Архіў

Мая, Максім і Франак Клімковічы: “Пабыў гімнам — і хай сабе!”

№ 5 (267), 1 лютага 2001 г.


Мая, Максім і Франак Клімковічы:
“Пабыў гімнам — і хай сабе!”

Песьня Міхася Клімковіча й Несьцера Сакалоўскага “Мы беларусы” спачатку не задумвалася як гімн. У канцы 1949 г. кампазытар і паэт сумесна яе перапрацавалі, і ўжо як варыянт гімну яна пылілася ў міністэрскіх шуфлядах да 1954 г., калі выбар Савецкай Беларусі быў зроблены на яе карысьць.

У дзяржаўнай конкурснай камісіі па прыняцьці новага беларускага гімну не хаваюць, што вялікія шанцы мае мэлёдыя Несьцера Сакалоўскага. А асьцярожныя адказы дзяржаўных чыноўнікаў на пытаньне пра найбольш верагодны тэкст гімну даюць падставы меркаваць, што будзе зробленая спроба ў той ці іншай ступені рэканструяваць тэкст Міхася Клімковіча “Мы, беларусы, з братняю Русьсю”. Пра верагоднасьць гэтага разважаюць дачка Міхася Клімковіча Мая, што працуе цяпер карэктаркай у газэце “Культура”, ягоны ўнук Максім, пісьменьнік, рэдактар на творчым аб’яднаньні “Тэлефільм”, і 17-гадовы праўнук, студэнт Франак.

 

“НН”: Ці зьбіраецеся вы браць удзел у конкурсе? Скажам, прадставіць на яго трохі падпраўлены тэкст Вашага бацькі, дзеда і прадзеда? Як у Расеі Міхалкоў?

Мая Клімковіч: Нашто яго чапаць?! Пабыў гімнам — і хай сабе. То ўжо гістарычная з’ява. Ня хочацца сёньня такіх словаў, хочацца новых. Хай хто-небудзь напіша новы гімн. Мне здаецца, што ніхто да бацькавага тэксту вяртацца ня будзе. Я супраць гэтага, супраць таго, каб правіць тыя словы. Тым больш і аўтара няма. Невядома, ці пагадзіўся б ён на тое, ці пісаў бы сам што новае.

Максім Клімковіч: На мой погляд, само абвяшчэньне конкурсу зроблена ня ў час. Што б ні было прынята, яно па вызначэньні выявіцца часовым. Бо гэта будзе гімн не Беларусі, а сёньняшняе РБ. Зараз, калі гучыць музыка Сакалоўскага, у галаве самі сабой узьнікаюць дзедавы словы “Мы, беларусы...”, і, мяркую, не ў мяне аднога. Гучаць яны цяпер парадыйна, бо той тэкст пісаўся як гімн БССР. І навокал тое самае — пародыя на краіну, пародыя на ўрад. Хутчэй за ўсё камісія пойдзе па расейскім варыянце. Я думаю, улады захочуць паправіць і ўзяць стары тэкст, падоўжаць лягічны ланцуг: герб — стары БССРаўскі, сьцяг — таксама...

Мая К.: Дарэчы, і ранейшы тэкст ужо двойчы правілі. Першапачаткова бацька зрабіў рэфрэн “Слава табе, беларускі народ!”. Панамарэнка сказаў: “Ці не зашмат славы беларускаму народу?” Бацька напісаў: “Горда ўзьвіся ў сьветлае высі”. Выправілі на множны лік: “у сьветлыя высі”. І, вядома, касмэтычная пераробка часоў Хрушчова.

“НН”: А на пачатку 90-х вас як-небудзь улучалі ў працэс прыняцьця новага гімну замест бээсэсэраўскага?

Максім К.: Бабуля рассказвала, што прыходзілі прадстаўнікі камуністаў, вэтэранаў, казалі, што хочуць перарабіць дзедаў тэкст і прадставіць як варыянт словаў на гімн. Хацелі заручыцца падтрымкай сваякоў, але бабуля ім адмовіла. Але афіцыйна гэта ўсё тады ня выплыла. Калі б нешта было, Гілевіч, які ачольваў тады камісію ў Вярхоўным Савеце і жыве з намі ў адным пад’езьдзе, сказаў бы. Тады, відаць, справа з прыняцьцем новага гімну замарудзілася ў тым ліку і празь ягонае жаданьне далучыцца да напісаньня гімну. Гэта натуральна для паэтаў. Наагул, у дэмакратычнай краіне стварыць гімн нашмат цяжэй, чым у таталітарнай, дзе парамэтры твору задаюцца проста і вельмі канкрэтна.

Мая К.: Добра, каб у нас быў гімн, як у швайцарцаў, — пра тое, якія ў нас прыгожыя палі, лясы, лугі, якая ў нас найлепшая ў сьвеце краіна. Каб без палітычных установак.

“НН”: А якую песьню асабіста Вы хацелі б чуць у якасьці беларускага гімну?

Мая К: Я за тое, каб пісаліся і новы тэкст, і новая музыка. Што да існых, так бы мовіць, гістарычных гімнавых варыянтаў, то найбольш блізкі мне “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” Макара Краўцова на музыку Тэраўскага.

Максім К.: Палянэз Агінскага. Яго ў Беларусі ведае кожны, пазнае мэлёдыю з трэцяе ноты. Цікава атрымаецца, калі адзін чалавек стане аўтарам гімнаў дзьвюх краінаў. Той жа “Магутны Божа” існуе ў сьвядомасьці, ну, ад сілы ста тысячаў чалавек. Палянэз — папулярная рэч, ён ня толькі “прапісаны” ў галовах усіх беларусаў, а яшчэ й шырока вядомы ў сьвеце. Менавіта такі твор можа і варты таго, каб стаць гімнам. А вось тэкст да яго трэба пісаць. Наўрад ці нешта з таго, што ёсьць, файна ляжа на яго. Словы Сокалава-Воюша дзяржаўнаму гімну ня дужа пасуюць. Хоць я ня ведаю, хто з сучасных паэтаў варты звацца “манумэнталістам”, хто так валодае формай, каб напісаць дасканалы гімн з сувэнірным патрыятычным наборам зваротаў, вобразаў. Пры ўсёй савецкасьці — а іншым ён ня мог быць — у старым гімне такі набор меўся.

Франак Клімковіч: Я таксама за палянэз. Што да тэксту дзеда, дык я супраць, каб яго чапалі, перапраўлялі. Альбо бярыце яго за гімн такім, як ён ёсьць.

Гутарыў Ігнат Чакацкі


Каментары

Бізнэсовец родам з Бабруйска адмовіцца ад свайго гіганцкага аўстралійскага заробку дзеля шанцу атрымаць $35 мільёнаў3

Бізнэсовец родам з Бабруйска адмовіцца ад свайго гіганцкага аўстралійскага заробку дзеля шанцу атрымаць $35 мільёнаў

Усе навіны →
Усе навіны

Еўрасаюз абяцае адмовіцца ад куплі расійскага газу, але пакуль што закупкі толькі павялічыліся15

Чаму ў шэрага жураўля хвост як у пеўня? Аказваецца, гэта зусім не хвост

BMW заклаў у бюджэт мільярд еўра на выплату кампенсацый звольненым супрацоўнікам

У Магілёве ўздоўж рэчкі гуляў вярблюд ВІДЭА

У Мінску мужчына выліў шампанскае жанчыны ў ракавіну, за што атрымаў нажом у жывот11

На парадзе ў лівійскім Бенгазі засвяціўся беларускі беспілотнік «Міратворац»2

У суботу па ўсёй Францыі пракаціліся масавыя пратэсты4

Крышціяну Раналду пачне выпускаць мінералку

«Дзякуй за ўсё, Ліндсі!» Зяленскі ўспомніў добрым словам памерлага амерыканскага сенатара3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бізнэсовец родам з Бабруйска адмовіцца ад свайго гіганцкага аўстралійскага заробку дзеля шанцу атрымаць $35 мільёнаў3

Бізнэсовец родам з Бабруйска адмовіцца ад свайго гіганцкага аўстралійскага заробку дзеля шанцу атрымаць $35 мільёнаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць