Грамадства33

Працуе ў IT, ведае стараанглійскую і санскрыт. Вялікая гутарка з перакладчыкам «Валадара пярсцёнкаў» на беларускую мову

Адной з галоўных літаратурных падзей мінулага года стаў выхад па-беларуску першай часткі легендарнага рамана «Валадар пярсцёнкаў» Джона Толкіна. Сёлета выйшла другая частка кнігі, на падыходзе трэцяя. Усе іх па-беларуску перастварыў перакладчык Ігар Кулікоў. «Люстэрка» паразмаўляла з ім пра літаратуру і асноўную працу ў ІT, напісанне праграм, якія дазваляюць спрасціць перакладчыцкую працу, пра перастварэнне Толкіна, на якое пайшло два гады, заробкі і веданне старажытных моваў, на якіх ужо не размаўляе амаль ніхто ў свеце.

Ігар Кулікоў. Фота: сацыяльныя сеткі

Ігар Кулікоў нарадзіўся ў 1988 годзе ў Мінску. Скончыў філфак БДУ. Працаваў у Беларускай акадэміі мастацтваў выкладчыкам, цяпер — у польска-беларускай IT-кампаніі.

Аўтар сямі зборнікаў паэзіі. Сярод перакладзеных ім на беларускую мову твораў — «Валадар пярсцёнкаў» Джона Толкіна і «Чытво» Чарлза Букоўскі (з англійскай), Першае кола старажытнай індыйскай «Рыгведы» і ўрыўкі з «Махабхараты» (з санскрыту). Цяпер працуе над перастварэнннем славутай «Дзюны» амерыканскага фантаста Фрэнка Герберта.

«На звычайнай працы ты атрымліваеш заробак кожны месяц. З перакладамі так не працуе»

— Ігар, як вы трапілі ў IT?

— Паводле дыплома я філолаг. Пасля філфака БДУ шэсць гадоў выкладаў англійскую мову ў Акадэміі мастацтваў. Праз пэўныя вядомыя ўсім падзеі мяне чакала звальненне. Вырашыў не чакаць гэтага моманту і знайсці іншую працу.

Знаёмая прапанавала паспрабаваць прайсці інтэрв'ю. Я вывучыў патрэбныя мовы праграмавання і інструменты, прайшоў інтэрв'ю — і трапіў на праект Oxford dictionaries. Праз беларуска-польскую IT-кампанію мы займаемся стварэннем электронных слоўнікаў выдавецтва Оксфардскага ўніверсітэта. Хоць «стварэнне» — гэта гучна сказана. Мы ствараем не сам слоўнік (гэта робяць лінгвісты), а электронную абалонку для яго. Асабіста я правяраю, наколькі гэтая абалонка адпавядае стандартам Оксфарда.

— Вашыя калегі ведаюць, з кім працуюць?

— У нашай камандзе пяць чалавек. Мая цімлідарка (кіраўніца каманды. — Заўв. рэд.) сама па адукацыі філолаг, таму ёй цікава. Астатнія ўдзельнікі каманды — класічныя тэхнары. Яны ведаюць пра мае пераклады, але не больш за тое. Глабальна на працы нікога не турбуе, што супрацоўнікі робяць у свой вольны час. А ў іншых свае цікавасці.

— Асноўная праца таксама крыніца натхнення для літаратуры ці ўсё ж сродак зарабіць грошы?

— Хутчэй другое, але сякія-такія навыкі, атрыманыя на працы, я ўжываю і падчас перакладу. Напрыклад, вельмі карысным было нарэшце вывучыць RegEx (інструмент для больш глыбокага пошуку па тэксце. — Заўв. рэд.) і выкарыстоўваць яго для перакладчыцкай працы. Мне спатрэбілася маё веданне, хай сабе і павярхоўнае, мовы праграмавання Python: дзякуючы ёй пісаў просценькія праграмы, якія правяралі пераклад на банальныя памылкі (кшталту падвоеных прабелаў або правапісу «ў»).

Потым вырашыў, што перакладаць будзе зручней, калі сказы ў тэксце будуць рознага колеру. Ёсць аўтары, у якіх фразы кароткія, — там няма праблемаў. А вось у Толкіна сказы часта вельмі доўгія. Напісаў сабе просценькую праграмку, якая адным клікам мышкі размячае тэкст — кожны сказ вылучаецца іншым колерам. Тады адразу візуальна відаць, дзе мяжа сказа, і над ім лягчэй працаваць. Падчас працы над «Сільмарыліянам» Толкіна (адзін з найбольш вядомых раманаў аўтара, які не з’яўляецца часткай «Валадара пярсцёнкаў». — Заўв. рэд.) гэта вельмі дапамагала.

— У сацсетках вы расказвалі, што, пакуль жылі ў Беларусі, маглі самі надрукаваць наклад уласнай кнігі на 200 асобнікаў, а цяпер увесь заробак ідзе на жыццё.

— Каб сабраць грошы на выданне праз краўдфандынг, трэба рэклама. Я магу расхвальваць творцаў, якіх перакладаю, бо гэта выбітныя пісьменнікі. А вось рэкламаваць сябе заўсёды няёмка. Таму раней свае вершы я заўсёды выдаваў толькі за ўласныя грошы. Толькі нядаўна першы раз у жыцці атрымалася іначай: Дзмітрый Строцаў у сваім выдавецтве hochroth minsk сам выдаў невялічкую кніжачку маіх апошніх вершаў.

Але тое было ў мінулым. Зразумела, што ў Літве, што ў Польшчы арандаваць жыллё — нятанная асалода. На гэта ідзе больш за палову заробку.

— А нельга жыць за перакладчыцкія ганарары?

— На звычайнай працы ты атрымліваеш заробак кожны месяц. З перакладамі так не працуе. У нас — не ведаю, як у Германіі ці ў Расіі — грошы можна атрымаць, калі кніга выйшла і прайшлі нейкія продажы, з якіх выдавец можа выплаціць табе пэўную суму, агавораную ў кантракце. Якога б памеру гэты ганарар ні быў, пакуль яго не атрымаеш, табе трэба за нешта жыць.

Кніга «Брацтва пярсцёнка» трылогіі «Валадар пярсцёнкаў» ад выдавецтва «Янушкевіч», лістапад 2023 года. Фота: knihauka.com

Можна чыста тэарэтычна дапусціць, што перакладчыкі маглі б мець рэгулярныя замовы і рэгулярна атрымліваць ганарары. Але нават у такім выпадку не ўпэўнены, што гэтага б хапала. Не буду называць сумы, але грошы ў прафесіі не такія ўжо і вялікія. Таму, безумоўна, гэта не можа быць асноўнай працай.

Але, зноў жа, лічу, што ў гэтым ёсць і свой плюс. Калі працаваць у штаце перакладчыкаў (як тое, відавочна, мае месца, напрыклад, у Расіі), то перакладаеш тое, што табе даюць выдаўцы. Выбару няма: далі працу — рабі. А ў нас іншая сітуацыя. Так, людзі перакладаюць у вольны час (ведаю па сябрах і знаёмых) — але менавіта тое, што хочуць. Калі чалавек перакладае тое, што яму падабаецца, гэта ўжо першы крок да якасці. Я нават не памятаю, каб хоць раз працаваў над тым, чаго не люблю сам. Цяпер працую над «Дзюнай» Герберта (паводле гэтага навукова-фантастычнага рамана ў 2021-м пачалі здымаць серыю галівудскіх фільмаў з Цімаці Шаламэ ў галоўнай ролі. — Заўв. рэд.) — і гэты твор мне даспадобы.

«Тэрарызаваў школьную настаўніцу рознымі архаізмамі, якіх яна сама не ведала»

— Відавочна, што прыклад такой працы — і «Валадар пярсцёнкаў». У сацсетках вы расказвалі, што да яго прачытання былі ўпэўненыя, што станеце інжынерам або праграмістам. Але ў выніку паступілі на філфак і заняліся літаратурай. Як так атрымалася?

— «Валадара пярсцёнкаў» прачытаў у восьмым класе. У дзявятым зацікавіўся, чым займаўся яго аўтар, і даведаўся, што ён сярод іншага быў прафесарам у Оксфардзе і выкладаў стараанглійскую мову (на ёй размаўлялі ў старажытнай Англіі. — Заўв. рэд.). Тады вырашыў чытаць па-англійску. Першай кнігай стаў раман «Айвенга» Вальтэра Скота. Дагэтуль памятаю, як першую старонку чытаў дзве гадзіны (усміхаецца). А потым набыў «Сільмарыліян» Толкіна, які ўжо хутка адужаў. Разам з ім узяў і падручнік па гісторыі стараанглійскай мовы, якую пачаў вывучаць. У выніку тэрарызаваў школьную настаўніцу англійскай мовы рознымі архаізмамі, якіх яна сама не ведала (усміхаецца). Так і зразумеў, што не лёс мне стаць інжынерам ці праграмістам. Захацеў перакласці «Валадара пярсцёнкаў».

— Вы ўжо тады хацелі, каб ён з’явіўся па-беларуску?

— Рускамоўны пераклад я ўжо бачыў (прычым ведаў, што існуе нават некалькі варыянтаў). Ды і быў самасвядомым чалавекам. Пафасна кажучы, нацыянальная свядомасць ува мне абудзілася роўна з пачаткам пераходнага ўзросту. Тады, у класе шостым ці сёмым, мазгі сталі працаваць па-іншаму і ўзнікла нестыкоўка ў галаве: як жа так, мы жывём у Беларусі, а чамусьці ўсе гавораць па-руску.

Ігар Кулікоў. Фота: сацыяльныя сеткі

Між тым па-беларуску тады не было нават першага, пірацкага, выдання (да працы Кулікова кнігу Толкіна пераклалі без дазволу праваўладальнікаў яго спадчыны, таму яна распаўсюджвалася нелегальна. — Заўв. рэд.). Асобныя ўрыўкі можна было знайсці толькі на форумах у інтэрнэце.

Памятаю, што сам паспрабаваў перакласці ўступны верш Толкіна і загрузіў яго на той форум. Цяпер разумею, што ўзровень таго перастварэння быў жахлівы. Добра, што верш не захаваўся (усміхаецца). Зрэшты, і пераклад на форуме быў страшны. Дарэчы, тады вершаў я не пісаў. Зусім не ўяўляў, як гэта робіцца. Меркаваў, што, відаць, давядзецца камусьці іх (вершы Толкіна, якіх шмат у «Валадары пярсцёнкаў». — Заўв. рэд.) аддаваць [на пераклад]. Але проза — тут я быў ўпэўнены — павінна ж атрымацца (усміхаецца).

— Атрымліваецца, што вы ажыццявілі падлеткавую мару. А за колькі часу вы пераклалі «Валадара пярсцёнкаў»?

— На ўсе тры часткі пайшло два гады. Паколькі «Валадар пярсцёнкаў» быў камерцыйным праектам, у мяне быў дэдлайн, пастаўлены выдаўцом Андрэем Янушкевічам. Перад тым як вызначыць тэрмін, я ўзяў англамоўнае выданне кнігі і праверыў, колькі змагу перакласці за дзень. Палічыў колькасць старонак — і атрымалася, што праца зойме тры гады. Зразумеў, што як бы я ні любіў Толкіна, рабіць тры гады адно і тое ж не хочацца (усміхаецца). У выніку вырашыў перакладаць больш, і пакрысе ўсталяваўся такі рэжым працы.

Я прачынаўся раніцай, недзе ў 06.40. Рабіў зарадку. Потым абавязкова чытаў «Рамаяну» (старажытнаіндыйскі эпас. — Заўв. рэд.) на санскрыце. У 08.30 сядаў перакладаць «Валадара пярсцёнкаў» — і так да пачатку працоўнага дня (у Мінску ён пачынаўся ў 10.30). Потым пачаў браць на пераклад яшчэ і палову перапынку на абед. Вечарам за камп’ютарам рэдка перакладаў, бо вельмі стамляўся. Браў адзін з толкінскіх вершаў і перакладаў яго на паперу. Мог пайсці на вуліцу і круціць яго ў галаве. Было і такое.

На выходных, як правіла, перачытваў тое, што пераклаў у буднія дні, і рабіў першасную рэдактуру. Калі скончыў увесь першы том, то ўжо свежым вокам перачытаў яго цалкам, рабіў другую самарэдактуру. Пасля тэкст прачытваў рэдактар, а за ім карэктар. Кожны том прайшоў такія этапы.

— Але ж такі рытм надзвычай фізічна і псіхалагічна складаны. Фактычна, нон-стоп без перапынку — ды яшчэ пры асноўнай працы ў IT.

— Так, гэта складана, але мы ўсе ведаем, у якіх умовах мы тады жылі і цяпер жывём пасля 2020 года. Мне трэба было нечым заняць галаву, каб не было часу на іншыя думкі. Таму пераклад быў для мяне як манна нябесная. Меў канкрэтную мэту і ведаў, колькі на яе трэба выдаткоўваць часу. Для мяне пераклад спрацаваў у пэўным сэнсе тэрапеўтычна.

«Перакладаю толькі тое, што мне падабаецца і што, як я адчуваю, мог бы напісаць сам»

— Вашая асноўная мова для перакладу — англійская?

— Часцей за ўсё перакладаю з яе і з санскрыту. Трохі з хіндзі (сучасная мова, распаўсюджаная на поўначы Індыі. — Заўв. рэд.). Стараанглійскую калісьці перакладаў, але закінуў і амаль усё забыў. Стараісландскую (больш распаўсюджаная назва — старажытнаскандынаўская мова. — Заўв. рэд.) так нармальна ніколі не давучыў, таму пераклад «Сагі пра Эйрыка Рудога» застаўся няскончаным. Былі невялікія спробы перакладаць з нямецкай і італьянскай.

— А вам не шкада сыходзіць з нейкай моўнай прасторы і пакідаць недаробленай працу?

— Хіба трошкі спачатку. Тую ж стараісландскую вывучыў іншы беларус, які зрабіў усё, што я калісьці планаваў зрабіць. Калі б я не заняўся санскрытам, то, відаць, працягваў бы. Але атрымалася як найлепш. Я перакладаю з санскрыту, ён — са стараісландскай.

— А які стымул паглыбляцца ў мовы, на якіх цяпер ніхто не размаўляе?

— Першы і галоўны стымул — эстэтычны. Яго я часткова пераняў ад Толкіна, які быў прапагандыстам эстэтыкі мовы: ён атрымліваў асалоду ад таго, як яна гучыць. Паводле гэтага прынцыпу ён і прыдумляў свае эльфійскія мовы. Напрыклад, мне проста вельмі падабаюцца, як гучаць стараісландская і стараанглійская. Другі стымул — мяне цікавіла культура старажытных германцаў. Хто ў свой час не цікавіўся рунамі ці вікінгамі?

— Калі вы дарабілі пераклад з сярэднеанглійскай мовы паэмы «Сэр Гавейн і Зялёны рыцар», то напісалі ў сацсетках, што працавалі «перадусім для сябе самога, але і таксама жмені вар’ятаў, якім такое можа быць цікавае».

— Насамрэч, дзякуючы таму, што гэтую паэму перакладаў Толкін, яна стала вельмі папулярнай у англамоўным свеце. Нядаўна нават зрабілі яе новую экранізацыю (гаворка пра фільм 2021 года «Легенда пра зялёнага рыцара». — Заўв. рэд.). Дастаткова вольную, насамрэч. Я вырашыў узяцца за пераклад не толькі таму, што паэма мне падабаецца. Я пабачыў, што на хвалі папулярнасці Толкіна і яна стала папулярнай. А фраза пра «вар'ятаў» датычыла толькі ўступу, дзе я разбіраў, як напісаны твор. Магчыма, гэта будзе сапраўды цікавае не ўсім.

— Англійскую вы, натуральна, вывучалі ў школе, пасля ў БДУ. Астатнія мовы вы вучылі самі? Ці праз нейкія курсы?

— Сам. Я лічу, што бальшыню моваў — еўрапейскіх дык дакладна — на ўзроўні чытання можна вывучыць самастойна. Вось калі трэба навучыцца гаварыць, то тут трэба шукаць, прынамсі, з кім. Лепш знайсці курсы ці рэпетытара. А з чытаннем не праблема. Натуральна, са старажытнымі мовамі ўсё складаней. Тут нават на ўзроўні чытання без настаўніка цяжкавата.

Але матэрыялаў па стараанглійскай і стараісландскай мора. Калі я вывучаў гэтыя мовы, знаходзіў суполкі сапраўдных фанатаў. Яны стваралі на гэтых мовах «Вікіпедыю», пісалі на іх рэгулярна навіны. Пра апошняе (а таксама пра тое, якія словаўтваральныя мадэлі яны выкарыстоўваюць) я нават пісаў на філфаку курсавую. Але мяне ўсё ж цікавіла чытанне тэкстаў, а не маўленне. Не было патрэбы размаўляць на гэтых мовах.

Кніга «Брацтва пярсцёнка» трылогіі «Валадар пярсцёнкаў» ад выдавецтва «Янушкевіч», лістапад 2023 года. Фота: knihauka.com

— А на якіх мовах, з якіх перакладалі, вы размаўляеце?

— На англійскай, натуральна. На санскрыце магу нешта простае гаварыць, на складаныя тэмы — ужо не. На хіндзі таксама нешта простае магу сказаць. Ну і на ўкраінскай усе могуць (усміхаецца).

— Выбар мовы для перакладу залежыць ад замовы выдаўца ці ад вашага натхнення?

— Той жа санскрыт — гэта выключна мае праекты, тут я сам сабе замоўца. Агульны ж прынцып у мяне вельмі просты: перакладаю толькі тое, што мне падабаецца і што я, як адчуваю, мог бы напісаць сам. Не ў тым сэнсе, што на гэта здольны (усміхаецца). Гаворка пра тое, што ў ідэальных умовах я хацеў бы гэта напісаць. Але вось ёсць цудоўны аўтар, які напісаў тое за мяне, і я хачу, каб яго твор загучаў па-беларуску.

— Вы асабіста верыце, што калісьці ў Беларусі будуць масава чытаць ваш пераклад «Валадара пярсцёнкаў» ці «Дзюны», а не рускамоўны?

— Гэта пытанне вельмі глыбокае. У тым сэнсе, што яно ўжо не толькі пра пераклады ў цэлым, а пра моўную сітуацыю.

Людзі, якія чытаюць кнігі па-беларуску, будуць чытаць «Дзюну» па-беларуску. Вось і ўсё. Я ўжо сустракаў некалькі чалавек, якія глядзелі «Валадара пярсцёнкаў» у кіно, але не чыталі па-руску, а вось калі выйшаў беларускі пераклад, вырашылі паспрабаваць. Гляджу на сітуацыю пазітыўна. Трэба перакладаць. А далей… Ад нас, перакладчыкаў, гэта не залежыць. Пра гэта будзе хвалявацца выдавец (смяецца).

Каментары3

  • Индеец
    21.10.2024
    Какие "патрэбныя мовы праграмавання" вывучыу этот переводчик и писатель?Люди за 10 лет их выучить не могут. Он в резюме тоже так пишет?
  • Алесь
    20.01.2025
    Индеец, зависит от требования уровня знаний языка и усидчивости.
    Начать писать на каком-то ЯП что-то несложное можно уже через неделю-другую с начала изучения, если до того был опыт в программировании.
  • Алесь
    20.01.2025
    Шкада, што Янушкевічу давялося з'ехаць у Польшчу. У беларускіх кнігарнях кнігу не набыць, а калі замаўляць з Польшчы, атрымліваецца крышачку занадта дорага.
    У любым выпадку, і перакладчыку, і выдаўцу вялікі дзякуй за іх працу.

Стаўкі ўтыльзбору на аўто прыраўняюць да расійскіх. Вось чаму гэта кепская навіна для аўтамабілістаў5

Стаўкі ўтыльзбору на аўто прыраўняюць да расійскіх. Вось чаму гэта кепская навіна для аўтамабілістаў

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускі добраахвотнік пракаментаваў сваё фота з ахоўнікам Лукашэнкі3

Туалетная папера разладу. Таксічныя адносіны беларускі з вечна незадаволенай маці шакуюць інтэрнэт18

У Польшчы ўкраінскі кіроўца аўтобуса схаваўся сярод пасажыраў, а на сваё месца хутка пасадзіў беларуса5

Рыжанкоў: Захад не дапускае, што хтосьці можа ўжыць такога роду сілу. А сілу такую можа ўжыць Расія. Мы разам з Расіяй27

15 гадзін спатрэбілася, каб сабраць збор для эвакуяванай сям’і Таццяны Крапіневіч, на якую данесла Бондарава7

Беларуса-эмігранта ўключылі ў экстрэмісцкае фарміраванне «Расія — гэта зло». А ён усё адно вярнуўся з Польшчы дадому3

У крамах Беларусі знікае газіроўка без цукру4

Месяц таму ў Мінскай вобласці ўпаў метэарыт. Сяргей Бесараб падазрае, што яго могуць вывезці ў Расію3

Мона Ліза пераязджае. Макрон распавёў пра планы маштабнай перабудовы Луўра3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стаўкі ўтыльзбору на аўто прыраўняюць да расійскіх. Вось чаму гэта кепская навіна для аўтамабілістаў5

Стаўкі ўтыльзбору на аўто прыраўняюць да расійскіх. Вось чаму гэта кепская навіна для аўтамабілістаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць