Меркаванні151151

Будзем нараджаць бэбі

Маладыя думаюць: спачатку дабрабыт, а дзеці — потым. Піша Зоя С.

На апошнім курсе тэхнікума, якраз перад самай канчынай сацыялізму, калі адбывалася безнадзейная спроба яго рэанімацыі пад назвай «Перабудова», у нашай дзявочай групе дзве дзяўчынкі выйшлі замуж. Адразу ж пасля заканчэння вучобы нарадзілі дзяцей. Было ім усяго дзевятнаццаць гадоў. А яшчэ праз тры гады замужам было ўжо дваццаць былых сакурсніц і на свет з’явілася шаснаццаць дзетак.

І гэта тады, калі

ў крамах былі пустыя паліцы, велізарныя чэргі за любой дробяззю, прадукты харчавання выдаваліся па талонах. А з дзіцячым харчаваннем праблемы былі яшчэ большыя. Сваіх нованароджаных дзетак бацькі чымсьці кармілі
і, вядома ж, не папяровымі талонамі.

Дзеці выраслі, здаецца, і праблем не было. Цяпер жа мне часта даводзіцца чуць ад маладых, якія пажаніліся і жывуць разам, што ў іх няма магчымасці завесці дзіця: жыллёвыя, матэрыяльныя ўмовы не дазваляюць і іншае. Будзе названы шэраг перашкод, якія ніяк не спрыяюць папаўненню сям’і.

Цешаць сябе адгаворкамі і спадзяюцца, што у далёкай будучыні ў іх будуць дзеці, а цяпер ім трэба пажыць для сябе.
Буду шчырая — і ў часы маёй маладосці такіх хапала. Прыпамінаецца адна гісторыя. Мы з мужам былі запрошаныя на вяселле да яго сваяка. Маладая амбітная пара гуляла вяселле ў вузкім коле сяброў і родных. Госці ўжо добра выпілі, расшумеліся. Пад агульны шум і гам адзін з гасцей, сталы мужчына, падняўшыся з чаркай у руках, перакрыкваючы шумную кампанію, сказаў:

— А я хачу праз год пабываць на хрэсьбінах. Жадаю, каб праз год у вас, дарагія маладыя, нарадзілася дзіця.

— Якое дзіця, што Вы кажаце?! Нам абжыцца трэба, — неяк нервова і злосна адрэагавала нявеста. Жаніх моўчкі сядзеў побач, быццам яго гэта не датычыцца.

Мужчына, агаломшаны такой рэакцыяй, сеў на сваё месца, але праз пару секунд у яго вачах заскакалі чорцікі ўпартасці, ён упэўнена прамовіў:

— А я ўсё адно вып’ю за свой тост, — падняўся і выпіў.

Госці зашумелі: «Здароўя маладым! Шчасця, дабрабыту!..». Тэму дзяцей больш не падымалі.

Вяселле скончылася. Маладыя пачалі жыць у пакойчыку на агульнай кухні, што дастаўся ім ад бацькоў жаніха пасля кватэрнага абмену. Продкі пастараліся, забяспечылі жыллёвы мінімум. Прайшло некалькі месяцаў і сталася так, што маладая жонка зацяжарала. Перасцярогі не спрацавалі. І хаця гэта не ўваходзіла ў планы сямейнай пары, праз год, як і прадказваў той малайчына-дзядзечка, на свет з’явілася цудоўнае дзіця: блакітнавокая дзяўчынка. Маладыя бацькі былі шчаслівыя. Дзякуй лёсу, што ўнёс карэктывы ў планы маладой сям’і, бо 

і дагэтуль уся іх жылплошча складаецца з таго пакойчыка на агульнай кухні, так і не абжыліся. Каб чакалі дабрабыту, засталіся б бяздзетнымі.
А дзяўчынка вырасла, цяпер нявеста. Дачка не была перашкодай іх заможнасці, проста бюджэт сям’і пара ўсё сваё сумеснае жыццё будавала па прынцыпу «хто ў лес, а хто па дровы». Пражыўшы амаль дваццаць гадоў, і наогул разышліся. Выявілася пад канец, што не супадаюць характарамі.

Мужчына сышоў з сям’і, пасяліўся ў найманай кватэры. Нядоўга быў адзінокі. Хутка да яго пераехала новая каханая. Ён вырашыў жаніцца другі раз. Любіць чалавек жаніцца, што тут зробіш. І зноў я трапіла на вяселле да таго ж маладога. Жаніху — ужо за сорак. Нявесце — за трыццаць. Замужам не была, дзяцей не мае. Я, памятаючы той даўні выпадак з тостам пра дзіця, асцярожна пацікавілася ў сіваватага жаніха, якія ў яго планы наконт папаўнення сям’і. Жаніх бадзёрым голасам адказаў:

— Якія планы? Планы самыя найлепшыя — будзем нараджаць бэбі!

Трэба было размяняць пяты дзясятак гадоў, каб навучыцца правільна расстаўляць прыярытэты.
Відаць, папярэдняе сямейнае жыццё навучыла…

Я сучасную моладзь у нечым разумею.

Яны маладыя, наіўныя і думаюць, што ўсё ў іх жыцці складзецца па іх планах: спачатку жыццё для сябе, дабрабыт, адпачынак на моры, кар’ера, а дзеці — потым. Толькі ў жыцця свае павароты і гэта «потым» можа не наступіць. Таму і пашыраюцца медычныя цэнтры «Маці і дзіця».
Пашыраюцца праблемы бяздзетнасці. І гэта «потым» ператвараецца ў тое, што без дапамогі ўрача-спецыяліста ўжо немагчыма завесці дзіця. Добра, калі яшчэ ўрач дапаможа.

Маладым сем’ям усё ж такі трэба

пастарацца зрабіць дзве рэчы паралельна: нарадзіць, вырасціць дзяцей і стварыць дабрабыт, кар’еру.
Яны маладыя і моцныя, у іх усё ўдасца. Так прыемна глядзець на мам з маленькімі дзеткамі, апранутымі ў яркія, рознакаляровыя куртачкі. Мамы вядуць дзетак за ручку ці будуюць з гэтымі карапузікамі замкі ў пясочніцы на дзіцячай пляцоўцы. А дзеткі цікаўныя, абаяльныя і кранальныя, яшчэ маленькія, але за імі — будучыня.

Мая бабуля, якая пражыла роўна сто гадоў, любіла паўтараць: «Дзеці — разумнейшыя і лепшыя за бацькоў, каб было інакш, свет даўно звёўся б». Я думаю, бабуля мела рацыю. Галоўнае, каб дзеці нараджаліся.

Каментары151

Цяпер чытаюць

«Ліпа ва ўсіх сэнсах». Вось як будуць выглядаць дрэвы ў вазонах на галоўным мінскім праспекце. Блогеры атрымалі заданне імі захапляцца10

«Ліпа ва ўсіх сэнсах». Вось як будуць выглядаць дрэвы ў вазонах на галоўным мінскім праспекце. Блогеры атрымалі заданне імі захапляцца

Усе навіны →
Усе навіны

Кватэры ў Мінску на другасным рынку падаражэлі на 27% з пачатку года1

Беларусцы на рахунак прыйшло дзевяць мільярдаў рублёў2

Арыштавалі Аркашу — галоўнага падазраванага ў збіцці да смерці навукоўца ў Екацярынбургу14

Wildberries пачаў шукаць складскія памяшканні ў Казахстане праз атакі ўкраінскіх беспілотнікаў4

Беларуска ўцякла ў ЗША ад службы ў Ізраілі — і цяпер сядзіць у Мінску без пашпарта20

ФСБ абвяшчае стваральніка Telegram Паўла Дурава ў міжнародны вышук6

Самы дарагі дом у чэрвені ў Беларусі купілі за 630 тысяч даляраў

«Тэмпы наступлення Расіі знізіліся ў разы». Ваенныя аналітыкі — пра тое, як за лета змяніўся ход вайны ва Украіне3

У расійскім Екацярынбургу да смерці збілі навукоўца Акадэміі навук, які перашкодзіў дзецям катацца на квадрацыклах па доследных палях16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ліпа ва ўсіх сэнсах». Вось як будуць выглядаць дрэвы ў вазонах на галоўным мінскім праспекце. Блогеры атрымалі заданне імі захапляцца10

«Ліпа ва ўсіх сэнсах». Вось як будуць выглядаць дрэвы ў вазонах на галоўным мінскім праспекце. Блогеры атрымалі заданне імі захапляцца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць