівалі з радыё «Зэк»: па чутках, якія хадзілі паміж атрадамі. Усю інфармацыю мы атрымлівалі такім шляхам і праверыць яе праўдзівасць было немагчыма.

Мы чулі, што памёр палітычны, які нават не паспеў падняцца ў калонію. Па чутках, якія даходзілі да нас, ён нават не паспеў падняцца на «каранцін». Казалі, што ён сябе дрэнна адчуваў падчас этапу. Калі ён толькі прыехаў з этапу [з Берасцейскага СІЗА ў Віцебскую калонію яго везлі праз усю Беларусь], яго перадалі калоніі, яму стала дрэнна, выклікалі хуткую і ён памёр. Паводле папярэдняй інфармацыі, ён памёр у машыне хуткай дапамогі. Гэта ўся інфармацыя, якая дайшла да нас. Таму што адміністрацыя калоніі вельмі клапоціцца, каб інфармацыя з волі не праходзіла, і наадварот. Адбываецца блакаванне інфармацыі ў адзін і другі бок».

Ігар адзначае, што этап патрабуе ад зняволенага шмат энергіі і сіл:

«Едзеш у накураным вагоне… Калі чалавек не паліць і мае праблемы з дыханнем, то гэта можа вельмі моцна адбіцца. Таксама бываюць перагружаныя купэ, што дадаткова вельмі ўплывае на этап і стан зняволеных пры гэтым. Ды і сама атмасфера моцна не спрыяе добраму стану здароўя».

Чытайце таксама:

«Няма нічога больш істотнага за жыццё чалавека. І апраўдаць забойствы немагчыма». Ціханоўская выступіла з нагоды смерці Вадзіма Храсько 

Хто той суддзя, які адправіў у калонію Вадзіма Храсько — палітвязня з цяжкай хваробай, якая стала смяротнай

Судзяць айцішніка з EPAM — меркавана, за данаты

Каментары

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Усе навіны →
Усе навіны

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»37

«У Жодзіне подпісы выпрошваюць нават у царкве». Беларусы расказалі, ці падпісваюцца яны за Лукашэнку2

«Стаіць больш за тры гадзіны без святла і ацяплення». Цягнік Мінск — Гомель спыніўся пасярод свайго шляху

Пуцін заявіў пра пачатак серыйнай вытворчасці «Арэшнікаў»5

ЗША рассакрэцілі даклад аб палітычных забойствах і замахах, якія адбываліся на загад Пуціна2

Іспанія моцна аштрафавала бюджэтныя авіякампаніі за патрабаванні даплачваць за ручную паклажу і выбар месца2

Стась Карпаў пра Каржа: Слухайце: ну, смела!15

«Межы сціраюцца». Беларуска расказала, як і навошта стала вывучаць эсперанта на радзіме яго заснавальніка2

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Галоўнае
Усе навіны →