Свет88

«Апантаны ідэяй рэваншу за разгром нацысцкай Германіі». Расійскія і лукашэнкаўскія СМІ выбралі новую цэль

Учора Фрыдрых Мерц упершыню падчас публічнага выступлення адкрыта ахарактарызаваў Уладзіміра Пуціна як «ваеннага злачынцу». Адказу давялося чакаць нядоўга.

Фрыдрых Мерц. Фота: Omer Messinger / Getty Images

«Магчыма, [ён] адзін з самых сур'ёзных ваенных злачынцаў нашага часу, якога мы сёння бачым у буйным маштабе. І мы павінны ясна разумець, як абыходзіцца з ваеннымі злачынцамі. Тут паблажлівасць недарэчная», — сказаў 3 верасня канцлер Германіі Фрыдрых Мерц у інтэрв'ю тэлеканалу Sat.1.

Відаць, гэтыя словы моцна зачапілі Маскву, таму што сёння, як па камандзе, расійскія і лукашэнкаўскія СМІ распаўсюдзілі фэйк пра Мерца.

У якасці «аўтарытэтнай крыніцы» прапагандысты выкарысталі «прэс-бюро Службы замежнай разведкі Расійскай Федэрацыі». Быў распаўсюджаны наступны тэкст, у якім між іншым заяўлялася:

«Паводле інфармацыі СЗР, многія еўрапейскія эксперты здзіўленыя жорсткай антырасійскай рыторыкай канцлера ФРГ Фрыдрыха Мерца. (…) Аднак здзіўляцца могуць толькі тыя, хто дрэнна ведае біяграфію Мерца. Яго блізкім добра вядома, што канцлер выхаваны на запаветах дзеда і бацькі. Ёзэф Паўль Савіньі і Іахім Мерц верай і праўдай служылі фашысцкаму рэжыму, а Фрыдрых апантаны ідэяй рэваншу за разгром нацысцкай Германіі. (…) Прага помсты расла ў ім з дзяцінства…»

Таксама «прэс-бюро расійскай Службы замежнай разведкі» заявіла, што новы канцлер Германіі Фрыдрых Мерц нібыта паабяцаў Уладзіміру Зяленскаму перадаць крылатыя ракеты Taurus для ўдараў па тэрыторыі РФ.

Паводле сцвярджэнняў, у Берліне «здымаюць заводскую маркіроўку з ракет і замяняюць дэталі», а кіраваць імі павінны нібыта «камандзіраваныя нямецкія вайскоўцы».

Што кажуць факты?

Дзед Мерца па маці, Ёзэф Паўль Савіньі, на працягу 20 гадоў да 1937 года займаў пасаду бургамістра ў горадзе Брылон. У 1932 годзе Савіньі ўступіў у СА, а ў 1938 годзе стаў членам НСДАП. Гэта гістарычныя факты, якіх сям'я Мерца не хавае.

Дзед памёр, калі Фрыдрыху было 10 гадоў. Фактам з'яўляецца і тое, што ён у 2004 годзе назваў свайго дзеда «ўзорам для пераймання, вартым захаплення» і спасылаўся на публікацыю ў нацысцкай газеце Der Stürmer, дзе Ёзэфа Савіньі назвалі Judengenosse (што можна перакласці як «сябар габрэяў» або «таварыш габрэяў»). 

Аднак гэтая спроба апраўдаць дзеда з дапамогай вельмі сумнеўнай крыніцы (газета Der Stürmer была самым адыёзным антысеміцкім выданнем Трэцяга Рэйха) выклікала вялікі грамадскі скандал. Журналісты і гісторыкі хутка знайшлі ў архівах тэксты прамоваў Савіньі ў падтрымку Гітлера і дакументы пра яго службу ў СА, якія малявалі зусім іншую карціну.

Пад ціскам грамадскасці і СМІ Фрыдрых Мерц быў вымушаны публічна адступіць ад сваіх словаў і заявіць, што яго дзед «ні ў якім разе не з'яўляецца для яго найвялікшым палітычным узорам».

Што тычыцца бацькі Іахіма Мерца, то ён нарадзіўся ў 1924 годзе і быў прызваны ў вермахт у канцы вайны, як і мільёны іншых маладых немцаў. Хлопца адправілі на Каўказскі фронт, дзе ён трапіў у палон.

Пасля вайны Іахім вывучаў права, стаў суддзёй і быў прызначаны на працу ў амерыканскай зоне акупацыі, дзе старшынстваваў на некалькіх судовых працэсах супраць нацысцкіх злачынцаў.

Што тычыцца сцвярджэння аб тым, што «Фрыдрых апантаны ідэяй рэваншу за разгром нацысцкай Германіі» і «прага помсты расла ў ім з дзяцінства» то гэтыя словы не маюць ніякіх доказаў. Няма ніводнага публічнага выступу, артыкула або дакумента, дзе Мерц выказваў бы ідэі рэваншызму.

Нямецка-шведскія крылатыя ракеты Taurus. Фота: Bernd von Jutrczenka / picture alliance via Getty Images

Адносна паставак ракет Taurus, то рашэнне пра перадачу іх Украіне сапраўды абмяркоўваецца. Падчас перадвыбарнай кампаніі ў Германіі Фрыдрых Мерц абяцаў іх пастаўку, аднак цяпер канцлер вагаецца ў гэтым пытанні — у тым ліку з-за ціску з боку сацыял-дэмакратаў (СДПГ), якія ўтвараюць урадавую кааліцыю з хрысціянскімі дэмакратамі з ХДС і ХСС і выступаюць супраць паставак зброі далёкага радыуса дзеяння.

Інсінуацыі адносна «тайных паставак» і «камандзіраваных нямецкіх вайскоўцаў» можна патлумачыць тым, што ў ліпені гэтага года Мерц адзначыў, што Германія не будзе больш публічна абвяшчаць, якую менавіта зброю яна перадае Украіне, а таксама расказаў, што сістэма Taurus надзвычай складаная, а яе абслугоўванне патрабуе працяглага навучання ўкраінскіх вайскоўцаў. Пра навучанне на той момант яшчэ не было дамоўлена. 

Пазней у ліпені міністр абароны ФРГ Барыс Пісторыус заявіў, што Германія не будзе пастаўляць Украіне крылатыя ракеты Taurus, нягледзячы на ўзмоцненыя паветраныя атакі РФ і паўторны запыт з Кіева.

Цалкам выдуманай з'яўляецца і гісторыя пра «зняцце маркіроўкі» і замену дэталяў. У адкрытых крыніцах няма ніводнага сведчання, што такое адбываецца, а «прэс-бюро Службы замежнай разведкі Расійскай Федэрацыі» ніякіх доказаў не прыводзіць. 

Каментары8

  • Барадзед
    04.09.2025
    Эти пропагандисты, как собаки, по команде начали лаять и наверно так же по команде прекратят.
  • Не
    04.09.2025
    Filipp, Аднаму баку не трэба шукаць, Буча вядома, як i iншыя ваенныя злачынствы, i хто гэта зрабiў.
  • З 1948 года спэцлягеры Бухенвальд і Заксэнгаўзен былі перападпарадкаваныя ГУЛАГу
    04.09.2025
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Вынеслі прысуд Паліне Зыль — блогерцы, якая стала нулявым пацыентам справы Гаюна, бо ў яе знайшлі тую самую спасылку ад Матолькі10

Вынеслі прысуд Паліне Зыль — блогерцы, якая стала нулявым пацыентам справы Гаюна, бо ў яе знайшлі тую самую спасылку ад Матолькі

Усе навіны →
Усе навіны

«Я пажартаваў». Коўл пракаментаваў словы, што не ведаў, дзе Беларусь7

У Іране патлумачылі знікненне новага вярхоўнага лідара1

Беларускі хакеіст стаў найгоршым па карыснасці ў НХЛ1

Там, дзе стагоддзе таму гучала беларуская мова, сёння пануе польская. Што засталося ад беларускіх гаворак у Літве22

Доўгія пазногці больш не ў модзе. А якія цяпер у модзе?1

Мерц абвінаваціў Трампа ў «маштабнай эскалацыі» канфлікту з Іранам21

На таргі выставілі некалькі карцін Шагала. Адну з іх ужо прадалі за $3,6 мільёна

Улады патлумачылі, чаму ліквідавалі арганізацыю «КіндэрВіта», якая дапамагала дзецям, хворым на рак3

«2 мая пасадзіла бульбу, 4‑га — пасадзілі мяне». Беларуска вярнулася з Польшчы дапамагчы маме — і села за падтрымку Украіны4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вынеслі прысуд Паліне Зыль — блогерцы, якая стала нулявым пацыентам справы Гаюна, бо ў яе знайшлі тую самую спасылку ад Матолькі10

Вынеслі прысуд Паліне Зыль — блогерцы, якая стала нулявым пацыентам справы Гаюна, бо ў яе знайшлі тую самую спасылку ад Матолькі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць