Архіў

Анатоль Прасаловіч. Аўстрыя замольвае грахі

№ 7 (164), 14 — 20 лютага 2000 г.


 

Аўстрыя замольвае грахі

 

Пасьля больш чым паўвекавых развагаў Аўстрыя ўрэшце прыняла рашэньне аб выплаце грашовай кампэнсацыі ахвярам нацысцкае агрэсіі. Але шчырасьць захадаў аўстрыйскага ўраду падаецца вельмі сумнеўнай.

 

Хутчэй за ўсё, падобныя дзеяньні афіцыйнай Вены былі матываваныя жаданьнем палепшыць свой палітычны імідж, які дужа папсаваўся пасьля фактычнай перамогі на парлямэнцкіх выбарах ультраправае Партыі Свабоды. Прынамсі, так лічыць мюнхенскі адвакат Міхаэль Віці, што абараняе інтарэсы тысячаў вязьняў фашысцкіх канцлягераў: «Яны старыя, ім патрэбныя грошы, але мы ні ў якім выпадку не прымем падарунак Аўстрыі, якая выкарыстоўвае нас, каб выбіцца зь міжнароднае ізаляцыі». Сапраўды, пасьля таго, як Ёрг Гайдэр — актыўны ўсхваляч палітыкі нацыстаў і прыхільнік ідэяў Адольфа Гітлера — прыняў найактыўнейшы ўдзел у фармаваньні аўстрыйскага ўраду, дыпляматычныя дачыненьні з краінай зьведзеныя да мінімуму, а Ізраіль нават адклікаў свайго пасла зь Вены, прыгадаўшы выказваньні Гайдэра наконт «сусьветнай сіянісцкай змовы». Асабліва жорсткую пазыцыю занялі Злучаныя Штаты, ва ўціску не адстае і Эўрапейскі Зьвяз, хоць пакуль не вядзецца гаворкі пра выключэньне Аўстрыі з гэтай супольнасьці. Нягледзячы на тое, што асабіста Гайдэр не займае ніякай пасады ва ўрадзе і нядаўна папрасіў прабачэньня за свае нацысцкія выказваньні, магчымасьць радыкалізацыі палітычнага курсу Аўстрыі відавочная.

Упершыню выступаючы ў сераду перад новым парлямэнтам, канцлер Вольфганг Шусэль заявіў, што прыйшоў час расплочвацца за нацысцкае мінулае і за выкарыстаньне аўстрыйскімі кампаніямі працоўнай сілы зьняволеных. Акрамя таго, Шусэль накіраваў лісты ў Сусьветны Жыдоўскі Кангрэс ды ў Жыдоўскі Камітэт Супрацьдзеяньня Аўстрыі, заклікаючы іх да супрацоўніцтва ў справе атрыманьня былымі рабамі канцлягераў фінансавай кампэнсацыі. Аўстрыя, радзіма Гітлера і Адольфа Айхмана, доўгі час адмаўлялася ад прызнаньня сваёй датычнасьці да нацысцкіх злачынстваў, спасылаючыся на тое, што гэтая сярэднеэўрапейская краіна сама сталася першай ахвярай гітлераўскай агрэсіі. Пачынаючы ад 1951 году, Нямеччына ў якасьці рэстытуцыі выплаціла больш за 60 млрд. даляраў, а Аўстрыя толькі ў 1991-м прызналася вінаватай у галакосьце. Між тым доля аўстрыйцаў у складзе эсэсаўцаў была ўтрая большаю, чым працэнт насельнікаў Аўстрыі ў агульным насельніцтве нямецкага райху.

У 1995 годзе быў створаны фонд, што займаўся разьмеркаваньнем кампэнсацыяў, але выплаты былі абмежаваныя сумай у 7000 даляраў кожная на чалавека. Летась жа Банк Аўстрыі пагадзіўся выплаціць яшчэ 40 мільёнаў ахвярам вайны і іхным нашчадкам, чыя маёмасьць была канфіскаваная ў свой час нацыстамі. Аднак засталіся незадаволенымі тысячы пазоваў на зварот скрадзеных прадметаў мастацтва, не былі выдзеленыя грошы і на кампэнсацыю рабскае працы вязьняў.

Зусім па-іншаму глядзіць на правы рэванш у Аўстрыі кіраўнік праварадыкальнай Беларускай Партыі Свабоды Сяргей Высоцкі: «Перамога Партыі Свабоды выяўляе пераломны момант у разьвіцьці Эўропы. З гэтай нагоды мы даслалі віншаваньне ў Вену, і, калі можна, я хацеў бы яшчэ раз павіншаваць аўстрыйскі народ з дакладным выбарам. Перамога АПС вельмі важная для нас, беларусаў. Па-першае, толькі правыя і некаторыя правацэнтрысцкія партыі Эўропы займаюць дастаткова жорсткую пазыцыю адносна Расеі ды ейнай экспансійнай палітыкі. У свой час толькі вядомы францускі палітык правага кшталту спадар Лё Пэн, нягледзячы на сваё нібыта блізкае сяброўства з Жырыноўскім, моцна скрытыкаваў расейскую анэксію Беларусі і заклікаў беларускі народ кінуць успрымаць Расею як свайго гаспадара. АПС — гэта дэмакратычная арганізацыя, якая імкнецца ўзмацніць ролю сваёй краіны і народу ў працэсе эўрапейскага разьвіцьця».

Невыпадкова сп.Высоцкі паставіў Гайдэра, Лё Пэна й Жырыноўскага ў адзін тыпалягічны шэраг. У тым сьвеце, які яны сабе ўяўляюць, няма месца меншасьцям: дзяржавам, народам і палітычным апанэнтам. Нелюбоў да Расеі Гайдэра ці Лё Пэна — факт. Але нельга скідаць з рахунку й тое, што Гайдэр ня раз дэманстраваў сваю нелюбоў да славянаў наогул. Яшчэ пад час сваёй перадвыбарчай кампаніі ён абрынуўся на Славенію, скончыўшы тэрытарыяльнымі прэтэнзіямі да гэтае зусім не панславісцкае краіны. На чарзе — прэтэнзіі і да чэхаў, і харватаў, і да славакаў. Для АПС што славяне, што туркі — чужынцы, перад якімі трэба як найхутчэй захлопнуць дзьверы. Гайдэр успрымаецца ў Эўропе блізу як Лукашэнка, якога ў прыстойныя кампаніі не прынята запрашаць. У інтэрвію гішпанскай газэце Cambio16 Гайдэр замест тлумачэньняў пагразіў, што тая пазыцыя, якую Эўропа з-за яго заняла ў дачыненьні да Аўстрыі, «можа пагражаць цэламу кантыненту»... Ці вам гэта нічога не нагадвае?

Анатоль Прасаловіч


Каментары

Цяпер чытаюць

Пад Мінскам наладзілі зборку Citroen. Сталі вядомыя мадэлі і цэны21

Пад Мінскам наладзілі зборку Citroen. Сталі вядомыя мадэлі і цэны

Усе навіны →
Усе навіны

«Зладзілі маленькі Кітай». Што вядома пра новую вытворчасць халадзільнікаў у Баранавічах3

«Галоўная крыніца выдаткаў — гэта часта адносіны». Айцішнік расказаў, як за тры гады купіў кватэру ў Тбілісі з заробку5

У Мінску на Партызанскім праспекце аўтамабіль збіў 21‑гадовага хлопца на самакаце4

Прызначаны новы міністр прыродных рэсурсаў3

Прызначана галоўная рэдактарка «СБ. Беларусь сегодня»7

Чаму нафта каштуе менш за $100, нягледзячы на вайну на Блізкім Усходзе? Адказ трэба шукаць у Кітаі

У Гродне дзяўчатам 14 і 15 гадоў пагражае калонія за шопінг у інтэрнэце1

УСУ атакавалі масты, якія вядуць у Крым2

Што адбываецца цяпер у Пішчалаўскім замку і як ён выглядае ФОТЫ4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пад Мінскам наладзілі зборку Citroen. Сталі вядомыя мадэлі і цэны21

Пад Мінскам наладзілі зборку Citroen. Сталі вядомыя мадэлі і цэны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць