Гісторыя

«Нават калі на чэрапе будзе напісана «Вітаўт», мы не паверым». У Вільні пачынаюць свідраваць сцяну катэдры ў пошуках магілы вялікага князя

У Вільні стартавала падрыхтоўка да праверкі замураванага калідора пад капліцай Святога Казіміра, дзе ў міжваенны час маглі схаваць косткі вялікага князя літоўскага. Самі навукоўцы ставяцца да версіі пра «польскую змову» скептычна, але на выпадак знаходкі ўжо рыхтуюць эталонны генетычны профіль Гедымінавічаў з дапамогай парэшткаў слуцкіх князёў Алелькавічаў.

Пачатак работ у паўднёвай галерэі Віленскай кафедры каля сцяны капліцы Святога Казіміра 3 лістапада 2026 года. Фота: Інстытут гісторыі Літвы / Facebook

Пра пачатак падрыхтоўчых работ 3 лістапада 2026 года афіцыйна паведаміў Інстытут гісторыі Літвы. Пляцоўку каля вонкавай сцяны капліцы Святога Казіміра ўжо агароджваюць ахоўным плотам, куды неўзабаве завезуць сертыфікаванае абсталяванне.

Як мы падрабязна пісалі раней у вялікім гістарычным матэрыяле і яго працягу, ідэя аднавіць пошукі згубленай у XVII стагоддзі магілы Вітаўта Вялікага актывізавалася пасля таго, як у снежні 2024 года ў сутарэннях сабора знайшлі тайнік з каралеўскімі пахавальнымі інсігніямі, схаваны ў пачатку Другой сусветнай вайны. А ўвесну 2026 года рэстаўратар Саўлюс Подзерыс выступіў з гучнай гіпотэзай, што парэшткі Вітаўта насамрэч былі знойдзеныя палякамі яшчэ пасля паводкі 1931 года разам з парэшткамі Аляксандра Ягелончыка, Альжбеты Габсбург і Барбары Радзівіл, але з палітычных прычын іх нібыта ўтаілі ад літоўцаў. На падставе архіўных здымкаў з Гданьска Подзерыс назваў і канкрэтнае месца, дзе маглі схаваць «чацвёрты шкілет» — замураваны калідор каля заходняй сцяны каралеўскага маўзалея.

Пачатак работ у паўднёвай галерэі Віленскай кафедры каля сцяны капліцы Святога Казіміра 3 лістапада 2026 года. Спецыялісты будаўнічай кампаніі «Ekstra statyba» знялі гранітныя пліты і выбіраюць сыпкі грунт у мяшкі, каб дабрацца да чыгуннага люка старой студні на міжваенным бетонным ростверку, адкуль пачнецца свідраванне. Фота: Інстытут гісторыі Літвы / Facebook
Дэмантаваныя з дапамогай вакуумных прысосак і пранумараваныя гранітныя пліты падлогі ў месцы раскопу. Асцярожнае зняцце каменнага пакрыцця і выманне пяску з'яўляюцца трэцім і чацвёртым этапамі з 19‑крокавага плана даследавання — пасля завяршэння свідравання і заліўкі адтуліны вапнавым растворам пліты вернуць на месца. Фота: Інстытут гісторыі Літвы / Facebook

Чаму свідраваць будуць з вуліцы, а не з сутарэнняў

Дэталі таго, як менавіта будуць правяраць гэтую версію і што ўжо ўдалося высветліць навукоўцам, былі прадстаўленыя на адмысловым публічным семінары Інстытута гісторыі Літвы. Кіраўнік працы на аб'екце, археолаг Саўлюс Сарцявічус, і архітэктар Робертас Зілінскас патлумачылі, што загадкавая пустата памерам 3 метры ў даўжыню, 1 метр у шырыню і 2,5 метра ў вышыню — гэта фрагмент старажытнага дрэнажнага калектара.

Вертыкальны разрэз падмуркаў Віленскай кафедры на чарцяжы 1930‑х гадоў з нанесенай траекторыяй будучага свідравання. На схеме бачныя тры аркі каралеўскага маўзалея, а справа ад іх чырвоным прамавугольнікам пазначана замураваная пустата старажытнага калектара, куды плануюць прабіцца пад вуглом з вонкавага боку храма. Фота: скрыншот прэзентацыі Інстытута гісторыі Літвы
План комплексу каралеўскага маўзалея пад капліцай Святога Казіміра з пяццю замураванымі пустотамі, пазначанымі чырвоным колерам. Надпіс злева паказвае на ўчастак былога дрэнажнага калектара, дзе паводле гіпотэзы Подзерыса могуць ляжаць парэшткі Вітаўта. Надпісы знізу і справа адзначаюць замураваныя вентыляцыйныя каналы складанай геаметрыі («Užmūrytos ventiliacijos angos») і светлавыя вокны («Švieslangis»). Фота: скрыншот прэзентацыі Інстытута гісторыі Літвы

Яго збудавалі ў першай палове XVII стагоддзя пры ўзвядзенні капліцы Святога Казіміра, каб адводзіць грунтавыя воды па перыметры храма ў бок ракі Віленкі. Калі ў 1932—1937 гадах польскія спецыялісты будавалі пад капліцай каралеўскі маўзалей, яны сутыкнуліся з моцнай вільгаццю і замуравалі гэты праход з абодвух бакоў.

Першапачаткова здавалася, што прасцей за ўсё прасвідраваць сцяну непасрэдна знутры каралеўскага маўзалея. Аднак спроба праверыць мур геарадарам паказала, што прыборы наўпрост «слепнуць» праз густую металічную арматуру.

Вынікі даследавання заходняй сцяны каралеўскага маўзалея. Уверсе справа — міжваенны фотаздымак калідора да замуроўвання, накладзены на 3D-скан трох арак маўзалея. Унізе — радараграмы сцяны на глыбіні 20, 40 і 70 сантыметраў: жоўтым пункцірам абведзены контур замураванага праходу, які прыборы не бачаць праз густую сетку жалезнай арматуры. Фота: скрыншот прэзентацыі Інстытута гісторыі Літвы

Высветлілася, што ў 1930‑я гады польскія інжынеры, каб абараніць маўзалей ад падземных водаў, ператварылі яго ў своеасаблівую «кансервавую бляшанку» ці тэрмас. Паверх бетону яны паклалі 17 слаёў гідраізаляцыі, уключаючы лісты волава.

Архіўныя фатаграфіі будаўніцтва і шматслаёвай гідраізаляцыі каралеўскага маўзалея ў 1931—1937 гадах, выяўленыя ў фондзе Яна Бароўскага ў Нацыянальным музеі ў Гданьску. Фота: скрыншот прэзентацыі Інстытута гісторыі Літвы

Дзякуючы гэтаму падлога маўзалея, хоць і з'яўляецца самай нізкай кропкай ва ўсіх падзямеллях кафедры, дагэтуль застаецца самай сухой. Прабіваць гэты ізаляцыйны «тэрмас» знутры катэгарычна нельга: гэта парушыць герметычнасць капсулы, і вада пойдзе ў маўзалей. Больш за тое, ужо цяпер адціснутая ізаляцыяй вільгаць паднімаецца капілярным шляхам па сценах уверх, праз што ў капліцы Святога Казіміра пастаянна крышыцца пясчанік.

Таму навукоўцы распрацавалі іншы маршрут, які пройдзе звонку будынка. Спецыялісты знімуць каменныя пліты бруку каля сцяны сабора, раскапаюць грунт і дойдуць да чыгуннага люка старой студні, размешчанай акурат на краі міжваеннага бетоннага ростверка, якім умацоўвалі фундамент.

Схема будучага свідравання (выгляд зверху). Чырвонай лініяй паказаная траекторыя бура, які пойдзе з вонкавай студні (абведзена кружком) на краі бетоннага ростверка ў замураваны калідор, які ідзе ў каралеўскім маўзалей (квадратнае памяшканне № 22 з дзевяццю скляпеннямі). Фота: скрыншот прэзентацыі Інстытута гісторыі Літвы

Адтуль, ідучы па версе бетоннага ўмацавання, яны пад вуглом прасвідруюць адтуліну дыяметрам да 10 сантыметраў праз міжваенную цагляную закладку, не закранаючы аўтэнтычную муроўку і скляпенні XVII стагоддзя.

Увесь працэс падзелены на 19 тэхналагічных этапаў. Адразу пасля таго, як бур пройдзе сцяну, першымі да адтуліны падыдуць не археолагі, а мікрабіёлагі, каб узяць пробы паветра і асяроддзя з закрытай прасторы. Затым унутр запусцяць камеру з аглядам на 360 градусаў, магутным асвятленнем і мініяцюрным лідарам. Гэта дазволіць не проста зазірнуць за сцяну, але і стварыць трохвымерны скан усяго памяшкання. Пасля завяршэння праверкі адтуліну закансервуюць ін'екцыйным вапнавым растворам і вернуць брук на месца.

Фінансуе гэтае лакальнае даследаванне Канцылярыя ўрада Літвы, каштарыс работ складае 33 673 еўра. Усе аперацыі павінны быць завершаныя да 30 лістапада 2026 года.

Электрашчыток пад эпітафіяй Вітаўта і 20 таямнічых пустот

Як расказаў Саўлюс Сарцявічус, падрыхтоўка да свідравання стала часткай больш шырокага праекта па вывучэнні найстарэйшых муроў кафедры, які стартаваў яшчэ ў лютым—сакавіку 2026 года. Навукоўцы выкарысталі масіў даных 3D-лазернага сканавання ўсяго будынка ад падвалаў да гарышча, выкананага ў 2025 годзе па заказе Нацыянальнай бібліятэкі імя Марцінаса Мажвідаса.

Воблака кропак 3D-лазернага сканавання Віленскай кафедры, выкананага кампаніяй Terramodus у 2025 годзе, якое дазваляе рабіць звышдакладныя гарызантальныя і вертыкальныя разрэзы будынка ад крыптаў да паддашка. Фота: скрыншот прэзентацыі Інстытута гісторыі Літвы

Спалучыўшы трохвымерную мадэль з паказаннямі геарадара, даследчыкі распрацавалі ўнікальную для Літвы методыку пошуку замураваных пустот праз аналіз мікраскапічных анамалій крывізны сцен — з дакладнасцю да аднаго сантыметра на атынкаваных паверхнях.

Метад выяўлення анамалій крывізны сцен паводле 3D-сканавання. Уверсе (малюнкі A, B, C) — выяўленне замураванага праёма ў каменна-цаглянай сцяне сутарэнняў за кошт каляровай шкалы адхіленняў ад плоскасці на 10—25 см (чырвоны і ружовы колеры паказваюць пазнейшую закладку, якая выступае бліжэй да назіральніка). Унізе — выяўленне няроўнасцяў на атынкаваных калонах з дакладнасцю да 1 см з чатырох бакоў свету (R — усходні, P — паўднёвы, V — заходні, Š — паўночны). Фота: скрыншот прэзентацыі Інстытута гісторыі Літвы

Першы ж тэст новай тэхналогіі прывёў да кур'ёзнага адкрыцця. Калі прыборы навялі на ўсходнюю сцяну сабора акурат пад вядомай памятнай табліцай з эпітафіяй Вітаўту, камп'ютар паказаў выразную крывізну мура, а геарадар зафіксаваў на глыбіні ад 12 да 27 сантыметраў прамавугольную пустату.

«Калі б я хаваў Вітаўта, я б схаваў яго менавіта там — хто ж будзе шукаць проста пад шыльдай, дзе напісана, што ён тут пахаваны!» — пажартаваў на семінары Сарцявічус.

Аднак інтрыга пратрымалася нядоўга: калі навукоўцы паднялі даваенныя фатаграфіі, высветлілася, што ў 1930‑я гады ў гэтай нішы быў умураваны звычайны электрычны шчыток, які пазней затынкавалі.

Вынікі сканавання ўсходняй сцяны пад эпітафіяй Вітаўту на глыбіні 12,5 см, 17,5 см, 22,5 см і 27,5 см. Выяўленая геарадарам анамалія (абведзена чырвоным кружком справа ўнізе) на даваенным здымку (пасярэдзіне) аказалася нішай міжваеннага электрычнага шчытка. Фота: скрыншот прэзентацыі Інстытута гісторыі Літвы

Такім жа чынам даследчыкі праверылі сваю методыку ў капліцы Гаштольдаў, зрабіўшы выгляд, быццам не ведаюць, дзе менавіта каля бронзавага надмагілля канцлера ВКЛ Альбрэхта Гаштольда знаходзіцца ягонае пахаванне. Прыборы беспамылкова паказалі месца перапахавання пад плітой, а заадно выявілі яшчэ адну вертыкальную анамалію памерам 80 на 30 сантыметраў справа ад барэльефа — як высветлілася паводле архіўных здымкаў, у 1986 годзе археолагі ў гэтым месцы спрабавалі падкапацца пад пліту, каб зазірнуць пад яе збоку.

Вынікі сканавання заходняй сцяны капліцы Гаштольдаў. Пад пахавальнай плітой Альбрэхта Гаштольда чырвоным пункцірам пазначана вядомае месца пахавання, а справа ад пліты — след памерам 80 на 30 см, прабіты археолагамі ў 1986 годзе. Фота: скрыншот прэзентацыі Інстытута гісторыі Літвы

Затое іншыя знаходкі аказаліся куды больш загадкавымі. У заходняй сцяне капліцы Кезгайлаў (цяпер капліца Божай Міласэрнасці) прыборы выявілі адразу дзве невядомыя пустоты: адну няправільнай формы памерам 80 на 50 на 35 сантыметраў у верхняй частцы сцяны, і другую — ідэальна круглую, дыяметрам 40 сантыметраў, унізе. Яшчэ адна анамалія знайшлася ў чацвёртай паўночнай калоне храма і ў сцяне насупраць яе.

Дзве невядомыя пустоты, выяўленыя геарадарам у заходняй сцяне капліцы Кезгайлаў (Божай Міласэрнасці): уверсе справа — анамалія няправільнай формы памерам 80×50×35 см, унізе — круглая анамалія дыяметрам 40 см. Фота: скрыншот прэзентацыі Інстытута гісторыі Літвы
Разгортка сканавання чацвёртай паўночнай калоны (Š4) з усіх чатырох бакоў на глыбіні 10 см і 25 см. Чырвонымі стрэлкамі паказаная выяўленая ўнутры калоны анамалія. Фота: скрыншот прэзентацыі Інстытута гісторыі Літвы

Наклаўшы сучасныя 3D-сканы і даныя геарадарнага прасвечвання падлогі на дэталёвыя польскія чарцяжы 1931—1937 гадоў і карты пасляваенных раскопак, супрацоўнікі інстытута налічылі ў падзямеллях і сценах кафедры ўжо больш за 20 недаследаваных месцаў. Сярод іх — шэсць падземных памяшканняў, засыпаных зямлёй, якія ніколі не краналіся археолагамі, а таксама пяць ізаляваных камор пад арганнымі хорамі, куды пасля міжваеннага рамонту няма доступу.

Зводная карта сутарэнняў Віленскай кафедры, дзе сумешчаны польскі план 1932 года, сучасны 3D-скан (блакітна-зялёны контур) і месцы ранейшых раскопак. Чырвоным колерам (11 месцаў) вылучаныя патэнцыйныя пустоты, якія ёсць на планах 1932 года, але сёння недаступныя; жоўтым (6 месцаў) — засыпаныя грунтам памяшканні, дзе ніколі не вяліся раскопкі; шэрым (2 месцы) — невядомыя геарадарныя анамаліі пад падлогай. Фота: скрыншот прэзентацыі Інстытута гісторыі Літвы
Пяць ізаляваных скляпеністых камор пад арганнымі хорамі (вылучаныя чырвоным у левай частцы плана) і іх падоўжны разрэз на польскім чарцяжы 1932 года. Падчас рамонту 1931—1932 гадоў тут уздымалі падлогу, але што знаходзіцца ў гэтых памяшканнях цяпер і ці засыпаныя яны зямлёй — невядома. Фота: скрыншот прэзентацыі Інстытута гісторыі Літвы

«Палітычнае рашэнне» і спрэчкі вакол канспіралагічных тэорый

Менавіта таму рашэнне пачаць свідраванне з праверкі версіі Саўлюса Подзерыса выклікала падчас семінара гарачую палеміку паміж навукоўцамі. Мастацтвазнаўца Нацыянальнага музея Літвы Бірутэ Рута Віткаўскене публічна папракнула аўтараў праекта ў тым, што ў іхняй групе няма профільнага гісторыка архітэктуры храма, а сур'ёзны інстытут ідзе на павадку ў сумнеўных сенсацый.

Парэшткі Барбары Радзівіл з пахавальнымі знакамі ўлады, выяўленыя ў каралеўскай крыпце ў 1931 годзе. Фота: LVIA

«Саўлюс, мы ўвогуле сябры, але прабачце: выйсці на прэзентацыі і сказаць, што вось тут Подзерыс знайшоў, Подзерыс сказаў, і мы цяпер будзем там свідраваць — гэта прынамсі нясур'ёзна ці паспешліва. Ці гэта такая думка недзе фарміруецца, і вы за гэтай думкай ідзяце?» — абурылася даследчыца.

Выяўленне інсігніяў у схованцы ў сцяне Віленскай архікафедры. Фота: Віленская архідыяцэзія / Aiste Karpyte

Дырэктар Інстытута гісторыі Літвы Аўрымас Шведас і дарадца прэзідэнта Літвы Ёланта Карпавічэне былі вымушаныя наўпрост прызнаць: рашэнне праверыць у першую чаргу менавіта гэтую лакацыю было прадыктавана зверху.

Паводле слоў Карпавічэне, міжведамасная рабочая група пры Канцылярыі ўрада прыняла «палітычнае рашэнне, што трэба верыфікаваць менавіта гэтую гіпотэзу», паколькі грамадства моцна ўзбуджанае публічнымі заявамі пра «знойдзенага Вітаўта».

Гэта пацвердзіў і прысутны ў зале старшыня парламенцкай Камісіі па гістарычнай памяці Дарыюс Якавічус, які нагадаў пра набліжэнне 2030 года — 600‑годдзя са дня смерці князя.

Аўтар гіпотэзы пра схаваныя палякамі парэшткі Вітаўта рэстаўратар Саўлюс Подзерыс падчас дыскусіі на семінары Інстытута гісторыі Літвы. Фота: скрыншот відэа

Сам аўтар гіпотэзы Саўлюс Подзерыс, які сядзеў у зале, узяў мікрафон і паспрабаваў абараніць сваю версію. Ён зноў спаслаўся на праекты прафесара Юльюша Клоса, дзе ў маўзалеі маляваліся чатыры саркафагі, і на гданьскі фотаздымак, дзе на двух сталах у храналагічным парадку ляжаць чатыры шкілеты — прычым невядомы пакладзены першым, перад каралём Аляксандрам Ягелончыкам.

«Ніводзін біскуп ці валадар ніжэйшага рангу не мог ляжаць перад Аляксандрам, акрамя Вітаўта», — настойваў рэстаўратар, дадаўшы, што ў архівах няма ніводнага дакумента аб тым, каб палякі працягвалі шукаць Вітаўта пасля адкрыцця каралеўскай крыпты ў 1931 годзе.

Фотаздымак з Гданьскага фотаархіва, на якім паказанае антрапалагічнае вывучэнне парэшткаў, выяўленых у каралеўскай крыпце ў 1931 годзе. Як вядома, былі знойдзеныя парэшткі толькі трох чалавек, Подзерыс мяркуе, што чацвёрты шкілет на заднім плане можа належаць Вітаўту.
Фотаздымак з Гданьскага фотаархіва, на якім паказаныя тры чэрапы, выяўленыя ў каралеўскай крыпце ў 1931 годзе. Чэрап чацвёртай асобы не фатаграфаваўся, што ў якасці контраргумента ў спрэчцы выкарыстоўвае Сарцявічус.

Аднак прафесійныя гісторыкі і археолагі пачалі па пунктах разбіваць гэтыя аргументы. Гісторык мастацтва і былая дыпламатка Ірэна Вайшвілайце нагадала, што ў 1931 годзе разам з трыма каралеўскімі пахаваннямі была знойдзена таксама пахавальная урна з сэрцам і вантробамі караля Уладзіслава IV Вазы. Паводле еўрапейскай традыцыі таго часу, пахаванне сэрца манарха лічылася паўнавартасным каралеўскім пахаваннем — менавіта таму ў першых эскізах маўзалея маглі фігураваць чатыры аб'екты, пакуль у 1932 годзе камісія не вырашыла адмовіцца ад асобнага саркафага для Уладзіслава IV і пакінуць для яго толькі урну, якая стаіць там і сёння.

Яшчэ больш сур'ёзную лагічную дзірку ў версіі Подзерыса адзначыў сам кіраўнік даследавання Саўлюс Сарцявічус, які вывучыў больш за 119 міжваенных здымкаў з фонду Яна Бароўскага ў Нацыянальным музеі ў Гданьску. Па-першае, на адным са здымкаў in situ (у месцы знаходкі) зафіксаваны шкілет з подпісам «шкілет караля», які відавочна ляжыць зусім у іншым месцы, а не ў каралеўскай крыпце з Аляксандрам і Барбарай.

Па-другое, на тым самым стале, дзе раскладзеныя чатыры камплекты касцей, чамусьці ляжаць толькі тры чэрапы.

«Чаму такая дзіўная логіка: тут мы ўсіх чатырох фатаграфуем разам, а потым адзін чэрап прыбіраем? Вы ўжо прытрымлівайцеся простай логікі: альбо палякі хавалі яго ўвесь час, альбо не хавалі зусім!» — заўважыў Сарцявічус.

Віленская інтэлігенцыя і духавенства перад уваходам у раскрытую каралеўскую крыпту. 1931 год. Фота: NAC

Сарцявічус дадаў, што ў акадэмічным асяроддзі да канспіралагічных тэорый пра «ўтойванне Вітаўта палякамі» ставяцца вельмі скептычна, правёўшы пры гэтым нечаканую паралель з беларусамі:

«Навукоўцы глядзяць на гэта падобна таму, як гісторыя Беларусі хоча прысвоіць сабе ВКЛ — маўляў, гэта не нашы праблемы, гэта памылкова. Але паколькі контраргументы дагэтуль публічна не прагучалі, гэтая дыскусія стала пальчаткай, кінутай навукоўцам».

Археолаг з Палаца вялікіх князёў Гінтаўтас Стрышка выказаўся яшчэ больш іранічна. Ён нагадаў, што раней Подзерыс прапаноўваў шукаць Вітаўта то ў крыпце № 4, якую ўжо раскопвалі ў савецкі час і ў 2016 годзе, то вінаваціў у крадзяжы парэшткаў іншых людзей, а цяпер паказвае на дрэнажны калектар.

«Паколькі ўсе гэтыя работы няблага фінансуюцца дзяржавай, то калі высветліцца, што там нічога няма, давайце проста выпішам гэтаму чалавеку рахунак — каб больш такіх ненавуковых тэорый не ўзнікала», — прапанаваў Стрышка пад смех і апладысменты залы.

Генетычны след Алелькавічаў у Кіева-Пячэрскай лаўры

На пытанне калег, што менавіта даследчыкі чакаюць убачыць праз 10‑сантыметровую дзірку ў сцяне, Саўлюс Сарцявічус адказаў стрымана: калі там і ёсць перапахаванне 1930‑х гадоў, яно не магло быць проста скінута ў бруд, а павінна ляжаць у нейкай скрыні ці труне. Калі ж камера пакажа там чалавечыя парэшткі, давядзецца прымаць асобнае рашэнне, як іх адтуль даставаць, бо праз вузкую свідравіну гэтага зрабіць немагчыма.

Пры гэтым археолаг падкрэсліў, што нават выяўленне касцей ці інсігній само па сабе нічога не дакажа:

«Нават калі там будзе ляжаць чэрап і на ім будзе напісана «Вітаўт», мы ўсё роўна ў гэта не паверым, бо апошнюю кропку павінны паставіць генетыкі».

Успенскі сабор Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе былі пахаваныя князі Алелькавічы, гарыць пасля ўдара расійскага беспілотніка ў ноч на 15 чэрвеня 2026 года. Фота: Wikimedia Commons

Як паведамляецца ў праграмным артыкуле дырэктара Інстытута гісторыі Літвы Аўрымаса Шведаса, падрыхтоўка да такіх генетычных параўнанняў ужо вядзецца на міжнародным узроўні. Спецыялісты Цэнтра біяархеалогіі і палеагенетыкі чалавека Віленскага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам прафесара Рымантаса Янкаўскаса ўжо пачалі даследаванне парэшткаў Алелькавічаў, пахаваных у Кіева-Пячэрскай лаўры ва Украіне.

Паколькі слуцкія і кіеўскія князі Алелькавічы былі прамымі нашчадкамі вялікага князя Альгерда — роднага брата Вітаўтавага бацькі Кейстута, — яны мелі тую ж самую мужчынскую Y-храмасому рода Гедымінавічаў. Атрыманы генетычны профіль слуцкіх князёў дазволіць у будучыні дакладна правяраць любыя знаходкі ў сутарэннях Віленскай кафедры, дзе захоўваюцца сотні неідэнтыфікаваных пахаванняў розных эпох.

Нават калі да канца лістапада 2026 года камера ў замураваным калектары пад капліцай Святога Казіміра пакажа толькі пустату, літоўскія навукоўцы разглядаюць гэта як старт вялікай дзяржаўнай праграмы па поўным даследаванні кафедры, разлічанай да 2030 года. У тым жа лістападзе 2026 года Інстытут гісторыі Літвы і Віленскі ўніверсітэт плануюць запусціць і яшчэ адзін сумесны праект — расшыфроўку і публікацыю выяўленага ў 1956 годзе ў сцяне сабора альбома архібрацтва Найсалодшага Імя Марыі, куды з 1671 па 1938 год уласнаручна ўпісваліся манархі, магнаты і іерархі ВКЛ і Польшчы, пакінушы каля 18 тысяч аўтографаў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну75

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну

Усе навіны →
Усе навіны

Дызельная ўгода Трампа з Расіяй пад пагрозай зрыву5

Кушнер расказаў, якога міру ЗША хочуць для Украіны8

Экспрэс-дастаўку лекаў запусцілі ў Беларусі1

У Разані пасля атакі дронаў гарыць НПЗ, які забяспечвае палівам Маскву3

Лідара пратэстаў у Ганконгу прысудзілі да 10 гадоў турмы2

Дэмакраты ў Кангрэсе ЗША могуць ухваліць новую дапамогу Украіне, пераадолеўшы вета Трампа1

У Польшчы хочуць забараніць мігрантам ездзіць на аўто з беларускімі ды ўкраінскімі нумарамі. Якія змены рыхтуюць14

Даліваеце ваду ў шампунь, калі ён заканчваецца? Хімік тлумачыць, чаму так рабіць не варта2

Што карысней для мужчынскага здароўя — мачыцца седзячы ці стоячы? Вынікі эксперыменту28

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну75

Хто такая Алеся Пархоменка з Кіпра, якая развязала беларуска-беларускую вайну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць