Выйшаў 59-ы нумар часопіса.
Новы нумар «Дзеяслова» атрымаўся вельмі насычаным, нават па мерках выдання — пачынаецца ён з падборкі парыжскіх вершаў Андрэя Хадановіча «Новы рэалізм» (паэт месяц пражыў у Парыжы, а як сталіца Францыі ўплывае на літаратараў — вядома), і працягваецца аповесцю Барыса Пятровіча «Спачатку была цемра».
Апроч таго, у нумары — выбраныя старонкі з дзённікаў Ніла Гілевіча, «Знакі прыпынку» — калекцыя нататак Уладзіміра Някляева.
Таксама «Дзеяслоў» друкуе эсэ Алеся Бяляцкага «Асвячоны Беларушчынай», прысвечанае Хвядосу Шынклеру і чарговую працу Валянціна Акудовіча «Нацыянальны канон: партытура для рэквіума».
Леанід Галубовіч рэцэнзуе «Сонцаварот» Марыі Вайцяшонак, а Андрэй Масквін гутарыць з Марыйкай Мартысевіч пра зборнік «Амбасада» і тое, ці можна лічыць Янку Купалу нашым Дыянісам.
Каментары