Дзіця на ўлік, а бацькам штраф? У некаторых школьнікаў на электрасамакатах могуць быць праблемы
Да 14 гадоў ездзіць на самакаце без прыгляду дарослых нельга.

У школьнікаў, якія няправільна ездзяць на электрасамакатах, і іх бацькоў могуць быць праблемы.
Так, ДАІ ў кастрычніку праводзіла рэйд каля школы №2 у Фаніпалі. Спынілі двух хлопчыкаў на электрасамакатах — абодвум было менш за 14 гадоў. Іх бацькоў пасля выклікалі ў школу. Іншыя вучні, убачыўшы інспектара, разварочваліся або аб'язджалі школу, расказвае av.by.
ДАІ нагадвае, што дзецям да 14 гадоў нельга самастойна кіраваць электрасамакатам на дарозе без суправаджэння дарослага. Выключэнне — жылыя зоны.
Таксама забаронена ездзіць удваіх на адным самакаце. Дазволеная хуткасць — не больш за 25 км/г, а ў населеных пунктах не больш за 10 км/г, акрамя веладарожак і праезнай часткі там, дзе гэта дазволена.
Начальнік агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Мінаблвыканкама Павел Кулакоў кажа, што галоўная мэта іх рэйдаў — прафілактыка.
Але калі школьніка зловяць на парушэнні правіл адной гутаркай справа можа не скончыцца. ДАІ высвятляе абставіны, звязваецца з бацькамі і перадае матэрыялы ў камісію па справах непаўнагадовых. Калі дзіцяці да 14 гадоў, то бацькам можа пагражаць справа па ч. 1 арт. 10.3 КаАП (невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей) і штраф да 10 базавых велічынь. Камісія можа абавязаць іх узмацніць кантроль, напрыклад не пускаць дзіця на вуліцу без дарослых у пэўны час.
Дзіця могуць паставіць і на ўлік у міліцыю.
Каментары