«15 хвілін несці х**ню з разумным выглядам». Як у шклоўскай калоніі здымалі фільм пра палітвязняў з удзелам Лукшы
Былы тэлевядучы і палітзняволены Дзмітрый Лукша ў другой частцы ТОКу расказаў падрабязнасці здымкаў прапагандысцкага фільма.
Прапагандысцкі фільм пра папраўчую калонію №17 у Шклове выйшаў на БТ у ліпені 2023 года. Экскурсію па ўстанове правёў Дзмітрый Лукша.
«Мяне паклікалі ў штаб. Калі ты заходзіш і там сядзіць кіраўніцтва калоніі, вельмі сур'ёзныя людзі, і калі табе гаворыцца: «Ёсць прапанова вярнуцца табе да былой прафесіі», — ты разумееш, што гэта такая прапанова, на якую лепш не гаварыць «не», бо ўсякае можа быць», — згадвае Лукша.
Па яго словах, ніхто яму не гаварыў, што казаць. Не было і ніякай падрыхтоўкі: «Я выйшаў. Стаіць журналістка, здымачная група. Мне было сказана: «Трэба расказаць, як ты жывеш». Я выходжу, яна задае пытанні. Я разумею, што яна хоча ад мяне пачуць. Я імкнуся неяк сысці ад гэтых пытанняў. А так нічога не было. Мы хадзілі. Я расказваў. Канкрэтнага такога лістка не было».
Па словах Лукшы, журналістка некалькі разоў падчас інтэрв'ю спрабавала даведацца, ці лічыць ён сябе палітзняволеным. На што ён адказваў, што ён — зняволены:
«Яна тры ці чатыры разы ў мяне спытала. Я думаю: «Я разумею, што ты хочаш, але не буду пападацца на гэтую фігню». Я паўтараў, што я звычайны зняволены, які адбывае пакаранне».
Лукша запэўнівае: тое, што ён расказваў пра побыт у калоніі ў тым атрадзе, дзе ён знаходзіўся, на момант запісу інтэрв'ю такім і было насамрэч:
«Гэта не было прыхарошана. Вось гэта было наша фае, вось паказваюць, дзе мы глядзім фільмы. Мы рэальна там глядзім фільмы. (…) Я расказваў, што хаджу гуляць у футбол. (…) Праз месяц мне забараняюць нароўні з іншымі палітычнымі.. (…) Казаў, што атрымліваю лісты свабодна, ад сяброў. Я іх атрымліваў. Пасля я пачаў атрымліваць лісты толькі ад родных».
Лукша заўважае, што ведаў аднаго з членаў здымачнай групы, і згадвае адзін момант са здымкаў сюжэту.
«Прышлі ў спальнае памяшканне. Становімся. Нас здымала дзве камеры — рэжысёр і аператар. Вядучая хацела стаць, каб быў відаць мой ложак. Не маглі вызначыцца, з якіх ракурсаў здымаць. Рэжысёр бегае. (…) Мне ўвогуле не падабаецца ўвесь гэты працэс. Я кажу: «Саша, стань вось туды паміж нарамі, і ў цябе будзе агульны план, а ты стань у мяне за спінай і будзеш бачыць карэспандэнтку. Супрацоўнікі, якія стаялі, сказалі: «Нічога сабе, Лукша, ты свой вопыт не згубіў».
Мужчына згадвае, што яго знаёмы спрабаваў з ім жартаваць: «Ой, Дзімка, колькі мы з табой зон аб'ездзілі, калі працавалі ў «Зоне Х». Ну як табе тут?» Я адказваю: «Цудоўнае месца!»
Лукша, згадвае: «Калі яны з'язджалі, то рэжысёр пытаецца: «Можа, што «Зоне Х» перадаць?» Я кажу: «Скажы, каб [вядучая] Карына Пашкова змяніла прычоску. Ёй яна не пасуе». І літаральна праз два тыдні мы глядзім эфір — і ў яе рэальна іншая прычоска. І мае хлопцы кажуць: «Нічога сабе, Дзімон, ты павырашаў пытанні!»
Лукша расказаў, што разам з іншымі зняволенымі глядзеў зняты сюжэт:
«Здаецца, мы сваёй брыгадай глядзелі. (…) Пасядзелі, паглядзелі, пасмяяліся. (…) Многія казалі: «Ну ты прафесіянал. (…) 15 хвілін з такім разумным выглядам несці нейкую х**ню. Гэта трэба ўмудрыцца. А калі ў цябе канкрэтна нешта пытаюцца, ты так пятляеш. Здаецца, што ты па сутнасці гаворыш. Але калі ўдумацца, то нічога не сказаў».
***
Дзмітрый Лукша нарадзіўся ў 1989 годзе. У канцы 2000-х і першай палове 2010-х працаваў на БТ, быў вядучым «Зоны Х».
У 2020 здымаў пратэсты для казахстанскага тэлеканала «Хабар». У 2022 быў арыштаваны і прысуджаны да 4 гадоў зняволення за ўдзел у дэманстрацыях і «дыскрэдытацыю Беларусі». Разам з ім была асуджаная яго жонка Паліна Палавінка. Адбываў пакаранне ў калоніі ў Шклове.
Вызваліўся 3 ліпеня 2024 года па памілаванні адначасова з жонкай, пасля чаго сям’я з’ехала ў Польшчу.
Глядзіце цалкам:
«Тур — якасная прапаганда. А Азаронак… Мой сусед менш паскудных слоў кажа»
Лукша расказаў пра свой удзел у прапагандысцкім фільме «Малады фронт. Кіднэпінг»
Былы вядучы «Зоны Х» расказаў пра свой самы вялікі заробак: $6000 за месяц
Па БТ паказалі, як жывуць палітычныя ў шклоўскай калоніі. Былыя палітвязні тлумачаць, што гэта насамрэч за корпус
Каментары
Выспа так завецца бо поўніцца козамі, любы чытачэ.