Аўто

«Каля паловы ў чарзе ў ДАІ — расіяне». Расіяне ў чарговы раз ламануліся ў Беларусь па люксавыя машыны

Здаецца, гэта будзе апошні рывок. Вось што расказваюць.

Ілюстрацыйны здымак. Скрыншот: ютуб-канал av.by

«Куплялі шмат BMW, Mercedes, Audi»

Ужо не першы месяц у Беларусі назіраецца павышаны попыт на аўтамабілі з боку расіян.

Мужчына, які ў пачатку месяца здымаў аўто з уліку ў ДАІ, кажа, што каля паловы людзей у чарзе былі расіянамі.

«На аглядзе таксама было шмат рускіх, якія куплялі даволі дарагія аўто — шмат BMW, Mercedes, Audi, Range Rover», — дзеліцца назіраннямі беларус.

Адбываецца гэта на фоне таго, што расійскія ўлады чарговы раз вырашылі пераглядзець стаўкі ўтылізацыйнага збору на аўтамабілі — гэтым разам на машыны з маторамі магутнасцю больш за 160 к.с. Спачатку планавалася, што новыя стаўкі ўтылізацыйнага збору будуць дзейнічаць з 1 лістапада 2025 года, але пазней дату ўвядзення новых нормаў перанеслі на 1 снежня.

Перанос згуляў на руку беларускім прадаўцам. Прыгнаць за месяц аўто з Еўропы, ЗША ці Карэі расіяне ўжо не паспеюць, таму перш за ўсё яны ламануліся ў Беларусь.

Цэны вырастуць больш чым істотна

У адрозненне ад папярэдніх змен, калі павышаны ўтыльзбор можна было абысці, размытніўшы аўто адразу ў РФ на фізічную асобу або пачакаўшы, пакуль машына правядзе год у Беларусі ці іншай краіне ЕАЭС, цяпер усё гэта не мае значэння.

Для машын ва ўзросце да трох гадоў мінімальны прырост утыльзбору складзе 750 тысяч расійскіх рублёў (каля $9 200), а для старэйшых за тры гады — 1 244 000 рублёў (каля $15 300).

Для аўтамабіляў з маторамі магутнасцю да 160 к.с. нічога не змяняецца, і расіяне змогуць і далей плаціць капеечны (да 70 даляраў) льготны ўтыльзбор.

Таму цяпер у першую чаргу выграбаюць аўтамабілі, якія ўжо больш за год у Беларусі і маюць больш за 160 конскіх сіл.

Ілюстрацыйны здымак: «Наша Ніва»

На тое, што расіяне масава скупаюць машыны ў Беларусі, паказвае і сітуацыя на аўтарынку «Малінаўка». Блогеры-падборшчыкі ўжо неаднаразова заўважалі, што на рынку застаецца ўсё менш аўтамабіляў, якія падыходзяць для экспарту ў Расію.

«Раней за месяц у нас з пляцоўкі ў Расію магло паехаць 2‑5 машын, а за кастрычнік прадалі 17»

Уласнік аўтакаміса, з якім пагутарыла «Наша Ніва», таксама адзначае, што апошнім часам кліентаў з РФ стала значна больш.

«Калі яшчэ ў першай палове года за месяц у нас з пляцоўкі ў Расію магло паехаць 2‑5 машын, то з восені такіх пакупнікоў стала нашмат больш. Толькі за кастрычнік у РФ мы прадалі 17 аўто, і ў гэтым месяцы будзе ўжо каля дзесяці», — дзеліцца назіраннямі ўласнік аўтакаміса.

З яго слоў, апроч аўто з маторамі магутнейшымі за 160 к.с., ён прадаў і некалькі варыянтаў з больш слабымі рухавікамі.

«Адзін з такіх пакупнікоў сказаў, што сёння падымаюць утыль на адны аўто, а заўтра падымуць на іншыя, таму вырашыў паспяшацца», — згадвае суразмоўца.

Выбар абмежаваны

Колькасць машын, прададзеных у Расію, магла б быць большай, але выбар абмежаваны.

«Я чуў, што некаторыя нават пакупаюць аўто, якія прывезеныя менш як 12 месяцаў таму, і плацяць камерцыйны ўтыль, бо ён усё адно меншы за новыя стаўкі. Але асноўная маса, канечне, шукае машыны, якія больш як год у Беларусі.

А паколькі выбар такіх аўто абмежаваны, то продажы не такія вялікія, як, напрыклад, былі падчас мінулых зменаў у Расіі, калі не мела значэння, калі машына была размытненая ў Беларусі», — кажа ўласнік аўтакаміса.

Каментары

Цяпер чытаюць

Праз новы ўказ Лукашэнкі зборы грошай для цяжкахворых сталі на паўзу3

Праз новы ўказ Лукашэнкі зборы грошай для цяжкахворых сталі на паўзу

Усе навіны →
Усе навіны

Два гады таму ў Італіі забілі беларускую танцоўшчыцу. Цяпер за гэта асудзілі яе партнёра-паляка6

Амбасада не адказвала, таму сям'я Святланы Курс сама шукала спосаб перавезці яе прах11

Усё менш беларускіх топ-чыноўнікаў родам з Расіі ці вучыліся там. Але многія суперброкеры ўсё яшчэ маюць «расійскі след»12

У Канадзе сумняваюцца, што беларускі калій будзе амерыканцам больш выгадны за іхні11

За права на аднадзённае наведванне Венецыі збіраюцца браць па 30 еўра. Цяперашні збор нікога не спыняе3

Польская «Лялька» стала сусветным хітом Netflix. Што гэта за серыял і чаму вакол яго спрачаюцца7

У Маладзечне мужчына скраў машыну ў чужой дзяўчыны, каб даехаць да сваёй. Але ездзіць не ўмеў1

Мінчука запрасілі зняцца ў кіно. Але цікавы рэжысёрам быў зусім не ён

Незапатрабаванае арэнднае жыллё могуць прадаваць за адну базавую

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Праз новы ўказ Лукашэнкі зборы грошай для цяжкахворых сталі на паўзу3

Праз новы ўказ Лукашэнкі зборы грошай для цяжкахворых сталі на паўзу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць