Свет11

Закопвалі майткі, смаркаліся, рабілі пісуар без пырскаў і наступалі на змей — за што раздалі Шнобелі-2026

У Цюрыху ўзнагародзілі аўтараў даследаванняў, якія спачатку выклікаюць смех, а пасля прымушаюць задумацца. Сёлета Шнобелеўскія прэміі атрымалі навукоўцы, якія вывучалі малако тараканаў, правільнае смарканне, пацалункі, пырскі ў пісуарах і стан глебы з дапамогай закапаных трусоў.

Шнобелеўская прэмія была заснаваная часопісам Annals of Improbable Research як пародыя на Нобелеўскую. Аднак узнагароды ўручаюць за сапраўдныя навуковыя працы.

36‑я цырымонія ўпершыню прайшла не ў ЗША, а ў Еўропе. Арганізатары перанеслі яе ў Цюрых праз складанасці з атрыманнем амерыканскіх віз і заявілі, што паездкі ў ЗША сталі небяспечнымі для замежных лаўрэатаў і гасцей.

Тэмай сёлетняй цырымоніі сталі грыбы. Сапраўдныя нобелеўскія лаўрэаты, апранутыя грыбамі, выканалі оперную песню, а 1500 гледачоў па традыцыі закідалі сцэну папяровымі самалёцікамі. Пераможцам уручылі статуэткі ў выглядзе грыба з чалавечай ступнёй і купюру наміналам 10 трыльёнаў зімбабвійскіх долараў, якая ўжо не мае грашовай вартасці.

Прэмію па эканоміцы атрымалі даследчыкі, якія сабралі доказы таго, што людзі з вышэйшых сацыяльных слаёў часцей паводзяць сябе неэтычна. Навукоўцы назіралі за паводзінамі кіроўцаў дарагіх аўтамабіляў на скрыжаваннях і пешаходных пераходах, а таксама прапаноўвалі ўдзельнікам эксперыменту ўзяць цукеркі з міскі, папярэдзіўшы, што яны прызначаныя дзецям.

Высветлілася, што заможныя ўдзельнікі забіралі амаль удвая больш дзіцячых цукерак. Яны таксама часцей не саступалі дарогу іншым кіроўцам і пешаходам і былі больш схільныя хлусіць дзеля ўласнай выгады.

Хімічную прэмію прысудзілі міжнароднай групе навукоўцаў, якая даследавала так званае малако жывародных тараканаў Diploptera punctata. Самкі гэтага віду кормяць эмбрыёны вадкасцю, багатай на бялкі, тлушчы і цукар. Гэтая вадкасць утрымлівае утрая больш энергіі, чым роўная ёй колькасць каровінага малака.

У фармацэўтычнай катэгорыі перамагла японская праца 1977 года пра аэрадынаміку смаркання. Даследчыкі вымяралі хуткасць паветра і ціск у вушным канале і прыйшлі да высновы, што смаркацца лепш па чарзе праз кожную ноздру, папярэдне зрабіўшы невялікі ўдых.

Прэмію па фізіцы атрымалі стваральнікі пісуара, які не распырсквае вадкасць. Эксперыменты паказалі, што пырскі практычна знікаюць, калі струмень трапляе на паверхню пад вуглом менш за 30 градусаў. Навукоўцы стварылі выгнутую канструкцыю, якая захоўвае патрэбны вугал незалежна ад росту чалавека.

Тэхналагічнай прэміяй адзначылі «некрадрук» — выкарыстанне хабатка мёртвага камара ў якасці звыштонкага сопла для 3D-прынтара.

Прэмію па глебазнаўстве далі навукоўцам, якія з дапамогай тысячы добраахвотнікаў закапалі аднолькавыя баваўняныя трусы больш чым у 25 краінах. Праз месяц і два месяцы бялізну выкопвалі і правяралі, наколькі яна расклалася. Чым актыўнейшыя глебавыя мікраарганізмы, тым менш тканіны заставалася. Гэты паказчык назвалі «індэксам майткоў».

Біямеханічную прэмію атрымала даследаванне эвалюцыі пацалункаў. Навукоўцам спачатку давялося даць ім строгую навуковую дэфініцыю: неагрэсіўны кантакт рот у рот паміж прадстаўнікамі аднаго віду, які суправаджаецца рухамі вуснаў, але не перадачай ежы. Прааналізаваўшы паводзіны прыматаў, аўтары прыйшлі да высновы, што цалавацца маглі яшчэ агульныя продкі чалавекападобных малпаў, а пазней — неандэртальцы.

Біялагічную прэмію прысудзілі бразільскім даследчыкам, якія ў ахоўных ботах асцярожна наступалі на розныя часткі цела атрутных змей, каб высветліць, калі тыя найбольш схільныя кусацца. Часцей за ўсё змеі атакавалі, калі ім наступалі на галаву. Пазней артыкул адклікалі з навуковага часопіса: эксперымент не меў неабходнага этычнага дазволу.

Прэмію ў галіне нюху атрымалі аўтары апытання, паводле якога бацькам падабаецца пах маленькіх дзяцей, але з узростам дзіцяці прыемнасць яго паху паступова зніжаецца. Асабліва рэзка бацькоўскія ацэнкі пагаршаліся, калі дзеці станавіліся падлеткамі.

Прэмія міру дасталася даследаванню сяброўства. Эксперыменты паказалі, што людзі хочуць бачыць сяброў добрымі і надзейнымі ў адносінах да сябе, але часта аддаюць перавагу, каб тыя паводзілі сябе жорстка з іх ворагамі. Як сфармулявала адна з аўтарак, часам людзі адчуваюць асаблівую падтрымку, калі сябры гатовыя «ненавідзець за іх».

Каментары1

  • трусы
    04.09.2026
    а чаму закопваць трэба менавіта трусы?

Цяпер чытаюць

Шалёна папулярная мінская блогерка патраціла на святкаванне дня нараджэння амаль $16 тысяч16

Шалёна папулярная мінская блогерка патраціла на святкаванне дня нараджэння амаль $16 тысяч

Усе навіны →
Усе навіны

«Меркавана, загінуў. Эвакуяваць немагчыма». Мінскі аддзелачнік Аляксей не вернецца з вайны супраць Украіны9

Момант жорсткага ДТЗ у Гродне трапіў на ВІДЭА: 18‑гадовы кіроўца, ратуючыся ад сутыкнення, некалькі разоў перакуліўся6

Пад Энгельсам расстралялі генерала расійскай стратэгічнай авіяцыі21

«Журфак па суботах» у Варшаве і Вільні абвяшчае новы набор10

Лукашэнка загадаў «добра страсянуць» школьнікаў і «чаго б гэта ні каштавала, цалкам страсянуць» школы32

На паляванні пад Гроднам егер застрэліў паляўнічага10

Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу са спікерам і дэпутатамі Сейма Літвы. Што абмяркоўвалі?20

У Германіі падпалілі будаўнічую пляцоўку абароннай кампаніі4

Пуцін рэзка змяніў рыторыку: Дамовіцца паміж сабой павінны менавіта Расія і Украіна21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Шалёна папулярная мінская блогерка патраціла на святкаванне дня нараджэння амаль $16 тысяч16

Шалёна папулярная мінская блогерка патраціла на святкаванне дня нараджэння амаль $16 тысяч

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць