Архіў

Вінцук Вячорка: «Лукашэнка праваліўся»

№ 24 (181), 12 — 19 чэрвеня 2000 г.


 

Вінцук Вячорка: «Лукашэнка праваліўся»

 

На эўрапейскім кантынэнце ёсьць некалькі сталіцаў, якія дэманструюць дастаткова пасьлядоўную лінію да Лукашэнкі — гэта Стакгольм, Прага і Лёндан. Хаця, на жаль, у Лёндана пад уладай лейбарыстаў былі розныя палітычныя піруэты (я маю на ўвазе пасьпешлівую паездку Тоні Блэра ў Пецярбург). Але, тым ня менш, я пераканаўся, што абедзьве буйныя партыі, ня кажучы ўжо пра партыі меншыя (напрыклад, партыю валійс-кіх патрыётаў), і чыноўнікі зь Міністэрства замежных справаў, ведаюць нашую сытуацыю, падтрымліваюць імкненьне Беларусі да незалежнасьці й дэмакратыі.

А тое, што мы пабачылі ў Вашынгтоне, — гэта сапраўды беспрэцэдэнтна. Беларуская тэма, беларуская праблематыка стала «моднаю» ў вашынгтонскіх палітычных колах. З намі выказалі жаданьне сустрэцца найбольш уплывовыя ў палітыцы людзі, сярод іх былі і Зьбігнеў Бжэзінскі, экспэрт для ўсяго заходняга сьвету ў тым, што стасуецца геапалітыкі, і сэнатар Джон Макейн, нядаўні кандыдат у прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі, які адмыслова прыйшоў на сустрэчу з нашым удзелам і выступіў з палымянай прамовай у падтрымку беларускай незалежнасьці. Мы дамагліся нашым візытам таго, што ўжо запушчана «ў вытворчасьць» рэзалюцыя Сэнату наконт Беларусі (пасьля рэзалюцыі Кангрэсу яна, магчыма, будзе яшчэ мацнейшай); што беларускае пытаньне пастаўлена ў парадак дня сустрэчы Клінтана з Пуціным. Мы пачулі поўную падтрымку нашага «прынцыпу чатырох пазыцыяў». Чатыры ўмовы выбараў і пэўны час для іх рэалізацыі і затым — свабодныя, дэмакратычныя, прызнаныя сьветам выбары. Гэта ўва ўсіх вашынгтонскіх кабінэтах было цалкам падтрымана.

— Які імідж мае Беларусь у палітыкаў на Захадзе?

— Я б сказаў, што зьменны. Яшчэ восем гадоў таму нават чыноўнікі, магчыма, не знаходзілі нашай краіны на мапе. Потым мы выклікалі цікавасьць, калі вывозіліся ракеты з нашай тэрыторыі. Пасьля наступіла забыцьцё. І толькі разгул дыктатуры ў нашай краіне, прыход да ўлады ў Расеі «чорнага катa ў чорным пакоі» — Пуціна, і самае галоўнае, — рэзкая актывізацыя незалежніцкіх сілаў за апошні год, змусілі зноў заўважыць Беларусь на мапе.

Які імідж мае Беларусь? Імідж краіны, якая, насуперак геапалітычным законам, раптам апынулася ў сфэры ўплыву адроджанай імпэрскай Расеі. Гэта выклікае, перадусім у амэрыканскіх палітыкаў, дзеячоў, якія ўважаюць Амэрыку за апірышча дэмакратыі, жаданьне дапамагчы аднаўленьню дэмакратыі, а тым самым і незалежнасьці Беларусі.

— Пад час паездкі вы сустракаліся таксама і зь беларускай дыяспарай?

— Будучы ў Брытаніі, я ніколі не абмінаю магчымасьці спаткацца з а.Аляксандрам Надсанам, духоўным лідэрам беларускіх грэка-каталікоў, але й сапраўдным маральным і палітычным лідэрам беларусаў Вялікай Брытаніі. Скажу, што ён выдатна арыентуецца ў беларускай сытуацыі, і ў гэтым я чарговы раз пераканаўся.

Я ўзнавіў кантакты з асноўнымі дзеячамі беларускай дыяспары ў Злучаных Штатах. Меў доўгую тэлефонную размову з Івонкай Сурвілай, гаварыў таксама зь Янкам Запруднікам, Вітаўтам Кіпелем, Антонам Шукелойцем, кіраўніком Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня Віталём Зайкам. Я цешуся, што абсалютна ўсе ацэнкі беларускага палітычнага становішча ў нас і кіраўніцтва БНР і БАЗА супадаюць. Дарэчы, кіраўніцтва БАЗА (Запруднік, Зайка, Алеся Кіпель і Расьціслаў Завістовіч) наведалі Вашынгтон праз тыдзень пасьля нас, і, фактычна, замацавалі наш замежнапалітычны посьпех ды скарысталі свой натуральны ўплыў, бо яны (а бальшыня зь іх — амэрыканскія грамадзяне) — гэта тая сіла, да якой Вашынгтон мусіць прыслухоўвацца.

Мы паразумеліся і ў такім спэцыфічным пытаньні, як правядзеньне Ўсебеларускага зьезду. І ў БНФ, і ў беларускай дыяспары ёсьць трывога: каб жа толькі не здэвальваваць Усебеларускі зьезд як ідэю, каб ён ня быў проста банальным чарговым сходам, і, разам з тым, каб не была падважаная легітымнасьць і Рады БНР, і Вярхоўнага Савету 13 скліканьня. Мы дамовіліся пра безупынны кантакт і каардынацыю з кіраўніцтвам Рады БНР у стаўленьні да Ўсебеларускага зьезду.

— На Ваш погляд, чаму Лукашэнка так нэрвова адрэагаваў на візыт аб’яднанай апазыцыі ў Амэрыку?

— Бо гэта ягоная замежнапалітычная параза. Ён меркаваў, што сваёй гульнёй у дыялёг, маніпуляцыямі і частковымі саступкамі (напрыклад, што Чыгіра не пасадзілі ў турму, а адклалі прысуд) ён здолее схіліць кантынэнтальных эўрапейцаў да сцэнару, да якога яны й так звычайна былі схільныя: да спробаў доўгіх і бясплённых размоваў, каб пераканаць дыктатара. Мы памятаем, што польскай «Салідарнасьці» дапамагалі больш не кантынэнтальныя краіны, а Злучаныя Штаты, Вялікая Брытанія, Швэцыя. Паводзіны кантынэнтальных краін часта нагадваюць стравусіныя.

Лукашэнка быў перакананы, што вось-вось ягоны «дыялёг» будзе прызнаны АБСЭ як спосаб выйсьця з палітычнага крызысу. Аж тут раптам на найвышэйшым узроўні, на узроўні міжнародных камісіяў абедзьвюх палатаў амэрыканскага парлямэнту сьцьвярджаецца зусім адваротнае. А вага Злучаных Штатаў — гэта вага Злучаных Штатаў. Для Лукашэнкі стала абсалютна ясна, што ён праваліўся. Вось адкуль ягоныя пагрозы.


Каментары

Цяпер чытаюць

26‑гадовага супрацоўніка элітнага падраздзялення мытні асудзілі на 16 гадоў па наборы палітартыкулаў. Сярод іх і «здрада дзяржаве»4

26‑гадовага супрацоўніка элітнага падраздзялення мытні асудзілі на 16 гадоў па наборы палітартыкулаў. Сярод іх і «здрада дзяржаве»

Усе навіны →
Усе навіны

У Новай Баравой з’явіцца дом у стылі амерыканскіх коміксаў 1950‑х гадоў

Вадзім Кабанчук расказаў, што трэба рабіць, калі Расія ўцягне Беларусь у вайну27

Як працуе сістэма, з дапамогай якой ФСБ сочыць за расіянамі ў інтэрнэце. Падобным могуць карыстацца і беларускія сілавікі37

Хірург Любецкі аднаўляецца пасля зняволення: апублікаваў свае фоты з трэнажоркі2

Стала вядома, калі можна будзе паступаць у новую Акадэмію інтэлектуальных тэхналогій4

Расія ўдарыла па заводзе Coca-Cola ў Кіеве1

Лукашэнка мае намер змагацца з «акіянам аўтамабіляў» у мінскіх дварах17

«Усе былі ў шоку». Беларуская айцішніца расказала, чаму выбрала для жыцця Венесуэлу2

Памёр акадэмік Аляксандр Ільюшчанка3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

26‑гадовага супрацоўніка элітнага падраздзялення мытні асудзілі на 16 гадоў па наборы палітартыкулаў. Сярод іх і «здрада дзяржаве»4

26‑гадовага супрацоўніка элітнага падраздзялення мытні асудзілі на 16 гадоў па наборы палітартыкулаў. Сярод іх і «здрада дзяржаве»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць