Музыка3333

12 беларускамоўных трэкаў ад 12 замежнікаў

Вынікі праекта «Перазагрузка».

«Перазагрузка» слушнага музычнага партала «Тузін гітоў» і кампаніі «Будзьма» падарыла нам дванаццаць трэкаў замежных (ці часткова замежных — гэта гледзячы як меркаваць) выканаўцаў, якія заспявалі на беларускай мове. «Наша Ніва» ацаніла ўсю падборку песняў.

Воплі Відоплясова — Краіна Мрой

Самы доўгачаканы трэк праекта, калі не ўлічваць «Мумій троля». Алег Скрыпка, які нядаўна даведаўся, што на чвэрць ён беларус, любіць спяваць на розных мовах. З беларускай атрымалася сярэдненька — некаторыя адразу вырашылі, што гэта такі сцёб. Асабліва з улікам інтанацый Скрыпкі. Аднак варта адзначыць, што такія інтанацыі характэрныя для гэтага музыкі, а значыцца, не варта думаць, што гэта «кпіны ўкраінскага суседа» (а было, было такое меркаванне). Песня атрымалася б, калі б Скрыпка праспяваў яе дуэтам з кім-небудзь, дык і акцэнталагічны бар’ер бы знік.

Алег Джагер — Дзень без чар тваіх

Ну, Алег Джагер беларус, таму праблемы спеваў на мове, якой не ведаеш, перад ім не стаяла. Ацэньваць гэтую песню варта з пазіцыі стаўлення да творчасці Джагера. Мелодыкай песня нагадвае «Машину Времени» і на беларускім радыё была б да месца. Не хапае нам такой поп-музыкі. І так, калі хто не ведае: да Міка Джагера не падобна.

Dreamgale — Апошняе сонца

Шведскі гурт, у якім таксама не абышлося без нашых суайчыннікаў — Майка Сэндэра (дзяцінства якога прайшло ў Мінску), а таксама Змітра Палагіна. Такім чынам, песня — не пераклад і ўвогуле напісаная спецыяльна для «Перазагрузкі». Электра-поп увогуле весялей, прасцей і прыемней граць у Швецыі — там попыту болей, аднак запісаць альбом вось такіх песняў для Беларусі было б някепска.

##### — Дождж

Расійскі альтэрнатыўны гурт родам з Віцебска. Атрымаў усе магчымыя ўзнагароды ў галіне альтэрнатыўнай музыкі. Што да песні «Дождж», то мы ўсе добра ведаем, як гучыць расійская альтэрнатыўная музыка, а вось як яна гучыць па-беларуску? Гэтаксама. Таму аматары будуць узрадаваныя (а аматараў «альтэрнатывы» багата), астатнія ацэняць эксперымент.

Макс Лорэнс — Зрывае дах

Гэтая песня была хітом на рускай мове. Менавіта з ёй былы жыхар Гомеля Макс Лорэнс стаў знакамітым у Расіі і ва Украіне. Хуткі рэчытатыў плюс энергія і новы пераклад могуць зрабіць гэтую песню хітом і ў Беларусі, прычым спалучэнне «Зрывае дах» фанетычна гучыць цікавей і прыемней, чым «Схожу с ума».

Марыя Тарасевіч — Сонейка

Ад біг-бэнда Анатоля Крола да часопіса Playboy — і вось цяпер «Перазагрузка» «Тузіна». Марыя Тарасевіч магла б стаць адной з самых запатрабаваных беларускіх спявачак, аднак джазавая сцэна Масквы мае больш шанцаў на Марыю. А нам застанецца «Сонейка», якое будзе паказваць, адкуль родам спадарыня Тарасевіч. Галоўным хітом «Перазагрузкі» «Сонейка» стане наўрад ці, але калі б Марыя праспявала што-небудзь не лірычнае, але драйвовае, магчыма, канкурэнтаў не засталося б.

Аляксандр Рыбак — Небасхіл Еўропы

Ох, як мы чакалі такога трэку — каб Рыбак заспяваў па-беларуску. І заспяваў, і без акцэнту, і з назвай, нетыповай для поп-музыкі. Карацей, у галасаванні ён бы перамог у любым выпадку. Па-першае, вельмі добра праспяваў. Па-другое, ну любім мы яго — і хто скажа, што мы не маем рацыі? Хаця, па ідэі, радыёэфір Беларусі павінен складацца з такіх песняў, і яны не павінныя быць гучнымі падзеямі. Але калі тое будзе?

«Смысловые галлюцинации» — Апошні дзень Зямлі

Ёсць меркаванне, што «Смысловые» ўсё жыццё спяваюць прыблізна адну і тую песню з пераменным поспехам. Беларускамоўная версія «Апошняга дня Зямлі» радуе вымаўленнем (некаторыя айчынныя гурты спяваюць на роднай мове горш), аднак гэта ўсё тая ж песня. Тут усё залежыць ад таго, наколькі асабіста вы любіце

«Галюцынацыі». Калі любіце — гэта для вас. Калі не — не заўважыце.

Leon Gurvitch Project — Акіян у цішы

Нямецкі джазавы праект, чый лідар (мінчанін па нараджэнні) паспеў запісацца з Фрэнкам Лонданам, прапанаваў беларускамоўную песню, якую напісала па-руску і праспявала скрыпачка Іна Высоцкая. З вымаўленнем ёсць праблемы, аднак гэта самая цікавая песня ва ўсёй «Перазагрузцы», прынамсі ў музычным плане. Ну і не забываемся, што джазавыя спевакі былі аматарамі спяваць на мовах, якіх не ведалі, аднак мы гэтыя песні ўсё адно любім.

Zdob si Zdub — Стоп-мафія

«А каго гэта вы маеце на ўвазе?» — так і цягне спытаць у стылі савецкага цэнзара. Песня ўдалася, толькі заканчваецца неяк нечакана (у музычным плане). А што не ўсе словы можна з першага разу разабраць, дык яшчэ Джагер (не Алег) казаў, што «калі ў песні ўсе словы зразумелыя, такая песня нецікавая». Адзін з найлепшых трэкаў «Перазагрузкі» — прынамсі, вельмі цяжка не напяваць сабе пад нос пасля.

Алёна Свірыдава — Пакуль

А вось і самы нечаканы трэк! Не чакалі мы пачуць на «Тузіне» беларускамоўную Свірыдаву. І, раптоўна, гэтая песня запамінаецца лепш за палову іншых — і справа не ў тым, што гэта Свірыдава, а проста спяваць па-беларуску для расійскага артыста звычайна складана, а тут гучыць так, як быццам песня ад пачатку так напісаная і праспяваная. А слабо яшчэ «Бедную авечку» па-беларуску? І гэта не жарт!

Мумий Тролль — Кантрабанды

Гэты трэк чакалі з першага дня абвяшчэння «Перазагрузкі». «Нам бы ў Бэларусь! Хоць Бацька не давай каманды» — спявае Лагуценка. Бадай што слухаць на поўным сур’ёзе гэты трэк будзе цяжка — канечне, да бессмяротнага хіта Scorpions «Ветэр пэрмэн» тут далёка, аднак і тыя і гэтыя песні запісвалі не са зла, а зусім наадварот. Такія песні звычайна ўваходзяць у зборнікі «нявыдадзенага і рарытэтаў», дзе іх будуць слухаць толькі найадданейшыя адэпты творчасці гурта. Але нам, безумоўна, вельмі прыемна.

Каментары33

Цяпер чытаюць

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads12

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads

Усе навіны →
Усе навіны

Кім быў загінулы добраахвотнік Васіль Рапіцкі. Расказвае Клачко2

Трамп: Ніякай здзелкі з Іранам не будзе, толькі безагаворачная капітуляцыя4

Большасць «жаночых» вуліц у Беларусі названыя ў гонар Крупскай і Церашковай7

Азербайджан мабілізаваў рэзервістаў і выставіў войскі на баявыя пазіцыі4

Казуля ў трактары справакавала праверку пракуратуры

Ізраіль апублікаваў ВІДЭА ўдару па бункеры, дзе мог хавацца сын Хаменеі1

Гарналыжніца Ліндсі Вон вярнулася да трэніровак ВІДЭА2

Кафеін замест какаіну. Дачка забітага наркабарона Эль Менча кіруе кавярняй у Каліфорніі1

Экскурсавод паказаў кватэру, у якой у Мінску жыў Лі Харві Освальд

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads12

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць