З сённяшняга дня інтарэсы Стакгольма ў візавых пытаннях вырашае пасольства Эстоніі.
Пасольства Эстоніі з сённяшняга дня афіцыйна прадстаўляе інтарэсы Швецыі ў візавых пытаннях у Беларусі. Пасольства Швецыі, у сваю чаргу, будзе прадстаўляць інтарэсы Эстоніі ў такіх краінах, як ПАР і Куба. Гэта прадугледжана дагаворам, які заключылі ўрады Швецыі і Эстоніі.
Дакументы на даванне шведскай візы беларускім грамадзянам пасольства Швецыі закончыла прымаць 17 жніўня.
21 жніўня выдачу шведскіх віз пачне ажыццяўляць пасольства Эстоніі. Уся неабходная інфармацыя аб заяўцы на візу і консульскіх пытаннях размешчана на сайце эстонскага дыппрадстаўніцтва ў Мінску.
Заяўкі для атрымання віду на жыхарства і дазволу на працу ў Швецыі можна падаваць у электронным выглядзе праз сайт Міграцыйнай службы Швецыі.
Магчымыя інтэрв’ю і кантроль дакументаў грамадзян Беларусі з 21 жніўня будзе праводзіць пасольства Швецыі ў Маскве.Там жа можна будзе пакінуць свае біяметрычныя звесткі для атрымання карткі. Заяўнікі таксама будуць мець магчымасць падаць папяровую заяўку непасрэдна ў пасольстве Швецыі ў Маскве, паведамляе сайт шведскага пасольства ў Беларусі.
8 жніўня МЗС Беларусі аб’явіў аб адкліканні ўсіх супрацоўнікаў беларускага пасольства ў Стакгольме. Шведскаму боку рэкамендавала прыняць аналагічныя меры і адклікаць усіх сваіх дыпламатаў з Мінска да 30 жніўня.
Каментары