Мова66

Здуха, сап, гвэгня. Як па-беларуску можна назваць балота

Выданне Palatno расказвае, як па-рознаму можна называць балота па-беларуску.

Як назваць балота?

Усе ведаюць, што ёсць слова балота. Яно ёсць ва ўкраінскай (болото), рускай (болото), польскай (błoto), чэшскай (bláto), балгарскай (блато). А яшчэ балота можна назваць выраччу, райставінай. А невялікае балота называецца балоцвіна.

А ці ведалі вы, што зыбкае балота называецца дыхля? Яно ўтворана ад слова дыхаць. А топкае называецца ніква, якое ўтворана ад нікнуць (то-бок гінуць, знікаць).

А ёсць яшчэ махавое балота — імшара, яго маглі запазычыць з польскай мовы ці яно самастойна ўтварылася ў беларускай. Дарэчы, для абазначэння махавога балота выкарыстоўваюць словы машара, вомшар.

А як назваць сумежныя балоты? І для гэтага ёсць слова ў беларускай мове — субалаткі.

А вось яшчэ вызначэнне для вязкага балота, якое зверху прыкрыта зыбкай карой, — крокаць. А калі вы ўбачыце іржавае балота, то яно называецца ржава.

Багна

Багнай называюць топкае балоцістае месца. Падобнае слова ёсць ва ўкраінскай, польскай, чэшскай, славацкай мовах, а вось у паўднёвых славян яго няма.

Паходжанне слова застаецца адкрытым. Некаторыя даследчыкі лічаць, што багна паходзіць ад нямецкага слова Bach («ручай»), некаторыя параўноўваюць яго з літоўскім bojus («багністае месца»). Таксама існуе меркаванне, што багна магло быць запазычыным словам з польскай мовы.

Дарэчы, багна яшчэ можа азначаць вір у рацэ і гразь на дарозе.

Тапіла, тапель, тапіна

У Лексічным атласе беларускіх гаворак слова тапіла можа азначаць топкае месца на балоце. Напрыклад, так гаварылі на Бабруйшчыне, Расоншчыне, Пружаншчыне, Гомельшчыне. Гэты рэгіяналізм адрозніваецца па значэнні ў розных кутках Беларусі. Напрыклад, на Бабруйшчыне тапіла магло абазначаць топкае месца, а магло і звычайны вадаём. Тапілам у Лунінцы называлі невялікі вадаём, у якім летам вада не высыхае.

Тапеллю называюць топкае балота. Слова ўтваранае ад «тапіць» або «топкі». Слова распаўсюджанае на поўначы Беларусі. Ад тапелі ўтвараецца тапельня (з суфіксам -ельня — так-так, як самае знакамітае балота Беларусі!).

Тапіна — топкае месца на балоце. Слова найбольш распаўсюджанае на Веткаўшчыне і каля Касцюковічаў.

Трасавіна, трансава, тракеня

Трасавінай называюць зыбкае, хісткае месца, парослае мохам. Ва ўкраінскай мове існуе слова трясовина, якое значыць забалочаную нізіну, а яшчэ польскае trzęsawisko — дрыгва, багна. Адкуль жа з’явілася гэта слова? Яно паходзіць ад праславянскага *tręsavъ.

Трансава ў значэнні топкага месца было пашырана на Брэстчыне і Гродзеншчыне.

На Зэльвешчыне і Шчучыншчыне выкарыстоўвалі слова тракеня, што значыла гразкае месца.

Яшчэ балотныя цікавосткі

Пагарам называецца выгарэлае месца на балоце, ці проста багна або багністае месца. А яшчэ ёсць слова выжар, што значыць месца, дзе калісьці выгарала балота.

Гвэгня — багна. Слова было пашырана на поўначы Беларусі. Хутчэй за ўсё, яно звязана з гукапераймальным дзеясловам гвягаць (што значыць гаварыць недарэчнае).

Патопічы — багна. Гэта слова зафіксавана каля Пухавічаў. Паходзіць ад дзеяслова тапіць. Існуе падобнае слова — патапеча.

Сап — нізкае месца, багна. Назва ўтвораная па гуку, які робіць багна, калі па ёй ідуць. Даследчыкі лічаць, што слова развілася пад польскім уплывам, бо ў польскай мове ёсць sapowisko у значэнні багны. Дарэчы, яшчэ сап значыць заразную хваробу коней і іншых непарнакапытных.

Луні — багністая мясціна. З’яўляецца пагранічным познім балтызмам.

Окліна — глыбокае месца на балоце. Мае старажытнае паходжанне, у асноўным было распаўсюджана на Брэстчыне.

Здуха — гэта дрыгва, нізкае вільготнае месца. Слова звязана непасрэбна з анатамічным тэрмінам здух — месца ў частцы цела паміж рэбрамі і жыватом.

Марочна — нізкае, гразкае балота; багністая мясцовасць.

Немярэча — непраходнае балота ці балоцістае месца сярод лесу. Слова звязана з яшчэ адным словам, якое азначае балота, — жарэча.

Нетра — цяжкадаступнае месца ў багністым балоце. Яўхім Карскі лічыў, што нетрамі можна называць толькі балоты на Палессі.

Каментары6

  • ...
    08.08.2025
    Ведаю толькі багна (багністы), дрыгва, балота. чуў імшара. Дзякуй!

    Жаль, для мора няма словаў столькі
  • Жвір
    09.08.2025
    ..., дык у нас мора няма, то й называць не было што... Але, можа яшчэ будзе, насунецца, як Антарктыда растане... Во тады во й назваў навыдумляем!
  • Ёсік
    09.08.2025
    Славянскія мовы, як шмат назваў. А нам кажуць, што наша мова бедненькая, а вось на ўсходзе о-го-го. А калі пачытаеш, дык і пшык там нейкі. Ну вось, напрыклад, масла сьметанковае, алей сланечнікавы, аліва для рухавіка. А на ўсходзе ўсё гэта масла. І ў каго бедненька?

Цяпер чытаюць

У рэстаране «Мак.бай» на загад Лукашэнкі перайменавалі амерыкана. Як назвалі?32

У рэстаране «Мак.бай» на загад Лукашэнкі перайменавалі амерыкана. Як назвалі?

Усе навіны →
Усе навіны

У ЗША прадалі бутэльку віна больш чым за 800 тысяч даляраў2

КДК сабраў скаргі ад беларусаў па пытаннях зарадкі электрамабіляў. Што не так?

«Кіберпартызанаў» крытыкуюць за ўзлом сайта Нацбібліятэкі — бо цяпер не працуе каталог. Тыя адказалі53

Трамп заявіў, што Іран звярнуўся да яго з просьбай спыніць агонь 2

«Яны ўсё бачаць і ведаюць». Лукашэнка расказаў вайскоўцам, як разглядаў ваколіцы Брэста на ўкраінскіх аэраздымках12

У бязлюднай зоне адчужэння на Гомельшчыне пачалі будаваць некалькі вышак сувязі4

Слуцкія даішнікі ўпершыню выехалі на патруляванне на матацыклах3

ААЭ гатовыя дапамагаць ЗША сілай адкрыць Армузскі праліў3

На Гомельшчыне ўжо пачалі адключаць ацяпленне — першымі ў краіне

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У рэстаране «Мак.бай» на загад Лукашэнкі перайменавалі амерыкана. Як назвалі?32

У рэстаране «Мак.бай» на загад Лукашэнкі перайменавалі амерыкана. Як назвалі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць