Меркаванні4242

«Няўжо вы, Павел Ізотавіч, так і пражывяце рэшту жыцця вартаўніком пры гэтых турмах?»

Адкрыты ліст Сямёна Букчына да сенатара і галоўнага рэдактара СБ Паўла Якубовіча.

Як стала вядома на мінулым тыдні, П. І. Якубовіч прызначаны чальцом Савета Нацыянальнага сходу Беларусі. Ну вось і вы, Павел Ізотавіч, дасягнулі нарэшце «ступеняў вядомых». Зрабіліся сенатарам.

А наогул, у нас сената няма. Ёсць верхняя палата Нацыянальнага сходу, афіцыйна названая Саветам Рэспублікі. Але вось у прэсе яе чальцоў чамусьці мянуюць сенатарамі. І я думаю, што самім чальцам гэта прыемна.

Нешта ад Старажытнага Рыма. Або царскай Расіі.

Дарэчы, у той жа Расіі ў сенат прызначаліся царом шаноўныя, заслужаныя людзі, ужо ва ўзросце самавітым.

Такая была свайго кшталту ганаровая высылка.

У нас жа гэта і не заўсёды высылка. Можна і сумяшчаць.

Вось і П.І., дзякуй Богу, пакуль сумяшчае з галоўрэдактарствам у «СБ».

Але, як у царскія часы, ён прызначаны. І ў гэтым сэнсе ў Беларусі як кавалку былой імперыі традыцыя падтрымліваецца.

Віншуючы П.І. з гэтай, несумненна, выслужанай пасадай і званнем, я не магу не думаць пра першыя ініцыятывы новага сенатара.

Ну, у тым сэнсе, што ён там прапануе суседзям па верхняй палаце.

Усё-ткі вядомы, аўтарытэтны журналіст, галоўрэд прэзідэнцкай газеты.

Роздумы над гэтай праблемай нарадзілі ўва мне жаданне падказаць новаспечанаму сенатару тэму.

Павел Ізотавіч!

Спадар сенатар!

Калега!

Я памятаю, як у далёкія 70-я гады мінулага стагоддзя вы прыходзілі да мяне ў Акадэмію навук, дзе я тады працаваў. Прыходзілі як да даследніка творчасці знакамітага расійскага журналіста Уласа Дарашэвіча, талент якога прыводзіў вас у захапленне. Вы купілі маю кнігу пра яго і папрасілі аўтограф. Вы прасілі ў мяне дарэвалюцыйныя выданні Дарашэвіча, і я вам іх даваў. Вы хацелі павучыцца публіцыстычнаму майстэрству ў «караля фельетаністаў». Я ведаю, што вы да гэтага часу любіце і шануеце творчасць гэтага выдатнага газетнага пісьменніка.

Я памятаю, якім баявым перабудоўным публіцыстам вы былі. Памятаю вас у асобным кабінеціку ў рэдакцыі часопіса «Крыніца», які грымеў у той час. Галоўным рэдактарам якога быў ваш сябар Уладзімір Някляеў.

І вось Някляеў у турме, а вы — сенатар.

І яшчэ адзін ваш сябар, літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, таксама ў турме.

Вашы сябры, Павел Ізотавіч, у турме! Як жа балюча павінна быць вам!

Скажыце, Павел Ізотавіч, вы верыце, што

мажны, задыханы Фядута, які штодня пераадольвае ўласную хворасць, у галаве якога дзясяткі літаратурных планаў і праектаў,

Фядута, які выпусціў дзве кнігі ўнікальнага беларускага біяграфічнага альманаха «Асоба і час», аднатомнікі Булгарына і Аляксея Карпюка, Фядута, у якога толькі што ў значным маскоўскім выдавецтве «Новы Літаратурны Агляд» выйшаў велічэзны том «Палякі ў Пецярбургу ў першай палове XIX стагоддзя» (не сумняюся, што ён падараваў вам усе свае кнігі),

Фядута — абавязковы ўдзельнік філалагічных канферэнцый у Маскве, Рызе, Вільні, Таліне,

гэты ў найвышэйшай ступені інтэлігентны і далікатны чалавек, задумваў нейкія пагромы і масавыя беспарадкі?

Або іх задумваў іншы ваш сябар — Валодзя Някляеў, паэт Божай ласкай, чый дар ацэнены шматлікімі чытачамі, у тым ліку, несумненна, і вамі? Вы сапраўды верыце, Павел Ізотавіч,

што найтанчэйшы лірык Някляеў можа быць арганізатарам і натхняльнікам пагромаў?

А можа быць, вы паверылі ў тое, што, як сцвярджалі стваральнікі паказанага па БТ у мінулую нядзелю фільма, што збіццё Някляева арганізавалі Саннікаў і іншыя людзі з апазіцыі, імкнучыся такім чынам пазбавіцца канкурэнта?

І, можа быць, ад Саннікава цяпер і чакаюць такіх прызнанняў?

Калі так, то вяртаюцца сталінска-берыеўскія часы, намаляваныя ў фільме Тэнгiза Абуладзэ «Пакаянне». Памятаеце, аднаго з герояў вымусілі прызнацца, што ён меў заданне пракапаць тунэль ад Бамбея да Лондана… Якога прызнання нам чакаць ад вашых сяброў, паэта і літаратуразнаўцы? Прэзідэнт абяцаў, што «наш вусаты чалавек» нешта вельмі важнае апублікуе.

У вас сапраўды ёсць нешта на тэму «тунэля ад Бамбея да Лондана», які капалі ці збіраліся капаць Някляеў з Фядутам?

Але я веру, што вы не звар’яцелі.

Павел Ізотавіч!

Час ідзе. І кожная гадзіна не проста «зносіць часцінку быцця», як пісаў Пушкін, а жыцця вашых сяброў.

Дык выйдзіце ж на трыбуну гэтай самай верхняй у нас палаты і запатрабуйце іх вызвалення.

Які выдатны, самы яркі момант будзе ў вашай біяграфіі!

У турму ж не пасадзяць. Ну пазбавяць сенатарскага крэсла. Пенсія будзе не самая высокая.

Затое ачысціцца душа!

Ах, Павел Ізотавіч, вы ж ведаеце, што ў жыцці кожнага чалавека бывае зорная гадзіна!

Сёй-той вас ужо спісаў. А я да гэтага часу ў вас чамусьці веру.

І мне здаецца, што цяпер прыйшла ваша зорная гадзіна.

І вы зробіце гэта.

Ну што такое, урэшце, гэтыя трыццаць срэбранікаў у параўнанні з той славай і чалавечай удзячнасцю, якая чакае вас?

Ваш любімы Улас Дарашэвіч ухваліў бы гэты крок. Кажу як знаўца яго жыцця. І аўтар новай манаграфіі пра яго, якая толькі што выйшла ў Маскве.

Яна завецца «Лёс фельетаніста».

Вы ж таксама калісьці былі нядрэнным фельетаністам.

І, можа быць, не забыліся на словы Уласа Дарашэвіча:

«Героем народжаны не кожны. А сумленным можа быць кожны».

І цяпер, Павел Ізотавіч, як кажа ваш патрон, ваш лёс у вашых руках.

Я ўжо бачу, як вы падымаецеся са свайго сенатарскага крэсла. На вас беласнежная тога з чырвонай стужкай, і вы пачынаеце:

— Дакуль, Катыліна, ты будзеш злоўжываць цярпеннем нашым? Як доўга яшчэ ты, у сваім шаленстве, будзеш здзекавацца з нас?

Гэта пачатак знакамітай прамовы Цыцэрона супраць аднаго залішне ўладалюбнага дзеяча Старажытнага Рыма, які не грэбаваў ніякімі сродкамі.

Але знікае прывід рымскага сената.

І я чую ваш, Павел Ізотавіч, мужны голас у Савеце Рэспублікі:

— Дакуль будзе панаваць самавольства ў Беларусі?

Далей мне адмаўляе ўяўленне…

Цыцэрон, як вядома, скончыў дрэнна — яго забілі.

Але затое якая слава ў сусветнай гісторыі!

Зрэшты, ёсць людзі, для якіх слава нішто ў параўнанні з самавітым асабняком і добрым рахункам у банку.

Але ж ёсць яшчэ сумленне, Павел Ізотавіч!

У адной з кітайскіх казак Уласа Дарашэвіча багаты мандарын загадаў Сумленне, «гэтую неспакойную жанчыну», «закалаціць у калодкі і пасадзіць за краты на векі вечныя, каб яна нікога больш не турбавала».

У Беларусі Сумленне сёння трымаюць на Акрэсціна і ў «амерыканцы».

Няўжо вы, Павел Ізотавіч, так і пражывяце рэшту жыцця вартаўніком пры гэтых турмах?

Каментары42

Цяпер чытаюць

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай29

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі перасталі прадаваць зімовае дызельнае паліва «Арктыка». І зрабілі гэта свядома2

Невялічкі эцюд Мікеланджэла прадалі за 27,2 мільёна даляраў. Гэта рэкорд1

«Бро, не купляй сабе бульбяны мяшок — ідзі ў залу»: беларускі вядучы ТНТ раскрытыкаваў мужчынскія касцюмы оверсайз13

Беларуска Марына Зуева заняла на Алімпіядзе 15‑е месца2

«Чароўны трусік» Юрый Дземідовіч узначаліў расійскі правінцыйны оперны тэатр13

Ціханоўская прызналася, што мала чым можа памагчы беларусам у Грузіі9

Адключэнне ад Starlink запаволіла тэмпы расійскага наступлення. Але ці надоўга?6

На Магілёўшчыне будуць вырабляць чырвоную ікру, але не для таго, каб яе есці5

Заходнія спецслужбы сумняюцца, што за замахам на генерала Аляксеева стаіць Украіна4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай29

Азараў моцна пакрыўдзіўся на словы «псеўдалідаркі Ціханоўскай», што яго План Перамога быў памылкай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць