Кіно77

Паглядзелі хітовы серыял «Дысклэймер» з Кейт Бланшэт, зняты па брытанскім бестсэлеры

Прыемны трэнд апошніх гадоў — тое, што ў серыяльны свет раз-пораз залятаюць зоркі вялікага галівудскага кіно. Так і ў драме «Дысклэймер» (Disclamer), што выйшла ў сярэдзіне кастрычніка на стрымінгу Apple TV+. Расказваем, ці варта яе глядзець.

Фота: кадр з трэйлера

У галоўнай ролі сямісерыйнага «Дысклэймера» — Кейт Бланшэт, уладальніца двух «Оскараў» і яшчэ шасці намінацый на запаветную статуэтку. Бланшэт грае знакамітую журналістку Кэтрын Рэвенскрофт. Гэта прызнаная прафесіяналка, якая, здаецца, прысвячае больш увагі кар’еры, чым сям’і — нездарма ў яе складаныя адносіны з уласным сынам.

Аднаго дня Кэтрын атрымлівае па пошце кнігу і з жахам дазнаецца, што гэта гісторыя пра яе. Аднак аўтар выбраў для аповеду зусім не гісторыі яе журналісцкіх перамог, а нешта нашмат больш цёмнае, што сама жанчына вырашыла пакінуць у мінулым. Ён выцягвае на святло яе інтрыжку 20-гадовай даўніны, і цяпер Кэтрын мусіць пабачыць наступствы той гісторыі.

Для яе гэта тым больш балюча, што ў звычайным жыцці яна стварыла свой бездакорны вобраз. У серыяле неаднаразова кажуць пра натхненне — Кэтрын стала натхненнем і для ўласнага мужа, і для калег па журналісцкай супольнасці. Злы жарт лёсу, што і тая частка яе жыццёвай гісторыі, якую яна хацела б схаваць і ад сябе самой, стала натхненнем, ды яшчэ і для цэлай кнігі.

Серыял зняты па аднайменнай кнізе-бестсэлеру ад брытанскай пісьменніцы Рэні Найт. Рэні, сама былая журналістка, далучылася да каманды прадзюсараў серыяла.

«Дысклэймер» — вельмі спакойны серыял, і з-за гэтага яго можа быць няпроста глядзець. Як жыццёвыя перыпетыі рэдка здараюцца ў выглядзе экшн-сцэн, так і падзеі «Дысклэймера» пададзеныя знешне проста і немудрагеліста, хаця гаворка ідзе пра сапраўдныя трагедыі. Больш месца тут аддадзена псіхалагізму, і Кейт Бланшэт выдатна грае ролю жанчыны, чый свет развальваецца на кавалкі, а яна і не ведае, як іх склеіць назад. 

За вобразам паспяховай журналісткі Кэтрын хавае ўласныя страхі, якім не дае рады. І вось цікава: хаця яна зрабіла сабе імя як змагарка за праўду, ёй не хапае моцы, каб сутыкнуцца з праўдай з яе ўласнага жыцця.

У серыяла нелінейная пабудова. Падзеі разварочваюцца ў дзвюх часовых плоскасцях — у цяперашнім часе, калі Кэтрын атрымлівае тую самую кнігу, і 20 гадоў таму, калі на італьянскім узбярэжжы яна сустракае маладога Джонатана.

Фота: кадр з трэйлера

Акрамя гэтага, «Дысклэймер» — вельмі цягучы аповед з павольным дзеяннем, і камусьці можа падацца, што было б прасцей упіхнуць усё ў паўнаметражку. Можа, яно і так, але тады б гісторыя страціла багата ад свайго псіхалагізму. Не абавязкова тлумачыць гледачу простай мовай драму галоўных герояў, можна даць публіцы прастору і час, каб прапусціць гісторыю праз сябе.

Калі засумавалі па прыгажосці, не прапускайце «Дысклэймер», бо серыялу пашчасціла з галоўным аператарам. Ім стаў Эмануэль Любецкі, уладальнік трох «Оскараў», які зняў у тым ліку неверагодныя па візуале «Дрэва жыцця» (2011) і «Гравітацыю» (2013). І ён не расчароўвае, бо зняты серыял насамрэч прыгожа — што казаць пра адну толькі сцэну з Кэтрын у моры, дзе яна знаёміцца з Джонатанам.

За рэжысуру адказвае іншы аскараносны мексіканец, Альфонса Куарон, які адхапіў дзве статуэткі за тую ж самую «Гравітацыю».

Вы не паверыце, хто грае мужа Кэтрын — у падабцаснага маўчуна ўвасобіўся Саша Барон Коэн, легендарны брытанскі комік, які ператварыўся з часам у геніяльнага драматычнага акцёра. 

Каб увасобіць Стывена Брыгстака, антыпод Кэтрын і няшчаснага бацьку Джонатана, Куарон звярнуўся да малавядомага ў нас акцёра Кевіна Кляйна, чые зорныя гады прыйшліся яшчэ на 90-я. Супрацьстаянне Кляйн ды Бланшэт робяць гэтую драму эфектнай і такой, што суперажываеш усім удзельнікам гісторыі. 

Атрымалася гісторыя не для ўсіх, гэта дакладна. Але яскравай візуальнай часткі, акцёрскай працы і трагічнага сюжэту хопіць, каб задаволіць гледача, які цэніць псіхалагічныя серыялы.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары7

  • Anatol Starkou
    27.10.2024
    Знайшоў пяць серый. Гляну ваш фільм. Хоць бы адну серыю вытрымаць. Не люблю амерыканскія серыялы.
  • Ну-ну
    27.10.2024
    Губляйце сваё жыцьцё, беларусы, на прагляд падману які малююць вам крыўлякі-акцёнышкі з галівуду, тупейце. І дзеткам сваім дайце паболей у камп. Гульні гуляцца, гаджэты круціць, і тупыя мульцікі з фільмамі глядзець… а как жэ… мы ж саврэменныя людзі…
  • Імя
    27.10.2024
    Сур'ёзна, няпраўда ваша. Сіткомы - пагаджуся, а добрыя серыялы і міні-фільмы - цалкам нармальны фармат.
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

20-гадовая ўкраінка знікла ў Дубаі пасля «вечарынкі з шэйхамі». Зараз яна толькі варушыць вуснамі і не можа рухацца26

20-гадовая ўкраінка знікла ў Дубаі пасля «вечарынкі з шэйхамі». Зараз яна толькі варушыць вуснамі і не можа рухацца

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску зноў загаварылі пра знос прыватнага сектара ў раёне Арлоўскай

Памёр былы ўкраінскі прэм'ер, які падпісаў Белавежскія пагадненні2

Прапагандыст АНТ Аляксандраў разыграў сцэнку сваёй размовы з эмігрантамі, але гэта аказалася хлуснёй3

Амерыканская разведка не пацвярджае заявы Расіі аб акружэнні УСУ на Куршчыне3

У Мінску ёсць замак, пра які мала хто ведае ФОТЫ3

На захадзе Мінска пашкоджана цепласетка2

«Страшна, што такое адбываецца па дурасці». У вёсцы пад Лагойскам — моцны пажар, згарэлі некалькі дамоў

ДАІ Мінскай вобласці кажа, што ДАІ Гродзенскай вобласці запусціла фэйк пра тэхагляд5

Чаму ў Беларусі імкліва падае нараджальнасць?42

больш чытаных навін
больш лайканых навін

20-гадовая ўкраінка знікла ў Дубаі пасля «вечарынкі з шэйхамі». Зараз яна толькі варушыць вуснамі і не можа рухацца26

20-гадовая ўкраінка знікла ў Дубаі пасля «вечарынкі з шэйхамі». Зараз яна толькі варушыць вуснамі і не можа рухацца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць