Былы прафсаюзны актывіст з Гродна, кіраўнік на працягу 10 гадоў незалежнага прафсаюза на «Гродна Азоце», у сваім фэйсбуку падзяліўся ўспамінам пра падзеі трохгадовай даўніны.

«Тры гады свабоды. Сёння прачнуўся амаль а пятай раніцы. Джэтлаг пасля пералёту праз акіян. І раптам успомніў: роўна тры гады таму я таксама прачнуўся а пятай.
31 кастрычніка 2023 года. Калонія. Да пад’ёму яшчэ гадзіна. Я ўстаў і пайшоў умывацца. Гэта быў мой апошні ранак за кратамі. Пралік, я не іду на сняданак, нясу «вату», развітваюся з тымі, каго ў гэты час зараджаюць на промку.
Слухаю з’едлівыя рэплікі аператыўніка з прозвішчам Сувораў, які абяцае «салодкае жыццё» тым, хто асмеліўся мяне ўчора праводзіць з гарбаткай.
А сёння я ў Вашынгтоне. Удзельнічаю ў мерапрыемствах Roll Call for Freedom, прысвечанага Міжнароднаму дню палітзняволеных, сустракаюся з людзьмі, распавядаю пра Беларусь, незалежныя прафсаюзы і палітвязняў. Генерую гэты фотаздымак у чаце джыпіці і дзіўлюся, як ён падрос за год.
Каля Мемарыяла Лінкальна я распавёў гісторыю Вацлава Арэшкі, якога ведаю больш за 20 гадоў. Ён дагэтуль за кратамі і страціў зрок у зняволенні.
Тры гады таму я нават уявіць не мог, што буду ў Вашынгтоне і распавядаць пра сваіх калег, якія ўсё яшчэ ў турме.
Сёння я свабодны. Магу падарожнічаць, сустракацца з людзьмі, будаваць планы.
А мае сябры па-ранейшаму прачынаюцца ў калоніях а шостай раніцы. І не ведаюць, колькі яшчэ такіх раніц наперадзе.
Я памятаю твары тых, каго пакінуў за кратамі. Твары сяброў, якія мяне сустрэлі на волі, а цяпер самі з’яўляюцца палітзэкамі. Тры гады я жыву на свабодзе, а яны ўсё яшчэ там.
І больш за ўсё я хачу дачакацца раніцы, калі ўсе яны прачнуцца не ад каманды «Пад’ём!», а таму, што самі гэтага захочуць», — напісаў Сяргей Антусевіч.
***
Намесніка старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, які цягам 10 гадоў кіраваў незалежным прафсаюзам «Гродна Азот» затрымалі 19 красавіка 2022 г. і змясцілі ў СІЗА КДБ. У той жа дзень у офісе БКДП і ў кватэры Сяргея Антусевіча адбыліся ператрусы. Яму выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). У снежні 2022 года Сяргея Антусевіча прыгаварылі да двух гадоў калоніі. Пакаранне адбываў у калоніі №15 у Магілёве, Выйшаў на волю 31 кастрычніка 2023 года.
Цяпер чытаюць
«Доктарка», адвакат, чалавек з камерай і некалькі дужых хлопцаў. У Петрапаўлаўскай Баршчагоўцы расійскія спецслужбы скарысталіся спецыфічным украінскім бізнэсам ваеннага часу
Каментары
Им, диванным геостратегам, виднее всех.
[Рэд. Выдалена]
[Зрэдагавана]