Грамадства1717

Гісторыя вялікага кахання і вялікай адзіноты жонкі Лукашэнкі

Сям'я Аляксандра Лукашэнкі вялікая і вельмі публічная. Двое яго сыноў, Віктар і Дзмітрый, займаюць высокія пасады і часта з’яўляюцца ў прэсе. Малодшы, Коля Лукашэнка, паўсюль суправаджае бацьку. Нявестка Лукашэнкі, Ганна Сялук, цяпер стала паэткай і лаўрэатам мноства дзяржаўных узнагарод. Нават унучка Лукашэнкі вядзе тэлеперадачу па БТ. Але аднаго чалавека з гэтай сям'і вы нідзе не ўбачыце.

Першая і адзіная жонка Лукашэнкі, Галіна Радзівонаўна, так і засталася жыць у вёсцы пад Магілёвам. Яны афіцыйна не разведзеныя, але Галіны Лукашэнкі няма на сямейных фота, яна не дае інтэрв'ю і нідзе не бывае разам з мужам або дзецьмі.

Расказваем, пра пакручасты лёс Галіны Лукашэнкі, яе знаёмства з мужам, гісторыю іх кахання і разлукі. А таксама адказваем на пытанні, якім жыццём яна жыве цяпер, як ставіцца да Колі, чаму яе муж не пайшоў на развод і што яна атрымае ў выпадку ягонай смерці.

Вучыліся разам, а будучая цешча ўгаварыла Лукашэнку паступаць на гісторыка

Галіна Радзівонаўна Жаўняровіч нарадзілася 24 студзеня 1955 года, на пяць месяцаў пазней за свайго будучага мужа. У дзяцінстве сям’я жыла ў Вілейскім раёне — на радзіме бацькі. Але пасля Жаўняровічы пераехалі ў Шклоўскі раён. Маці Алена Фёдараўна ўладкавалася настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў школу вёскі Александрыя, туды ж узялі і яе дачок. 

У гэтую ж школу хадзіў і Аляксандр Лукашэнка, які вылучаўся сярод іншых дзяцей. Ён добра вучыўся, вёў школьныя вечары, быў камсамольскім актывістам і відавочна прыцягваў увагу многіх дзяўчат. Але ж, нягледзячы на сваю папулярнасць, хлопец закахаўся ў сціплую Галю Жаўняровіч, якая вучылася на адзін клас ніжэй. Як згадвала пазней Галіна, сышліся яны праз кніжкі. Бо ў школьныя часы Лукашэнка і чытаць любіў, і сам пісаў вершы. Ён нават насіў іх у шклоўскую раёнку, спадзеючыся на публікацыю, але ж — не ўзялі. Лукашэнка прызнаваўся, што плакаў пасля такой адмовы.

Сустрэча з народам. Фота: vkurier.by

Маці Галіны Жаўняровіч была не супраць кавалера: хлопец быў разумны, выхаваны і паважлівы да яе дачкі. Ён хадзіў на спатканні з Александрыі — па чатыры кіламетры пешкі ў любое надвор’е. Маладыя звычайна сядзелі дома, прычым кавалер саромеўся бацькі сваёй дзяўчыны.

Разам з Галінай Лукашэнка атрымаў аднаго з самых галоўных людзей у жыцці — менавіта будучая цешча пераканала хлопца паступаць на гісторыка. Гэта, на думку жанчыны, адкрывала перад падлеткам вялікія перспектывы — яна казала, што той стане дырэктарам школы. Сам жа ён хацеў стаць журналістам — але прыслухаўся да парады і падаў дакументы на гістарычны факультэт магілёўскага педынстытута.

Як бачым, лукашэнкаўская цешча мела рацыю — перспектывы, праўда, адкрыліся настолькі вялікія, пра якія яна і падумаць не магла.

Праз год за Лукашэнкам на той жа гістфак таго ж магілёўскага педа паступіла і яго каханая. Яны распісаліся ў 1975-м — нявеста тады была на трэцім курсе, а жаніх толькі атрымаў дыплом. Ніякіх рамантычных гісторый з прапановай рукі і сэрца не было, вяселле было лагічным працягам стасункаў. Толькі вось новаспечаная цешча была не вельмі радая, бо меркавала, што яе дачцэ варта было давучыцца, перш чым акунацца ў сямейнае жыццё, але пратэставаць не стала. 

Год у бальніцах са старэйшым сынам

Вянчацца маладыя не сталі — хоць і былі вясковымі, але яны былі савецкімі людзьмі, маўляў, тады такое было не прынята. Неўзабаве пасля вяселля Лукашэнку забралі ў армію, а яго жонка засталася ў Магілёве. Але хутка вучоба адышла на другі план, бо ў канцы лістапада ўсё таго ж 1975 года ў маладой сям’і нарадзіўся сын Віктар.

Аляксандр Лукашэнка з сынам Віктарам. Фота: president.gov.by

Малы шмат хварэў у дзяцінстве, праз гэта яго маці нават давялося звольніцца з працы, а сям’і — перасяліцца з абласнога цэнтра на Шклоўшчыну.

Як казала Галіна ў адным з нешматлікіх інтэрв’ю, амаль год яна правяла са старэйшым сынам у бальніцах, пакуль нейкі доктар не параіў ім перабрацца ў вёску. Так і зрабілі. «Саша таксама тады не думаў пра кар'еру — мы ратавалі сына», — казала яна. 

У выніку, ці то сапраўды дапамагло вясковае паветра, ці то проста пашанцавала, але старэйшы сын Лукашэнак адужаў. А ў 1980-м нарадзіўся і другі сын — Дзмітрый.

Строгія правілы ў сям'і

На той момант Аляксандр Лукашэнка ўжо рабіў першыя крокі ў якасці ўпраўленца, але нідзе не мог затрымацца надоўга. Ён быў і сакратаром камітэта камсамола ў магілёўскім аддзеле прамгандлю, і інструктарам аднаго з райвыканкамаў, а таксама паслужыў зампалітам у танкавай роце. У Шклове ён паспеў папрацаваць адказным сакратаром таварыства «Веды», намеснікам старшыні калгаса «Ударнік», сакратаром парткама калгаса імя Леніна, і нават намеснікам дырэктара камбіната будаўнічых матэрыялаў. Паралельна Лукашэнка завочна адвучыўся ў сяльгасакадэміі ў Горках, бо хацеў кіраваць калгасам, — і гэта ўсё цягам дзесяці гадоў. Ягоная жонка ў гэты час працавала ў дзіцячым садку, каб быць побач з дзецьмі. 

У 1987-м 33-гадовага Аляксандра Лукашэнку прызначылі дырэктарам саўгаса «Гарадзец». Гэта была адна з найгоршых гаспадарак у раёне, якую малады кіраўнік актыўна ўзяўся падымаць з каленаў.

Фота: president.gov.by

Ішла перабудова з эканамічнымі рэформамі, і малады старшыня стаў прыхільнікам арэнднага падраду. Энергічнага наватара заўважылі на ўзроўні вобласці і нават аднойчы ўзялі ў Маскву на нараду да Міхаіла Гарбачова. У дырэктара «Гарадца» з кіраўніком СССР нават здарыўся невялікі дыялог, які істотна падняў лукашэнкаўскую самаацэнку.

Акрамя інавацыйных метадаў працы, Лукашэнка выкарыстоўваў і даволі традыцыйныя. Аднойчы на яго завялі крымінальную справу за збіццё трактарыста. Абвінавачаны сцвярджаў, што ўдарыў свайго падначаленага за тое, што той п’яным кінуў трактар. Работнікі ж казалі, што выпадак збіцця — далёка не адзіны. У выніку крымінальную справу вынеслі на сесію раённага савета. На ёй Лукашэнку падтрымалі іншыя дэпутаты, сярод якіх было шмат ягоных калег. На гэтым тая гісторыя і скончылася.

Дарэчы, біў Лукашэнка не толькі тых, з кім працаваў, але і сваіх сыноў. Ён расказваў, што выкарыстоўваў рэмень для выхавання старэйшага сына Віктара. 

Аляксандр Лукашэнка з сынамі Віктарам і Дзмітрыем. Фота: president.gov.by

Жонка ж у справы мужа ніколі не ўмешвалася. Яна шчыра прызнавалася, што прывыкла заўсёды саступаць мужу. 

У 1990 годзе Лукашэнка стаў дэпутатам Вярхоўнага савета БССР. З гэтага моманту пачынаецца ягоная палітычная кар’ера, якая цягнецца і па сёння. Адразу ж ён выставіў сваю кандыдатуру на пасаду старшыні камісіі па сельскай гаспадарцы і харчаванні. Гэта б дазволіла перабрацца ў Мінск і трапіць у прэзідыум парламента. Але Лукашэнку не падтрымалі іншыя дэпутаты, і яму прышлося працягваць кіраваць саўгасам.

Але гаспадарка турбавала Лукашэнку ўсё менш, ён быў захоплены вялікай палітыкай, тым больш новы статус значна аблягчаў вырашэнне шматлікіх пытанняў. Дэпутат з трыбуны парламента распінаў кіраўніцтва краіны, спачатку савецкае, а пасля і незалежнае, выступаў супраць распаду Савецкага саюза і нават адмовіўся выходзіць з камуністычнай партыі. 

Пры пад'ёме па кар'ернай лесвіцы жонка адышла на другі план

У 1993-м наступіў ягоны зорны час — Лукашэнка ўзначаліў часовую камісію Вярхоўнага савета па барацьбе з карупцыяй. На адной з сесій ён выступіў з палымяным дакладам. Ён эмацыйна расказваў пра хабары, пра прыватызацыю па заніжаных цэнах і махінацыі з крэдытамі. Намінальнага кіраўніка краіны Станіслава Шушкевіча Лукашэнка абвінаваціў у крадзяжы скрыні цвікоў.

Хаця агулам нічога новага не было сказана, у свядомасці многіх беларусаў дэпутат застаўся харызматычным змагаром за справядлівасць. Бо прамову круцілі па радыё, і многія яе слухалі. На кані барацьбы з карупцыяй Лукашэнка скача ўсё сваё палітычнае жыццё, але да канчатковай перамогі ён нават не наблізіўся.

Падобна, што з пад’ёмам па палітычнай лесвіцы на другі план адышла не толькі праца, але і сямейнае жыццё. Папулярны дэпутат ніколі нідзе не з’яўляўся са сваёй жонкай. На адным з нешматлікіх відэа з яе ўдзелам яна займаецца хатнімі справамі асобна ад мужа, які пазіруе камерам з сынамі.

І нават на прэзідэнцкіх выбарах 1994-га Лукашэнка галасаваў толькі ў кампаніі дзяцей, Віктара і Дзмітрыя.

Галіна Лукашэнка (злева). Фота: ТАСС

Іншых прычын, акрамя сямейных праблем, складана знайсці таму факту, што пасля абрання прэзідэнтам Галіна Лукашэнка не захацела ехаць за мужам у Мінск. Так, спачатку трэба было даглядаць за сынам-школьнікам і маці. Але паступова абодва сыны перабраліся да бацькі ў сталіцу, а Галіна так і засталася жыць адна ў вёсцы Рыжкавічы пад Шкловам. Лукашэнка не пераконваў яе пераехаць у Мінск, але ў той жа час яны і не афармлялі разводу.

Галасавала супраць рускай мовы і прывыкла жыць без мужа

Цікава, што як мінімум аднойчы Галіна Лукашэнка рашылася не пагадзіцца з мужам. У 1995 годзе ён ініцыяваў рэферэндум, адным з пытанняў якога было наданне рускай мове статусу дзяржаўнай. Народ тут кіраўніка краіны падтрымаў, але не ягоная жонка.

Журналістам яна расказала, што галасавала супраць. Са слоў Галіны Радзівонаўны, ёй было вельмі шкада, што людзі ў такой вялікай колькасці выказаліся за рускую мову. Зрэшты, жанчына выказала ўпэўненасць, што беларуская мова не знікне. Цытата: «Матчына мова будзе жыць заўсёды. Я ў гэта веру».

Галіна Лукашэнка з сынамі

У 1996 годзе першая ледзі Беларусі дала яшчэ адно невялікае інтэрв’ю. Яна расказала, што самы любімы час для яе — лета, бо на канікулы прыязджаюць дзеці. Таксама Галіна Лукашэнка прызналася, што Новы год сустракае разам з сынамі — але не з мужам. Вось красамоўная цытата з той гутаркі:

«Я прывыкла жыць без мужа, і мне гэта асаблівых цяжкасцяў не прычыняе. Адзінокай я сябе не адчуваю. Са мною мае дзеці». 

Яшчэ адна невялікая, але адметная дэталь. У тым жа інтэрв’ю жонка называе Лукашэнку не Аляксандрам ці Сашам, а іменем па бацьку: Рыгоравіч.

Падарожжы і маёмасць Галіны Лукашэнкі

Праз пару гадоў свайго прэзідэнцтва Аляксандр Лукашэнка, падобна, паклапаціўся пра сціплую кар’еру жонкі. У 1998 годзе яна ўзначаліла аддзел Магілёўскага аблвыканкама па аздараўленні насельніцтва. Яна займалася размеркаваннем пуцёвак у санаторыі. На святы жанчына ездзіла да сыноў у Мінск, бывала і ў рэзідэнцыі свайго мужа, але прызнавалася, што гаспадыняй ніколі там сябе не адчувала — бо там не жыве. У сталіцы першая ледзі Беларусі любіла пайсці ў тэатры і па крамах. У сваіх нешматлікіх інтэрв’ю яна расказвала, што шчаслівая, бо яе ніхто не пазнае на вуліцы. Таксама Галіна Радзівонаўна казала, што Лукашэнка, хоць і жыве асобна, але дапамагае ёй матэрыяльна. І прызнавалася, што ўсё яшчэ кахае свайго мужа.

У сярэдзіне нулявых жонка Лукашэнкі расказвала, што ніколі не была за мяжой. Але з выхадам на пенсію гэта выправілася дзякуючы нявесткам і ўнукам.

З 2010 года Галіна Лукашэнка дзясяткі разоў вылятала адпачываць за мяжу, прычым не звычайнымі рэйсамі, а на прыватных самалётах і нават на ўрадавым бізнэс-джэце. Геаграфія шырокая — ад аўстрыйскага Інсбрука да сталіцы Катара Дохі (такую інфармацыю здабыў Альянс расследавальнікаў Беларусі з дапамогай «Кіберпартызанаў»).

Каля пяці гадоў таму галоўная пенсіянерка Беларусі перасялілася са звычайнага цаглянага дома ў Рыжкавічах у сучасны драўляны, агароджаны высокім плотам і аточаны відэакамерамі. Побач жывуць бацькі жонкі яе сына Віктара. Цікава, што папярэдняе жытло Галіны Лукашэнкі перадалі ў камунальную ўласнасць, і там некаторы час жыў кіраўнік Шклоўскага райвыканкама.

Дом, дзе цяпер жыве Галіна Лукашэнка. Фота: «Радыё Свабода»

Нягледзячы на шыкоўны дом, па дакументах першая ледзі Беларусі жыве вельмі сціпла. Згодна з дэкларацыяй, якую Аляксандр Лукашэнка падаў перад апошнімі выбарамі, даходы яго жонкі складалі толькі пенсія і дывідэнды ад акцый Шклоўскага масларобчага завода. Усяго за 2019 год яна атрымала 5560 рублёў — гэта 463 рублі на месяц, ці каля 220 даляраў.

Таксама ў яе ва ўласнасці пазначаны 196-метровы дом у Шклове і яшчэ палова, якая дасталася ў спадчыну ад маці. У той жа час Аляксандр Лукашэнка афіцыйна зарабляў у 21 раз больш за жонку — каля 10 тысяч рублёў штомесяц. Але ў яго зусім не аказалася ніякай маёмасці.

З грашыма ёсць адзін цікавы нюанс. Нядаўна Лукашэнка ўнёс змены ў закон «Аб прэзідэнце Беларусі». Згодна з імі, пасля смерці кожны член яго сям’і будзе штомесяц атрымліваць суму ў памеры штомесячнай прэзідэнцкай зарплаты — а гэта каля 4 тысяч даляраў. Такім чынам, як толькі яе мужа не стане, сярэдняя па беларускіх мерках пенсія Галіны Радзівонаўны можа раптам ператварыцца ў куды большую суму. 

Галіна і Коля

Таксама варта закрануць яшчэ адзін далікатны момант. У красавіку 2008 года Лукашэнка з’явіўся на суботніку з маленькім хлопчыкам. Праз некаторы час высветлілася, што гэта ягоны трэці сын Мікалай. А яго маці — не афіцыйная жонка Галіна, а асабістая доктарка Лукашэнкі Ірына Абельская. 

Тэму суіснавання шлюбу і пазашлюбнага дзіцяці публічна ўздымала толькі расійская журналістка Ксенія Сабчак 10 гадоў таму. У інтэрв’ю Лукашэнка назваў сваю жонку прыстойнейшым чалавекам і сказаў, што разводзіцца не збіраецца, бо нікому ад гэтага лепш не стане. 

Ззвяртала на сябе ўвагу ў гэтай размове яшчэ і вельмі цёплае стаўленне да цешчы. У гасцях ў Алены Фёдараўны Жаўняровіч зяць сапраўды бываў даволі часта. Прычым не адзін: прывозіў да яе і малодшага сына Колю, і ўплывовых гасцей. На вядомым фота ў кампаніі з Аленай Жаўняровіч і двума Лукашэнкамі стаяць доктарка Святлана Канашэнка, спявачка Алёна Ланская, тэлевядучая Паліна Шуба і бізнэсоўцы Сяргей Цяцерын ды Аляксандр Шакуцін. Прычым, цікавы момант: Алена Жаўняровіч расказвала журналістам, што пра прыезд свайго вядомага зяця дазнавалася не ад яго асабіста, а праз міліцыю. Маўляў, прыходзілі і казалі, каб была дома. А пасля ўжо прыязджаў Лукашэнка. Пакуль ён наведваў любімую цешчу, на вуліцы вакол хаты дзяжурылі ахоўнікі.

Цешча Лукашэнкі Алена Жаўняровіч. Фота: Tut.by

Таксама Алена Фёдараўна казала, што любіць свайго зяця, як сына, і вельмі шкадуе яго. Бо бачыла, якая нялёгкая ягоная праца. Жанчына дадавала, што не бачыць яму альтэрнатыў і што калі ў Беларусі ўсё добра, то і не трэба нічога мяняць. 

Алены Жаўняровіч не стала ў 2019-м, яна памерла на 91-м годзе жыцця. Каб развітацца з цешчай, Лукашэнка нават змяніў свае працоўныя планы: ён мусіў ляцець у Арменію. Але адклаў вылет на дзень, каб прыйсці на пахаванне. 

Трапіла пад санкцыі 

Апошнія згадкі пра першую лэдзі Беларусі датуюцца першымі месяцамі 2022 года.

Пасля расійскага ўварвання ва Украіну Галіна Радзівонаўна Лукашэнка трапіла пад санкцыі ЗША, Украіны, Аўстраліі і нават Новай Зеландыі. Відавочна, складальнікаў спісу не вельмі цікавілі акалічнасці прыватнага жыцця Аляксандра Лукашэнкі, проста пад бан уключылі ўсю яго сям’ю. 

Аднойчы ў інтэрв’ю Галіна Лукашэнка адзначыла, што сама выбрала сабе такое жыццё, і адзінота яе не абцяжарвае. Ці праўда гэта — хто яго ведае. У той час, як яна будзе налета адзначаць 70-гадовы юбілей, Аляксандр Лукашэнка будзе ісці на сёмы тэрмін ва ўладзе. Магчымасць пажыць на пенсіі спакойным вясковым жыццём ён даўно упусціў. А для яго жонкі Галіны вясковае жыццё ды вялікі пусты дом — усё, што засталося ад 30-гадовага прэзідэнцтва мужа.

Каментары17

  • даведка
    23.06.2024
    [Рэд. выдалена]
  • даведка
    23.06.2024
    Рэд., это, между прочим, литературное слово.)
  • не суди да не судим будешь
    23.06.2024
    [Рэд. выдалена]

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»2

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Усе навіны →
Усе навіны

Расія ўпершыню выкарыстала супраць Украіны балістычную ракету новага тыпу. Што гэта можа змяніць14

Пад Мінскам на дарогу выскачыла казуля — перакуліўся МАЗ ФОТАФАКТ

У сеціве з'явілася відэа, магчыма, першага ў гісторыі прымянення новых расійскіх балістычных міжкантынентальных ракет2

Жыхар Віцебска патэлефанаваў у банк і «падарваў асабістыя якасці Лукашэнкі». Яго адправілі ў калонію2

Вазняк падтрымаў Канапацкую і запэўніў, што яна будзе дабівацца вызвалення палітвязняў21

Вось што Меркель напісала пра Трампа ў сваіх мемуарах10

Урсула фон дэр Ляен аказала першую дапамогу пасажыру на борце самалёта3

Расія ўдарыла па Дняпры балістычнай ракетай новага тыпу7

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»2

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Галоўнае
Усе навіны →