Улада66

Менская моладзь растрывожыла слуцкую міліцыю

Моладзь БНФ зладзіла вандроўку ў Слуцак. Яна была прымеркаваная да чарговых угодкаў Слуцкага збройнага чыну. Падчас паездкі яе ўдзельнікі восем разоў сустракаліся зь міліцыянтамі.

Такога не маглі прыгадаць нават сталыя ўдзельнікі штогадовых слуцкіх сьвяткаваньняў Дня герояў. Вэтэранка Фронту Ядзьвіга Пятроўская памятае першыя выезды ў Слуцак – з ганаровым міліцэйскім суправаджэньнем, паўнюткімі аўтобусамі гасьцей і кіраўніком дзяржавы на чале. «А каб не давалі зьехаць са Слуцку, то гэта ўпершыню!» – дзівіцца спн.Пятроўская.

Пачалося ўсё з затрыманьня аднаго з актывістаў Моладзі БНФ Міколы Якушава. Праграма перабываньня ў Слуцку была шчыльная – наведваньне краязнаўчага музэю, невялічкі канцэрт ў гарадзкім парку з удзелам колішняй пераможцы «Бардаўскай восені» Тацяны Беланогай ды раздача друкаванай прадукцыі. Падчас апошняй Мікола і патрапіўся. І хоць ён толькі здымаў акцыю на відэа, менавіта на яго склалі пратакол, зьвінаваціўшы ў распаўсюдзе незарэгістраванай друкаванай прадукцыі. Затрыманых случакоў Паўла Філіпенку і Віталя Амяльковіча адпусьцілі неўзабаве без складаньня пратаколаў.

Арганізатар экскурсіі Франак Вячорка хацеў зрабіць небанальную акцыю – бязь лішняй гаварыльні і звыклых лёзунгаў. А першачарговымі задачамі вандроўкі лічыць выхаваўчую і інфармацыйную. Паездка была арганізаваная адмыслова для маладзейшых сяброў арганізацыі: «Трэба ўздымаць культурны і палітычны ўзровень і сярод нашых сяброў таксама. А Дзень Герояў – добрая для таго нагода». Другой нагодай было інфармаваньне насельніцтва. На вуліцах Слуцку і на гарадзкім рынку маладзёны раздалі паўтары тысячы прысьвечаных Слуцкаму паўстаньню буклетаў і амаль гэтулькі ж недзяржаўных газэтаў і праваабарончых бюлетэняў. Асабліва ахвотна разьбіралі газэты на рынку. Гэты ажыятаж, мабыць, і ўзнэрваваў мясцовую міліцыю.

Першымі да аўтобусу прыехалі ДАІшнікі, якія задалі арганізатару некалькі дзіўных пытаньняў: што рабілі ў музэі, навошта гітары і чаму гаворым па-беларуску. Потым у прысутнасьці супрацоўніка ў цывільным міліцыянты перапісалі дадзеныя ўдзельнікаў вандроўкі нібыта з тым, каб высьветліць, ці няма сярод іх нелегалаў.

На гэтым прыгоды ня скончыліся. Каб трапіць у Семежава, дзе ўсталяваны крыж у памяць аб слуцкіх паўстанцах, давялося гадзіну прастаяць на мяжы з Капыльскім раёнам у чаканьні начальніка капыльскай міліцыі. Той дазволіў ускладаньне кветак, запальваньне зьнічак і гімн «Магутны Божа». «Толькі не заклікайце ні да чаго, ды не разгортвайце забароненае», – настойліва параіў таварыш маёр.

У Семежаве ўдзельнікі акцыі нечакана ацанілі міліцэйскі клопат – паўсотні запаленых зьнічак вакол памятнага крыжа, які мясцовыя жыхары клапатліва даглядаюць, выглядалі сярод цемры фантастычна ўрачыста. Мінакі, якіх на вуліцы Семежава было нават шмат, як на такі час, сьцішана перамаўляліся.

Бард Аляксандар Галіч, які па дарозе зь Менску апавядаў пра слаўную гісторыю Случчыны, кажа пра фэномэн гэтага краю: «Людзі тут не развучыліся шанаваць сьвятое, нават улады з гэтым мусяць лічыцца».

Вярталіся ў Менск увечары ў суправаджэньні міліцыі. На мяжы з чарговым раёнам пад патрыятычныя сьпевы чакалі міліцэйскае начальства. Падчас чарговага прыпынку, яшчэ ў Слуцкім раёне, моладзь прыняла прысягу на вернасьць Беларусі. Проста пасярод дарогі, асьветленай міргаўкамі ДАІшнага легкавіка, пад бел-чырвона-белым сьцягам.

Каментары6

Цяпер чытаюць

Яму выбілі чатыры зубы, а пасля выкінулі з краіны. Цяпер былога палітвязня арыштавалі ў Латвіі з шасцю мігрантамі ў машыне4

Яму выбілі чатыры зубы, а пасля выкінулі з краіны. Цяпер былога палітвязня арыштавалі ў Латвіі з шасцю мігрантамі ў машыне

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка назваў дурасцямі публікацыі ў заходніх СМІ пра ваенную пагрозу з боку Расіі і Беларусі26

«Вызваліўшы нас, пасадзілі іншых». Алесь Бяляцкі паглядзеў фільм пра Алеся Бяляцкага1

У Гватэмале 15‑гадовая дзяўчынка апрытомнела ў труне падчас уласнага пахавання6

Сырскі ўпершыню распавёў пра свой канфлікт з экс-міністрам абароны Міхаілам Фёдаравым2

Сырскі патлумачыў, чаму адправіў войскі ў Курскую вобласць, а не абараняць Пакроўск1

Румынія зноў перастала выдаваць візы беларусам. Трэці раз за год3

Ціханоўская паказала свае матуліны будні105

Пасланнікі Трампа заявілі Кіеву, што спрабуюць вярнуць Пуціна за стол перамоваў з дапамогай дызельнай здзелкі2

ЗША і Еўропа распрацоўваюць мірны план, які дасць Украіне гарантыі бяспекі, а Расіі — эканамічныя выгады24

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Яму выбілі чатыры зубы, а пасля выкінулі з краіны. Цяпер былога палітвязня арыштавалі ў Латвіі з шасцю мігрантамі ў машыне4

Яму выбілі чатыры зубы, а пасля выкінулі з краіны. Цяпер былога палітвязня арыштавалі ў Латвіі з шасцю мігрантамі ў машыне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць