Архіў

Эротыка і рыцары — новыя “разынкі” БТ

№ 35 (297), 20 верасьня 2002 г.

Эротыка і рыцары — новыя “разынкі” БТ

21 верасьня Першы нацыянальны тэлеканал распачне новы сэзон. Каля Палацу спорту ў Менску з гэтай нагоды нават адбудзецца сьвята (пачатак а 13-й). Зь цяжкасьцю верыцца, што да стварэньня новых праграмаў прывяло зьяўленьне тэлеканалу АНТ. Асноўным канкурэнтам для БТ па-ранейшаму застаюцца расейскія тэлеканалы, бескантрольны допуск якіх у Беларусь цягам апошніх гадоў прывёў да таго, што практычна не фінансаваную Беларускую тэлевізію мала хто глядзеў. Пераабсталяваньне студыяў ды плойма новых, хай сабе й малабюджэтных, праграмаў можа сьведчыць пра рэальнае жаданьне кіраўніцтва ператварыць нарэшце канал з чыста ідэалягічнага інфарматара ў тэлебачаньне сваёй краіны.

Найперш зазнала зьменаў студыя Агенцтва тэленавінаў. Яно займела спадарожнікавую перасоўную тэлестанцыю. Цяпер не давядзецца глядзець сюжэт зь якога Лепельскага раёну і бачыць заміж “карцінкі” здымак карэспандэнта. Апроч таго, студыя АТН будзе аздабляцца з дапамогай унікальнага абсталяваньня, “халоднага сьвятла”. Промні гэтай апаратуры дазволяць мадэляваць інтэр’ер, практычна не выкарыстоўваючы дэкарацыяў. У вялікай (600 кв.м) студыі БТ таксама паставілі новае асьвятляльнае абсталяваньне, каб пазьбегнуць вялікіх і грувасткіх дэкарацыяў. Гэта дапаможа хутка рыхтаваць студыю да розных праграмаў.

“Панарама” паменее

Зьмены будуць ня толькі вонкавымі і тэхнічнымі. Інфармацыйная штодзённая “Панарама” скароціцца з 45 да 35 хвілінаў і на манер блёкаў навінаў РТР будзе даваць 10-хвілінны дадатак зь мясцовымі навінамі. Жыхары кожнай вобласьці змогуць глядзець навіны свайго рэгіёну. Інфантыльныя навіны тэлеканалу СТВ атрымаюць, такім чынам, у асобе Першага нацыянальнага моцнага канкурэнта. Зьявіцца й нядзельная “інфармацыйна-аналітычная праграма новага тыпу”, на якую, відаць, ляжа асноўная адказнасьць за правядзеньне ў масы дзяржаўнае ідэалёгіі. Прынамсі, журналісты АТН ужо рыхтуюць “Вялікі рэпартаж” — сэрыю фільмаў пра жыцьцё ў постсавецкіх краінах, якая мусіць прадэманстраваць нам перавагі “беларускага шляху”.

“Падарожжы” і “Турніры”

Цешыць, што на Першым нацыянальным пабольшала перадачаў на гістарычную тэматыку: “Сьвятыні Беларусі”, “Падарожжа дылетанта”, “Цені і фігуры” (цыкл прысьвячаецца малавядомым фактам зь біяграфіяў Янкі Купалы і Якуба Коласа). А “разынкай” гістарычнага набору мусіць стаць пазнавальная гульня “Турнір” — аналяг вядомай францускай “Форт Баярд”. Дырэктар забаўляльнага вяшчаньня Першага нацыянальнага Ўладзімер Максімкаў распавёў “НН”, што праграму тэлевізійнікі рыхтавалі з дапамогай рыцарскіх клюбаў Беларусі. Першыя тры гульні пройдуць у Мірскім замку, і ўдзельнікі ў іх ужо набраныя. Надалей паспрабаваць свае сілы зможа кожны ахвотны: ані век спаборніка, ані пол, ані адукацыя значэньня ня маюць. “Мы не зьбіраемся абмяжоўвацца Мірскім замкам”, — зазначыў У.Максімкаў. Апроч выпрабаваньняў на спрытнасьць, сілу, трываласьць, у праграме будуць і пытаньні на веданьне беларускай гісторыі, на кемлівасьць. Прызы ў “Турніры” мяркуюцца “неграшовыя”. У.Максімкаў лічыць, што меч — значна лепшы прыз, чым грошы. Праўда, беларускай мовы ў праграме будзе мізэр: па-беларуску прагучыць гістарычная даведка пра мясьціну, дзе адбываецца гульня. Працоўнай мовай праграмы будзе расейская.

Лёгкая эротыка

Колькі тыдняў таму БТ перакрыла начны этэр расейскім тэлеканалам. Цяпер высьветлілася, што гэта была прэлюдыя да выхаду ў начны этэр самой Беларускай тэлевізіі. Ён пачнецца з 24 верасьня.

Першы нацыянальны мяркуе займаць 5 начэй на тыдзень. “Вольнымі” засталіся ночы зь нядзелі на панядзелак і з панядзелка на аўторак. Перадачы для тых, хто ня сьпіць, будуць згрупаваныя паводле тэматыкі. Выходзіць яны мусяць не ў жывым этэры, а ў запісе.

Аўторкавая ноч атрымала ўмоўную назву “Мужчынская бессань”, серадовая — “Дзёньнік жанчыны”, чацьвярговая — “Зорная ноч” (праграмы пра шоў-бізнэс), пятнічная — “Начная размова” з Аляксандрам Дамарацкім (з “жывой” музыкай), суботняя — “Проста музыка”.

Вестка, якой цяжка было напачатку даць веры, — наяўнасьць эротыкі на БТ. У.Максімкаў кажа, што яна будзе “па-сапраўднаму лёгкай і прыгожай” і зьявіцца ў этэры ў час, калі яе будзе глядзець толькі дарослая аўдыторыя. Самае пікантнае, што Першы нацыянальны абяцае паказваць эротыку, зьнятую ўласнымі сіламі. Хто і дзе будзе здымаць — пакуль таямніца.

Безь пірацтва

БТ наагул зьдзіўляе шмат чым. Вось, у прыватнасьці, абяцаюць спыніць “пірацтва” і паказваць гледачам толькі ліцэнзійную прадукцыю. Пасьля гучных скандалаў з паказам футбольных матчаў чэмпіянату сьвету ды фільмаў Кустурыцы гэтае абяцаньне гучыць дужа надзённа.

Ці ёсьць пагроза таго, што гледачам цяпер давядзецца абмежавацца старымі савецкімі кінафільмамі і спартовымі матчамі толькі беларускіх камандаў? Галоўны рэдактар аддзелу ліцэнзаваньня Ларыса Пісарчык цьвердзіць, што тэлеканал закупіў пакет фільмаў Гічкока, сёлетнія оскараўскія прэм’еры “Айрыс” і “Алі”.

Праблема зь ліцэнзійнымі паказамі днямі зноў сталася актуальнай — пачаліся матчы групавой фазы футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Трансьлююцца яны па НТВ апоўначы, калі гэты тэлеканал, як і іншыя расейскія, у Беларусі не трансьлюецца. Ці не апынуцца беларускія заўзятары ў той самай сытуацыі, у якой яны ўжо былі ў чэрвені, калі пачаўся чэмпіянат сьвету? Выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара спартовых праграмаў Тацяна Падбярэская, камэнтуючы сытуацыю для “НН”, зазначыла: “Нават калі расейскія тэлеканалы купляюць права паказу, праваўладальнікі агаворваюць тэрыторыю, на якой можна паказваць. Таму расейскія тэлеканалы будуць абавязаныя перакрываць паказ матчаў на тэрыторыю Беларусі. Беларуская тэлевізія пакуль вядзе перамовы з праваўладальнікамі. Пытаньне застаецца адкрытым”.

Аркадзь Шанскі


Каментары

Цяпер чытаюць

Сталі вядомыя падрабязнасці таго, як у В'етнаме затрымалі Верамейчыка16

Сталі вядомыя падрабязнасці таго, як у В'етнаме затрымалі Верамейчыка

Усе навіны →
Усе навіны

Учарашні ўдар украінскіх дронаў па Наварасійску прывёў да значных страт у расійскай СПА4

Ад 10 да 80 еўра за 4 паперкі. Прайс на перадачы пасылак і дакументаў паміж Беларуссю і Польшчай4

Лукашэнка пагаварыў па тэлефоне з Пуціным4

У Мінску будуецца самы высокі хмарачос у Беларусі6

У Беларусі папоўнілі фонд літоўскіх фур 230 машынамі, якія прыехалі з Расіі2

Эканомны рацыён. Якія наборы прадуктаў можна купіць у беларускіх крамах за 5 рублёў?4

Беларускі грыбны блогер знайшоў у лесе «ведзьміна масла»4

УСУ нанеслі ўдар па Разанскім НПЗ1

Медыкі ўпершыню зафіксавалі смерць чалавека ад «алергіі на мяса», выкліканай кляшчом

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя падрабязнасці таго, як у В'етнаме затрымалі Верамейчыка16

Сталі вядомыя падрабязнасці таго, як у В'етнаме затрымалі Верамейчыка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць