«У 2015‑м выйграў $10 тысяч». Беларусы ўзгадваюць, як і колькі выйгравалі ў латарэі
Дзяўчына выклала ў трэдсах допіс са старым білетам «Суперлато» з пытаннем, ці хто-небудзь калі-небудзь сціраў там, дзе напісана «не сціраць», і тым самым разблакавала ўспаміны іншых карыстальнікаў. Многія пачалі дзяліцца сваім досведам гульні ў латарэю.

«Тата ўсё жыццё гуляў у «Суперлато» і «Ваша лато», дзесьці ў 2012 годзе выйграў 25 мільёнаў. І пасля дэнамінацыі адзін раз — тысячу рублёў. Гуляе і дагэтуль», — напісала дзяўчына і выклала фота з тым самым сертыфікатам на 25 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Па стане на 2012 год гэта было каля $3000.
Іншая карыстальніца прыгадала, што гадоў 17 таму выйграла ў латарэю $500. На выйграныя грошы яна набыла два мабільныя тэлефоны для сябе і маці, а таксама пераклеіла шпалеры ў пакоі.
Вясельныя латарэі
Адразу некалькі чалавек напісалі, што замест кветак на вяселле прасілі гасцей дарыць ім латарэйныя білеты. У выніку з усіх білетаў у маладых атрымалася ўсяго 6 рублёў выйгрышу.
«Мы на вяселле таксама прасілі білеты, таксама ніфіга не выйгралі каштоўнага», — напісала жанчына.
«У нас таксама на вяселле прынеслі квіткоў 50, і з іх выйшла каля 10 рублёў у агульнай колькасці», — згадала іншая.
Яшчэ адна карыстальніца напісала, што з 30 білетаў, падораных на вяселле, выйгрышнымі былі толькі тры, і ў кожным з іх выйгрыш быў роўны кошту білета.
«Нам з мужам на вяселле шмат білетаў падарылі. Так атрымалася, што ўсе былі выйгрышныя — праўда, сумы невялікія, але ўсё адно прыемна», — падзялілася яшчэ адна жанчына.

Але не ўсе гісторыі з падоранымі латарэйнымі білетамі мелі сціплыя вынікі. Адзін з каментатараў напісаў, што атрымаў даволі буйны выйгрыш ад такога падарунка.
«У 2015‑м выйграў $10 тысяч у пераліку. Я гэты білет вёз у офіс «Суперлато», спакаваўшы ў тры файлікі, не дай бог падрапаць. Дарэчы, у латарэю не верыў, білет на дзень народзінаў падарылі», — згадаў мужчына.
Трапіць у тэлевізар было не менш прыемна
Для іншых самым запамінальным момантам было, калі яны ці іх бацькі траплялі ў студыю.
«Маме ў гэтым «тэлевізары» тройчы выпала «бінга». Ездзілі на гульню, там вядучыя падказвалі, як гуляць, каб не сысці з мінімальным прызам. У 2018 годзе выйгралі 1000 рублёў», — падзялілася яшчэ адна карыстальніца.
«Малая была. Калі тройчы было напісана слова «скарб», тады едзеш у студыю на шоу. Паехала я з хроснай. І ў канцы там выносілі нібыта золата, узважвалі і тым, хто быў, раздавалі грошы. Карацей, помню, 700 000 [недэнамінаваных] рублёў выдалі нам на рукі», — прыгадала выпадак з дзяцінства іншая.
Адна з каментатарак узгадала, як некалі ёй трапіўся «скарб» і яна разам з мужам паехала ў Мінск на эфір.
«Я не трапіла ў тройку тых, хто гроб золата, але ўсім астатнім, «неграбунам», падзялілі грошы. Апраўдалі паездку з Баранавічаў да Мінска і купілі на рэшту кухонны камбайн. Дагэтуль бульбу пад дранікі на ім робім», — напісала яна.
Некаторыя траплялі ў мясцовыя газеты
«Мы з мамай у 2010‑м таксама выйгралі $1111 у пераліку. Нас фатаграфавалі, і ў газеце нашы твары засвяціліся з гэтай нагоды», — напісала дзяўчына і дадала, што той выйгрыш вельмі дапамог ёй тады з аплатай навучання ва ўніверсітэце.
Выйгравалі не толькі грошы
Адна дзяўчына напісала, што яе дзед некалі выйграў у латарэю машыну, і дадала скрыншот праверкі білета ў інтэрнэце.

Сума выйгрышу склала 29 900 рублёў — аўтамабіль Nissan Terrano.
Адна з каментатарак напісала, што сама выйгравала толькі невялікія сумы, а яе стрыечны брат некалі выйграў VW Tiguan.
Іншы карыстальнік прыгадаў, як правяралі білеты ў часы, калі інтэрнэт быў яшчэ не вельмі развіты.
«Памятаю, як на пошце ці ў «Беларусбанку» ляжалі папкі з інфармацыяй пра выйгрышныя білеты пасля розыгрышу. На той час інтэрнэт яшчэ мала ў каго быў, і калі прапусціў эфір, можна было так праверыць свой білет».
Каментары