Ва ўмовах моцных абстрэлаў ва Украіне пры негатыўным сцэнары святло можа быць усяго чатыры гадзіны на суткі
У той жа час, пры тэмпературы −10°C і без новых абстрэлаў адключэнні электраэнергіі могуць доўжыцца да васьмі гадзін на суткі.

З-за спынення працы многіх прамысловых прадпрыемстваў спажыванне электраэнергіі застаецца ніжэйшым, чым да поўнамаштабнага ўварвання. Таму наяўных генеруючых магутнасцей павінна хапіць для задавальнення зімовага попыту, лічыць аналітык ExPro Дар’я Арлова, піша РБК-Украіна.
Аднак на левым беразе Дняпра ў Кіеве пабудавана недастаткова генеруючых магутнасцей, што стварае рызыкі для гэтых абласцей у выпадку пашкоджання ліній, якія перадаюць электраэнергію з захаду на ўсход.
Да траціны ўсіх генеруючых магутнасцей складаюць вугальныя электрастанцыі. У іх ёсць значныя запасы паліва — 1,7 млн тон вугалю, паведамляла былая міністарка энергетыкі Вольга Буславец.
Разам з тым вугальныя энергаблокі працуюць ужо 50—60 гадоў. Фізічна яны вычарпалі свой рэсурс і могуць выходзіць са строю. Акрамя таго, гэтыя аб’екты занадта вялікія, каб іх можна было надзейна абараніць, таму праціўніку лягчэй вывесці іх з ладу.
Найбольшыя рызыкі для электразабеспячэння існуюць у Кіеве і Адэсе праз рэгулярныя абстрэлы электрасетак.
Паводле ацэнкі аналітыка, у сталіцы могуць дзейнічаць больш жорсткія графікі адключэнняў, чым у іншых рэгіёнах. Рамонтныя работы ўскладняюцца паветранымі трывогамі.
Паводле ацэнкі аднаго з кіраўнікоў энергетычных кампаній, пры сярэдняй тэмпературы −10 градусаў і без абстрэлаў адключэнні могуць доўжыцца да 8 гадзін на суткі. Пры такой жа тэмпературы, але ў выпадку значных пашкоджанняў энергасістэмы, святло можа быць даступнае ўсяго 4 гадзіны на суткі.
Каментары