Кіно44

28 топавых серыялаў ад «Нашай Нівы» — выберыце свае!

У канцы 2022-га журналісты «Нашай Нівы» сабралі топ любімых серыялаў — больш за тры дзясяткі вельмі розных праектаў. Але ж за паўтара года выйшла яшчэ нямала цікавага, ды і не ўсё мы ахапілі ў першым тэксце. Таму прэзентуем новы топ серыялаў ад Рэдакцыі — тут будзе што выбраць.

Фота: кадры з трэйлераў серыялаў «Апошнія з нас» і «Тэгеран»

Драмы і камедыі

Карона (The Crown)

Сёлета на шостым сезоне скончыўся брытанскі серыял «Карона» — адна з найлепшых драмаў апошніх дзесяцігоддзяў. Гістарычная дакладнасць толькі ўзмацняе мастацкую каштоўнасць серыяла. 

Цягам 60 серый мы разам з сям’ёй каралевы Лізаветы II перажываем выклікі яе валадарання, але гэта карціна не пра ўладу — яна пра сям’ю, доўг і тое, чым даводзіцца дзеля іх ахвяраваць. Кожны з замкнутых у залатой клетцы сямейнікаў каралевы раскрываецца да самай асновы. За гэтымі глыбокімі вобразамі стаяць як файныя брытанскія акцёры, так і дасціпная музыка Марціна Фіпса — без яе магія «Кароны» была б немагчымая.

Распрацоўшчыкі (Devs)

Міні-серыял «Распрацоўшчыкі» закранае пытанне месца чалавека ў свеце. Любая высокаразвітая тэхналогія неадрозная ад магіі, сцвярджаў фантаст Артур Кларк, але ці могуць тэхналогіі замяніць Бога? 

Гэтым пытаннем дражніць нават назва серыяла, Devs — гэта «распрацоўшчыкі» з англійскай, і Devs — гэта «Бог» з латыні (сёння Deus, але літара U узнікла як варыянт літары V толькі ў XIV стагоддзі). Такіх адсылак у серыяле хапае. Падзеі развіваюцца імкліва, але стваральнікі захавалі адчуванне размеранасці і няспешнасці ўнутры герметычнага свету, быццам адарванага ад рэальнасці. Гісторыя, візуальны і музычны рад серыяла зачароўваць.

Аленяня (Baby Reindeer)

Фільм, які пачынаецца як трагікамедыя-фарс, заснаваны на рэальным выпадку. Гэта кінаадаптацыя монаспектакля Рычарда Гэда.

Няўдачнік-стэндапер Доні Дан (яго грае сам Рычард Гэд) удзень працуе ў лонданскім бары, дзе яго пачынае даставаць дзяўчына-сталкер Марта. Прапанова пачаставаць дзяўчыну, у якой не было грошай на гарбату (а цэны ў Лондане нават на гарбату — огого), скончылася надта дакучлівай увагай. Марта за некалькі месяцаў напісала мужчыне тысячы паведамленняў, пераследавала яго на вуліцы і падчас стэндапаў, зрывала іх.

Высветлілася, што некалькі гадоў таму яна атрымала турэмны тэрмін за пераслед іншага мужчыны. Але і ў яе адносінах з Данам не ўсё так проста, як можа падацца. 

Палавое выхаванне (Sex Education)

Серыял, які доўга праляжаў у спісе запасных, таму што навошта глядзець кіно пра падлеткаў, калі табе не 16? Трэба прызнаць, што гэтае меркаванне было вельмі і вельмі памылковым. Вострыя пытанні пра сэкс, стасункі, бацькоўства, школу, сям’ю, сталенне, жыццё на дне.

Тут сабрана комба дзясяткаў праблем, з якімі літаральна кожны калі не сутыкаецца ў штодзённым жыцці, то назірае збоку. Прагляд можа быць у нейкім сэнсе сеансам псіхатэрапіі і дапамагчы пераасэнсаваць уласны досвед, каб не дапусціць памылак у стасунках з блізкімі ў будучыні.

Тэгеран (Tehran)

Агентка «Масада» прылятае пад прыкрыццём у Тэгеран, каб правесці дыверсію. Ёй трэба вывесці са строю супрацьпаветраную абарону, каб Ізраіль мог ударыць па ядзерным рэактары Ірана, але задума ідзе не па плане.

Двайныя агенты, каханне і рэўнасць, расправы з любым, хто мог дапамагаць агентцы «Масада» — усё гэта ёсць у «Тэгеране», ізраільскім шпіёнскім трылеры. Напружаны сюжэт трымае да канца (у серыяла два сезоны), і нават тады, калі падаецца, што можна выдыхнуць, падкідае новы сюрпрыз. Асобнае задавальненне — акцёры, падабраныя на ключавыя ролі.

Прызначаны пераемнік (Designated Survivor)

Палітычны трылер будзе сапраўднай інтэлектуальнай асалодай для тых, хто цікавіцца закуліссем вялікай палітыкі. Серыял мог бы называцца «Выпадковы прэзідэнт», таму што галоўны герой Том Кіркман, якога лічылі лузерам у амерыканскім урадзе, пасля выбуху Капітолія і гібелі прэзідэнта з усімі ягонымі асноўнымі пераемнікамі, становіцца адзінай альтэрнатывай для краіны. 

Стваральнікі серыяла ўплялі ў палітычныя гульні дэтэктыўную лінію, якая можа быць яшчэ цікавейшая за асноўную. Экс-агентка ФБР бярэцца расследаваць справу выбуху Капітолія і ў пошуках сапраўдных злачынцаў расплятае вялікі клубок загадак.

1670

Гэты польскі сатырычны серыял пра шляхту ад Netflix многіх скарыў. У цэнтры падзей — сямейства шляхціца Яна Паўла Адамчэўскага. Ён імкнецца стаць вялікім панам, варагуе з суседам, а яго дарослыя дзеці тым часам шукаюць свой шлях у гэтым жыцці — ад святарства да змагання за правы жанчын. Цудоўныя касцюмы і яркія характары персанажаў, прыпраўленыя якасным гумарам з адсылкамі да сучаснасці, не дадуць засумаваць.

Сховішча (Silo)

Шыкоўная антыўтопія пра жыццё 10 тысяч чалавек у глыбокім бункеры ў 144 паверхі, невядома калі і кім збудаваным. Кожны, хто тут апынуўся, абавязаны прытрымлівацца строгіх унутраных правіл. У кожнага свой кавалак працы і сваё месца ў сістэме. Насельнікаў бункера пераконваюць, што жыццё за межамі гэтай глыбокай ямы спынілася. Вялікае панарамнае акно з мёртвым краявідам на самым верхнім паверсе — адзіная сувязь з вонкавым светам.

Сутыкнуўшыся з несправядлівасцю, некалькі жыхароў пачынаюць шукаць праўду і задаваць пытанні. Як мы тут апынуліся? Чаму? Ці сапраўды жыццё за межамі бункера спынілася? А можа ўсё гэта вялікі падман?

Экспаты (Expats)

Серыял распавядае пра трох жанчын розных нацыянальнасцяў, якія воляю лёсу апынуліся ў Ганконгу. Маргарэт (Ніколь Кідман) — ландшафтны дызайнер, які не мае працы ў Гангонгу з яго шчыльнай забудовай і якая зайздросціць сяброўкам-аднагодкам у ЗША. Але ў Ганконгу яе трымае вялікі заробак мужа і розныя плюшкі. 40-гадовая Хілары — з багатай індыйскай сям’і з Лондана, кіруе дызайнерскім агенцтвам і марна спрабуе з мужам завесці дзіця. І 20-гадовая Мерсі — амерыканка карэйскага паходжання, якая збегла ў Ганконг ад дэспатычнай маці. 

Таксама ў міні-серыяле выпісаны вобразы іншых экспатаў: бедных жанчын-філіпінак, якія працуюць хатнімі гаспадынямі ў дамах Маргарэт і Хілары і гадамі не бачаць сваіх пакінутых на радзіме дзяцей і ўнукаў.

Фантастыка і фэнтэзі

Апошнія з нас (The Last of Us)

Выдатна зроблены серыял, які ў нечым ужо стаў легендарным. Па Амерыцы, ахутанай зомбі-апакаліпсісам, едуць дарослы мужчына і дзяўчынка-падлетак, каб пакласці канец смяротнай пандэміі. Сяброўства мяняе людзей і дае сілы выжыць нават у свеце зомбі, вучаць «Апошнія з нас», хаця тут ёсць, пра што падумаць і акрамя гэтага.

Дом Цмока (House of the Dragon)

«Дом Цмока» ад HBO больш нагадвае пастаноўкі шэкспіраўскіх драм і серыял «Карона», чым свайго вялікага папярэдніка — «Гульню тронаў». Гэта зусім іншы праект, няхай вас не ўводзяць у зман знаёмыя лакацыі і грозныя цмокі. 

Канфлікт тут найперш у сям’і, сярод блізкіх людзей, ён павольна выспяваў увесь першы сезон, каб стрэліць у канцы. Матывы і прычыны дзеянняў тут важнейшыя за самі дзеянні. У нейкі момант становіцца зразумелым, што няма ніякіх партый «зялёных» і «чорных», ёсць партыя жанчын, якая супрацьстаіць агрэсіўнаму мужчынскаму свету, што прагне заліць Вестэрос уласнай крывёю. Дыялогі персанажаў, сюжэтныя акцэнты і гульня акцёраў вартыя найвышэйшай пахвалы. 

Андар (Andor)

Серыял «Андар» — гэта прыквел да фільма «Ізгой-адзін», які палюбіўся фанатам Зорных войнаў. Стваральнікі вырашылі адысці ад касмаоперы пра «выбраных» са звышнатуральнай сілай, а сканцэнтравацца на простых людзях у няпростыя часы ўмацавання Галактычнай імперыі і зараджэння руху паўстанцаў. 

Гледачы могуць пабачыць, чым насамрэч жыве далёкая-далёкая галактыка, вачыма амбіцыйнага клерка, супрацоўніцы імперскай спецслужбы, гандляра антыкварыятам, сенатаркі Мон Мотмы і злачынца Касіяна Андара, якому давядзецца ператварыцца з цыніка ў героя. Менш светлавых мячоў, Сілы і іншых «вундэрвафляў», але больш інтрыг, палітыкі і палітычных рэпрэсій. 

Крымінал і дэтэктывы

Перапоўнены пакой (The Crowded Room)

Том Холанд («Чалавек-павук») і Аманда Сейфрыд («Мама міа!») аб’ядналіся ў гэтай нечаканай крымінальнай драме пра забойцу, якому пагражае шмат гадоў за кратамі. Выратаваць яго можа толькі псіхолаг, і іншыя дэталі вам лепш не ведаць, бо сапсуеце сабе ўражанне. У «Перапоўненым пакоі» ўсё не тое, чым падаецца, і хаця спачатку сюжэт можа выглядаць павольным, праявіце цярпенне — серыял таго вельмі варты.

Рыплі (Ripley)

Гісторыю абаяльнага злодзея Тома Рыплі шмат хто экранізаваў. Вясной 2024-га выйшла версія знакамітага сюжэту ад Netflix, і гэта густоўны серыял не для ўсіх з ірландцам Эндру Скотам у галоўнай ролі. Вас чакае цягучы нуар са стылёвым саўндтрэкам, вытанчанай аператарскай працай і тонай мінімалізму — серыяльныя босы рэдка радуюць нас такой смакатой.

Прэзумпцыя невінаватасці (Presumed Innocent)

У 1988 годзе Скот Тураў напісаў аднайменны раман, а ў 1990-м па ім быў зняты фільм з Харысанам Фордам у галоўнай ролі — намеснік акруговага пракурора ў Чыкага Расці Сабіч.

Сюжэт наступны: жорстка забіваюць калегу Сабіча Каралін Палемус, прычым імітуюць пад забойства прастытуткі, расследаваннем якога і займалася Каралін. Сабічу даручаюць расследаванне, але хутка яго абвінавачваюць у забойстве: высвятляецца, што Расці і Каралін былі каханкамі. Развязка сюжэту вас здзівіць.

Шугар (Sugar)

Джон Шугар (Колін Фарэл)— прыватны дэтэктыў, які спецыялізуецца на пошуку зніклых дзяцей і атрымлівае за гэта вялікія грошы. Да яго звяртаецца яго любімы галівудскі кінапрадзюсар, просячы знайсці сваю ўнучку Алівію. Раней дзяўчына мела вялікія праблемы з наркотыкамі, але стала на шлях выпраўлення. 

Шугар — паліглот, любіць сабак, дапамагае бяздомнікам. Праўда, у яго таксама ёсць свае шкілеты ў шафе, а фільм у канцы зробіць нечаканы (або чаканы) паварот. 

Фільм пастаянна перабіваецца адсылкамі да фільмаў «Залатога веку Галівуду», дэманструюцца кадры любімых стужак Джона Шугара. Сцэнарыст Марк Пратасевіч зрабіў некалькі кадраў, дзе паказаў выдуманыя фільмы, стылізаваўшы іх пад фільмы 1940-1950-х. Словам, серыял у найлепшых традыцыях каралёў дэтэктыва часоў Рэйманда Чандлера і Дэшыла Хэмета. 

Берлін (Berlin)

Калі вы глядзелі іспанскі серыял пра грандыёзныя рабаванні «Папяровы дом», то і «Берлін» вы дакладна ацэніце. Берлін — мянушка аднаго з галоўных герояў банды рабаўнікоў «Папяровага дому». У серыяле яму дасталася роля сапраўднага падонка. Але бліжэй да фіналу ягоная асоба раскрываецца зусім з іншага боку: мы бачым яго самаахвярным жыццялюбівым чалавекам, здольным на моцнае каханне.

У серыяле «Берлін» нарэшце мы можам занырнуць у ягоную гісторыю і пабачыць яго ў самым выйгрышным святле ў аповедзе пра яшчэ адно вельмі амбіцыйнае і прыгожае рабаванне.

Бодкін (Bodkin)

Тры чалавекі прыязджаюць у ірландскі гарадок Бодкін, каб рабіць крымінальны падкаст пра знікненне трох дзяцей на Хэлоўін (ірландцы кажуць Самайн) 20 гадоў таму. Двое малых зніклі бясследна, трэці хутка знайшоўся, але нічога не памятаў.

Што гэта за троіца прыезджых? Амерыканец — аўтар папулярнага падкаста ў ЗША, які шукае свае ірландскія карані і захапляецца ўсім ірландскім. Топавая і бескампрамісная журналістка з «Гардыян» (актрыса Шыван Кален), якая вымушана збегчы з Лондана і залегчы на дно ў Бодкіне, бо яе інфарматар скончыў жыццё самагубствам і супраць яе адкрыта расследаванне. І маладая практыкантка, якая ў прафесійным сэнсе закаханая і ў падкастэра, і ў журналістку.

Эрык (Eric)

Вінсэнт (Бенедыкт Камбербетч) вядомы ў Нью-Ёрку 1980-х лялькавод, аўтар папулярнага дзіцячага шоу, якое, праўда, пачынае губляць рэйтынгі. Вінсэнт часам выпівае, пастаянна сварыцца з жонкай, што чуе дзевяцігадовы сын Эдгар. Сын раіць зрабіць яму новую ляльку, монстра Эрыка, але Вінсэнт яго не чуе.

Аднойчы Эдгар па дарозе ў школу знікае. Вінсэнт лічыць, што калі зробіць новую ляльку-монстра Эрыка, сын абавязкова знойдзецца. Адзін са слоганаў фільма: «Монстры не жывуць пад ложкам, яны жывуць сярод нас». Ці знойдзецца хлопчык?

Гід па забойствах добрай дзяўчынкі (A Good Girl's Guide to Murder)

У ціхім англійскім гарадку жыве 17-гадовая школьніца Піпа (Эма Маерс), якая ў якасці выпускнога праекта ў школе хоча раскрыць забойства пяцігадовай даўніны.

Тады загадкавым чынам загінула 17-гадовая Эндзі Бэл, і галоўным падазраваным стаў яе хлопец Сэл Сінгх. Ён прызнаўся ў забойстве па смс і, не дачакаўшыся арышту, скончыў жыццё самагубствам. Паліцыя і жыхары горада ўпэўненыя, што менавіта Сэл забіў Эндзі. Піпа і брат Сэла ўпэўненыя ў адваротным. 

Лесвіца (Staircase)

Аўтара ваенных кніг і грамадскага дзеяча Майкла Пітэрсена (яго грае Колін Фёрт) абвінавачваюць у тым, што ён забіў жонку Кэтлін (Тоні Колет) — топ-менеджарку тэлекамунікацыйнай кампаніі. Яе знаходзяць моцна збітай каля лесвіцы.

У сям’і пяцёра дзяцей. Двое сыноў — дзеці Майкла ад першага шлюбу, адна з дачок — дачка Кэтлін ад першага шлюбу, і дзве прыёмныя дачкі. Аднаго з сыноў грае, прабачце за таўталогію, сын Арнольда Шварцэнегера Патрык. Уся сям’я ўцягнута ў судовае разбіральніцтва, якое і ў рэальнай гісторыі, і ў фільме зацягнулася на некалькі гадоў. 

Мэйр з Істтаўна (Mare of Easttown)

Падзеі адбываюцца ў гарадку Істтаўн (Пенсільванія) — гэта збіральны вобраз амерыканскай глыбінкі. Галоўная гераіня — 45-гадовы дэтэктыў паліцыі Мэйр Шыэн (Кейт Уінслет). Год таму яна не змагла расследаваць знікненне 17-гадовай дзяўчынкі, за што атрымлівае на арэхі ад мясцовага насельніцтва і маці дзяўчынкі. 

Неяк у Істтаўне забіваюць 17-гадовую маці-адзіночку, і Мэйр бярэцца за справу, а паралельна стараецца знайсці шчасце ў сваім жыцці. Пару гадоў таму скончыў жыццё самагубствам яе сын, яна імкнецца атрымаць апеку над яго сынам, бо яе нявестка непуцёвая і схільная да наркотыкаў. Цікавы вобраз дачкі Мэйр — 17-гадовай дзяўчыны Шыван, якая пакутліва робіць выбар паміж грамадскім і асабістым.

Забойствы ў адным будынку (Only Murders in the Building)

Як жа складана зрабіць класны камедыйны серыял! Але стваральнікам гісторыі пра таямнічыя забойствы ў доме на Манхэтане гэта ўдалося. Па сюжэце, у доме выпадкова знаходзяць адно аднаго аматары крымінальных падкастаў: пасівелая зорка некалі папулярнага крымінальнага серыяла, геніяльны эксцэнтрычны рэжысёр і маладая таямнічая дзяўчына, якая ў гэтым элітным раёне ўсяго толькі часовая госця. Гэтая роля, дарэчы, дасталася Селене Гомез.

Калі ў іх доме ў цэнтры Нью-Ёрка адбываецца сапраўднае забойства, гэтая троіца бярэцца за расследаванне. І за тым, як яны вядуць справу, можна назіраць бясконца.

Вострыя брылі (Peaky Blinders)

Дзіўна, што гэты серыял не трапіў у нашу мінулую падборку, бо ён адназначна павінен быць у спісе найлепшых. Галоўную ролю гэтай гангстарскай сагі пра групоўку цыганскіх бандытаў з Бірмінгема грае непаўторны Кіліян Мёрфі. Гісторыя заснаваная на рэальных падзеях, што само па сабе каштоўна.

У шасці сезонах мы становімся сведкамі змагання за ўплыў, грошы, рынкі, мы назіраем няпростыя сямейныя адносіны, каханне і смерць. Атмасфера серыяла ўнікальная. У кожным вобразе, кожным кадры адчуваецца вялікі густ і бездакорны стыль.

Супергероі і жахі

Уэнсдэй (Wednesday)

Калі вы любіце фільмы пра Гары Потэра, то гэты серыял трапіць вам у самае сэрца. Варта глядзець дзеля казачнай атмасферы, ну і дзеля таго самага танца, ад якога шалеў увесь тыкток.

У гэтым серыяле ад Netflix расказваецца пра юную чараўніцу з сямейкі Адамс, якая прыехала ў акадэмію для дзяцей з незвычайнымі талентамі. Там яе чакае не толькі новае сяброўства, але і таямніца, якую трэба раскрыць.

Падзенне дома Ашэраў (The Fall of the House of Usher) / Паўночная імша (Midnight Mass)

«Падзенне дома Ашэраў» і «Паўночная імша» — гэта міні-серыялы майстра кінажахаў Майка Флэнагана. Абедзве гісторыі натхнёныя гатычнай літаратурай, у «Падзення дому Ашэраў» цалкам канкрэтная літаратурная першакрыніца — творы Эдгара Алана По. 

Як гэта магло здарыцца? Што будзе далей? Хто застанецца ў жывых? Містычная атмасфера жаху трымае ў напружанні да апошняй серыі. Нягледзячы на гэтую містыку, стваральнікі серыялаў даюць зразумець, што зло — выбар людзей, а страшныя пачвары — толькі сляпыя выканаўцы іх выбару. Флэнаган з серыяла ў серыял амаль не змяняе акцёраў, таму асобнае задавальненне дастаўляе сачыць за майстэрскім пераўвасабленнем ліхадзеяў у святош, а ахвяр у спакуснікаў.

Кабінет дзіваў Гільерма дэль Тора (Guillermo del Toro's Cabinet of Curiosities)

Калі вы ўжо засумавалі па «Чорным люстэрку», то гэты серыял для вас. Восем містычных эпізодаў жахаў ад Гільерма дэль Тора прыкоўваюць да экрана так, што немагчыма адарвацца. У працэсе прагляду давядзецца перажыць усю гаму пачуццяў і шмат разоў задаць нямое пытанне: што я толькі што пабачыў? Гэтыя гатычныя казкі, як бы вы іх ні ацанілі, раўнадушнымі вас не пакінуць. А тое, як яны знятыя, сама карцінка — гэта сапраўднае майстэрства і мастацтва.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары4

  • Джо
    10.08.2024
    Раю ўсім паглялзець Chernobyl (Netflix) і фільм The Death of Stalin.
  • Мудры дзед
    10.08.2024
    Што можа быць тупей за прагляд серыялаў? Хіба што тыкток.
  • А дзе свежы Becoming Karl Lagerfeld?
    11.08.2024
    Візуальна найбагацейшы серыял, якому вымучаны мінімалізм Рыплі ў падмёткі не гадзіцца.

У якіх чатах сядзеў губазікавец Артур Гайко і што там пісаў? 11

У якіх чатах сядзеў губазікавец Артур Гайко і што там пісаў? 

Усе навіны →
Усе навіны

Германія і ЗША блакіруюць запрашэнне да ўступлення ў НАТА для Украіны, але не толькі яны21

У Беларусі прадаюць будынкі сядзібы роду ВКЛ, дзе ў свой час працаваў настаўнікам Янка Купала. Колькі просяць?1

Пуціну эксклюзіўна паказалі прататып валюты БРІКС, «якая абрыне даляр». Мы адшукалі арыгінал банкноты, ёсць дзіўнасці са сцягам Беларусі 16

Уладзімір Пугач: Вельмі цяжка сёння ўсведамляць — што Радзіма напаўжывая

Грамадзянін Беларусі атрымаў рэальны тэрмін за спробу падпалу беларускай амбасады ў Вільні12

Турцыя нанесла ўдары па цэлях на поўначы Сірыі і Ірака4

Каго Лукашэнка паставіць на выбары кандыдатамі-спойлерамі?18

Снапкоў пахваліўся, што беларусы цяпер зарабляюць рэкордна шмат. Падлічылі, як змяніліся заробкі беларусаў за 10 гадоў з улікам інфляцыі даляра9

З Газы гэтай ноччу эвакуіравалі беларуску з трыма дзецьмі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У якіх чатах сядзеў губазікавец Артур Гайко і што там пісаў? 11

У якіх чатах сядзеў губазікавец Артур Гайко і што там пісаў? 

Галоўнае
Усе навіны →