Архіў

Бібліятэка

№ 18 (280), 17 траўня 2002 г.


Бібліятэка

 

Цётка і дзядзькі

Цётка. Выбраныя творы. — Менск: “Беларускі кнігазбор”, 2001

Алаіза Пашкевічанка — ці не адзіная жанчына, якая ўвайшла ў спрэс мужчынскія школьныя падручнікі літаратуры (Геніюш і Арсеньнева там заставаліся нядоўга).

 

Цётка — бунтарка і рэвалюцыянэрка, адна зь першых беларускіх фэміністак. Яна — клясычная і разам з тым сучасная. Ейнае пачуваньне ўласнай праўды — тое, чаго не стае сучасным беларускім палітыкам і літаратарам. “Мы дамо! Мы — сіла! Мы — права!” — гэта ня толькі гучная заява, гэта — згода ўзяць на сябе адказнасьць за ўчынак. Таму Цётку лёгка можна ўявіць у нашыя дні побач з хлопцамі з “Краю” ці “Белага легіёну”.

“Выбраныя творы” Цёткі, што выйшлі ў выдавецтве “Беларускі кнігазбор”, яшчэ раз пацьвярджаюць сучаснасьць пісьменьніцы. Менавіта пісьменьніцы, бо Цётка — найперш празаік. Шмат якія ейныя апавяданьні гучаць сучасна: пазнаюцца не рэаліі (усё ж стагодзьдзе прайшло!), а характары, учынкі, тэндэнцыі. Карумпаванасьць паліцыі (“Разумныя, ды не на дурня напалі”), беларуская эміграцыя (“З дарогі”) — нібыта пісанае ў наш час, толькі дзеля “эзопавай мовы” перайначанае. Пачытаўшы “Выбраныя творы” Цёткі, на яе глядзіш па-новаму — не хрэстаматыйна-кананічна. Бо ці ёсьць у якой хрэстаматыі зьвесткі пра тое, што Алаіза Пашкевічанка заснавала падпольную групу ў… псыхіятрычнай клініцы? Во дзе праўдзівы авантурна-прыгодніцкі раман з элемэнтамі сатыры.

Зрэшты, савецкае імкненьне падагнаць Цётчын вобраз пад кананічна-застылы ў кнізе ўсё ж ёсьць. Пярэчаньні выклікаюць трактоўкі Цётчынага вобразу, якія падае аўтарка прадмовы й укладальніца кнігі Валянціна Коўтун. Прынамсі, мне цяжка даць веры, што псэўданім Пашкевічанкі “Гаўрыла з Полацку” азначаў абаронцу (“арханёла Гаўрыіла”) з асьветніцкай беларускай сталіцы (Полацку), як гэта даводзіць Коўтун. Не адзін Гаўрыла ў Полацку! Дык ці варта прыпісваць Цётцы ў гэтым разе такія складаныя вобразы, наагул не характэрныя для яе?

Ар.Шанскі

 

Кніжка пра наш сэкс

Terra Alba. Том II. Homo venerius: сэксуальная прастора беларускай культуры / Пад рэд. С.Даніленкі. Менск: Экапэрспэктыва, 2001.

Калісьці ў інтэрвію “Нашай Ніве” Зянон Пазьняк сказаў, што сэксу ў Беларусі не было і няма. Аўтары гэтага зборніка паспрабавалі аспрэчыць ягоную тэзу. Адно што позірк яны скіравалі ў гісторыю, таму іхныя дасьледаваньні беларускай сэксуальнай культуры (і бескультур’я) атрымаліся кабінэтныя, а не палявыя. Але менш цікавай ад гэтага кніжка ня робіцца.

Дасьледчык Эдвард Зайкоўскі распавядае пра сэкс у часы паганскія. Фальклёрныя Марына, Ульляна, Кацярына, Купала, Цёця — вось нашыя Вэнэры й Афрадыты. Побач — гераіні народных твораў не такіх далёкіх часоў — Янічка, Марыся, кума і г.д., якія працягваюць любоўныя традыцыі. За савецкім часам у сэксуальным фальклёры пачалі зьяўляцца будаўнікі “сьветлай будучыні”:

У лазьні бабанькі мясісты

Ізнывалі ад таскі,

Тут заходзяць камуністы,

І ва ўсіх – бальшавікі.

Разабраўшыся зь язычніцтвам і фальклёрам, аўтары “Прасторы” пераходзяць да часоў сярэднявечных. Дасьледаваць тут ёсьць што, бо “пра гэта” можна прачытаць і ў шматлікіх дакумэнтах, і ў мэмуарах тых часоў. Аўтары “Прасторы” скарысталіся з усіх асноўных і лёгка даступных гістарычных крыніцаў. Часам розныя аўтары згадвалі ў сваіх працах адны й тыя самыя кнігі, нават цытаты ў розных артыкулах сустракаліся аднолькавыя. Відаць, што вялікае ўражаньне на нашых сучасьнікаў зрабіла апісаньне жаночага строю на балі XVIII ст.: “грудзі былі зусім адкрытыя і нават нічым не прыкрытыя”… Тэмы, што ляжалі на паверхні, ужо “прыкрытыя”. Цяпер трэба “капаць” глыбей. Так, засталася неасьветленай роля сэксу ў заняпадзе Рэчы Паспалітай і яе падзелах. Калі ў пачатку XVIII ст. наш добры кароль Аўгуст Моцны, што меў некалькі дзясяткаў пазашлюбных дзяцей, паспрабаваў спакусіць жонку аднаго Вішнявецкага, гэта выклікала скандал і абурэньне ў шляхецкім асяродку. А ў канцы таго ж стагодзьдзя сэнатары, міністры і дыгнітарыі ўжо лічылі за гонар, калі расейскія паслы ў Варшаве карысталіся іхнымі сужонкамі. Гэта быў як знак ласкі, даверу, як плата за маскоўскае золата, што сыпалася ў іхныя кішэні. Ад падзелу жонкі з замежным паслом да падзелу ўласнай дзяржавы — адзін крок.

ХІХ ст. засталося па-за ўвагай аўтараў “Прасторы”, ХХ-му прысьвечаныя толькі два артыкулы: “Сэксуальны гвалт у беларускай савецкай літаратуры” (Віктар Жыбуль дасьледуе 20-я гады) і “Адлюстраваньне праблемы абортаў і прастытуцыі ў беларускай савецкай літаратуры 20—30-х г. ХХ ст.”. Пачынальнікі беларускай савецкай літаратуры не абміналі забароненых пазьней тэмаў і заўважалі заганныя зьявы: “Ты заўсёды стаіш на панэлі…” Рэцэптам перавыхаваньня лічылася грамадзкая праца, як і ў гэтым вершы Броўкі. Аддалі даніну змаганьню з прастытуцыяй Андрэй Александровіч, Юрка Лявонны, Алесь Гародня і шмат хто яшчэ. Відаць, праблема існавала! А сэксуальны гвалт у літаратуры 1920—30-х мае выразны клясавы характар. Гвалтаўнікамі выступаюць белапалякі, чэхаславакі, манахі, сын папа — былы афіцэр царскай арміі. Ахвяры гвалту ў асноўным камсамолкі — “найвышэйшы сэксуальны ідэал” таго часу. Гэта заўважна і ў пародыі Алёшы ды Свэна (Анатоля Вольнага і Лявона Савёнка) на Міхася Зарэцкага, дзе аб’ектам замілаваньня выступае… Аляксандар Керанскі:

О, Керанскі – кручынавая радасьць мая!

Твае дзівосныя формы я памятаю…

Я ўсё памятаю!..

…………………

О, каб ён быў камсамолкай!..

Разьдзелы кнігі “Archeota” і “Bibliotheca” — дадатак да навуковых артыкулаў. Там месьцяцца архіўныя і апублікаваныя матэрыялы пра беларускі сэкс: песьні, прыпеўкі, эпіграмы, вытрымкі з прыгожага пісьменства. Ёсьць там і судовая справа XVIII ст. паміж панамі Сапліцамі й Міцкевічамі. Адам Міцкевіч (продак і цёзка паэта) згвалціў паненку Сапліцу — “гвалтоўна зьдзекуючыся… гвалт і ганьбу ўчыніў”, што, пэўна, адбілася ў славутым “Пану Тадэвушу”. Апрацаваўшы “сэксуальную прастору”, укладальнікі зборніка зьбіраюцца прысьвяціць ягоныя наступныя выпускі праблемам соцыюму, сьмерці, харчу, Бібліі ў культуры беларусаў і г.д. Том І “Terra Alba” выпадае з гэтага шэрагу, бо быў прысьвечаны творчасьці Аркадзя Куляшова.

Валеры Пазьнякоў


Каментары

Цяпер чытаюць

Памёр паэт Уладзімір Карызна, аўтар слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі8

Памёр паэт Уладзімір Карызна, аўтар слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Мінскам адкрылі завод, дзе робаты выпускаюць духавыя шафы2

«Выжыла толькі котка». Абгарэлая, яна прасядзела 12 гадзін на лесвіцы пасля пажару ў кватэры ў Маладзечне, дзе загінулі тры чалавекі4

Беларуска, якая вырабляе брошкі ў выглядзе дзяўчат з чырвона-зялёнымі какошнікамі, шчыра не разумее, чаму яе крытыкуюць25

«Я — «крыса», але я не адзін такі». «Вольныя Купалаўцы» пакажуць спектакль пра даносчыкаў і стукачоў1

Сістэмнага адміністратара Беларускай чыгункі і былога спецназаўца асудзілі за палітыку і абвесцілі тэрарыстам4

Іранскія шахеды прыляцелі ў Азербайджан — адзін упаў каля школы, другі выбухнуў на тэрыторыі аэрапорта11

Нявеста адправіла жаніха перад вяселлем на псіхіятрычную экспертызу7

«Пра страту $78 000 я б моцна перажывала». Беларуска своечасова адмовілася ад купляння кватэры3

«Увечары тэлефануе лекар з паліклінікі і распавядае вынікі аналізаў — гэта проста шок!» Беларусы распавялі пра медыцыну ў Літве13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр паэт Уладзімір Карызна, аўтар слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі8

Памёр паэт Уладзімір Карызна, аўтар слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць