Архіў

Алесь Аркуш. Бяз пральні на адзінаццатым вяку

№ 6 (163), 7 — 14 лютага 2000 г.


 

Бяз пральні на адзінаццатым вяку

 

У камунальным пляне Полацак вядомы сярод сьведамых беларусаў тым, што ў горадзе ёсьць лазьня, пабудаваная яшчэ ў 20-х гадох нашага стагодзьдзя, на фасадзе будынку вялікімі літарамі па-нацыяналістычнаму напісана — ЛАЗЬНЯ, менавіта зь мяккім знакам пасьля мяккай «з», як таго патрабуе граматыка Тарашкевіча. Але гэтым разам мы распавядзем не пра лазьню, а пра пральні. Праўда, цяпер гэта можна рабіць толькі ў мінулым часе, як пра вадзяныя млыны ля верхняга замку ці княскі палац. Ні палацу, ні млыноў, ні пральняў цяпер у Полацку няма. У 2000 годзе старажытны горад цалкам адмовіўся ад такой папулярнай бытавой паслугі, як мыцьцё бялізны. З 1 студзеня спынілі сваё існаваньне мэханічная пральня на вуліцы Школьнай і пральня самаабслугоўваньня на вуліцы Караленкі. Пункты прыёму бялізны зачыненыя, большасьць работнікаў звольненыя, засталіся кіраўнікі і вартаўнікі. Прычынай закрыцьця гарадзкія ўлады называюць вялікія запазычаньні за цяпло. Напрыклад, пральня на Школьнай запазычыла кацельні Полацкага малочнага камбінату 5 млн. новых рублёў. На ўсю Полаччыну засталася адна дзейная пральня ў Наваполацку. Але яе магутнасьцяў не хапае, каб задаволіць усіх ахвочых. У першую чаргу прымаюць бялізну ад мэдычных установаў. Астатнім — як пашанцуе. Відавочна, утрыманьне пральняў стала не па кішэні полацкім уладам.

Непрыемная зьвестка прыйшла й ад кіраўніцтва полацкай грэка-каталіцкай парафіі. У ноч з 29 на 30 студзеня была абрабаваная царква імя сьвятой Параскевы Полацкай. Дакладней, не сама царква, а сутарэньні пад царквой. Былі скрадзеныя зварачны трансфарматар, ровар і шэсьць мяхоў бульбы. Некалькі дзён раней быў абрабаваны малельны дом віцебскіх грэка-каталікоў. Зьніклі каштоўныя старажытныя абразы, грошы, дабрачынныя лекі. У адрозьненьне ад Віцебску, у Полацку прыкрая гісторыя мела шчасьлівы канец. Рабаўнікі, губляючы па дарозе бульбу, дакладна пазначылі свой шлях, таму мясцовым пінкертонам аказалася няцяжка адшукаць прапажу і аматараў разжыцца на чужых падворках. Аднак дзіўнае супадзеньне двух рабаўніцтваў насьцярожыла полацкіх уніятаў. Ці не з аднаго кораня яны паходзяць?

Затое з прыемнай весткай прыехаў у Наваполацак зямляк, пісьменьнік Уладзімер Арлоў. 27 студзеня ў цэнтральнай гарадзкой бібліятэцы адбылася прэзэнтацыя кнігі «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі», якую Арлоў напісаў разам з гісторыкам Генадзем Сагановічам. Нягледзячы на сур’ёзныя папярэджаньні аб наступе грыпу, Арлоў не спыняе сваё турнэ па краіне. Усім ахвочым патрапіць на прэзэнтацыю кнігі ня стала месца, таму прыйшлося апэратыўным парадкам мабілізоўваць астатнія спраўныя бібліятэчныя крэслы, лаўкі і ўслоны. Значна цяжэй аказалася выйсьці са становішча, калі ўсім, хто хацеў набыць «Дзесяць вякоў», не хапіла кніг. Пасьля таго, як скончыліся тры першыя пачкі, Арлоў прызнаўся, што ёсьць яшчэ два ў запасе. Але і гэтых не хапіла. Пісьменьнік паабяцаў землякам у самыя сьціслыя тэрміны выправіць сытуацыю. Прыемная ж вестка, якую прывёз Арлоў, мела іншы, больш глябальны характар: пісьменьнік паабяцаў землякам яшчэ як мінімум дзесяць вякоў беларускай гісторыі. Таму навапалачане разыходзіліся па ўласных кватэрах з узьнятым настроем.

Алесь Аркуш


Каментары

Цяпер чытаюць

Што за Дзмітрый Скіндзераў, які абвясціў вайну Ціханоўскай? Супрацоўніцтва з ГУБАЗіКам, даўгі ў Беларусі, даўгі ў Літве25

Што за Дзмітрый Скіндзераў, які абвясціў вайну Ціханоўскай? Супрацоўніцтва з ГУБАЗіКам, даўгі ў Беларусі, даўгі ў Літве

Усе навіны →
Усе навіны

Ведаеце лубін? Навукоўцы з Мінска распрацавалі катлеты з яго. Але самі не гатуйце ні ў якім разе!1

Беларускае тэлебачанне пакажа велікодныя каталіцкія набажэнствы1

Гінулі ад паводкі, але выратаваліся пераездам. Як цяпер жывецца ў Беларусі турападобным быкам2

Сілавікі заняліся заснавальнікамі дабрачыннага фонду «Цуд дзецям». Сцвярджаюць, што яны махляры1

«Беларуская навука — выпаленая пустка, дзе адзіночкі спрабуюць стварыць нармальны свет для такіх, як вы». Чаховіч палемізуе з Паўлючэнкам22

Дырэктарка турфірмы, якая не пазнала беларускай мовы, вырашыла адсудзіць 37 тысяч даляраў. Але праз некалькі гадзін перадумала12

Як будзе выглядаць машына для кантролю аплаты парковак у Мінску1

У Аўстрыі пажарны атрымаў экстранны выклік падчас візіту да цырульніка. Яго новы вобраз стаў вірусным у сацсетках4

Памежны камітэт паказаў пашпарты, з якімі беларусаў разварочвалі на мяжы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што за Дзмітрый Скіндзераў, які абвясціў вайну Ціханоўскай? Супрацоўніцтва з ГУБАЗіКам, даўгі ў Беларусі, даўгі ў Літве25

Што за Дзмітрый Скіндзераў, які абвясціў вайну Ціханоўскай? Супрацоўніцтва з ГУБАЗіКам, даўгі ў Беларусі, даўгі ў Літве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць