Беларускі кладаўшчык са свастыкай на плячы лячыўся ад алкагалізму ў Сібіры і пайшоў ваяваць за Расію, а застаўся без выплат і працы
42‑гадовы беларус Павел Чуяшкоў прайшоў шлях ад грузчыка ў Мінску і фігуранта пратаколаў за п’янкі ў Брэсце да штурмавіка расійскай брыгады «Чорныя гусары». У 2022 годзе ён пісаў ліст Уладзіміру Пуціну з просьбай адправіць яго на вайну і дамовіцца з Мінскам, каб яго не судзілі ў Беларусі за найміцтва. Праз чатыры гады пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання мужчына, які марыў пра «імперскае адраджэнне» і фільтрацыйныя лагеры для беларусаў, застаўся ў Іркуцкай вобласці параненым, звольненым з войска і без «ветэранскіх» грошай.

Паўлу Чуяшкову 42 гады. У чатах ён называў сябе «недавучаным гісторыкам», бо скончыў два курсы гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, вылецеў і трапіў на службу ў памежныя войскі. Мужчына пісаў пра сваё бурнае юнацтва і прызнаваўся, што раней быў футбольным хуліганам «Дынама Брэст», а з 14 гадоў носіць на плячы свастыку.
Па звестках «Белпол», у Беларусі ў Чуяшкова не задалося: у 2005—2006 гадах ён працаваў у «Алютэху», у 2009‑м быў грузчыкам», а ў 2011—2012 гадах уладкоўваўся кладаўшчыком. Перыяды працы пастаянна чаргаваліся з беспрацоўем.
Да 2016—2017 гадоў мужчына асеў у Брэсце, дзе рэгулярна трапляў у міліцэйскія зводкі праз алкаголь. На ягоным рахунку некалькі адміністрацыйных пратаколаў за п’янкі, страта ваеннага білета «пры нявысветленых абставінах», а аднойчы каля брэсцкай кавярні «Бістро» на вуліцы Пушкінскай у яго скралі куртку, майкі і мабільны тэлефон.

У сацсетках Чуяшкоў трансляваў радыкальныя прарасійскія і праўладныя погляды. Падчас пратэстаў «дармаедаў» у 2017 годзе ён пісаў:
«Міліцыя прыбірае смецце з галоўных вуліц сталіцы. Упершыню шкадую, што не пайшоў пасля арміі служыць у мянтоўку. Вось то б свята было сёння».

У 2020 годзе ён радаваўся жорсткім разгонам мірных маршаў і затрыманням, кпіў з праваабарончага цэнтра «Вясна» і публікаваў імперскія сцягі з разважаннямі пра нацыяналізм:
«Рускі — гэта калі мысленне ў цябе, хай і падкоркавае — Імперскае. Слава Расіі. Слава трыадзінаму славянскаму роду».
Далейшая гісторыя вядомая з ягоных паведамленняў у тэлеграме.
Праз хранічны алкагалізм першы шлюб Чуяшкова разваліўся. Ён сам згадваў у чатах, што пакуль піў, выносіў з сям’і грошы, «колькі дазвалялі».

Каля 2019—2020 гадоў беларус асеў у Іркуцкай вобласці Расіі (жыў у Іркуцку і горадзе Шэлехаве), дзе трапіў у рэабілітацыйны цэнтр для залежных. Пасля курса лячэння ён застаўся працаваць у гэтым жа цэнтры кансультантам і спецыялістам па сацыяльнай працы на невялікі заробак. У Сібіры ён ажаніўся другі раз — з жанчынай, якая таксама праходзіла праграму рэабілітацыі, а ў 2020 годзе ў пары нарадзіўся сын, якому далі незвычайнае імя — Яўпацій.
З 2021 да 2023 года Чуяшкоў працаваў у іркуцкай «Гандлёвай кампаніі Вяршыня», адкуль ездзіў на вахты на поўнач Расіі кладаўшчыком.
На адной з прац пасля яго выявілі нястачу на дзясяткі тысяч даляраў, а на іншай вахце ён хваліўся, што знайшоў сабе на складзе ахвяру-ўзбека, якога цкаваў, карыстаючыся службовым становішчам. Паралельна расійскія судовыя прыставы рэгулярна заводзілі на яго выканаўчыя вытворчасці за даўгі.
Пасля чарговага алкагольнага зрыву на вахце ў красавіку 2022 года Чуяшкоў вырашыў адправіцца на вайну супраць Украіны. Ён накіраваў афіцыйны зварот у адміністрацыю Уладзіміра Пуціна:
«Вітаю, таварыш галоўны Ваеннакамандуючы. Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Улічваючы сітуацыю, не бачу для сябе магчымасці заставацца ўбаку ад канфлікту, прашу вырашыць пытанне на ўзроўні вашых уладных структур — паехаць у раён правядзення СВА УС РФ і не адказваць па артыкуле КК РБ за найміцтва. Досведу баявых дзеянняў не маю, аднак абяцаю вучыцца старанна гэтай навуцы. Разлічваю на вашу дапамогу».

Кантракт з Міністэрствам абароны РФ Чуяшкоў падпісаў у красавіку 2024 года, трапіўшы ў 15‑ю асобную гвардзейскую мотастралковую брыгаду з Самары, вядомую як «Чорныя гусары». Ён ваяваў на аўдзееўскім і пакроўскім напрамках: спачатку штурмаваў пазіцыі, а пазней стаў старшым групы эвакуацыі.
«Радыё Свабода» называла «Чорных гусараў» самай крывавай брыгадай вайны — страты там каласальныя. З аднаго толькі Паволжжа там загінула больш за 4 тысячы чалавек. Але Чуяшкову пашчасціла выжыць.
Улетку 2024 года — праз некалькі месяцаў пасля траплення на фронт — за тры метры ад яго выбухнуў дрон-камікадзэ: беларусу пасекла рукі і цела аскепкамі, але эвакуацыі ў шпіталь давялося чакаць 16 дзён, бо месцаў для параненых не хапала.

У Z-чатах ён заклікаў «даціснуць усю поскудзь, якая ў РБ яшчэ засталася», а беларускіх эмігрантаў прапаноўваў адпраўляць у «спецыяльна абсталяваныя фільтрацыйныя месцы з вельмі сур’ёзным адсевам». «Укантакце» ён у той жа час пісаў: «Дэмілітарызацыя да Львова (Гданьска)».
У Іркуцку ён далучыўся да рускай нацыяналістычнай суполкі «Паўночны чалавек», пісаў даносы ў Следчы камітэт Расіі, з замілаваннем расказваў пра сустрэтых у Шэлехаве нацы-скінхедаў з белымі шнуркамі ў берцах і марыў, як пасля вяртання з фронту ветэраны будуць прымотваць гранаты да FPV-дронаў і запускаць іх у натоўпы мігрантаў на расійскіх вуліцах, «каб глядзець фарш».

Аднак расійская дзяржава аддзячыла беларускаму найміту па-свойму.
У верасні 2025 года Чуяшкоў абураўся ў вайсковым чаце, што пасля амаль двух гадоў на перадавой і раненняў ён так і не атрымаў расійскага пашпарта і належных грошай: «1,9 на фронце, адзіны дакумент РФ — гэта ваеннік. Мне нават ветэранскія не плацяць — бо замежнік. Эх…».
У канцы 2025 года ён размясціў рэзюмэ на сайце пошуку працы ў Іркуцку, спадзеючыся ўладкавацца кладаўшчыком, а ў жніўні 2026‑га паведаміў былым таварышам па службе, што звольнены з шэрагаў расійскай арміі і беспаспяхова шукае працу ў Іркуцкай вобласці, бо навокал «дзіч нейкая ўсюды».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬБеларускі рэцыдывіст, які нідзе не працаваў, акрамя калоній, пайшоў ваяваць за Расію. Цяпер у палоне
Беларус, які стаў расійскім наёмнікам, вярнуўся ў Слуцк — без увагі з боку сілавікоў. Заклікае іншых не паміраць за Расію
Былы беларускі палітвязень даў сваё тлумачэнне таму, што пайшоў ваяваць за Пуціна
Каментары