Культура66

Чым жыве оперны спявак Сільчукоў, якога ў 2020‑м звольнілі з Вялікага тэатра за пазіцыю

У 2020‑м спевака Іллю Сільчукова звольнілі з Тэатра оперы і балета за грамадзянскую пазіцыю. Потым у яго жыцці была легендарная міланская «Ла Скала» і пастаноўка «Дзікага палявання караля Стаха» ў Лондане. Што сёння чуваць у знакамітага беларуса?

Фота: ilyasilchukou_official / Instagram

Цяпер Ілля асталяваўся ў ЗША. Ён шмат працуе ў Сіэтле, але чальцы яго сям'і жывуць на адваротным баку кантынента, у Бостане, таму даводзіцца жыць на два гарады.

18 кастрычніка ў оперным тэатры Сіэтла паказалі новую пастаноўку, і ў Сільчукова там заўважная роля. Гэта камічная опера «Піраты Пянзанса» (The Pirates of Penzance).

У сюжэце расказваюць пра хлопца, які вызваляецца з вучнёўства ў каманды піратаў, бо яму споўніўся 21 год. Але потым высвятляецца, што паколькі яго дзень нараджэння 29 лютага, то можна святкаваць яго толькі раз на чатыры гады. І атрымліваецца, што па днях нараджэння ён прабыў у піратаў менш за 6 гадоў, і таму мусіць служыць ім яшчэ 63 гады.

Ілля ў гэтай гісторыі грае ролю Сэмюэла — намесніка караля піратаў:

«Гэта класічны спектакль, на якім растуць амерыканцы, з гэтага пачынаецца іх музычны досвед. Падобны да «Пітэра Пэна», якога ставілі ў нашым дзяцінстве ў опернай студыі».

Гэта ўжо другі сезон Сільчукова ў оперным тэатры Сіэтла. Цягам сезона ён паўдзельнічае яшчэ ў дзвюх операх — «Кармэн» і «Дафне». А ў мінулым сезоне беларус спяваў у оперы «Тоска» пра паліцэйскі пераслед закаханай пары ў Рыме пачатку 19‑га стагоддзя. У Сільчукова якраз была роля аднаго з паліцэйскіх агентаў, Шаронэ.

Акрамя гэтага, Сільчукоў займаецца праектам пад назвай The Voice of My Land («Голас маёй зямлі»). Ён не першы год ладзіць яго з піяністкай Таццянай Лойша — напрыклад, у снежні 2022‑га Сільчукоў адыграў з Лойша канцэрт у Бостане.

Сутнасць — у тым, каб расказаць па-свойму пра музычную гісторыю Беларусі ў сусветным кантэксце:

«Назіраю, што ў нас няма нацыянальна-арыентаванага погляду на музычную культуру Беларусі. Мы ўспрымаем яе з расійскай ці польскай перспектывы, з класічнай перспектывы. Але ёсць у нас свае кампазітары, якія нарадзіліся на тэрыторыі Беларусі і адчувалі сябе беларусамі, і яны вартыя ўвагі. Таму трэба раскрываць нотныя зборнікі і спяваць гэта ўсё».

Гаворка не толькі пра знакамітыя імёны накшталт Агінскага ці Манюшкі. Сільчукоў згадвае Васіля Цітова, кампазітара эпохі барока, які сябраваў з Сімяонам Полацкім, а таксама Яна Тарасевіча — кампазітара з Падляшша.

Таксама Ілля ладзіць камерныя выступы з расійскім піяністам Паўлам Нэрсэсьянам. Гэта 3‑4 канцэрты ў сезон, якія яны праводзяць на ўсходнім узбярэжжы ЗША — Нью-Ёрк, Нью-Джэрсі, выконваюць творы Шастаковіча, Манюшкі і не толькі. Попыт, кажа Сільчукоў, ёсць, у тым ліку сярод мясцовых рускамоўных.

Пры магчымасці Ілля выступае з сям'ёй. Яго жонка Таццяна — таксама оперная спявачка, а дзеці ўмеюць граць на музычных інструментах.

Жыццём ён задаволены:

«Лічу, што гэта заўжды асабісты выбар. Ты можаш шукаць абставіны, каб засмучацца і гараваць, а можаш прыняць валявое рашэнне, што будзеш радавацца, нягледзячы на абставіны. Тады ты будзеш шчаслівы чалавек, нягледзячы ні на што».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары6

  • Жвір
    26.10.2025
    Мая павага. Посьпехаў.
  • Жыве Беларусь!
    26.10.2025
    Калі ласка, абавязкова працягвайце праект пад назвай The Voice of My Land («Голас маёй зямлі»)! Гэта вельмі важна для Беларусі!
    Спадзяюся, што калі-небудзь гэты праект загучыць на канцэртных пляцоўках Беларусі!
    Унутры Беларусі зараз такія праекты развіваць немагчыма. У той жа менскай філармоніі зусім няма канцэртаў беларускіх кампазітараў. У тэатрах няма музычных спектакляў па творах беларускіх класікаў. Гэта культурная катастрофа.
  • Хай Бог дабраславіць гэтую сям'ю
    26.10.2025
    жыццё нашае вельмі кароткае. а жыццё опернага спевака яшчэ карацейшае - голас мае свой тэрмін прыдатнасці.
    калі радзіма-маці не разумее значнасці таленту, мачыха-замежніца з падзякай усынаўляе яго.
    віншую Амерыку з нашым барытонам!
    лукастанію не шкада ніколькі: у прыкарытным балагане спявае бяздарнае безгалоссе.
    Аксана Волкава вакальнае выключэнне. Але Дразды даражэй за Тэатро аллa Скала!

Цяпер чытаюць

Арыштаваная дзяўчына, якую абмяркоўвае увесь Threads8

Арыштаваная дзяўчына, якую абмяркоўвае увесь Threads

Усе навіны →
Усе навіны

Завод «БелДжы» масава адклікае некаторыя свае аўтамабілі1

Мужчына з Індыі страціў у выніку катастрофы ў Саудаўскай Аравіі 18 членаў сваёй сям’і

Так на цэнтральнай плошчы Осла віталі футбольную зборную Нарвегіі ВІДЭА1

Мопсы і бульдогі могуць знікнуць праз дзесяцігоддзе3

У МНС расказалі, чаму пры пошуку Максіма Зяньковіча ў Бярэзінскім раёне ад пачатку не задзейнічалі авіяцыю10

У Брэсце люлька з рабочымі звалілася з узроўню пятага паверха

Прэм'ер Літвы: Урад абмяркуе заўтра адкрыццё мяжы з Беларуссю8

Туск: Дыверсію на чыгунцы арганізавалі двое ўкраінцаў, яны выехалі ў Беларусь37

Лукашэнка абурыўся, што вада з Прыпяці цячэ ва Украіну25

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштаваная дзяўчына, якую абмяркоўвае увесь Threads8

Арыштаваная дзяўчына, якую абмяркоўвае увесь Threads

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць