Меркаванні44

Вяртанне ў 18 снежня

І не выключана, што Лукашэнка ўжо атрымаў нейкія абяцанні ў адказ – наконт менавіта вяртання ў 18 сьнежня. Піша Юры Дракахруст,

Інфармацыя пра тое, што да канца месяца Аляксандар Лукашэнка вызваліць усіх палітвязьняў, выглядае даволі падобнай на праўду. Яна прынамсі добра ўкладаецца ў рэчышча папярэдніх шматлікіх намёкаў на тое, што няма чаго ім «паганіць нашы турмы», вызваленьня тых, хто напісаў просьбы аб памілаваньні, і спыненьня справаў супраць тых, каго яшчэ не асудзілі.

Адкінуўшы ў бок гуманітарныя, прававыя і іншыя меркаваньні (якімі айчынная ўлада сябе ніколі і не абцяжарвала), а ўзяўшы толькі палітычныя чыньнікі, можна спрачацца, якім быў балянс плюсаў і мінусаў для ўлады ад наяўнасьці палітвязьняў, скажам, у студзені ці нават ў траўні.

Але ўжо недзе летам гэты балянс стаў відавочна адмоўным. Прычым відавочна гэта стала для ўсіх. Крызіс не сьціхае, Расея, як Бэндэр ад Панікоўскага, за кожны скормлены вітамін патрабуе масу паслугаў, і не сказаць, каб дробных, усе задушэўныя сябры, нават тыя, каго ня ськінулі, неяк не сьпяшаюцца даваць столькі, колькі трэба. Застаецца Захад і кантраляваныя ім міжнародныя фінансавыя структуры. А ў іх умова — без палітвязьняў. Умова, дарэчы, стандартная, яна была такой і ў жніўні 2008 году, калі нават адмовы ад прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі (а тады гэта дарагога каштавала) было ўсё ж недастаткова для нармалізацыі адносінаў, спатрэбілася тое, што патрабуецца і зараз — вызваленьне палітвязьняў.

І насамрэч нічога такога звыш. І ізноў надышоў момант заплаціць гэтую цану. Тым больш, што за гэты час ня толькі павялічыліся мінусы, але ў пэўным сэнсе зьменшыліся і плюсы ад наяўнасьці палітзьняволеных. Калі хацелася паказаць, што за палітычную барацьбу ў Беларусі трэба дорага плаціць — дык ужо паказалі, 8 месяцаў за кратамі — гэта таксама выпрабаваньне, якога нікому не пажадаеш.

Да таго ж, як і ў сытуацыі з Казуліным, ніадкуль не вынікае, што лідэры, якія выйдуць з-за кратаў, стануць беларускімі Гаўламі, Мандэламі ці Валенсамі. Някляеў вось выйшаў і…
Па-рознаму можа скласьціся, але не вынікае як мінімум.

Трэба быць рэалістамі і ўсьведамляць, што вызваленьне ўсіх палітвязьняў разам будзе саступкай Захаду і ўскосна — сацыяльна-эканамічнай сытуацыі, але зусім не апазыцыі ці грамадзянскай супольнасьці. Не, палітыкі могуць казаць іншае, ў іх праца такая, ды і наагул прыемна сябе цешыць уяўленьнем, што Лукашэнку да чагосьці прымусілі беларусы.

Але, на жаль, апошнім рэальным вымярэньнем палітычнай моцы альтэрнатывы як былі, так і застаюцца 7.5 хвілінаў начы 19 сьнежня. І тыя, што 18 сьнежня ўпэўнена казалі, што наступны дзень стане днём вызваленьня, мякка кажучы, вельмі моцна памыліліся. І з чаго вынікае, што іх цяперашнія прагнозы будуць дакладнымі?

Зразумела, сытуацыя зьмянілася, ўзьнік такі фактар, як крызіс. Ён працягваецца, наперадзе — як мінімум яшчэ адна дэвальвацыя і шмат іншых прыемнасьцяў народу ад улады. Як доўга народ будзе гэта цярпець, ці ня выплюхнецца незадаволенасьць на вуліцы — гэта невядома. Не, палітыкам дык пэўна вядома — вось. І ўжо 17 гадоў. Зараз, праўда, такія прагнозы-чаканьні-мэты зусім не беспадстаўныя, але гэта ўсё ж невядомасьць, пытальнік, а не дакладны прагноз.

А пакуль гулец — Захад, і яму вырашаць і ўзважваць.
Ён можа палічыць, што вызваленьне палітвязьняў, якога ён жорстка дамагаўся — гэта ня проста дэманстрацыя слабасьці, а пачатак канца, што новая хваля крызісу нарэшце выведзе беларусаў на вуліцы, і на Лукашэнку трэба ціснуць далей і мацней. Гэта магчымая пазыцыя, балазе значная частка апазыцыі будзе сьхіляць Захад да такога выбару. І ў гэтым — пэўная рызыка Лукашэнкі: вязьняў вызваліў, твар, як ні кажы, ў пэўнай ступені згубіў, а ў выніку атрымаў не чаканыя грошы, а ўзмацненьне ціску.

Але можа быць і іншая лёгіка. Зараз Захад атрымлівае відавочную перамогу, пасьля 19 сьнежня было сказана, што палітвязьні — гэта непрымальна (дарэчы, ні пра што іншае такога не гаварылася) і не прайшло і 9 месяцаў, як яны на волі. А скажы зараз, што Лукашэнка — гэта непрымальна, а ён вазьмі да ўтрымайся, паўтары 7.5 хвілін 19 сьнежня. І палітвязьняў ізноў будзе вельмі шмат.

Ёсьць пэўная аналёгія з лібійскай кампаніяй, у часе якой была надзвычай перабольшаная моц паўстанцаў. Ну ў той жа Лібіі Захад у выніку ўклаў больш рэсурсаў і ў рэшце дамогся свайго. Але гэта яго рэсурсы і адпаведна яго рашэньні. І наагул гэта аналёгія, а ня тоеснасьць — ніхто Беларусь бамбаваць ня будзе, да таго ж нікуды не падзенецца такі фактар, як Расея, якая асабліва ў год выбараў наўрад ці будзе мэлянхалічна назіраць, як яе саюзьніка вядуць шляхам Кадафі.

Іншымі словамі, ў Захаду ёсьць альтэрнатыва, якая палягае, фігуральна кажучы, ў вяртаньні ў 18 сьнежня. Ня ў сэнсе новых выбараў, а ў сэнсе ранейшай палітыкі.

Панікоўскі парушыў канвэнцыю, быў строга пакараны, ўсьвядоміў сваю памылку — ну і сытуацыя вяртаецца да палітыкі ўцягваньня, размываньня, балянсаваньня, палавіністай лібэралізацыі, іншымі словамі, ўсяго таго, што мы назіралі ў той ці іншай меры са жніўня 2008 па сьнежань 2010.

Ня выключана, што аналізаваць верагоднасьці, якое рашэньне прыме Захад, ужо наагул запозна. З паведамленьня Ройтерз вынікае, што абяцаньню вызваліць палітвязьняў папярэднічалі нейкія перамовы.

І ня выключана, што Лукашэнка ўжо атрымаў нейкія абяцаньні ў адказ — наконт менавіта вяртаньня ў 18 сьнежня.

І ў гэтым сэнсе яго прапанова наконт «круглага стала» выглядае, як частка гэтай стратэгіі вяртаньня. І яна нечаканым чынам можа стаць даволі важнай. Стол насамрэч — гэта таксама поле палітычнага бою, які можна выйграць ці прайграць гэтак жа, як і вулічную баталію. І ня сесьці за яго пасьля вызваленьня палітвязьняў будзе ўжо немагчыма.

Не, калі ёсьць іншыя падыходы і погляды, то ніякі Захад ня будзе і ня ў стане перашкаджаць іх рэалізацыі.

Не Захад спарадзіў маніфэстантаў плошчы Тахрыр і лібійскіх ці сірыйскіх паўстанцаў, ён адно праводзіў палітыку, зыходзячы зь іх наяўнасьці.
Калі б іх не было і калі іх не было, і палітыка была зусім іншай, нягледзячы на тое, што і Кадафі, і Мубарак, і іншыя прыгажуны такога ж кшталту былі менавіта такога кшталту і раней і гэта насамрэч ні для каго не было сакрэтам. Нямецкі часопіс Шпігель, дарэчы, нядаўна зрабіў выдатную фотападборку пра стасункі лідэраў дэмакратычнага сьвету з асобай, якую зараз судзяць у Каіры.

Каментары4

Цяпер чытаюць

Святлана Ціханоўская завяла трэдс. Што ёй пішуць беларусы?2

Святлана Ціханоўская завяла трэдс. Што ёй пішуць беларусы?

Усе навіны →
Усе навіны

На мяжы зноў можна браніраваць месца ў электроннай чарзе. Стала нашмат зручней, але цана VIP-броні шакуе

Пад Масквой пакрыўджаны таджык зарэзаў скінхэда, які чапляўся да пасажыраў аўтобуса13

Мытнікі расказалі, што цяпер з янотам-нелегалам, які прыплыў у Беларусь з ЗША1

У Басфоры знайшлі цела расійскага плыўца, які знік паўгода таму

У Расіі школьнік загінуў у танку на выставе вайсковай тэхнікі11

На адну вакансію — да 34 рэзюмэ. Што адбываецца з рынкам працы2

На «Белсаце» запускаюць новае шоу «Каса на камень» з Кацярынай Ваданосавай і Васілём Калачом3

Пазняк назваў Машэрава найбольшым злом у гісторыі Беларусі, калі не лічыць Лукашэнку50

У горадзе расійскіх атамшчыкаў дзясяткі людзей абварыла кіпнем ва ўласных кватэрах1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святлана Ціханоўская завяла трэдс. Што ёй пішуць беларусы?2

Святлана Ціханоўская завяла трэдс. Што ёй пішуць беларусы?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць