Меркаванні1212

Каб здаць выдуманы прадмет, мы на поўным сур’ёзе праглядалі РэнТБ — выпускнік БНТУ

Выпускнік архітэктурнага факультэта распавёў «Нашай Ніве» пра тое, як праходзіла навучанне на, як здавалася, прэстыжнай спецыяльнасці.

Архітэктурныя «загоны» (злева) у зале бібліятэкі галоўнага корпуса. Фота: тэлеграм-канал БНТУ 97%

Вышэйшая архітэктурная адукацыя ў Беларусі да апошняга часу мела спецыфіку — надзвычай доўгі тэрмін навучання, 6 гадоў, як у медыкаў. З улікам магістратуры атрымліваецца, што альма-матар я наведваў большую частку 2010-х гадоў, прайшоўшы праз многіх выкладчыкаў і розныя дысцыпліны.

Яшчэ адна асаблівасць — перавага дзяўчат сярод навучэнцаў у тэхнічным універсітэце, які быў пераважна мужчынскім. У дызайнерскай групе мог быць усяго адзін хлопец на 20 дзяўчат. Выкладчыкі напаўжартам называлі факультэт «Інстытутам шляхетных дзяўчат».

Прахадныя балы на гэтую спецыяльнасць застаюцца аднымі з найвышэйшых у БНТУ, як і конкурс. Штогод паступала па 150 навучэнцаў, але спрабавала прабіцца ў разы больш. Хто не паступіў — сыходзілі на «прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва», каб не трапіць у армію, а ў наступныя гады спрабавалі паступіць зноў.

15-ы корпус БНТУ, дзе знаходзіўся архітэктурны факультэт, не могуць рэканструяваць ужо больш за 15 гадоў. Фота: Wikimedia Commons

Кантынгент тых, хто вучыўся на архітэктуры, моцна адрозніваўся ад універсітэта ў цэлым — творчыя і добра адукаваныя маладыя людзі дрэнна выконвалі патрыятычныя абавязкі і ідэалагічныя патрабаванні. Кіраўніцтва гэта, можа, і раздражняла, але была важкая прычына мірыцца з гэтым — архітэктурны факультэт быў і ёсць залатой жылай для ўніверсітэта.

Раней траціна студэнтаў вучылася на платнай аснове, цяпер такіх палова, а кошт навучання адзін з найвышэйшых у краіне.

І вось пры ўсёй гэтай уяўнай элітарнасці і дарагавізне навучання кантрасна выглядала тое, дзе мы вучыліся і хто нас вучыў.

Вучыліся мы ў «загонах», нарэзаных на месцы залы бібліятэкі тонкімі перагародкамі, бо рэканструкцыю роднага 15-га корпуса не могуць усімі будаўнічымі сіламі рэспублікі скончыць на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў.

Да ўласна выкладчыкаў праектавання прэтэнзій асабліва не маю. Вядома, заўсёды ёсць тыя, хто за ўсё жыццё спраектаваў хіба што туалет, як казаў пра калег адзін з прафесараў, але пры гэтым вучылі архітэктуры іншых. Праўда, можна было выбраць больш кампетэнтных выкладчыкаў, бо іх на праектаванні было адразу некалькі.

Былі і каларытныя персанажы са сваімі дзівацтвамі, характэрнымі для творчых людзей, былі і нейкія неталерантныя выказванні, напрыклад, што «жанчына не можа быць архітэктарам» ад выкладчыка, чыя ўнучка вучылася на нашым факультэце. Асабліва забаўлялі выкладчыкі кафедры рысунку, ад якіх часта несла перагарам — багема, што тут паробіш!

Дэкан Армен Сардараў на адкрыцці новага знака на гары Дзяржынскай. У незаконна пастаўленым помніку дзве памылкі ў пяці словах. Фота: sb.by

Дэкан, Армен Сардараў, адрозніваўся сябелюбствам і ганарыстасцю, хоць ягоная творчасць выклікае пытанні. Прыгадайце хоць бы ягоны металічны «свердзел», што ўвесну паставілі на гару Дзяржынскую. Пры тым у холе факультэта заўсёды стаяла шафа, за шклом якой былі выключна выразкі з газетных артыкулаў, дзе згадваўся Сардараў. У нас шмат выдатных архітэктараў-навукоўцаў, якія нярэдка траплялі на старонкі друку, але ганарыліся на факультэце толькі сваім кіраўніком.

А кіруе ён доўга, з 2005 года — даўжэй за любога свайго папярэдніка. Усе магчымыя медалі і граматы ён ужо сабраў, і дзіўна, што такі чалавек дагэтуль не паспрабаваў сябе ў лукашэнкаўскай сістэме, да якой вельмі пасуе, хоць бы якім дэпутатам.

Але былі і тыя, знаходжанне якіх ва ўніверсітэце выклікала куды большыя пытанні. Напрыклад, псіхалогію выкладаў Сяргей Астроўскі, які пазіцыянуе сябе як праваслаўны псіхолаг. Яго профіль можна лёгка адшукаць на тэматычных сайтах. На сваіх парах ён даводзіў, што ў Фрэйда і яго тэорый няма паслядоўнікаў, а ўсю праўду можна знайсці ў рэлігійных кнігах, а факультатыўна праводзіў лекцыі па сямейным жыцці. Атрымаць залік можна было, адшукаўшы электронны варыянт жыція святых.

Выкладчык тэхнічнага ўніверсітэта на сайце Рускай праваслаўнай псіхалогіі. Скрыншот сайта 

Усе пляваліся і закатвалі вочы, але прасцей было перажыць курс, чым увязвацца ў спрэчкі з такімі людзьмі ці, крый божа, нечага патрабаваць ад кіраўніцтва. 

Вішанькай на торце быў прадмет, назва якога ў галаве не захавалася. Не таму, што нейкая складаная (здаецца нешта пра «інфармацыйныя тэхналогіі»), а таму што на першай жа пары выкладчыца патлумачыла, што праходзіць мы будзем «soft-натур-прадукт». Такога прадмета не існуе і ніколі не існавала, гэта цалкам выдуманая дысцыпліна.

Галіна Гаўрыкава, якая выкладала дысцыпліну, была архітэктаркай і за савецкім часам атрымала ступень кандыдата навук. На яе тэарэтычных парах была нейкая навука, а на практычных занятках мы рашалі нейкія матэматычныя задачы, але фішка была ў іншым.

Профіль Галіны Гаўрыкавай на сайце кафедры. Архіўны скрыншот

Здаецца, адразу на ўводнай лекцыі яна ўсім заявіла, што ведае формулу сусвету, якую ёй ува сне паведаміў Бог, і нават напісала яе на дошцы. Са сваімі адкрыццямі яна хадзіла ў Інстытут матэматыкі, абураючыся, што там не знайшлося нікога належнага ўзроўню, каб маглі яе зразумець.

А нам вось ад пачатку ўсё было зразумела. Калі коратка, то «soft-натур-прадукт» зводзіўся да ідэі, што геаметрычная форма сама па сабе можа настройваць і актывізаваць нейкія невядомыя сілы — так званыя «палі рэгенерацыі». Так, напрыклад, гіпербалічная форма мусіла без анічога апрасняць салёную ваду, а іншая форма — амалоджваць арганізм.

Двухполасцевы гіпербалоід, які палямі рэгенерацыі мусіў апрасняць ваду

Каб здаць яе прадмет, мы на поўным сур’ёзе праглядалі апошнія навінкі расійскага РэнТБ, да чыйго кантэнту выкладчыца, відавочна, мела прыхільнасць. Сімвалічнасць лічбаў, міфалогія і народная этымалогія ўзроўню Міхаіла Задорнава — усё гэта магло дапамагчы атрымаць залік. Наш праект «Пасейдон» адразу захапіў Гаўрыкаву. Сімвалізм быў у назве: паводле легенды, бог мора Пасейдон даў афінянам ваду, але яна аказалася салёнай, цяпер жа праз палі рэгенерацыі двухполасцевага гіпербалоіда яна мусіла стаць прэснай і пітной.

Але Гаўрыкава бачыла больш: «Пасейдон гэта пасей дон. Дон — гэта вада. Пасей ваду!». За сваё геніяльнае гіпербалічнае збудаванне і назву мы атрымалі 10-кі.

Урывак курсавой па «софт-натур-прадукце»

Публікацыі Гаўрыкавай дагэтуль можна адшукаць на рэпазітарыі БНТУ:

«Эстэтычна наладжвальная здольнасць вобраза выступае ў праяве яе матэматычнага носьбіта формы. Ствараецца інфармацыйны алгарытм, актывацыя якога заклікана пераўтвараць задуму ў soft-натур-прадукт. Па сутнасці, архітэктар ва ўмовах экспансіі інфармацыйных тэхналогій у творчым працэсе абавязаны вырашаць тэарэму Пуанкарэ і стварыць структурны алгарытм, сумешчаны з лікам».

Псеўданавуковы артыкул Гаўрыкавай у рэпазітарыі БНТУ 

«Разгляданая геліясістэма ўяўляецца як біялагічна актыўная неасферная сістэма трыянгуляцыі ў шматсувязнай структуры сфероіда, пагружанага ў слабаіянізаваную ваду, інакш званую цяжкай. Пад ціскам вадкасці ў сфероідзе ўзнікае жорстка структураваны працэс цыклічнага ўзаемадзеяння n-мерных разнастайнасці з утварэннем сумешчанага поля пры 0≤n≤6

У адпаведнасці з тэорыяй МАС (матэматычныя аналагавыя сістэмы) для геаметрычнага праграмавання, распрацаванай аўтарам публікацыі, у асяроддзі апускання «геліякветкі» ствараюцца слабыя токі, якія структуруюць палі генерацыі».

Галоўны тэхнічны ўніверсітэт краіны лічыць гэта вартым таго, каб на працягу гадоў публікаваць у навуковых зборніках.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары12

  • CV
    27.02.2024
    Студент, цяпер яшчэ і адпрацоўваць на сяле будуць такую "навуку"
  • мясцовы2
    27.02.2024
    Гэта не іначай як дыверсія на інтэлектуальны патэнцыял беларусаў. За такое крыміналку трэба ўводзіць.
  • Ганьба
    27.02.2024
    Паараў, дзякуй :)

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд1

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд

Усе навіны →
Усе навіны

Міністр спорту Кавальчук выйграў расійскі-беларускі турнір па більярдзе ФОТАФАКТ2

Яшчэ каля 800 беларусаў дадалі ў расійскую базу вышуку за паўгода. Праверце сябе і блізкіх2

Беларускія кампаніі пастаўляюць у Расію заходнія мікрасхемы ў абыход санкцый — новае расследаванне5

Памёр былы рэгіянальны начальнік КДБ Іван Корж12

У Хойніцкім раёне воўк напаў на вартаўніка, а потым на міліцыянераў, якія прыехалі на выклік1

Арыштавалі маёмасць уласніка кампаніі па вырабу надмагілляў. Ён падмануў сотні беларусаў на мільёны рублёў

У доме на праспекце Незалежнасці знайшлі таемны пакой1

Наступствы ДТЗ у Лідскім раёне з чатырма загінулымі: кіроўцу затрымалі

Скандал у каралеўскай сям'і Нарвегіі: сына прынцэсы абвінавачваюць у сэксуальным гвалце7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд1

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд

Галоўнае
Усе навіны →